— Так, дарагі мой дружа. Я цалкам згодны з табой, — Андрэй пільна зірнуў на сябра, падняў бакал. — За Новы год! За новае жыццё!
Андрэй Сахута, былы сакратар абкама па ідэалогіі, а цяпер галоўны ляснічы радыяцыйнага прыбяседскага лясгаса, упершыню адчуў, што яму не хочацца вяртацца ў сталіцу.
На зыходзе была першая гадзіна новага, тысяча дзевяцьсот дзевяноста другога года.
ХХІ
І над роднай Бесяддзю павярнулася ноч на другі бок. Праз бухматыя хмары выбліснуў рудаваты ветах, у прагалінах замігцелі зоркі. Над сцішанаю заснежанаю прастораю, над вершалінамі старадрэвін імчаў пругкі марозлівы зюйд-ост — вецер з Чарнобыля. У яго калючым дыханні адчуваўся невынішчальны водар выпетралага, прамерзлага палыну.
Палыновы вецер не ведаў спакою і спачыну нават у навагоднюю ноч.
О вецер, вецер! Ты самы магутны на свеце! Ты здольны ўплішчыцца ў шчыліну, уварвацца ў прачыненую фортку. Ты можаш ахапіць палову акіяна і ўсё неба. Ты прыносіш дождж, снег і град. Ты зрываеш стрэхі, валіш электрамачты, выварочваеш з карэннем магутныя дубы, высозныя елкі, таўшчэзныя вольхі і асіны. Я ніколі не забуду відовішча, убачанае ў верасні 1962 года. Тады сын Твой, смерч, спляжыў паўтараста гектараў прыбяседскага лесу. Нібы жытнёвыя кулі ляжалі паваленыя дрэвы, малыя хвойкі Ты прыціснуў да зямлі, быццам пагладзіў даланёю, купкамі стаялі кручаныя-перакручаныя дрэвы, нібы Ты хапаў іх за чубы і хацеў скруціць перавясла.
О вецер, вецер! Ты — самы вольны і самы багаты, бо колькі людзей кідаюць табе словы, час і багацце!
Ты і сам. вецер, вялікі працаўнік. Спрадвеку носіш па моры-акіяне рыбацкія паруснікі, вайсковыя фрэгаты, флібусцьерскія брыганціны, надзімаеш касыя ветразі розных шхунаў і беласнежных прыгажуняў яхтаў. Без цябе, Вецер, Калумб не адкрыў бы Амерыку. Ты здаўна корміш чалавека хлебам, бо нястомна махаеш крыламі ветракоў, мелючы зерне. Табе па плячы выратаваць свет ад экалагічнай катастрофы, Ты можаш забяспечыць чалавецтва самай таннай электраэнергіяй.
О вецер, вецер! Я вітаю твой свежы подых! Радуюся, калі Ты ўздымаеш марскія хвалі, бо люблю даваць нырца, каб схапіць за пеністую грыву вірлівы вал салёнай вады. А як цешаць сэрца і вока блішчаста-зялёныя хвалі, якія Ты коціш па жытнёвым палетку. Любіш Ты, гарэзнік-вецер, задзіраць дзявочую спаднічку, лашчыць вабныя каленкі...
А калі Ты, Палыновы вецер, залятаеш у хату, Ты заклікаеш да абнаўлення. Ты рушыш усё, што састарэла, згніло і аджыло свой век. А сам Ты, Вецер, нідзе не нараджаешся і нідзе ніколі не паміраеш, бо Ты вечны.
Як вечная наша Зямля-Матухна. І на ёй Чалавек.
Снежань 2002 — сакавік 2008
АПАВЯДАННІ
КАЛЯДНЫ БАЛЬ
З цыкла “Вясёлыя гісторыі пра жыццё-быццё вясковае”
ПРОСІНА ТАЯМНІЦА, альбо ЯК ПЕЎНІК ГУСАКА АДДУБАСІЎ
Неяк уранні дзед Аўхім пачуў адчайны піск гусяняці, крутнуўся за веранду і ўбачыў у кутку двара пеўня, які калашмаціў малое гусяня. Дзед кінуўся на дапамогу, а з другога канца двара. Растапарырыўшы крылы, з грозным шыпеннем імчаў гусак. Ён апярэдзіў гаспадара. Скубануў пеўня за хвост, той вопрамеццю кінуўся наўцёкі. Гусянё пачыкільгала да сваёй сям'і. а гусак задраў дзюбу ўгору, пераможна загагатаў. Гусыня-маці пяшчотна гэгала. Нібы гладзіла дзюбаю малое. Але ў ейным голасе чуліся ноткі дакору: што ж ты, неслух-гарэза, адбіўся ад сям'і. Вось і атрымаў прачуханку.
З таго дня гусак люта ўзненавідзіў пеўня і не даваў яму праходу. Аўхім спрабаваў памірыць іх. Але спроба не ўдалася. Ён расказаў пра здарэнне жонцы Просі, прапанаваў:
— А можа, у суп пеўніка?
— Ты што? — узбурылася Прося. — Еткі малады, прыгожы пеўнік. Дый квактуха яшчэ не выцвела пылянят. І да восені далёка. Куры без пеўніка несціся перастануць. Хіба ты іх тапатць будзеш? — падсміхнула дзеда.
— От. раскудахталася! Цябе толькі зачапі, балаболку,— нязлосна буркнуў Аўхім. Узяў касу і пасунуўся з двара.
