Литмир - Электронная Библиотека

— Васіль Пятровіч, душа любезны, плугі ўсе ў рабоце. Мы ж не для сябе стараемся. План хлебанарыхтовак трэба выконваць?

— І суседнім раёнам план трэба выконваць. А ім няма чым араць. Неадкладна вярніце плугі на станцыю.

— Лёгка сказаць: вярніце. А як іх забраць у трактарыста, які працуе ў полі ў разгар сяўбы.

На другі дзень зноў пазваніў Лугаўцоў, адказ яму быў той самы. Тады праз колькі хвілін патэлефанаваў раз’юшаны першы сакратар, былы партызанскі камбрыг, адмацюкаў Акапяна, і загадаў праз дзень быць на бюро абкама. Зразумеў Акапян, што справы яго кепскія — трапіў, як муха ў павуцінне, і пахне тут не толькі вымовай, якія ўжо меў. Пачаў ліхаманкава шукаць выйсця і зрабіў адчайны ход канём: адбіў тэлеграму ў Маскву. Малянкову: стварылі невыносныя ўмовы для работы, прашу дазволу прыехаць для  даклада. У адказ  прыйшло паведамленне: прыязджайце..

І пакаціў Акапян у Маскву, у ЦК. Георгій Максіміліянавіч Малянкоў  быў тады праваю рукою Сталіна па партрыйных справах.Прыняў ён  Акапяна, выслухаў. Госць прызнаўся, што сочыць за кіпучай дзейнасцю партыйца Малянкова, любіць слухаць і чытаць яго выступленні, што і сын ягоны завецца Георгіем. “Хочаце ў Арменію?” Акапян памуляўся: маці ў яго руская, жонка беларуска, родную мову слаба ведае. Тады яму прапанавалі пасаду сакратара гаркама па ідэалогіі ў горадзе Дэрбент. “Гэта Дагестан. Усё ж бліжэй да радзімы. Варта згаджацца”, — параіў Малянкоў. Адступаць не было куды. Акапян пагадзіўся. “Ну, жадаю поспехаў! — мурлаты Малянкоў шырока ўсміхнуўся, паціснуў госцю руку, паляпаў па плячы. — Сыну, майму цёзку, прывітанне”.

Неўзабаве школьнік Георгій Акапян знаёміўся з новымі сябрамі. Быў ён там белаю варонаю з армянскім прозвішчам. Праўда, вучыіся ў класе некалькі рускамоўных хлапчукоў і дзяўчынак, з імі і пасябраваў Георгій. Але школу ў Дэрбенце скончыць не ўдалося. Гады праз тры бацька ў часе адпачынку завітаў з жонкай у Мінск, сустрэў знаёмых партызанаў, якія мелі высокія пасады, яны перацягнулі яго ў Магілёў. Тут Георгій скончыў школу. Бацька марыў, каб сын стаў інжынерам-будаўніком, бо ў глыбіні душы лічыў партыйную работу балбатнёй, якая выматвае душу і сэрца. Георгій паслухаўся бацькі, паступіў у машынабудаўнічы інстытут. Пасля яго працаваў на цэментным заводзе ў Крычаве, потым у Ваўкавыску на Гродзеншчыне. А потым у міністэрстве вырашылі, што Георгій Акапян — менавіта той чалавек, які завершыць будаўніцтва гіганта ў Лабанаўцы. Вось тады бацька і распавёў сыну пра сваё пасляваеннае жыццё, пра паездку ў Маскву да Малянкова.

— Хацеў бы я, сынок, з’ездзіць у Лабанаўку. Паглядзець, што там робіцца, — цяжка, перарывіста дыхаючы, сказаў бацька.

— Канечне, з’ездзім. Вось агледжуся там. Асвойтаюся. І з’ездзім. Абавязкова.

Бацька, які меў за плячыма восемдзесят з гакам і два інфаркты, задаволена хітаў сівою, некалі смаляна-чорнаю кучараваю галавою.

Георгій Акапян  прыехаў будаваць цэментны завод на пачатку 1985-га. У яго пацямнелай з гадамі чупрыне праблісквалі рэдкія ніткі сівізны, як восеньскія павуцінкі, што сведчаць аб надыходзе бабінага лета. А тут яны казалі пра іншае: надыходзіць ранняя мужчынская восень, бо іхняму гаспадару няма яшчэ і паўсотні. Завод ужо будаваўся больш як пяць гадоў. Вялізныя жалезабетонныя карабкі будучых вытворчых цэхаў уражвалі. Але саміх будаўнікоў гэта не радавала, бо шмат хто з іх не меў жытла. З будаўніцтва кватэр і пачаў сваю дзейнасць Акапян. Разумеў:  прыстойнай кватэраю можна, нібы пернікам, прывабіць сюды маладога таленавітага спецыяліста. Во дзе спатрэбіліся Георгію Акапяну ягоны вопыт, настойлівасць, генетычная ўсходняя мудрасць, змешаная з хітрасцю. Дамы пачалі ўздымацца ўгару, як грыбы пасля дажджу. Неўзабаве зазвінелі песні навасёлаў. І тут выбухнуў Чарнобыль. Праз нейкі час пачалі адсяляць навакольныя вёскі. Спецыялісты з малымі дзецьмі кідалі ўтульныя кватэры, грашавітыя пасады і ўцякалі хто куды. Праўда, мясцовыя сталыя кадры заставаліся.

