У нядзелю пад вечар Гардзей сабраўся ў Сцяблова, дзе меў намер сустрэцца з Захарам Маркевічам. Трымаўся добры марозчык, які бадзёрыў і падганяў хлопца. Ды і няблага было ісці маладым нагам па дарозе, адпаліраванай палазамі саней. Яшчэ і сонца не схавалася за лесам, а на небе ўжо выкруглілася поўня. Вісела яна празрыстая, як лядзяш у палонцы. Гардзей узіраўся ў яе таямнічае аблічча і вельмі ж хацелася дазнацца, як утварылася яна, як з’явіўся гэты свет. Чытаў ён астраномію, але не надта верыў навукоўцам. Усё, што там пісалася, было толькі здагадкамі. Ён быў перакананы, што чалавечы розум занадта абмежаваны, таму і не можа спасцігнуць Боскае таямніцы стварэння свету. Аднак была надзея, што аднойчы менавіта яму адкрыецца гэтая недасяжная ісціна.
Ужо змерклася, калі Гардзей увайшоў у хату да Захара Маркевіча. Гаспадар падняўся з-за стала, пайшоў насустрач госцю з працягнутай рукой, прамаўляючы:
— Малайчына, што прыйшоў.
— Як жа было мне не прыйсці?
— Болей яго слухай, — пачуўся з печы жаночы голас. — Ён табе нарасказвае тры бочкі арыштантаў.
— Годзе, маці, бурчаць, — незадаволена азваўся Захар.
— Табе хоць бурчы, хоць маўчы, хоць кол на галаве чашы — усё адно. У бацьку ўдаўся, такі ж упарты. А што ён меў з тае ўпартасці? Толькі здароўе страціў і пайшоў на той свет без пары.
— Маці, я прашу цябе, — настойліва і выразна сказаў сын.
Жанчына забожкала, уздыхнула і змоўкла.
— Сядай, адпачні з дарогі. Мо галодны?
— Не, дзякую. Сыты я. Яшчэ і цябе пачастую.
Гардзей высыпаў на стол жменю семак. Падышоў да печы, каб пачаставаць гаспадыню. Захар тым часам распаліў газніцу. У хаце стала ўтульна і светла.
— Дзякую, шкада, што няма чым есці, — сказала жанчына.
— Унукаў пачастуеце.
— Хіба толькі...
Жанчына працягнула руку, і Гардзей, усыпаўшы ёй у жменю семак, сеў на лаву.
— Чаму не прывёў з сабою яшчэ каго з надзейных хлопцаў? — спытаў Захар.
— Іншым разам прыйду з хлопцамі, а пакуль мо пазнаёміш мяне з вашымі дзеўкамі.
— Ажаніцца хочаш?
— Пакуль толькі агляд раблю. Калі служыў у Варшаве, нагледзеўся там розных паненак, што тут няма на чым і воку адпачыць.
— Гарадскія — распусныя, лёгка ў вочы западаюць, умеюць сябе паказаць, тым і прывабліваюць нас. А вясковыя сціплыя, сарамлівыя, таму цяжка іх разгледзець за хустачкамі ды фартушкамі.
— Можа, і твая праўда. Але ж хочацца такую ўзяць, каб усё жыццё на яе глядзець і не нагледзецца.
— Так не бывае, — сказаў Захар. — Усе людзі старэюць, каханыя — на жаль, таксама. Добра, пойдзем на вячоркі...
Захар ускінуў на плечы світу, і яны выйшлі ў настылы марозны вечар. Каля весніц спыніліся. Гаспадар дастаў капшук, прапанаваў пакаштаваць самасаду.
— Дзякую, не куру, — адмовіўся Гардзей. — Прачытаў аднойчы, што курэнне шкодзіць здароўю.
— А мне падабаецца, супакойвае.
Захар скруціў цыгарку, прыкурыў.
— Я зразумеў, што ты хочаш далучыцца да нашай барацьбы? — спытаў раптам, без усялякай падрыхтоўкі.
— Хачу паспрабаваць. Не ведаю, ці здатны я на такія ахвяры.
— А чаго ты чакаеш у выніку?
— Вядома, перамогі. Можа, не надта вялікай, але ж нечага, думаю, можна дамагчыся.
— Чаго, напрыклад? — зацікаўлена спытаў Захар.
— Мяне не задавальняе, што войтам выбіраюць каторы раз запар асадніка Юзафа Бялецкага. Я думаю, а чаму не мяне?
— Сапраўды, чаму не цябе? — засмяяўся Захар.
Гардзея нядобра ўкалоў Захараў смех. Ён нават хацеў спыніць на гэтым гаворку, аднак вырашыў перш высветліць, чым жа ён насмяшыў Маркевіча.
— Не крыўдуй, — ляпнуў яго па плячы Захар. — Смяюся я ад радасці, што ёсць у нас хлопцы, якія маюць гонар і гатовыя змагацца за свае правы. Я пастараюся зрабіць усё для таго, каб ты стаў войтам нашага павета. Дам табе рэкамендацыю для ўступлення ў Камуністычны саюз моладзі, а калі праверым цябе як след на справе, прымем у партыю бальшавікоў. Ты пакуль падбірай надзейных хлопцаў, каб стварыць у Крачках камсамольскую ячэйку.
— Колькі трэба чалавек?
— Чалавекі тры разам з табою. Неабходна захоўваць канспірацыю, каб не заваліць справу. Кожны завал — гэта суды, турмы, кара, разбураная падпольная сетка, якую нялёгка наладзіць зноў.
