Падняўся і Бравусаў, услед за ім — Марына і Юзя. Мамута згледзеў, што Юзін твар спахмурнеў, але не ад шкадавання ягонай першай жонкі, хутчэй гэта незадаволенасць: гаспадар зноў намякае, што яны будуюць шчасце на чужым горы. Мамута гэта адчуў і таму сказаў:
— Дарагая Юзя, і ты, Марына, не палічыце гэта за нетактоўнасць. Ці некарэктнасць... Юзі я вельмі ўдзячны. Кінуць сталіцу і перабрацца ў зону, на гэта здольны рэдка хто.
— Чаму? Вунь Марынін брат працуе ў зоне. А ў сталіцы быў вялікім начальнікам. Любоў, дарагі мой Пеця, вырашае ўсе праблемы, — заўсміхалася павесялелая Юзя.
Моўчкі выпілі, у цішыні закусвалі. Мамута разумеў, што сумны настрой не пасуе навагодняй вячэры, таму сам пачаў весяліць гасцей:
— Вось Юзя кажа, што ўсё вырашае любоў, каханне. Адзін выкладчык спытаў у студэнткі: “Як будзе будучы час ад дзеяслова кахаць?” — “Выйду замуж”, — не разгубілася дзяўчына.
Гаспадара ахвотна падтрымаў Бравусаў. Бачыў нядаўна калегу, участковага, той расказаў жарт. Размаўляюць два сябры: “Ты чуў? Ваня ажаніўся з Маняй! — “Няўжо! І як яны жывуць?” — “Выдатна! Як галубкі”. — “Як гэта?” — “А так: то ён праз акно вылятае, то яна...”
Усе зарагаталі, асабліва Юзя. Яна ж і падхапіла эстафету:
— Прыбягае Пятачок да Віні-Пуха: “Вінні, Вінні! Нам прыйшла пасылка з Афрыкі. У ёй дзесяць апельсінаў. Табе сем і мне сем”. — “Як так? Іх жа ўсяго дзесяць!” — здзіўляецца Вінні. — “Мяне гэта не турбуе. Я сваіх сем ужо з’еў”, — дадала праз смех: — Ешце, госцікі. Закусвайце. Усцінавіч, пакаштуйце грыбочкаў. Ездзілі з Пятром ажно пад Бялынкавічы. У чыстую зону.
Бравусаў ахвотна чарпануў лыжкай салёных грыбоў сабе, потым паклаў і Марыне. Але тая не спяшалася есці: разумела, што і ёй трэба нешта расказаць смешнае. Анекдотаў яна не запамінала, раней і слухаць іх не любіла, ды і ў кампаніі бывала рэдка. І ўсё ж адзін жарт прыгадала:
— Пасля вайны я доўга працавала ў бальніцы ў Саковічах. Прыходзіць аднойчы хворы дзядок. Заняў чаргу да рэгістратаркі. Гучна кашляе. Медсястра дала ўсім градуснікі, каб памераць тэмпературу. Выйшла іх забіраць, а дзядка няма. Праз тыдзень прыходзіць, вяртае градуснік: “От жа дзякуй вам! Сам паздаравеў. Жонку вылечыў і суседку”.
Жарт спадабаўся, усе дружна зарагаталі, асабліва Бравусаў, бо нешта смешнае чуў ад Марыны ўпершыню.
Забрынькаў тэлефон. Апарат стаяў недалёка ад гаспадара і той лёгка дацягнуўся да яго. Тэлефанавала дачка з Магілёва, павіншавала з Новым годам, узрадавалася, што ў бацькі госці. А потым пазваніў з Мінска Пётр, сын Юзі і Мамуты, адно прозвішча ў яго айчымава. Ён гаварыў з бацькам, потым з маці. Юзя ўвачавідкі расцвіла, слухаючы сына. Асабліва ёй пазайздросціла Марына: шчаслівая, мае дзяцей ад першага мужа, ёсць агульны сын з Мамутам, хай сабе і пазашлюбны. Ён штолета прыязджае ў Хатынічы, высокі малады падпалкоўнік. Іншыя Мамутавы дзеці пасля смерці Тацяны прыязджаюць радзей.
Стрэлкі гадзінніка няўхільна набліжаліся да дванаццаці. Юзя павялічыла гучнасць тэлевізара. Бравусаў сціснуў за горлечка бутэльку шампанскага, нібы гранату, якую збіраўся шпурнуць у варожы ДЗОТ. Ігрыстага віна купіла Марына месяц таму, ведаючы, што напрыканцы года яго не возьмеш. А якое ж навагодняе свята без шампанскага? Хай сабе жывем у зоне, але хочацца, каб усё было, як у людзей.
Тым часам на экране з'явіўся чалавек з мяккай усмешкай, на роднай мове павіншаваў люд беларускі з Новым годам.
— Нарэшце ў нас кіраўнік, які гаворыць па-чалавечы, — адзначыла Юзя. — Прыемна слухаць.
Затым на экране паявіўся вершнік: імчала старадаўняя “Пагоня”. Над коннікам трапятаўся бел-чырвона-белы сцяг.
— Ну, людцы добрыя, з Новым годам вас! — Мамута тройчы пацалаваў
Юзю, затым Марыну. Гэтак жа тройчы пацалаваўся з Бравусавым.
Шампанскае пенілася ў фужэрах. У залацістым напоі ўспыхвалі дробныя зваблівыя пухіры. Марына піла маленькімі глыткамі, адчуваючы нязведаную раней асалоду. Шампанскае яна ўпадабала, калі пачала жыць з Бравусавым. Раней яно здавалася ёй кіслым і рэзкім, так і карцела сыпануць у фужэр цукру. Сухое яна не любіла і зараз, а вось паўсалодкае падабалася. Менаміта гэткага віна яна і купіла.
