Литмир - Электронная Библиотека

Бравусаў, пачуўшы пра гэта, задаволена ўсміхнуўся:

— Ну што?! Хвакцічаскі, усё так, як я  і прадбачыў.

— Ты ж у мяне мудры, — ласкава пацалавала Марына мужа, радасная ад прадчування свята.

Пасля візіта Марыны закіпела работа ў доме Мамутаў. Юзя рыхтавалася варыць халоднае, ці, як у Хатынічах казалі, — сцюдзень. Гаспадар вырашыў схадзіць на ферму, купіць там у ларку пляшку гарэлкі, высечы невялікую елачку — лес там чысцейшы ад радыяцыі. Ларок працуе толькі да абеду, таму выбраўся ў дарогу пасля сняданку, засунуў у кішэню зялёную сетку, за пояс маленькую сякерку. Пайсці заманулася паўз Бесядзь, хоць гэты шлях даўжэйшы на добрую вярсту. Калі праз вёску будзе кіламетры са тры да фермы, то паўз ракі — чатыры з гакам.

Выбраў гэты шлях таму, што даўно не меў ладнай праходкі, усё тупаў па двары, па хаце, а хацелася падыхаць свежым марозным паветрам, мабыць, і нукліды ў замерзлай зямлі сядзяць і не рыпаюцца. Дый  снегам іх прысыпала. Праўда, снегу вобмаль, затое льга ісці куды заўгодна. Сёння можна, а заўтра ўсхопіцца завея і замяце ўсе дарогі і сцежкі. А сцежак гэтых усё меней вакол вёскі:  няма каму хадзіць  ды  ездзіць.

Гэтая балючая думка нібы апякла Мамуту, калі ішоў міма зачыненай крамы: там не было знаць ніводнага чалавечага следа. Адно збродлівыя сабакі наслядзілі. А яшчэ кальнула думка-згадка, як восенню сорак трэцяга пачаў тут навучальны год — школа стаяла побач з крамай. Працаваў разам з Ганнай Мікітаўнай, сарамлівай дзяўчынай, якая да вайны скончыла дзесяць класаў. Вучылі ў дзве змены, дзеці-пераросткі. У першым класе сядзелі поплеч каму сем гадкоў. А каму дзесяць, а то й болей. І дзятвы ж было поўна! А яшчэ развярэдзіла сэрца думка-стрэмка: пасля вайны напалову спаленыя Хатынічы адрадзіліся, новая школа васьмігодка звінела галасамі. А пасля Чарнобылю, відаць, вёска не ўваскрэсне. Калі і ажыве, то вельмі няскора. Ён, Мамута, не дачакаецца.

Выйшаў на высокі бераг Бесядзі. Краявід з гэтай гары некалі уразіў Мамуту з экрана тэлевізара — у перадачы пра родны кут Аркадзя Куляшова. І рабіў тую перадачу яго вучань Пятро Махавікоў. Настаўнік ужо ведаў, што Пятро перайшоў у выдавецтва  на пасаду галоўнага рэдактара. А другі  яго вучань Андрэй Сахута няпер галоўны ляснічы лясгаса. Мамута заўсёды радаваўся поспехамі сваіх гадаванцаў. Значыць, недарэмна еў настаўніцкі хлеб. Колькі ягоных вучняў разляцеліся па ўсяму Саюзу.

А цяпер вось і Саюза няма. Настанік-гісторык Мамута лічыў сябе патрыётам Беларусі, але незалежнасць успрыняў як нешта неабавязковае. А чым кепска было ў вялікай дзяржаве? Ну, каб трохі болей свабоды, каб сваё роднае — мова , гісторыя, песні болей шанавалася. Ён быў дзіцем Савецкага Саюза, вучыўся ў савецкай школе, у савецкім інстытуце. Слаўную гісторыю Вялікага Княства Ліоўскага ён пачаў адкрываць толькі зараз з публікацый пра “Пагоню” і бел-чыровна-белы сцяг. І часам яму рабілася сорамна: як слаба, павярхоўна  выкладаў ён гісторыю роднай Беларусі . Пра “Пагоню” раней і не гаварыў. Бо ў падручніках пра яе не было ні слова.

Мамута крочыў па ўзгор'і, і тут апрача сабачых, іншых слядоў не было. Дайшоў да кузні, узрадаваўся, нібы Рабінзон: убачыў чалавечыя сляды. Тут недалёка жыў Апанас Шкурдзюк  з жонкай Палажкай. Яшчэ адна сям'я ўпартых вяскоўцаў. Апанас трымае каня, мае вялізную чараду гусей, пра нейкія там нукліды і слухаць не хочп. “Раз хверма блізка, дык мы ядзім тое, што і гараджане”. І сапраўды, лагічна. І Палажка не старэе. Увішна тэпае па гаспадарцы. Адно рот зусім бяззубы. Некалі праз яе заварылася каша са Свідэрскім, якая скончылася трагедыяй. Тады, напрадвесні 1953-га старшыні сельсавета Свідэрскаму амаль штодня тэлефанавалі з раёна, падганялі выконваць план збору падаткаў. І вось разам з фінагентам Іванам Сырадоевым, харчовым агентам Парфірам Драздовым завіталі да Шкурдзюкоў. Патрабавалі, каб здаў мяса, сплаціў нядоімку за мінулы год, хацелі забраць парсючка. Палажка кінулася  не даваць, паказала старшыні “дулю”. Раз'юшаны Свідэрскі адштурхнуў Палажку, яна выцялася брывом аб калёсы, якія рамантаваў Апанас, рассекла брыво да крыві. Шкурдзюкі падалі ў суд. Начальства, якое падганяла Свідэрскага, не адважылася бараніць свайго вернага служку. Сталіна ўжо не было. Набіраў сілу  іншы вецер. Яшчэ да суда Свідэрскага выключылі з партыі, ён перастаў хадзіць на працу ў сельсавет. У яго адабралі наган. Крыўда, роспач, бездапаможнасць выядалі душу. А яшчэ нянавісць аднавяскоўцаў, штодзённыя дакоры жонкі  давялі да вар'яцтва —  асіраціў шасцёра дзяцей. Круглых сірот узялі ў дзіцячы дом. Гэта ўжо сорак гадоў наўзабве будзе, падумаў Мамута, як ляціць час! А Свідэрскі яшчэ мог бы жыуь, дачакаўся б унукаў, праўнукаў… Мацаваў савецкую ўладу, а яна сканала, пайшла ў нябыт. Выходзіць дарэмна

