Литмир - Электронная Библиотека

Андрэй Сахута, як і большасць ягоных дружбакоў-партакратаў, лічыў, што гэта ўсё робіцца на шкоду партыі і народу, але партыйная дысцыпліна, нібы жалезная аброць, прымушала трымацца баразны, па якой вялі вышэйшыя лідэры, тыя, што сядзелі ў Крамлі і трымалі лейцы. Каб жа толькі трымалі! Дык жа бязлітасна тузалі! І не раз узгадваў Андрэй крылатыя, мудрыя словы беларускага класіка-гумарыста: “Кіраваць то ты кіруй, ды не надта тузай!”

Але не толькі дапякала вышэйшае кіраўніцтва, усё часцей паказвала зубы і само жыццё, тое самае жыццё, якое філосафы называюць аб’ектыўнай рэальнасцю.

Неяк начальства прапанавала Сахуту, тады першаму сакратару райкама, перайсці ў гаркам партыі сакратаром. Ён сустрэў гэтую прапанову без асаблівага жадання. Ды  што ён мог сказаць, апрача звыклага: я — салдат партыі, раз трэба — значыць, трэба. Але на партканферэнцыі ўзнікла іншая кандыдатура, альтэрнатыўная — дружбакі вылучылі загадчыка аддзела гаркама. У паветры ўжо адчуваўся подых дэмакратыі, Гарбачоў трубіў пра галоснасць і новае мысленне. Праўда, ніхто, мабыць, і сам генсек не ведаў, што гэта такое — новае мысленне. Але фраза, нібы пробны шар, была запушчана, і паляцела, пакацілася па ўладных і партыйных калідорах, замільгала на старонках газет. Пасля тэлевізійнай праграмы “Время” галоснасць, новае мысленне высвечваў “Пражэктар перабудовы”.

Дык вось, на партканферэнцыі абмяркоўваліся дзве кандыдатуры, выступалі абодва прэтэндэнты. Гаркамавец аказаўся больш тонкім і ўмелым дэмагогам  і, мусіць, ён болей прагнуў павышэння і новага крэсла, таму і атрымаў болей галасоў. Балюча перажываў Андрэй Сахута, бо гэта была першая публічная параза.

Затое на абласной канферэнцыі за яго галасавалі дружна: мабыць, паспрыяла вясковае паходжанне, ляснічы па адукацыі, але добра ведае і сталічныя калідоры. Тады яшчэ ўсе прыслухоўваліся да голасу партыі, але з кожным годам яе крытыкавалі ўсё смялей. Першым гэта зрабіў важак маскоўскіх камуністаў Барыс Ельцын на пленуме ЦК у кастрычніку 1987 года. Сахута тады счапіўся з Пятром Махавіковым, земляком, тэлежурналістам. А выйшла вось як.

Пятро прыехаў да яго ў абкам напрыканцы дня. Зняў мокрае ад снегу паліто, страсянуў шапку, гладка зачасаў парадзелыя валасы, якія прыкрывалі шырокую лысіну. Андрэй міжволі падумаў, што ў сябра прычоска, як у знаёмага сакратара гаркама, у некаторых работнікаў ЦК. Тыповая, наменклатурная прычоска.

— У цябе, Пятро, прычоска, як у сакратара гаркама Галко. Наменклатурная. Дарэмна ты не згадзіўся на павышэнне...

— Дзіва, што людзі кажуць — галком. Сабраліся вароны і галкі. Адно робяць, што гарлапаняць і галёкаюць. Крычаць пра галоснасць. Патрабуюць, каб чалавек выказваў свае думкі. А як Ельцын вякнуў на пленуме... Пакрытыкаваў старых бюракратаў. Генсека зачапіў, так і з’елі. Вось і скончылася перабудова, — усхвалявана загаварыў Пятро.

— Занадта крута бярэш. Перабудова не скончылася, — Андрэй прыцішыў голас, дадаў: — Хаця я сам думаю, нешта тут не так. Нам казалі: трэба вучыцца перабудове на прыкладзе Масквы. А тут раптам “политическая ошибка”. Мне здаецца, гэта вялікая памылка Гарбачова. Мы цяпер апраўдваем Бухарына, розных там апартуністаў. А тут чалавек выступіў з крытыкай на пленуме і яго высту  прызнаецца “политически ошибочным”. І яго адразу здымаюць з пасады за “крупные ошибки”. І спёкся папуас. А дзе ж дэмакратыя і галоснасць?

— І новае мысленне, пра якое крычыць генсек. Перабудове — капцы. Гэта адназначна, — рубануў рукою, нібы шашкаю, Пятро. — А Ельцын цяпер стане самым папулярным чалавекам. Расія любіць пакутнікаў. Гэта спрадвеку...

Андрэй дастаў з шуфляды даведнік “Коммунист” — тоўстую кніжачку кішэннага памеру, адшукаў спіс партыйнай вярхушкі.

— Тут, браце, чыстка ідзе. Шмат каго няма. Кунаева — няма. Аліева, Зімяніна — таксама... — Тоўстым чырвоным алоўкам Андрэй Сахута выкрэсліваў прозвішчы “былых”. Выкрасліў і Ельцына. — Во, колькі вакансій!

— Ты прамовіў гэтыя словы такім тонам... Ну, падалося мне: шкадуеш, што не можаш заняць адну з  іх.