Праз колькі дзён Прося сама ўбачыла, як гусак загнаў пеўня ў кут і дзёўб яго з усяе моцы. Прося злавіла гусака. Заціснула між каленяў крылы і падсунула пеўніку, каб напалохаў свайго крыўдніка і той болей не чапіўся.
— Пыль-пыль-пыль! Пеця, хадзі. Не бойся. Скубані яго. Каб не лез…
Пеўнік агледзеўся. Імгненна ацаніў сітуацыю. Бліснуў чырвона-аранжавым помслівым вокам і давай дубасіць гусака. “Ну, дос. Правучыў разбойніка і годзе”. Прося адпусціла гусака. Той даў драла. Але пеўнік, быццам каршун-шуляк . узляцеў угору. Дагнаў гусака, уссеў на спіну і пачаў лупасіць дзюбаю ў шыю. Гусак кружыў па двары. Матляў доўгаю шыяй, але скінуць наезніка не мог. Баба Прося застыла бы ўкапаная, аж рот раскрыла ад здзіўлення: такога павароту ніяк не чакала. Цяпер давялося ратаваць гусака. Прося схапіла дзяркач і сагнала пеўня-забіяку.
Неўзабаве вывеліся пыляняты. Іх было трынаццаць — акурат гэтулькі яек паклала Прося пад квактуху.
— От. малайчына наш пеўнік. Усе яйкі найграныя. Працаўнік. — пахваліў яго Аўхім.
— Не тое. што ты, — упікнула дзеда Прося.
— Дык ён жа саўсім малады. А я восьмы дзесятак распячатаў. Быў і я калісьці рысаком. У мядовы месяц было шэсць разоў на начы. Сёмы — ўстаючы. Хіба ты забылася?
— Помню, Аўхімка, усё помню. Такое не забываеца.
Неяк адвячоркам, калі гусі вярнуліся з пашы, Аўхім убачыў незвычайнае відовішча: пеўнік уссеў на гусака і ганяў яго па двары. Дзед аж аслупянеў. Паклікаў Просю.
— Паглядзі! Што робіцца! Чыстае кіно. Баявік амерыканскі. Пеўнік дубасіць гусака! Ета ж ён сваіх дзетак бароніць. Во, прырода! Пеўнік перамог
страх…— разважаў Аўхім.
— Чаго рот разявіў? Ратуй гусака! А то еты разбойнік задзяўбе да крыві.
Прося дзеркачом сагнала пеўня. Гусей зачыніла ў пуні. Пра сваю педагагічную практыку” нічога не сказала. Певень, нібы баксёр-пкраможца на рынг, важна хадзіў па двары. Не пазнаць было пеўня! Сам чорны, а шыя і хвост жоўта-пярэстыя, ярка-чырвоны грэбень. Аўхім залюбаваўся пеўнем-забіякам, пайшоў пахваліцца суседу Грышку.
Аднойчы нядзельным ранкам пеўнік зноў уссеў на гусака. У гэты час завітаў на двор сусед Грышка. Тракатрыст і заўзяты пчаляр. Грышка зарагатаў гэтак гучна, што суседзі павыбягалі з хат, сабраліся ля Аўхімавага двара. Усе дзівіліся. Вохкалі. Прося ўхапіла дзяркач, загнала пеўня ў куратнік. Але народ не хацеў разыходзіцца. Гэты момант скарыстаў Гршыка. Расказаў жарт.
— Служыў я на Каўказе. У Грузіі. Ну. пры камуністах яшчэ. Неяк у нядзелю пайшоў на рынак. І вось прадае чалавек пеўня. Падышлі дзве кабеты. Пытаюцца: “Колькі каштуе пеўнік?” — “За пятнаццаць рублёў аддаю”. — “А ён курэй топча?” – “Какой топча? Он інтэлігентный петух. Оч-чэнь харошы”. — “Дык на храна ён трэба. Гэткі анцілягент”. Прадаваец усё зразумеў. Тут жа змяніў пласцінку. Пачаў крычаць: “Прадаецца пятух. Атлычны таптун! Кура топча! Утка топча! Гусі — топча! Учор авечку адтаптаў!” Натоўп сабраўся. “Нуй певень. — пачуліся галасы.— Што ж ты прадаеш такога героя?” –“Панымаеш, падлэц. На жонку паглядаць пачаў..”
Грышкавы слухачы зарагаталі гучней. чымся пакупнікі на каўказскім рынку. Ажно да слёз смяялася і Прося. Але пра сваю таямніцу нікому нічога .
Ішлі дні. Як толькі сыходзіліся певень і гусак, пачыналася бойка. Пеўнік, нібы той будзёнаўскі кавалерыст, ездзіў на спіне гусака. Нарэшце Прося не вытрывала і зварыла з пеўніка смачны суп. Добра паабедалі. Раздабрэлая Прося адкрыла Аўхіму сваю таямніцу.
Весела смяяўся дзед. А ўвечары павёў Просю на сена — успомніць маладосць. Пасля абдымкаў шчаслівая Прося сцішана смяялася, дзівілася дзедавай сіле. Пра сябе падумала: з пылянятаў, па ўсіх прыкметах, будзе шэсць курак і сем паеўнікаў. Аднаго папкінем на зіму. Двух аддамо дочкам. Каб зварылі булён для зяцёў. Астатнія хай будуць сабе.