Литмир - Электронная Библиотека

Каб дзед Аўхім быў малады і гарачы.

КАЛЯДНЫ БАЛЬ

Да Новага года заставаўся амаль месяц, але ягоны подых адчуваўся ўсё мацней.Чалаевцтва рыхтавалася сустрэць гэтую нябачную мяжу, прыдуманую і ўсталяваную самімі ж людзьмі, прымеркаваную да Хрыстовага нараджэння. Дзень пачынае расці, сонца паварочвае на вясну — значыць, пачынаецца Новы год. Ён прыносіць новыя  налзеі і спадзяванні.

Стары Аўхім лічыў гэтую традыцыю прыдумкаю, ніколі доўга не глядзеў тэлевізар у навагоднюю ноч. Кульнуўшы законныя два-тры кілішкі: за стары. За новы, за здароўе на цэлы год,— клаўся спаць. Калі ўдавалася ўгаварыць бабу Прос, то клаліся разам. Як ніхто не замінаў, дык абдымаліся і цалаваліся. Гэта толькі маладыя думаюць, што старым ужо нічога не трэба.

На гэты раз Просі хацелася сустрэць Новы год з дзецьмі, усёй сямейкай, бо хто ведае, колькі таго жыцця засталося. І таму яна ламала галаву: якіх прысмакаў нагатаваць да стала. Можна зарэзаць гусака, утушыць з яблыкамі. Зварыць халадцу — з бульбаю добрая закусь. А што піць? Вядома, дзеці прыедуць не з пустымі рукамі, але ж і сваё пітво трэба мець.

Кожны аўторак у невялікую лясную вёсачку Дзятлаўку прыходзіць аўтакрама — машына-будан. Абаранак руля якой весела круціць шафёр Вася, танклявы, увішны хлопец. Як звычайна,  да аўтакрамы збіраецца ўся вёска. Тут льга перакінуцца словам з блізкім і далёкім суседам. Пачуць усе навіны. Калі будзе з чаго. Той парагатаць. Майстрам пасмяшыць публіку быў Грышка, саракагадовы  плечавень, які любіў і чарку, і скварку, умеў даглядаць пчол і быў механізатарам шырокага профілю.

Аўтакрама пазнілася. Народ хваляваўся. З неба сыпаліся белыя крупінкі снегу  і секлі ў твар, нібы шрот. Таму радасць засвяцілася на кожным расчырванелым твары. калі  з-за цёмнай сцяны лесу выкаціўся куртаты будан. Кажучы казённаю моваю, асартымент тавараў быў звычайны, але мелася і навінка: з высокай скрыні звабна  выторкваліся срэбрана-блішчастыя галовы шампанскана. Іх адразу прыкмеціла Прося.

— Давай возьмем шампанскага, — таўханула пад бок Аўхіма.

— Ат, што ета за пітво? — скрывіўся, нібы ад воцату, дзед. — Лепей пляшку той вадзіцы. Якую гусі не п'юць.

— Дзядзька Аўхім, ты дарэмна ўпіраешся. Вось ты любіш казаць: піць, як і красці, трэба асцярожна. Дык вучаныя людзі раяць пачынаць трапезу спакваля, з шампанскага, — аўтарытэтна прамовіў Грышка. — Ну. Каб, ета самае, градусы ўзрасталі. Спярша вінца, а потым гарэліцы.

— А тады першачка? — хмыкнула бабка Адарка.

— О. правільна мысліш! — узрадаваўся Грышка. — У корвнь глядзіш.

— Дос табе выскаляцца, — узбурылася на яго Прося. — Сонца няма, а ты выскаляешся. Зубы грэеш.

— А мне сонца свеціць кожан дзень. Асабліва каля крамы.

Усе вакол пас міхаліся. Здаецца, і неба пасвятлела, крупы перасталі сыпацца. Павесялеў і дзед Аўхім, бо ў торбе побач з шампанскім пазвоньвала пляшка гарэлкі. Вядома, узялі хлеба, батонаў, яшчэ таго-сяго. Дома ўзнікла праблема: куды дзець шампанскае.

— Можа. у склеп паставім? Там холадана. Я зараз аднясу.

Аўхім здзівіўся, бо звычайна жонка прасіла яго прынесці бульбы, буракоў ці слоік агуркоў, а то выправілася сама. Праўда, у наступныя дні хадзіў у склеп ён, пазіраў у кут, дзе цьмяна бялелася бутэлька шампанскага.

Да Новага года заставалася тры дні. Аўхім браў слоік капусты, зірнуў у кут і здзівіўся: бутэлька моцна нахілілася, вакол ейнага дна паблісквалі нейкія іскрынкі — ці то шэрань, ці то снег. Ён дастаў бутэльку і аслупянеў: у цэнтры корка зеўрала круглая дзірка, а віна засталося меней за палову. “Ёпэрэсэтэ! — выляўся Аўхім. — Во, мышары праклятыя. Выпілі шампанскае. Думаў, усіх пералавіў, а тут — на табе”.

Баба Прося ледзьве не загаласіла на ўсю вёску: першы раз купіла пад Новы год шампанскага і то выпіць не ўдалося. На Аўхіма пасыпаліся дакоры: лайдак, латруга, не мог пастку паставіць, развёў мышэй…

У самы разгар сямейнага дыспуту ў хату ўваліўся Грышка. Зірнуў на стол. Ухмыльнуўся:

— А якое сянні свята? Няўжо вы каталіцкія Каляды адзначаеце? І правільна робіце. Малайцы! Разгавеліся. А я во шукаю, дзе б душу прывязаць. А то, ета самае, трапечацца пасля ўчарашняга.

