— Ты думаеш, што мы будзем тут з табою разважаць, спрачацца, нешта даказваць? Памыляешся! — выкрыкнуў таўсматы паліцыянт. — Мы будзем выбіваць з цябе паказанні. Гэта больш дзейсны спосаб.
Паліцыянт схапіў гумавую палку і з усяе сілы аперазаў Гардзея — той цяжка прастагнаў і зваліўся з крэсла.
30
Кірыла доўга таптаўся ў парозе, страсаючы снег з шапкі і каўняра кажуха, пахвальваючы надвор’е:
— Добра снегу насыпала, пядзі на тры, азіміну акрыла, бы пярынаю.
— Затое з двара выграбаць той снег — мала радасці, — заўважыла Каця.
— У жыцці, дачка, наогул мала радасці. Век грабешся ў зямлі, свету не бачыш і не заўважыш, як старасць напаткае.
Зося быццам і не чула іхняй гаворкі. Увесь час яна думала пра Гардзея. Можа, пайсці і расказаць яму пра цяжарнасць? Павінен жа і ён адчуваць нейкую адказнасць, няўжо пасля таго, што ў іх было, яна па-ранейшаму застаецца яму чужою і непатрэбнаю? Не, так не павінна быць. Але чаму ж ён не прыходзіць? Чаму не цікавіцца, як яна, Зося, жыве? Ці жывая наогул? Колькі разоў на дзень думка пра самазабойства прыходзіць ёй у галаву! Дзяўчына пакуль упарта адбівалася ад яе. Бяда, што нідзе яго не відно. Колькі разоў Зося праходзіла па вёсцы ў надзеі спаткацца з ім. Усё дарэмна. Праўда, у хату да яго зайсці пакуль яшчэ не адважвалася, але ўжо рыхтавала душу да таго, каб здзейсніць гэты ганебны ўчынак. Дзе гэта бачана, каб дзяўчына сама да хлопца хадзіла?
— Што чуваць у вёсцы? — спытала ў бацькі Каця, якая таксама ўвесь час думала пра Гардзея.
— Дрэнныя навіны. Паліцыянты лютуюць. Арыштавалі Гардзея Рахубу і яшчэ некалькіх хлопцаў са Сцяблова. Кажуць, што і ў Жабінцы прайшлі арышты.
— Гардзея арыштавалі? — уражана спытала Каця. — А за што? Ён жа радны!
— Хто яго ведае, хіба паліцыянты будуць тлумачыць? Прыйшлі, забралі і павялі ў турму.
Тое, што гавораць пра Гардзея, быццам абудзіла Зосю. Яна перапытала:
— Каго ў турму забралі?
— Ты, я бачу, не толькі сляпая, але і глухая, — здзекліва заўважыла Каця.
— А ты злая, як сабака, — адказала Зося. — Тата, каго арыштавалі?
— Хлопцаў са Сцяблова і Гардзея з Крачак.
Гэтая навіна ашаламіла Зосю. Яшчэ ёю валодала нянавісць, і яна помсліва сказала:
— Так яму і трэба!
— Што ты вярзеш? Здурнела зусім! Такому чалавеку зла жадаць! — абурылася Каця.
— Што ўжо ён за чалавек? За што ты ўпадабала гэтага баламута?
— Ціха, дзяўчаты! Змоўкніце! — прыкрыкнуў на дачок Кірыла. — Замуж вам трэба выходзіць, а не сварыцца. Нейкія знерваваныя вы ў мяне. Дземіха падыходзіла, нахвальвала вас, асабліва Кацю, за тое, што швачка добрая. Пыталася, ці ёсць жаніх, не супраць пасватаць за свайго Апанаса.
— Яшчэ чаго мне не хапала! Апанаса крывалапага! — абурылася Каця.
— Ну не такі ён ужо і крывалапы. Хлопец, як хлопец, здаровы, працавіты, — пачаў бараніць Апанаса бацька.
— І польку скача хораша, — заўважыла Зося, прыкідваючы, што ёй значна лягчэй жылося б, каб сястра пайшла замуж.
— Вось і выходзь за яго сама, будзеш з ім скакаць.
— Гэта ж не мяне сватаюць, а цябе, — агрызнулася Зося.
Бацька ўважліва паглядзеў на малодшую дачку і сказаў:
— Спачатку трэба, каб пашлюбілася старэйшая сястра, а потым ужо можна і малодшай думаць пра замужжа. Зося, калі табе падабаецца Апанас, дык я скажу Дземісе.
Зося на момант уявіла сябе побач з Апанасам, і ёй стала не па сабе. Немагчыма пражыць жыццё з чужым чалавекам. Пакуль ёсць Гардзей, яна нікога іншага побач з сабою ўявіць не магла.
— Не, тата, не трэба. Апанас хлопец добры, але ён чужы маёй душы, — запярэчыла Зося.
— Абедзве пераборлівыя. Глядзіце, каб не засталіся векавухамі, — прабурчаў Кірыла, сеў за стол. — І Серафіма трэба было б ажаніць з якою добраю дзяўчынаю. Няхай прырастае да зямлі, заводзіць гаспадарку. Звалочыцца ён на гэтай чыгунцы. Адно адзенне рве жалязякамі, а заробку хапае толькі пракарміцца.
