На шашы ўсю ноч гулі машыны. Я ўжо думаў, што Гарбачоў пайшоў ва-банк і аб'явіў надзвычайнае становішча. Але, здаецца, усё без перамен. Ён, Гарбачоў, падпісаў адзін з апошніх указаў — прысвоіў званне народнай артысткі крыклівай эстраднай спявачцы. А днямі сустрэўся з англійскай рок-групай. Цырк на дроце!
Здзівіў учора мой шэф Клімчук. Захлоджу. Сядзіць змрочны, як сыч. Пытаюся, чаму такі? А ён кажа: з жонкай пасварыўся. Купіла галазадую кніжку. Чытае. не адарваць. І ў ложак з кніжкай. Прачытала мне некалькі сцзн. Блядства самае сапраўднае. Сказаў ёй пра гэта. А яна, як псіханула! Ты і твае калегі да гэтага часу пішаце пра сацспаборніцтва. Каму гэта трэба? Таму і ляжаць вашы кнігі. А я кажу: беларуская літаратура была, ёсць і будзе цнатлівай. А яна: твая літатура нагадвае старую дзеву, якую ніхто не захацеў патрахаць! Мяне гэта яшчэ болей раззлавала. Ненавіжу гэтае слова: трахаць. А яно на кожнай старонцы ў гэтых кніжках. І адкуль іх столькі з'явілася?? Толькі галоўліт знік, адразу паток парнухі. Я сказаў, што пра каханне пісалі антычныя аўтары. Вазьмі “Залаты асёл” Апулея. Там столькі эратычных сцэн! А гэта сусветная класіка. Або “Кама-Сутра”.- “А ты чытаў “Каму-сутру?” — “Неяк адзін сябра даў на пару дзён”.— “Цікава было б пазнаёміцца. Во, што трэба выдаваць.” - “Давай заплануем”. – “Не. Пакуль што не пусцяць”.— уздыхнуў шэф.
Увечары я адсунуў убок дурацкі рукапіс і ўзяўся чытаць Мантэня. Перачытваў і дзівіўся. Артыкул называпецца (па-руску) “О стихах Вергилия”, а ў ім усё пра каханне. Не ўтрымаўся — зрабіў пару выпісак: “В чем повинен перед людьми половой акт — столь естественный, столь насущный и столь оправданный, — что все как один не решаются говорить о нем без краски стыда на лице и не позволяют себе затрагивать эту тему в серьезной и благопристойной беседе?” А далей яшчэ мацней: “Всякое побуждение в нашем мире направлено только к спариванию и только в нем находит себе оправдание: этим влечением пронизано решительно всё, это средоточие, вокру которого всё вращается”. Вось так! Брава, Мішэль! Міжволі ўзнікла грэшная думка: Зорнае неба паварочваецца вакол Палярнай зоркі, а на Зямлі, між людзей, усё круціцца вакол мужчынскага дзетароднага члена. Карацей. засеедзеўся позна, Ева клікала ў спальню, не дачакалася. Заснула без любові . А я сябе паўшчуваў: ноччу не чытаннем трэба займацца. Як пісаў расійскі паэт: “ночь дана для любовных утех”. Усё гэта добра, але дзе знайсці для гэтага сілы?
Вось таму і не выспаўся сёння. З кепскім настроем пабег уранні на зарадку. Але свежы снег, лёгкі марозік -3 градусы, сцішаны лес за кальцавою дарогаю ўзрадавалі. Яшчэ раз пераканаўся: хочаш мець радасць ад жцця — не лянуйся. Усё ў тваіх руках. Таму апускаць рукі ніяк нельга!
22 снежня. Нядзеля. Дзень зімовага сонцаварота. І дзянёк выдаўся цудоўны: ціха, сежы мяккі снег. Чыстае неба і зыркае сонца. Уранні збегаў у лес, са смакам зрабіў зарадку. І спаў сёння лепей - Ева памагла заснуць. Меў рацыю філосаф: без жанчын гэтак жа цяжка абыходзіцца, як і жыцт з імі.
У які цікавы, і адначасова — жахлівы час мы жывем! Рухнула вялікая імперыя. Праўда, адзінаццаць незалежных дзяржаў (незалежная дзяржава — нонсенс) падпісалі ў Алма-Аце пагадненне. Мяркую, далучыцца і Грузія. А можа. і прыбалты? Наўрад, яны вырваліся на волю, быццам птушкі з клеткі.
Дык вось. Пачаў з сонцавароту, а зноў пацягнула на палітыку. Цяпер палітыкай наскрозь прасякнута ўсё жыццё. Размовы пра палітыку у чарзе, у трамваі, у лазні, у ложку. У прыродзе сонца павярнула на вясну, а ці да лепшага змены на свеце? Тое, што Белраусь стала суверэннай, незалежнай дзяржавай, гэта здорава. Але ці зможа наш урад, наша зрусіфікаваная эліта зберагчы свабоду і незалежнасць — дарунак Бога і гістарычных абставін?!
Цікавыя падзеі чакаюць нас наперадзе. Хутчэй бы прыехаў Андрэй, карціць даўно абмеркаваць з ім сучаснае становішча і то — “что день грядудущий нам готовит?”
Унук расце. Сёння па абедзе гуляў з ім гадзіны тры. Міжволі думаеш, у якой краіне давядзецца жыць дзецям і ўнукам?
