Литмир - Электронная Библиотека

У пуні сцішана замычэла карова. Няўжо яна чуе мяне, падумаў Бравусаў, ціха адчыніў вароты, намацаў у сене каля вугла пляскаты ліхтарык, асвяціў сваё ложа. Потым светануў угору, быццам шукаў кажаноў, якіх чуў ноччу, але ўгары нічога не ўбачыў, лёг, пачуў водар чабору і рамонкаў. А яшчэ падалося яму, што вільготна-халодная падушка пахне Марынінымі валасамі. Ён шчасліва ўсміхнуўся, прашаптаў:

— Дзякуй табе, Божа, калі ты ёсць, за яшчэ адзін пражыты дзянёк. І падары мне заўтра  еткі ж шчаслівы.

Глыбокая цішыня стаяла над Хатынічамі, засыпанымі смертаноснымі радыенуклідамі. Зямля свяцілася імі, акурат мільёнамі светлякоў. Блішчастае зорнае неба паварочвалася, быццам кола на восі, вакол непарушнай Палярнай зоркі.

Вялікая і такая малая планета Зямля імчала ў касмічнай прасторы насустрач новаму дню.

Хроніка БЕЛТА і ТАСС, жнівень 1991 г.

7 жніўня. Касцюковічы Магілёўская вобласць. Жыхары горада вельмі здзівіліся, калі аднойчы раніцай над райвыканкамам заместа чырвона-зялёнага Дзяржаўнага сцяга БССР убачылі бел-чырвона-белы сцяг. “Іншага спосабу прапагандаваць нацыянальнае адраджэнне Беларусі ў мяне проста не было”, — заявіў следчаму жыхар горада Яўген Дрозд.

13 жніўня. Алма-Ата.  Сустрэцца кіраўнікам 15 рэспублік у Алма-Аце без удзелу Цэнтра — такую ідэю выказаў Прэзідэнт Казахстана Нурсултан Назарбаеў.

20 жніўня. Масква. Газеты надрукавалі Указ віцэ-прэзідэнта СССР Г. І. Янаева: У сувязі з немагчымасцю па стане здароўя выканання Гарбачовым Міхаілам Сяргеевічам сваіх абавязкаў Прэзідэнта СССР на падставе артыкула 127 Канстытуцыі СССР уступіў у выкананне абавязкаў Прэзідэнта СССР з 19 жніўня 1991 года.

21 жніўня. Вашынгтон. Сітуацыя ў Савецкім Саюзе знаходзіцца пад кантролем. Пра гэта, паводле слоў прэзідэнта ЗША Дж. Буша, яму паведаміў у тэлефоннай размове Прэзідэнт СССР М. С. Гарбачоў.

ІІ

Вестка аб стварэнні ў Маскве ГКЧП вельмі ўзрушыла Георгія Акапяна, усхвалявала і абнадзеіла. Можа, скончыцца разгул дэмакратыі, мітынговай балбатні, і раённае начальства, і вышэйшае ўспомніць пра велізарны цэментны завод, які ўжо амаль што збудаваны. Трэба давесці ўсё да ладу, і напрыканцы года завод дасць першы цэмент. І Савецкі Саюз будзе жыць, разважаў Акапян, бо гэтыя людзі вырашылі адпіхнуць Гарбачова ад руля, узяць усю ўладу ў свае рукі і навесці парадак. Але дырэктара завода насцярожыла, што ніхто ў свеце, нават суседнія краіны, не кідаюцца прызнаваць новы дзяржаўны орган. Учора да поўначы ён плаваў па хвалях свайго транзістарнага “Океана”, лавіў забугорныя галасы, і амаль усе замежныя радыёстанцыі бэсцілі “гэкачэпістаў”, якія хочуць павярнуць савецкі карабель “вспять”.

Гэтыя ж радыёстанцыі ахвотна перадавалі заявы Ельцына: трэба ратаваць дэмакратыю, касцьмі ляжам, але дэмакратыю адстаім. Насцярожыла Георгія Акапяна, што тысячы масквічоў выйшлі на абарону Вярхоўнага Савета Расійскай Федэрацыі, дзе атайбаваўся Ельцын.