Каця дастала з печы чыгунок, па хаце паплыў апетытны пах. Перад калядамі Кірыла закалоў парсючка, цяпер можна было пацешыцца свежыною. Дачка наліла паўнюткую міску капусты, забяліла смятанаю, паставіла перад бацькам. Ён перахрысціўся, узяў лыжку, але зірнуў на Зосю, ціха сказаў:
— Ідзі есці, Зоська. Нейкая ты сама не свая.
Зося моўчкі села да стала. Есці не хацелася. Глытала цераз сілу і ўжо шкадавала Гардзея. Так дрэнна думала пра яго, а ён сядзіць у турме. На вуліцы вунь сонца выглянула, марозік невялікі, снег зіхціць дыяментамі, а яму, нявольніку, трэба сядзець за кратамі, падпарадкоўвацца турэмным законам, есці нейкую брыдоту. Божа, дапамажы яму хутчэй вызваліцца, паспрыяй ва ўсялякай прыгодзе, агарадзі яго ад злых людзей, іх нянавісці, зайздрасці і зладзейства. А што ж будзе са мною? Што рабіць? Ехаць да яго ў турму? А хто я яму? Ні сястра, ні жонка — ніхто. Мне ж нават спаткацца з ім не дазволяць.
Аднекуль здалёку пачула Кацін голас, якая, стоячы ля печы, спытала ў бацькі:
— А ці можна мне наведаць Гардзея ў турме?
— Здурнела дзеўка! — абурыўся Кірыла. — Чаго ты туды пойдзеш? Ды і куды? Невядома ж, дзе яго трымаюць да суда, ці ў Жабінцы, ці ў Кобрыне, ці ў Берасце завезлі. Яшчэ на цябе падумаюць, што ты яго паплечніца!
— Няхай думаюць, што хочуць, — абыякава адказала Каця.
— Не, даражэнькая, гэтак ставіцца да жыцця нельга, — запярэчыў бацька і адклаў убок лыжку. — Я не хачу, каб мая дачка па турмах цягалася. Вунь Серафімаў бацька як трапіў у Сібір, дык і прапаў. Ужо дваццаць гадоў ніхто не ведае, ці жывы ён, ці ўжо ў магіле і косці сатлелі. Сваім жыццём трэба даражыць. Яно адно!
— І што, нават родныя не ведаюць, куды павезлі Гардзея? — спытала Каця.
— Пойдуць у пастарунак і даведаюцца. Пакуль ідзе следства, пазней будзе суд. Потым яго могуць завезці куды заўгодна — у Польшчу ці на Украіну, каб родныя не надта турбавалі наведваннямі ды перадачамі.
— Які жах, — уздыхнула Каця. — І колькі ж яго там будуць трымаць?
— Як суд вырашыць. Хто ж ведае, у чым яго абвінавачваюць? Годзе байкі баяць, сядай абедаць, — сказаў Кірыла, зноў беручыся за лыжку.
Каця села да стала, утаропілася ў міску і сёрбала капусту. Зося раптам хуценька паднялася з-за стала і пабегла ў сенцы, затуляючы рот рукою.
— Што гэта з ёю? — устурбавана спытаў бацька.
— Зноў нечым атруцілася, — адказала Каця.
— Чым яна можа атруціцца? Мы ж усе разам ямо адно і тое ж — і здаровыя.
— Хто яе ведае? Нешта раптам цягне на ваніты, а потым само праходзіць.
— Мо да якой шаптухі звазіць? — спытаў Кірыла. — Каб не захварэла, крый божа. Помніш, як тады ў Карпа колькі хварэла.
Зося ўвайшла ў хату, выцерла твар ручніком, легла на запечку.
— Блага табе, дачка? — спытаў Кірыла.
Зосі так хацелася хоць з кім-небудзь раздзяліць бяду, але не магла яна нікому расказаць пра сваю ганьбу — цяжарнасць.
— Нічога, ужо адпускае, — адказала.
Кірыла падышоў да дачкі, паклаў руку на лоб, ці не гарачы, спачувальна спытаў:
— Што ў цябе баліць?
— Раптам жывот зарэжа. А потым выверне ўсё, што з’ела. І робіцца лёгка.
— Можа, да доктара цябе?
— Не трэба, трохі паляжу — і палепшае.
Зося адвярнулася да сцяны, каб схавацца ад бацькавых і сястрыных вачэй, падумала: «Адзін мой ратунак — зязюліна мыла. Запару, як усе павыходзяць з хаты, ды і пачну піць патроху. Колькі разоў выратоўвала ад ганьбы, а мо і ад смерці. Даруй, Божа, грахі мае цяжкія. Даруй і паратуй.»
31
Пасля трох дзён допытаў Гардзея перавезлі ў павятовую турму, але паколькі з-за пабояў дрэнна сябе адчуваў, яго адразу змясцілі ў турэмны шпіталь. Бадай, душа яму балела больш, чым цела. Такога прыніжэння, як у пастарунку, ён не перажываў нават у войску. Хоць там даводзілася адчуваць залежнасць ад самадураў-афіцэраў, але і яны асцерагаліся без дай прычыны зневажаць жаўнераў. Тут жа ніхто не лічыўся з чалавечай годнасцю і ніхто не турбаваўся, б’ючы арыштанта, за грэшнасць і агіднасць сваіх паводзін, за якія давядзецца адказваць на Страшным судзе. Бо, па глыбокім перакананні Гардзея, нават на судзе ніхто не мае права зневажаць чалавека, а тым больш не дазваляецца рабіць гэта да суда, калі віна чалавека яшчэ не даказана.