26 снежня. Чацвер. Напрыканцы дня разам з рэдактарам шматтыражкі ўдалосЯ прабіцца да генеральнага дырэктара трактарнага завода. Увайшлі ў прыёмную ўдвух, сакратарка падхапілася: “Хто з вамі?” — пытаецца ў рэдактара. “Гэта журналіст. З генеральным дамоўлена”. — “Я вам тэлефанаваў не раз. Мы даўно знаёмыя”,— я назваў сябе.. Тады яна заўсміхалася, усмешка ў яе штучная, нібы маску нацягнула, але сказала дужа ветліва: “Калі ласка, заходзьце”.
У вялізным, яркаасветленым кабінеце сядзеў смуглявы, малажавы чалавек. Я ведаў, што яму за шэсцьдзесят, але выглядаў ён на сорак пяць. Значыць, увмее жыць і працаваць. Ён хуценька прачытаў ліст, падпісаны Клімчуком, пакруціў у пальцах тоўстую чорную ручку, потым буйным почыркам рашуча накрэмзаў: аформіць мотаблок.
— Няхай ваш дачны ўчастак будзе нашым дадатковым выпрабавальным полем. Раз вы аграном, вам сам Бог вялеў праводзіць доследы.
— Згодзен. Пра вынікі напішу.
— А мы надрукуем у нашай газеце, — павесялеў рэдактар.
— Ідзіце да майго намесніка. Ён скажа, што рабіць далей. Поспехаў! — дырэктар падаў мяккую, дагледжаную далонь.
Рэдактар застаўся вырашаць свае праблемы, а я пакіраваў да намесніка. Лысаваты шчуплы мужчына начапіў на доўгі нос акуляры, разы тры перачытаў рэзалюцыю, буркнуў:
— Ведае генеральны, што мотаблокаў зараз няма. А падпісвае. І што з вамі рабіць? — намеснік зірнуў на мяне з-пад акуляраў.
— Што рабіць? Тое, што раіць генеральны.
— Каб жа ён раіў! Ён жа загадвае, —дробненька хіхікнуў намеснік, паправіў акуляры, падпісаў паперу. — Заўтра аплаціце. Лепей выпішце чэк. Будзе хутчэй, бо ў нас чарга. А затым у аддзел збыту. На пачатку студзеня атрымаеце трохкалавы мінітрактар. Ён хоць малы, але дужы. Дванаццаць конскіх сіл. Цэлы тузін. Статак коней. Лічыце, што вам пашанцавала. Вы заплаціце тры семсот. А пасля Новага года гэтая тэхніка будзе каштаваць разы ў чатыры даражэй.
— Дзякуй вам за падтрымку.
— Дзякуйце генеральнаму. Я выканаў даручэнне.
У думках я дзякаваў свайму шэфу Валодзю Клімчуку і ягонаму сябру-рэдактару, іначай да генеральнага не прабіўся б. Непрыемна гэта ўсё, але што зробіш? Каб мотаблок свабодна стаяў у магазіне, я б нікды не хадзіў, нікога не прасіў. Так яно і будзе. Калі павысяць цану. Бо як бы там ні было, ідзем да рынку.
29 снежня. Нядзеля. Ціхі туманны дзень А для беднага люду спакою няма: чэргі па хлеб, малако, пустыя паліцы крамаў. Цэны кусаюцца даўно. Елка да метра вышынёю — 6 рублёў. Каньяк — 388 рублёў. У Маскве мёд 200 рублёў кілаграм. Затое на пошце ніякай чаргі. Пуста! Адаслаў віншаванні сябру і земляку Данілу Баханькову ў чарнобыльскую зону, павіншваў Даўгалёва, Міколу Шандабылу. З Андрэем будзем разам сустракаць Новы год. Абмяркуем усе падзеі.
Гарбачова скарысталі ды выплюнулі. Саюз развалілі, цяпер скупляюць усё, хапаюць асабліва тыя, хто бліжэй быў да ўлады, да карыта. Што будзе ў Новым годзе? Толькі б абышлося без грамадзянскай вайны! Як у Югаславіі ці ў Грузіі. Астатняе — вытрымаем.
Учора пасля мітрэнгі з мотаблокам заныў мой уласны “матор”, аж клапаны загрукалі. Давялося піць валакардзін. Прыгадаўся той дзень, калі пасадзіў баявы самалёт, спусціўся з трапа і ўпаў. Потым клініка, працэдуры, аналізы. Камісацыя. Адчуванне сваёй непатрэбнасці ды бездапаможнасці. Здрада жонкі, развод. Але ж паслЯ таго пражыў 25 гадоў! Мо яшчэ гэтулькі прашкандыбаю па жыццёввай дарозе. Выснова адна — трэба мацаваць здароўе. Памалу буду пашыраць гаспадарку. Запрагу мотаблок — дванаццаць коней, хай дапамагаюць. Пчол трэба болей. Вакол лес — мядовае дно.
Для мяне мінулы год (ужо мінулы) — Год белай Казы быў насычаны падзеямі. Стаў дзедам, перайшоў на новую работу, якая болей даспадобы, пабудаваў лазню. І яшчэ адна падзея: пазаўчора атрымаў купоны — дзве карткі па 300 рублёў. У капіталістаў на гнілым Захадзе няма куды дзець прадукцыю, а ў нас — галеча. Мафія, спекуляцыя, бязладдзе ды безгалоўе.