— Марына, слухай сюды. Скажы яму, ну, Бравусаву, і Юзі, што ў нас нічога не было. Не атрымалася. Яна паверыць, бо я стары ўжо…
— Добра, скажу, — ахвотна згадзілася Марына.— Я плакала, калі з вамі апынулся, а потым радавалася, — яна пяшчотна пацалавала яго.
І тады Мамута раптам успомніў усё, што м іж імі было! Яму зрабілася яшчэ болей сорамна, пайшоў на кухню, выпіў халадзёнкі, але вада сагрэлася за ноч, хоць на дварэ ціснуў марозік.Мамута пастаяў ля акна, шыбіны якога размаляваў мароз, прыслухаўся — з суседняга пакоя чуўся моцны, дружны храп. Галава закружылася, пацягнула на ваніты. Мамута намацаў пляшку гарэлкі, дрыжачаю рукою наліў чарку, кульнуў цераз сіл, укінуў у рот скрылёк агурка — і з палёгкаю ўздыхнуў. “Ну во, здаецца, душу прывязаў. Адразу палягчэла. А як забыцца на тое, што адбылося? Божа, Божа, да чаго дажыліся! Да чаго дакаціліся!”
Але нейкі іншы голас, нібы другі чалавек, які сядзеў у ім дзесьці ўнутры, пачаў супакойваць: чаго ты перажываеш? Чаго на Юзю бочкі коціш? Прыехала да цябе ў зону. Кінула сталіцу. Кватэру з цёплым клазетам. А тут свіней корміць, ходзіць у завэдзганай кухвайцы. Носіць ваду, дровы, у печы паліць, есці гатуе. Смачныя дранікі пячэ табе, старому хрычу…
Ціха рыпнулі дзверы, увайшла апранутая Марына.
— Ну як вы, Еўдакімавіч?
— Трохі ачуняў. Не ўмю пахмяляцца. Але давялося. Можа, вып'еш кроплю?
— Не магу. Шампанскае дапілі. А гарэлкі не хачу. Вады пап'ю.
— Во, кампот грушавы, — Мамута наліў ёй і сабе кампоту.
Марына прагна асушыла кубак, апранула паліто.
— Зірну, што на дварэ дзеецца.
Яе не было доўга. Мамута ўжо ўстрывожыўся, апрануўся, узяў ліхтарык, асвяціў цыферблат ходзікаў — стрэлкі паказвалі палову сёмай. Увайшла Марына. Спытала, каторая гадзіна.
— Ну, дык ужо ранне. А на дварэ так хораша! Ціха, свежа. Марозік выскачыў ладны. І снегу падкінула. Любата!
Мамута ўзрадаваўся, што ў Марыны палепшаў настрой. Прыгадаў, што ўчора дамовіліся стары Новы год сустракаць у Бравусавых. “Там ужо буду трымаць усё пад кантролем. Каб да еткага свінства не дапусціцца” — падумаў стары настаўнік. Але нейкі іншы чалавек, нібы шаптаў на вуха: “А чаго ты, стары хрыч, упіарешся? Бога баішся? Дык Алах дазваляе сваім вернікам мець чатыры жонкі. А султаны, багацеі ўтрыліваць цэлыя гарэмы. І сумленне іх не мучае”, — “Але ж я не мусульманін, — бараніўся ад граху Мамута. — Праваслаўным такое нельга”, — “Дык ты ж атэіст! Колькі дакладаў, лекцый прачытаў супраць Бога!”
Высілкам волі Мамута адагнаў прэч грэшныя думкі, ціха прамовіў:
— Ідзі адпачні, Марына. Не будзем іх будзіць.
Гэтыя словы, сказаныя ім самім, моцна ўразілі яго: ён баіцца пабудзіць сваю законную жонку, хай сабе і другую, жонку, якая спіць з іншым мужчынам. Што робіцца на свеце! Але ўнутраны голас не здаваўся: а тыя, што займаюцца свінгерствам, ці як гэта называецца, жывць не ў зоне, а ў сталічных, культурных гарадах. Не, не толькі Чарнобыль тут вінаваты.
— Кажаш, любата на дварэ? Пайду і я. А ты прыляж, паспі. Гаспадарку даглядаць яшчэ рана.
Мамута патупаў па двары. Свежы снег мякка рыпеў пад нагамі. Ветах нібы ўвачавідкі худзеў, рабіўся танейшым, святлейшым. А зоркі, буйныя, мігатлівыя, быццам узрадаваныя, што месяц мала замінае ім, усыпалі высокі нябесны купал. Мамута пахадзіў па вуліцы. Нідзе не было ні душы, нідзе не свяціўся аніводны агеньчык.
Вялікая ціша ўладарыла над Прыбяседдзем. Але гэтая ціша не радавала, у ёй неставала гукаў жывога жыцця.
Пахадзіўшы, падыхаўшы свежым паветрм, Мамута раптам адчуў моцнае жаданне заснуць, аж рот раздзірала пазяханне. Марына сцішылася на канапе, а ён кульнуўся на ложак і нібы праваліўся ў цёмную бездань — заснуў, як пшаніцу прадаўшы.
Прачнуўся Мамута, калі ў вокны свяціла нізкае зыркае сонца. Падышла Юзя, апранутая, акуратна прычасаная, нават вочы падвяла злёгку, чаго раней у вёсцы не рабіла.