— Не, браток. Шкадаваць няма чаго. Кожнаму сваё. А чаго ты так задзіраешся? Ты супраць, каб я стаў членам Палітбюро? — усміхнуўся Андрэй, каб схаваць раздражненне ад настырнай задзірыстасці земляка. — Сам не ідзеш у начальнікі і мне не жадаеш павышэння.

— Чаму не жадаю? Вялікаму караблю — вялікае плаванне.

Пятро Махавікоў не быў да канца шчыры: не прызнаўся Сахуту, што супраць ягонага прызначэння на пасаду намесніка старшыні Дзяржтэлерадыё выказаўся сакратар парткама, і менавіта таму, што Пятро іншы раз даволі рэзка выступаў на сходах. Можа, і з гэтае прычыны гісторыю з Ельцыным ён прыняў блізка да сэрца, і таму гатовы быў грызці партыйных бюракратаў, да ліку іх далучаў і свайго земляка, бо і ён змушаны галёкаць, як і ўсе. Менавіта з таго дня між сябрукамі нібы праскочыла шэрая кошка.

Неўзабаве прыйшло паведамленне: Ельцына прызначылі першым намеснікам старшыні Дзяржбуда СССР, міністрам. Адразу ж патэлефанаваў Пятру:

— Ну, чуў аб прызначэнні Ельцына? Салідны аклад, партфель міністра. Персанальная “Чайка” яму выдзелена. А ты казаў: з’елі, з’елі...

— Правільна. Не той час, калі выкрэслівалі са спісу. І з жыцця адным махам.

Андрэй Сахута зразумеў закід: сябра нагадваў, як ён, Сахута, чырвоным алоўкам выкрэсліваў з даведніка партыйных начальнікаў.

— Вось пабачыш, праз нейкі час Барыс Мікалаевіч усплыве. На першых жа выбарах у Вярхоўны Савет ён пройдзе. Масквічы за яго стаяць гарою.

— Пажывём, пабачым. Ну, будзь здароў! — Андрэй паклаў трубку, упершыню забыўшы перадаць прывітанне сям’і, жонцы.

У галаве сакратара абкама настойліва білася думка: чаму так адбылося з Ельцыным? Чаму прагучала гэтае выступленне, нібы лыжка дзёгцю, на ўрачыстым пленуме, прысвечаным абмеркаванню даклада аб 70-годдзі Кастрычніцкай рэвалюцыі. І пасеяў сумненні першы сакратар абкама, калі расказаў пра свае ўражанні аб тым пленуме. Гарбачоў скончыў даклад. Лігачоў, які вёў пленум, сказаў: “Даклад скончаны. Можа, у каго ёсць пытанні? Няма. Ну, тады пленум можна лічыць закрытым.”  І тут Гарбачоў: “У таварыша Ельцына ёсць пытанне”. Лігачоў кажа: “Давайце параімся. Ці ёсць патрэба пачынаць спрэчкі?” — “Няма”, — выгукнула зала. А Гарбачоў сваё: “У таварыша Ельцына ёсць  нейкая заява”. І Лігачоў мусіў даць слова Ельцыну. Выходзіць, Гарбачоў яго выцягнуў на трыбуну. І раней, калі ўжо здымалі за “политические ошибки”, дык здымалі з трэскам. А тут прызначылі міністрам, персанальную “Чайку” пакінулі.

Усё гэта прыгадалася  Сахуту  асабліва  востра, калі слухаў палымяны Ельцынскі выступ у абарону Гарбачова,  якога “гэкачэпісты”  запёрлі на дачы ў Фаросе, а самі спрабуюць зрабіць пераварот. Але чаму Ельцыну далі магчымасць выступаць? Хіба нельга было адключыць электрычнасць у будынку Вярхоўнага Савета? Няўжо сілавыя міністры, а ў іхніх руках армія, КДБ, міліцыя настолькі бездапаможныя? А можа, Гарбачоў з гэтымі змоўшчыкамі заадно? Калі б супраць быў, дык яго трэба арыштаваць.

Андрэю нават падумалася, што тады, на пленуме 1987 года, Гарбачоў ведаў, пра што будзе гаварыць Ельцын і цягнуў яго на трыбуну. Быццам нечая нябачная рука вяла гэтых партыйных пеўняў па жыцці, часам зводзіла, каб яны счапіліся, потым разводзіла. Гэтая нябачная рука ўзвяла аднаго на трон Прэзідэнта СССР, а другога зрабіла Прэзідэнтам Расіі. Здавалася, што Гарбачоў усё рабіў, каб не дапусціць Ельцына да ўлады, але сваім процідзеяннем яшчэ болей  спрыяў ягонай папулярнасці і ўзыходжанню на расійскі ўладны Алімп. А цяпер Ельцын спрабуе выратаваць Гарбачова, сарваць планы ГКЧП. А  змоўшчыкі трэці дзень нічога не могуць зрабіць, маючы сілу і ўладу.

У той дзень, а на календары было 21 жніўня, серада, на прыём да сакратара абкама Сахуты запісаліся тры чалавекі. Сямейная пара Бутрымовічаў і мастак Віктар Грышчанка. Апошнім часам на прыём запісвалася ўсё меней людзей, і тэлефанаванняў з абкама партыі чыноўнікі рознай масці не палохаліся гэтак, як раней. Улада перацякала да саветаў. Часам Андрэю Сахуту здавалася, што зямля паступова, але няўхільна выходзіць з-пад ягоных ног.

9
{"b":"551730","o":1}