Юзя пераключыла тэлевізар на маскоўскую праграму. Там спявала славутая эстрадная дзіва ў мініспаднічцы, але паслухаць яе не ўдалося — зноў азваўся тэлефон. Юзя прыцішыла гук. Марына адразу здагадалася, што тэлефануе з Мінска аднавясковец Пятро Махавікоў, мільганула думка: вось каб Андрэй здагадаўся пазваніць, і яна не паверыла сваім вушам — Пятро тэлефануе ад Сахутаў, яны разам сустракаюць Новы год.
— Мацвееўна, пагаварыце з братам— Мамута перадаў ёй трубку.
“Божа, як у казцы. Толькі падумала, каб пазваніў брат, і маё жаданне збылося”. Яна слухала братава віншаванне і радавалася, што ў яго ўсё добра, а то перажывала апошнім часам: хіба гэта па-людску — Андрэй тут адзін, а жонка ў горадзе адна. Андрэй перадаў усім віншаванні, пажаданне шчасця і моцнага здароўя.
— Вось за ета, хвакцічаскі, можна выпіць Еўдакімавіч, давай мы беленькай. А жанчынкам хай віно. Мы, хвакчіаскі, як у сталіцы жывем. П'ем шампанскае, бачым усё, што ў Мінску і ў Маскве дзеецца. І жонкі нашы побач. І не бярэ нас ні храна радыяцыя.
— Так ужо й не бярэ? — гарэзліва зірнула на госця Юзя, але перахапіла незадаволены пагляд мужа, дадала сур'ёзна: — Давайце вып'ем за ншых мінчукоў. Хай ім добра жывецца насуперак рынку і ўсялякаму безгалоўю. А мы тут будзем жыць і радавацца на зло радыяцыі . Каб яна і праўда не чапала нас.
— Малайчына, Юзя! Але чаму толькі за мінчукоў? А за мугулёўцаў? — падняўся расчырванелы Бравусаў.— За нашых дзяцей, хвакцічаскі, і за ўнукаў, — і асушыў поўную чарку.
Узрадаваны, што яго памятаюць не толькі родныя дзеці, а й былыя вучні, выпіў да дна і Мамута. Адчуў неўзабаве, як зашумела ў скронях кроў, а ўнутры разлілася прыемная цеплыня.
Потым яны спявалі песні, танцавалі, зноў пілі за здароўе і шчасце ў Новым годзе, за любоў насуперак Чарнобылю.
— Вып'ем, каб у нас , пенсіянераў, кожны дзень балела нешта іншае. Тады чалавек, хвакцічаскі, здаровы. А каб саўсім нічога не балела, трэба часцей займацца любоўю, — блазнаваў Бравусаў.
Мамута бачыў, што Юзіны вочы ўсё мацней разгараюцца сінім бляскам. “Нуй што? Хай сабе весяліцца. Колькі таго жыцця?” — суцяшаў ён сябе, спяваў і весяліўся, як і ўсе астатнія.
Прачнуўся Мамута пад раніцу. У хаце было ціха, у акно заглядваў тонкі сярпок ветаха — месяц быў на згоне. У роце смажыла, прыўзняўся, зірнуў на Юзю і… ў яго пахаладзела ўсё ўнутры: па тонкай, амаль дзявочай шыі, круглым твары пазнаў Марыну. Чаму яна з ім? І спакойна спіць, роўна дыхае, як дома, на сваёй падушцы. Чорт ведае, што робіцца! Ён сіліўся ўзгадаць, як распранаўся, клаўся ў ложак і не мог. Успомніў, што цалаваўся, абдымаўся… Дык няўжо гэта ён з Марынай? А Юзя, значыць, спіць з Бравусавым?! Гэта яны ўсё вырабілі…
Марына заварушылася, прахапілася. Рэзка ўзнялася. Прыкрыла далонямі грудзі, потым нахілілася да яго, ціха спытала:
— Як вы чуецеся, Еўдакімавіч?
— Ой, не пытайся. У роце смажыць. Галава, як бязмен.
— Я вады прынясу. Можа, валідолу пад язык? У мяне ёсць.
— Пачакай, Марынка. Як гэта мы тут апынуліся?
— Ета ўсё мой штукар. Кажа, чытаў у газеце, што цяпер модна… Як ета ён назваў? Здаецца, свінгерства. Дзве пары ў ложку. І навыперадкі займаюцца любоўю. Шалеюць ад азарту. Бо так ужо няма цягі. Вы сказалі, што ета — свінства. Але Юзя і мой — сюды нас адправілі. Ну, што нам заставалася?
— І я. стары хрыч… не памятаю, што і як было…
— Вы яшчэ не стары, Еўдакімавіч. Вы такі ласкавы, пяшчотны. А мой заўсёды, як згаладалы, накідваецца. Як нарогам дзярэ… А з вамі так соладка…
Пачуўшы такое прызнанне, Мамута яшчэ болей здзівіўся, нават мужчынскае самалюбства варухнулася, але тут жа нібы апякла думка пра Юзю: яна з Бравусавым… Нуй кабель, еты мент! Але і Юзя — цаца добрая. Кабель не ўскочыць, калі сучка не захочыць…
І ў той жа час іншая думка білася ў галаве, як муха ў віннай пляшцы: і Юзя жыла без мужа гэтулькі гадоў. Дачку, сына іхняга гадавала адна. Не, сурова асуджаць яе не выпадала. Значыць, вінаваты сам. Каб не перапіў, прысарамаціў бы іх, да гэтага б не дайшло.