— Ну, як ты сябе адчуваеш? Моцна ты спаў. Ведама, пасля чужой кабеты. Маладзейшай, — Юзіны вочы гарэзліва зірнулі на яго, але ў паглядзе была і насцярога: што скажа муж-мараліст?
— Што мне ўжо маладзейшыя? Нічога ў нас не было. Не атрымалася. Яна сарамлівая . і я такі ж. Ды яшчэ й стары.
— І ў нас тое самае. Ты не крыўдуй. Ну, пажартавалі пад Новы год. Ды і ўсё. А сваё — яно і ёсць сваё. Блізкае, роднае, звыклае.
О, як хацелася Пятру Еўдакімавічу паверыць жонцы!
ХХ
Андрэй Сахута прыехаў у Мінск а палове дванаццатай ночы. З лёгкім чамаданчыкам выйшаў на прывакзальную плошчу. Уразіла яркае асвятленне дамоў, мноства машын, доўгі хвост чаргі на таксі. Кінуўся ў вочы вялізны плакат над фасадам дома насупраць вакзала: барадаты дзед Мароз і літары: “З Новым годам, Беларусь!” Мільганула думка: абкама няма, а наглядная агітацыя ёсць, ды на роднай мове, каб любы прыезджы адчуў, што прыехаў не абы-куды, а ў сталіцу незалежнай дзяржавы Беларусь.
А яшчэ падумалася: на ягонай вуліцы ў райцэнтры няма ніводнага ліхтара, а тут гэткая святлынь! І гаспадыня ягонай кватэры Дар’я Азарава зараз ужо спіць, бо кладзецца а дзесятай. Нават калі пакутуе ад бяссоння, дык усё роўна святла не ўключае, ляжыць, утупіўшы вочы ў цёмную столь, перабірае, нібы арэхі-лузганцы, падзеі свайго даволі доўгага жыцця.
У чаргу на таксі Андрэй не пайшоў, лепей даехаць на метро да Нямігі, а там прайсці пешкі. Каб прыехаў раней, то, мабыць, прайшоў бы пехатою да свайго дома: хацелася паглядзець на святочны горад, карцела даць ацэнку сучаснай уладзе. Міжволі прыгадаў, як у лістападзе 1961 года прыехаў з Лабанаўкі ў сталіцу — выклікалі ў ЦК камсамола на зацвярджэнне, бо яго тады абралі камсамольскім важаком раёна. Галасавала за яго на пленуме і вясковы камсорг Паліна. Ішоў тады Андрэй ад вакзала да ЦК пехатою. Была золкая, туманная раніца. У тую ноч знеслі помнік Сталіну, які велічна ўзвышаўся на Цэнтральнай плошчы.
У той год Андрэй ажаніўся, стаў бацькам. На тое лета выпаў іхні з Адай мядовы месяц. Як мудра прыдумалі людзі! Мядовы месяц у іх быў сапраўдны. Урэзаліся ў памяць гарачыя ночы на пахкім сене на ўсё жыццё. Потым гэткай першароднай радасці ўжо не было: турботы, клопаты, нараджэнне дзяцей, бясконцыя нарады і паседжанні, лекцыі і даклады не адпускалі ў думках нават падчас адпачынку.
Гэтыя згадкі прамільгнулі, калі Андрэй стаяў на ярка асветленай станцыі метро ў чаканні поезда. Метро ён ацаніў, як пазбавіўся персанальнай “Волгі”. Забарона “маналітнай і магутнай” КПСС, а потым распад Саюза — гэтыя падзеі былы абкамаўскі ідэолаг яшчэ дасюль не мог усвядоміць і асэнсаваць... Чарнобыль перайначыў жыццё трэцяй часткі Беларусі, асабліва насельнікаў зоны, адселеных вёсак. Распад КПСС і Савецкага Саюза перайначыў, а то і зламаў лёсы мільёнаў людзей.
У радыяцыйнай зоне жыццё рухалася спрадвечным чынам, але нябачная радыяцыя, быццам непераадольная запруда, павярнула жыццёвую плынь у іншае рэчышча. І лёс Андрэя Сахуты мусіў зрабіць круты віраж, падчас якога ледзьве не выпаў “у асадак”, як гаворыць сын Дзяніс. Але не зламаўся, выстаяў, мае працу, адказную пасаду, мае перспектыву зноў вярнуцца ў сталіцу.
Дабраўся дадому даволі хутка. Перад сваім пад’ездам прыпыніўся, зірнуў на вокны кватэры: ярка свяцілася вузкае акно кухні, мякка, утульна — лоджыя, на якую выходзілі дзверы спальні. “Мусіць, Надзя на кухні, а жонка чытае ці глядзіць тэлевізар”, — падумаў ён. Адчыніў дзверы сваім ключом, ціха ўвайшоў, паставіў чамадан. З кухні выйшла Ада ў пярэстым халаце. Гэты халацік ён падарыў некалі ёй у дзень нараджэння. Ада ўцяпліла халат ваўнянай хусткай і ўзімку любіла апранаць яго. А сёння, можа, апранула знарок. Абняліся, пацалаваліся. Андрэй адчуў знаёмы водар жончыных валасоў і жаданне блізкасці адразу авалодала ім.
— Ну, як даехаў? Я ўжо зачакалася, — Ада зноў прыхінулася да яго, зноў пацалаваліся.
— Так, сапраўды ехаў доўга. Цягнік поўз, як сонны. І толькі ў прыгараднай зоне прыбавіў ходу. А то спыняўся ля кожнага слупа. Надзя, Толік спяць? Як у іх? Усё добра? Паправіўся малы?