— Разумею.
— А пакуль запрашаю цябе на нашы вячоркі. У нас, як і ў Крачках, шмат прыгожых дзяўчат, не горшых за варшавянак.
— Э не, варшавянак трэба бачыць, — запярэчыў Гардзей.
Хлопцы пайшлі ўдоўж вёскі. Наперадзе чуліся галасы.
— Бачыш, нашы ўжо весяляцца.
— Яшчэ не бачу, пакуль толькі чую.
— Любіш дакладнасць і канкрэтнасць? Гэта ў табе са школы засталося.
Захар з Гардзеем увайшлі ў хату. Моладзь тоўпілася ля дзвярэй. Гармонік рэзаў польку. Пасярэдзіне скакалі парамі дзяўчаты. Хлопцы не спяшаліся далучацца, дымілі цыгаркамі, рагаталі.
Твары ў танцорак расчырванеліся, вочы гарэлі, вусны ўсміхаліся, ражкі хустак разляталіся. Гэтае імклівае кружэнне зачароўвала, зацягвала, хацелася кінуцца ў гурт, перакаламуціць яго, падпарадкаваць і прымусіць круціцца вакол аднаго цябе. Аднак полька скончылася, дзяўчаты паскідалі хусткі з галоў і, абмахваючыся імі, разышліся. Каб даць адпачынак самым бойкім танцоркам, гарманіст зайграў павольны вальс.
— Выбірай каторую, — прапанаваў Захар.
— Нешта ў мяне вочы разбегліся, — адказаў Гардзей.
— Бяры, якая бліжэй стаіць.
Захар запрасіў высокую станістую дзяўчыну, павёў на сярэдзіну хаты, закружыўся з ёю ў вальсе, так, што толькі непаслухмяная пасма валасоў матлялася над ягоным ілбом. Гардзей выбраў тоненькую дзяўчыну з доўгаю, ніжэй пояса, касою. Вялікія сінія вочы здзіўлена паглядзелі на незнаёмага хлопца, маленькія вусны расцягнуліся ў ніякаватай усмешцы. Гэта была дзяўчынка, падлетак, якая мо ўпершыню прыйшла на вячоркі.
— Запрашаю на вальс, — сказаў Гардзей, ужо шкадуючы, што зрабіў такі няўдалы выбар.
Яна ў адказ толькі згодна кіўнула галавой. Пазіраючы ў яе мілы тварык, падумаў: «Дзіця горкае, але гадкоў праз колькі, напэўна, вырасце ў прыгожую дзяўчыну».
Гардзей запрасіў яе яшчэ на некалькі танцаў, а потым прапанаваў:
— Хадзем, малая, правяду цябе дахаты.
— Не, я з братам пайду.
Дзяўчына махнула рукою. Да Гардзея падышоў высокі хлопец, незадаволена спытаў:
— Чаго ты да яе прыліп? Ці табе тут дзевак мала?
— Дзевак шмат, ды яна найлепшая.
— Ведаю цябе. Ідзі, скуль прыйшоў, па-добраму.
— Што здарылася? — спытаў Захар, спяшаючыся прадухіліць сварку.
— Нічога, усё добра, — адказаў Гардзей. — Бывайце здаровыя, сцяблоўцы. Прыходзьце да нас. Мы за сваіх дзяўчат сварыцца не будзем.
Павярнуўся і пайшоў з хаты. Захар паімкнуўся за ім, правёў трохі па вёсцы, сказаў на развітанне:
— Трэба рыхтаваць народ да паўстання супраць акупантаў, раздаваць лістоўкі, вывешваць сцягі, патрабаваць беларускую школу.
— З голымі рукамі ваяваць?
— Усё будзе. Ёсць у нас сябры на Усходзе.
— А як наконт таго, каб мне выставіць сваю кандыдатуру на пасаду войта?
— Абавязкова будзем працаваць і ў гэтым накірунку, — паабяцаў Захар.
Гардзей рушыў у бок сваёй вёскі, раздумваючы, з кім з вясковых хлопцаў можна было б стварыць камсамольскую ячэйку. Можна было б пагутарыць з Маркам, не благі хлопец, трохі, праўда, скупаваты, але ж усім вядома, што свая сарочка бліжэй да цела. І жыве па суседстве, калі што спатрэбіцца, дык не давядзецца далёка шукаць. Сімпатызаваў Гардзей і Мацею, маўкліваму, але адважнаму хлопцу, што было праверана яшчэ ў маленстве, калі бегалі латашыць аканомаў сад. Ідэя пачаць працаваць на камунку так захапіла Гардзея, што ён і не заўважыў, як дайшоў да сваёй вёскі. Высокія бухматыя зоркі спагадна падміргвалі яму, самотная поўня паспяшала за ім услед, не адстаючы, быццам не мела іншае патрэбы. Безумоўна, і ёй самота не даспадобы, шукае хаўрусніка, каб перабыць ноч. Снег шаргацеў пад нагамі. Заінелыя старыя бярозы горбіліся абапал дарогі. Зямля спала, толькі Гардзеева вёска Крачкі свяціла там-сям цьмянымі агеньчыкамі, быццам чакала яго, позняга хадака, дадому. Напэўна, Паўліна не спала таксама, жыў у ёй мацярынскі інстынкт. Пра ўсіх яна клапацілася, узваліўшы яшчэ падлеткам на плечы адказнасць за асірацелую сям’ю.