чалавек вылузваўся са скуры.

Бесядзь тут вільнула далей ад вёскі, нібы хінулася да лесу. Некалі паўз берага была добра ўкатаная дарога: ішлі і ехалі людзі на паром. Даўно няма парому, зарасла й дарога. Густая, як воўна, рудаватая трава, прыцярушаная снегам, бы тырсою-пілавіннем, ляжала роўным дываном. І нідзе ніякіх слядоў.Выбліснула сонца, усё навокал заззяла чысцінёю, а кусты алешніку ля ракі зіхатлівымі срэбранымі іскрынкамі. Мамута залюбаваўся наваколлем. Адагнаў гнятлівыя  згадкі пра Свідэрскага, не хацелася думаць і пра нядаўнюю трагедыю Сырадоева і Косці Вароніна. Адагнаў і спрадвечнае балючае пытанне: чаму гэтак шмат на свеце бяды?!

Каля Шамаўскага ручая Мамута трохі прыстоіў. Быццам перадыхнуў, хоць ішоў нетаропка, потым сігануў цераз ручай, які не замерз, не скарыўся марозу — вада капцілася быццам па ледзяным жолабе, — і ўзяў курс на блішчастую ваданапорную вежу. Нізкае сонца зырка асвятляла наваколле. Падалося, што  сонца свеціць весялей, бо з кожным днём яно   будзе падымацца вышэй  і, нібы нованароджанае, усё цяплець і весялець.

Праз гадзіну Пётр Еўдакімавіч Мамута вяртаўся дамоў Ішоў праз вёчску, у адной руцэ нёс невысокую пухнаценькую елачку, у другой — зялёную сетку з пакупкамі, заказанымі Юзяй.

Пасля кароткага сонечнага дня надышоў доўгі Піліпаўскі вечар. Выскачыў марозік, адно на снег прырода паскупілася. Бравусаў, гладка паголены, з моцным водарам любімага “Шыпру”, ішоў пад ручку з Марынаю. Цішыня панавала над вёскай, лёгка парыпваў свежы снег. Уладзімір Усцінавіч быў у добрым гуморы. Радавалася і Марына, што ідзе з мужам у госці да настаўніка, вельмі паважанага і ў Хатынічах, і ва ўсім наваколлі чалавека. Цешыла думка, што, можа, з Юзяй паспяваюць, падцягнуць пасля чаркі і мужчыны.. І будзе на душы весела і ўтульна. Хай слухаюць праклятыя нукліды спевы апошніх жыхароў.

У Мамутавай хаце было цёпла, пахла хвояй, смалой-жывіцай, смажанінай, грыбамі,  яшчэ нечым смачным і таемным.  Пасля дзесяці гадзін селі за стол. Выпілі па чарцы за год мінулы.

— Каб яе чорт убрыкнуў, гэтую Казу! — бязгучна засмяяўся Бравусаў. — Хвакцічаскі, колькі чаго яна нарабіла!

— Нашы нашчадкі ацэняць, што добра, а што блага, — пачаў гаспадар, але раптам крута павярнуў гаворку ў іншы бок: — Юзя, нешта нашы госці нічога не ядуць. Марына Мацвееўна, пакаштуйце халадцу, — ён падчапіў лыжкаю кавалак парэзанага на кубікі халоднага і паклаў госці на талерку.

— Ой, не клапаціцеся, Еўдакімавіч! Яшчэ да Новага года болей за гадзіну. Паспеем, — адказала Марына, кранутая ўвагай настаўніка. Халадзец ёй спадабаўся, яна пахваліла Юзю.

— Калі вару халоднае, заўсёды перажываю: ці застыне? — пачала ўдзячная Юзя, але Бравусаў зноў бязгучна засмяяўся, перапыніў:

— На дварэ мароз. Дапаможа.  Любы халадзец застыне.

Мамута моўчкі слухаў, думаў пра сваё, пра хуткаплыннасць часу, пра тое, колькі яму яшчэ давядзецца сустракаць Новы год. Міжволі ўзгадаў сваю Тацяну. Ён ціха падняўся з чаркай. Застолле адразу супакоілася, заціхла ў чаканні.

— Для таго каб успомніць родных, блізкіх, ёсць іншыя дні. Гэта і Радаўніца, і Дзяды восеньскія, — ён захваляваўся, у горле нібы засеў камяк. — Давайце памянём спачылых. Тых, каго няма сянні з намі. Маю Тацяну, з якой пражылі амаль пяцьдзесят гадоў. Хай ёй будзе пухам зямля...

64
{"b":"551730","o":1}