Ніхто не заўважыў, як пачырванела Ада — яна лепей за ўсіх ведала, што думала пра мужа ў тыя дні пасля ГКЧП. І не толькі думала, а й казала. І не раз, і не два кідала ў твар крыўдныя, абразлівыя словы “партыйнаму балбатуну”, які нічога не выслужыў у дзяржавы і партыі, мусіў ехаць у радыяцыйную зону шараговым ляснічым.
— Ну, і я іншы раз памылялася. Я была супраць, каб Андрэй ехаў у зону. Здароўе — даражэй за ўсё. Ну, але, дзякуй Богу, усё наладжваецца. У райцэнтры радыяцыі меней. І пасада салідная. Галоўны ляснічы — адзін на ўвесь раён, — з гонарам сказала Ада. — З гэтай пасады можна і ў Мінск скокнуць. І я б хацела, каб гэта адбылося як мага хутчэй.
— Не ўсё так проста, мая даражэнькая. Але будзем спадзявацца на лепшае. Ну што, як людзі кажуць: нешта ў горле драпачыць?
— Давайце вып’ем, каб надыходзячы год Малпы быў дабрэйшы, здаравейшы, шчаслівейшы, — Пятро ўзняў чарку.
— Каб усе нашы надзеі спраўдзіліся, — дадала Ева.
Андрэй прыкмеціў, як уважліва слухала Ева, калі гаварыў Пятро, як яны пераглядваліся між сабою, якая прыязнасць свяцілася ў іхніх вачах. У душы пазайздросціў сябру: той знайшоў сваю палавінку, у іх ёсць каханне і ўзаемаразуменне. “Ева, мусіць, так бы не грызла мужа, каб той апынуўся на маім месцы”, — міжволі падумаў Андрэй. Заўважыў пільны позірк Ады: няўжо яна здагадваецца пра мае думкі? Не, такога быць не можа. Калі вельмі моцна кахаць чалавека, мабыць, можна сэрцам улаўліваць, адгадваць ягоныя думкі, дый то не заўсёды”. А яны з Адай жылі апошнім часам па інерцыі быцця, і першае выпрабаванне амаль што раскалола іхні сямейны човен.
Новы год набліжаўся. І вось ужо на экране з’явіўся коннік.
— А вось і старадаўняя літоўская Пагоня! — усхвалявана выдыхнуў Пятро. — Я да гэтага часу не магу даць веры... Ну, што гэтак лёгка даўся нам суверэнітэт. Тысячы лепшых людзей аддалі некалі свае жыцці за вольную Беларусь. А тут гэтая воля сама быццам з неба звалілася. Галоўнае цяпер, не ўпусціць яе.
— Пятро, пачакай, давай паслухаем, — ціха сказала Ева.
Калі Станіслаў Шушкевіч скончыў віншаванне, выгукнуў “Жыве Беларусь!”, Пятро паўтарыў услед за ім “Жыве!” Гаспадары Сахуты,
іхнія госці чокнуліся шампанскім, выпілі, пацалаваліся па-сяброўску. І тут жа зазвінеў тэлефон: першым павіншаваў бацькоў сын Дзяніс.
— Бацька, я рады, што ты дома. Думаю, усё будзе добра.
— Дзякуй, сынок за віншаванне. Абдымаю цябе. Прыязджайце.
Потым патэлефанавала Надзя, за ёй гаварыла Ірынка, сказала, што праз гадзіну яны могуць прыехаць. Ада чакала такога паведамлення, рыхтавалася і ўсё ж устрывожылася: ці хопіць нагатаваных страў? Але мелася ў яе іншая трывога: чаму не тэлефануе Андрэеў сябар з Камітэта па экалогіі? Ён званіў месяц таму, шкадаваў, што Андрэя няма, бо ў іх намячаецца вакансія.
— Можа, павіншуй Міхаіла? Чаго ты саромеешся? — шапнула мужу.
— Я званіў яму на працу. Перадаў сакратарцы. Ён ведае, што я дома. Пазвоніць.
— А я не чакала б, — з падтэкстам сказала Ада, маўляў, зноў упарцішся, цану сабе набіваеш, — карона не зваліцца, калі павіншуеш патрэбнага чалавека.
Раздражненне ўспыхнула ў душы Андрэя, але ён стрымаўся, нічога не сказаў жонцы, павярнуўся да Пятра, завёў гутарку пра “Пагоню”, пра тое, што народ мала ведае пра нашы гістарычныя сімвалы.
— А хто пра іх гаварыў народу? Твае сябры ідэолагі? Ці мае калегі з тэлерадыё? Толькі цяпер адчулі смеласць. А то ж наш спрадвечны нацыянальны сцяг называлі паліцэйскім штандарам. Здзек з нашай гістрыі, з нашай мовы. Цяпер трэба нацыянальная ідэя, якая б з’яднала народ. З’яднала б нацыю.
— Пятро, ну ты, як на мітынгу, — пасміхнулася Ева і дадала: — Хаця, калі паразважаць, можа, і праўда, патрэбна такая ідэя.
Хітрая кабета, падумаў Андрэй, нібыта ўпікнула, а потым пахваліла, падтрымала. У маёй Ады — толькі белае і чорнае. І ніякіх нюансаў: ёсць рубель, дык ёсць, а няма, дык няма. Развагі прафесійнай фінансісткі.
— Ну і што сталічная інтэлігенцыя прапануе народу? Якую ідэю?