— Ага, разгавеліся, — уздыхнуў Аўхім. — Мышы ў склепе разгавеліся.

Грышка ўзяш бутэльку, агледзеў яе, усё зразумеў і гучна зарагатаў:

— От свет настаў! Цяперака і мышы разумныя. Ах, які быў баль у склепе! Во ўжо скокі былі! Хвост направа, хвост налева!

— Не рві маё сэрца, балабон! А то вілачнік зараз вазьму, — праз слёзы крычала Прося.

— Цётка Прося, не бярыце да галавы. Такое бяды. У людзей вунь не такія беды. Як сказаў паэт Караткевіч: “павінна ж быць і ў зайца радасць перад халоднаю зімой”. А мышкі… Яны ж таксама жывыя.

— Ета во стары  ёлупень дапусціўся, што ў склепе мышы гаспадараць. Чаму я з пенсіі павінна іх паіць шампанскім?

— Ну, яны ж і вам пакінулі. Падзяліліся, — блазнаваў Грышка.

Адчуўшы падтрымку, павесялеў і Аўхім:

— Ета ж да рэвалюцыі была гісторыя. У майго дзеда згарэла гумно. Жытнёвыя снапы там стаялі. Пайшоў дзед па дварах пазычвць збожжа І ўсюды казаў: “Ой, бяда якая! І гумно згарэла, і жыта. Але ж і мышэй, братачка, колькі ляснула!” І ніхто дзеду не адмовіў. Выручылі…

— Ты мне зубы не загаворвай. Выкінь ету бутэльку. Каб мае вочы яе не бачылі. — Сярдзітая Прося пасунулася на кухню.

— Чакай, дзядзька. Я іду ў лес. Там выкіну ў ямку. Хочу елачку высячы. Цётка, Прося, можа, і вам заадно? Хоць маленькую.

— Навошта нам елка? Ну, мо пару галінак для паху. Усунем у слоік.

— Дык, можа, і ядлоўцу наламацЬ?  Ён асабліва духмяны.

— Навошта? Хіба старога адхвастаць?

— Не, цётачка. Наадварот! Выпаліць дзядзька лазню перад Калядамі. Возьмеце яшчэ шампанскага. У лазні папарыцеся. Я дам мядку. Натрэ дзядзька сваю жоначку мёдам, адхвошча распараным ядлоўцам. Тады, дзядзька, не ты будзеш прасіць у жонкі, а яна сама папросіць. І будзе ў вас калядгы баль!

— Грышка, не  рві маё сэрца! — крычала Прося, але ў голасе ейным пачуліся весялейшыя ноткі.

Грышка схаваў бутэльку пад крысо кухвайкі і выкуліўся з хаты.

На дварэ пасвятлела. З-за попельна-шызай хмары вылузнулася нізкае снежаньскае сонца. “Эх,  доля наша мужчынская. Не ведаш уранні, дзе нап'ешся ўвечары. Эх, калядачкі, бліны-ладачкі!”— весела замурлыкаў Грышка.

СУСЕДАВА ПАДКАЗКА

Блізка паўвека пражылі разам Аўхім і Прося. І сварыліся, і спрачаліся даволі рэдка. Ну,было, калі мышы выпілі шампанскае. Але ж пасля лазні дзед з бабаю мілаваліся, нібы галубкі. А на гэты раз яны пасварыліся моцна. І віноўнікам разладу стаў тэлевізар. Калі дакладна — серыялы. Неяк Аўхім і Прося дрынкалі ў дрывотні пілою “Дружба -2” Раптам Прося схамянулася:

— А колькі  ета часу?

— Ды ўжо без чвэрці пяць, — адказаў Аўхім.

— А божачкі, серыял пачаўся! Усё, Аўхімка, я ў кіно, — і  памкнулася ў хату.

— Пакліч мяне, калі танец жывата будзе, — хмыкнуў наўздагон Аўхім і ўзяўся за сякеру.  Бразільска- мараканскі серыял ішоў ужо другі год. Узімку некаторыя серыі глядзеў і Аўхім. Рагатаў, назіраючы, як  зацята сварацца між сабою жонкі багацея Алі. А той  уздымаў рукі ўгору, крычаў на маладую жонку,  аматарку скандалаў: “Хай скароціць Алах твае дні!”  Аўхіму вельмі падабалаіся бразільскія скокі, асабліва танец жывата. Прося сарамаціла: “ Што ты глядзіш. бы кот на сала. Яны ж усе маладзенькія. А  ты ж стары хрыч ужо…”

Аднойчы завітаў сусед Грышка. Цыгарэты пазычыць. Аўхім без адрыву ад канапы назіраў за скокамі. “Эх, Іванавіч, Іванавіч”, — паўшчуваў дзеда. “Етыя скокі мой жыццёвы тонус уздымаюць”.— апраўдваўся Аўхім.

— Я б табе параіў глядзець “Падарожжа дылетанта”. Вось што бадзёрыць. Весяліць. І тонус падымае.

— А што ета за падарожжа такое?

70
{"b":"551730","o":1}