Марудна, са скрыпам, нібы нямазаныя калёсы па жвіры, рухалася будоўля. І чым бліжэй да фінішу, тым цяжэйшы быў рух. Усё часцей падводзілі  пастаўшчыкі — то расійскія, то ўкраінскія. Акапян слаў тэлеграмы, званіў ва ўсе канцы. У Маскве ад яго адмахваліся, як ад надакучлівага камара, у Мінску слухалі, абяцалі, але слова не трымалі, абяцанні не выконвалі. Часам Георгію Акапяну здавалася, што ніхто з чыноўнікаў нічога не робіць — усе глядзяць па тэлевізары паседжэнні Вярхоўнага Савета СССР. Гэта было штодзённае відовішча, ці як казаў Акапян са злосцю: “Нуй, спектакль! Цырк на дроце”.

Дэпутаты  навыперадкі рваліся да мікрафона, як згаладалы да хлеба, каб засвяціцца, каб іх убачылі, а што яны скажуць, якія законы прапануюць — не так важна. І ўсе нязгодныя — як агонь з вадою,—  крычалі, спрачаліся, гатовыя счапіцца загрудкі. Але былі прамовы, якія Акапян прымаў душою і сэрцам, а бацьку яны  дужа не падабаліся. Неяк выступаў маскоўскі прафесар і заявіў, што народ вышэй за  партыю, канстытуцыя вышэй за партыйны статут. Зала сустрэла гэтыя словы авацыяй. Гатовы быў апладзіраваць і сын былога першага сакратара райкама Георгій Акапян.

Аднойчы ўвечары патэлефанаваў бацька, раззлаваны на дэпутатаў:

— Што яны робяць? Яны разгойдваюць лодку. Разваляць краіну. Усіх патопяць.

— Не перажывай, бацька. Дэпутаты кажуць праўду. Вакол бардзель. Ніхто нічога не робіць. Трэба наводзіць парадак. Іначай — труба!

— Дык жа не з шальмавання камуністаў трэба пачынаць, — задыхаючыся, даводзіў бацька.

— Бацька, партыя ўжо не тая. Адарвалася ад народа. Страціла аўтарытэт і павагу...

— Сынок, і ты мяне топіш. Кідаеш, нібы шчанюка ў ваду...

У трубцы пачуліся  кароткія гудкі: не развітаўшыся, стары Акапян спыніў размову. А ўранні патэлефанавала маці, спалоханая, усхваляваная: “Юрачка, у бацькі інфаркт. “Хуткая” забрала ў бальніцу. Прыедзь...” “У мяне зараз планёрка. Пазваню праз паўгадзіны”.

А планёрка зацягнулася. Акапян  сядзеў, як на гарачым вуголлі, нервы гарэлі, у галаве білася думка: “Як там бацька?” А тут счапіўся ягоны намеснік з галоўным інжынерам, пачалі высвятляць адносіны — хто з іх болей вінаваты ў тым, што зрываецца пуск завода. Акапян сядзеў, чуў, як у самога смыліць сэрца, цісне за грудзінаю. Ледзьве давёў планёрку да канца. Хацеў паўшчуваць намесніка, але часу на гэта не было. Дый  што ўшчуваць, калі ўся краіна засядае, усе вакол крычаць і сварацца, у  чэргах,  на сходах, асабліва дыскутуюць у лазні, бо там усе голыя: не відаць ні пагонаў, ні ардэноў, ні іншых рэгалій.

Акапян імчаў у Магілёў. У дарозе вадзіцель уключыў радыё: у Маскве працягваўся з’езд народных дэпутатаў. Акапян ужо быў задрамаў, бо ноччу спаў кепска, як раптам пачуў выступ вядомага навукоўца, спецыяліста па ахове прыроды: “Партия должна срочно позеленеть…”

— Чулі, Георгій Сяргеевіч? — павярнуўся да яго вадзіцель. — Партыя павінна пазелянець. Ды яшчэ “срочна!”  Каб ты сам ссінеў, як гусіны пуп.

— Ат, дэмагогі! Выключы  гэтую балбатню. Тут не да іх, — Акапян зноў заплюшчыў вочы. Дарога заўсёды супакойвае, як малога люлька.

Бацька знаходзіўся ў рэанімацыі, сына да яго не пусцілі. Чым ён мог памагчы? Супакоіў трохі маці і вярнуўся дамоў.

Справы на заводзе ішлі ўсё горш. Пастаўкі зрываліся, рабочыя стаялі ў чэргах, хапалі соль і цукар. І ўсё мацней смылела сэрца генеральнага дырэктара завода. Ён кусаў сябе за локці ад бяссілля, бездапаможнасці. А калі глядзеў перадачы пра з’езд у Маскве, са злосцю думаў: “Нават у зале не могуць навесці парадак. Што яны могуць у краіне зрабіць? Які парадак? А можа, знарок гэта паказваюць? Каб не толькі  я  так падумаў. Маўляў, во які ў нас бядлам. Хіба можна так жыць далей?”

Галава пухла ад скрушлівых думак, здагадак, меркаванняў. Думкі думкамі, а справу рабіць трэба На пачатку года яму ўдалося прабіцца да старшыні Савета Міністраў Вячаслава Кебіча. Той уважліва выслухаў. У вялікіх блакітна-шэрых вачах прэм'ера Акапян бачыў разуменне і спагаду, жаданне дапамагчы, падтрымаць дырэктара завода, які вельмі патрэбны краіне.

6
{"b":"551730","o":1}