Ева ўлавіла іроніію ў гэтых словах, зірнула на Андрэя, нібы хацела сказаць: ну чаго ты задзіраешся?
— Не ведаю, што думае інтэлігенцыя. Я прапанаваў бы вось што. Першае — гэта самастойнасць. Якая дзяржава без суверэнітэту? Без самастойнасці? Другое — самабытнасць. Гэта наша культура, традыцыі, мова, нашы песні. Адным словам — нашы карані, — Пятро перадыхнуў, ці, можа, збіраўся з думкамі, ці даў магчымасць засвоіць пачутае. — Трэцяе — дабрабыт. Каб і паесці было што, і апрануць. І чым поле араць, і на чым па дарогах ездзіць. Ну, тут уся эканоміка. Базіс.
— Мне здаецца, правільная ідэя, — першай падтрымала госця гаспадыня. Яна якраз вярнулася з кухні, калі Пятро пачаў гаворку пра нацыянальную ідэю. — Асабліва — наконт дабрабыту. Каб быў хлеб і да хлеба. Тады і песні будуць.
— Ну і што атрымліваецца? Два “с” і “д”. У Гітлера было СД, — пачаў Андрэй, але Пятро перапыніў яго.
— Ну, ты ж не блытай гарох з капустай. Гэта з іншай оперы.
— Мне здаецца, для раўнавагі трэба дадаць — духоўнасць. Перад дабрабытам. Пачакай, пачакай, — Андрэй перапыніў разгарачанага сябра. — Ты хочаш сказаць, што самабытнасць гэта ўсё ўбірае. Але гэта не зусім так. Духоўнасць спрадвеку была ўласціва нашаму народу. Іншым разам ён болей клапаціўся пра душу, чымся пра жывот. Болей думаў пра песню, чымся пра кавалак хлеба. Я таксама сёе-тое чытаў. У Максіма Гарэцкага пра гэта хораша сказана. Не памятаю дакладна: народ наш — лірнік, народ — пясняр і гэтак далей. Дык вось, тады будзе: самастойнасць, самабытнасць, духоўнасць, дабрабыт. Два “с”, два “д”. Гэта як некалі крытыкавалі стыль работы райкамаў. Праўда, тады пісалі і гаварылі — райкомаў. Насуперак беларускай граматыцы. Дык называлі чыноўніцкі стыль: дэ квадрат, шэ квадрат. Давай-давай, шуруй-шуруй.
— Я падтрымліваю духоўнасць. Ну, і раўнавагу. Чатыры словы, як чатыры бакі свету. Як чатыры поры года. Чатыры вуглы хаты. Два “с”, два “д”. Выдатна! Усё тут сканцэнтравана, — важка зазначыла Ева, быццам толькі ад яе залежала прыняццё нацыянальнай ідэі.
— Ад імя народа. Ад імя ўсіх фінансістаў я вітаю гэтую ідэю, — з усмешкай сказала Ада. — І прапаную за яе выпіць. А то мне крыўдна. Усё стаіць на стале. Бульба адубела. Халоднае растае. Налівай, Андрэй. Дзеці зараз прыедуць.
— Дык ты хочаш, каб мы былі п’яныя да іхняга прыезду? — рагатнуў Пятро. — Але за нацыянальную ідэю варта падняць добрую чарку.
— Не п’яныя, а вясёлыя і шчаслівыя, — пачала Ада, але тут заліўся трэллю тэлефон. Яна зняла трубку і з радасцю паклікала Андрэя, бо пазнала басавіты голас Міхаіла Іосіфавіча.
Ёй вельмі карцела паслухаць, пра што будзе гаворка, але яна адчувала няёмкасць сітуацыі і неахвотна падалася да гасцей. Не стрымалася, каб не сказаць, хто тэлефануе, заінтрыгавала, маўляў, шмат залежыць ад гэтай размовы.
Калі Андрэй вярнуўся. усе зірнулі на яго вельмі ўважліва. Ада спыталася:
— Ну, што ён сказаў?
— Павіншаваў з Новым годам. Пажадаў, каб наступны год я сустракаў у якасці іхняга супрацоўніка.
— Дык гэта ж выдатна! — засвяцілася ад радасці Ада, цмокнула мужа ў шчаку. — Але год — гэта зашмат. Лепей паўгода. Яшчэ лепей — адзін квартал. Бо гэтыя тры месяцы доўжыліся для мяне як тры гады.
— А што гэта за чалавек? — пацікавіўся Пятро.
Андрэй сказаў, што званіў намеснік старшыні камітэта па экалогіі, што іхні камітэт праз нейкі час будзе называцца Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, будзе пашыраны...
Пятро і Ева неўзаметку пераглянуліся: на днях яны спрачаліся, Ева з крыўдай у голасе даводзіла, што былыя партыйныя босы захапілі ўсе ключавыя пасады ў выканкамах, хапаюць ільготныя крэдыты, дзеляць вакол Мінска зямлю пад катэджы, прыватызацыю пераўтварылі ў прыхватызацыю. Пятро напачатку пярэчыў, але жонка пераканала, што ўсё сапраўды так адбываецца. І вось яшчэ адзін доказ непатапляемасці партыйных функцыянераў.
— Калі пра нешта пачынаюць гаварыць, то яно і збываецца. Экалогія выходзіць на першы план. Я б дадаў сюды экалогію душы, — задуменна сказаў Пятро.