“Ну чаму не могуць справіцца з гэтым гарлапанам? — дзівіўся Акапян. — У іхніх руках уся сіла. Армія, КДБ, міліцыя. Няўжо не маглі арыштаваць яго?”

Учора Акапян глядзеў прэс-канферэнцыю ГКЧП, уразілі яго дрыжачыя рукі віцэ-прэзідэнта Янаева. Гэткая палахлівасць галоўнага змоўшчыка не спадабалася. А дырэктару завода хацелася, каб “гэкачэпісты” ўзялі ўладу і пачалі наводзіць парадак. Тады б і пастаўкі адусюль ішлі, як і раней, і людзі працавалі б, як і раней. А то ён апошнім часам б’ецца, як рыба аб лёд, а вышэйшым кіраўнікам нібыта ўсё да фені: яны пачалі ўпотайкі займацца камерцыяй, будаваць катэджы — усе рыхтуюцца да рынку. Быццам яму аднаму патрэбны новы цэментны завод, які будзе буйнейшы ў Еўропе — такім яго спраектавалі ленінградскія інжынеры.

Георгій Акапян прыехаў у Лабанаўку гадоў шэсць таму. Можна сказаць: вярнуўся, бо тут у пасляваенны час бегаў у школу, а ягоны бацька Сяргей Хачатуравіч Акапян быў першым сакратаром райкама партыі. Вясёлы, кучаравы, з гарачымі каўказскімі вачыма ён умеў да кожнага падысці, пагаварыць, кожнаму з падначаленых,   наведнікам  казаў “душа любезны”. Гэтыя ягоныя слоўцы ведаў увесь раён. Сын армяніна Хачатура і рускай жанчыны Пелагеі трапіў служыць у Бабруйск, вызваляў заходнюю Беларусь. А як скончыўся гэты паход, вярнуўся ў Бабруйск, прыжаніўся, падвучыўся ў Магілёве на курсах партыйна-савецкага актыву. Пасля вызвалення заходніх раёнаў туды накіравалі шмат вопытных правераных кадраў з усходу рэспублікі, на вакантныя месцы набіралі новых, маладых. Так і трапіў Сяргей Акапян  у крэсла інструктара райкама партыі. Крэсла гэтае было не дужа мяккае, не цёплае і не ўтульнае. Як вавёрка ў коле, гойсаў Акапян па раёне, мабілізуючы партыйцаў, а таксама беспартыйныя масы на ўздым гаспадаркі, на датэрміновае выкананне сталінскіх пяцігодак. На гэтай пасадзе і захапіла яго вайна. Малому Жорыку — маці любіла яго клікаць Юрыкам, — тады споўнілася тры гады. Акапян прымяніў увесь спрыт маладога партыйнага функцыянера, каб разам з сем’ямі іншых начальнікаў адправіць на ўсход і сваю. Але паспелі яны заехаць толькі за Гомель — далей былі немцы. Давялося жонцы з Юрыкам вяртацца да маці, якая жыла ў глухой палескай вёсцы пад Мазыром,  дзе і перачакалі доўгія гады ваеннага ліхалецця. Знайшоў сваю сям’ю Акапян  пасля вызвалення Гомельшчыны.

Сам ён на пачатку вайны абараняў Магілёў, трапіў у акружэнне, удалося ўцячы з лагера, пайшоў у партызаны. Клятнянскія лясы, што на Браншчыне, камандзір партызанскага ўзвода, а затым камісар атрада Сяргей Акапян запамятаў на ўсё жыццё. Напрыканцы сорак чацвёртага ён паявіўся ў Лабанаўцы, дзе па рэкамендацыі абкама пленум абраў яго першым сакратаром райкама. Зноў-такі паспрыялі кадравыя перастаноўкі. Васіля Лугаўцова, мясцовага вопытнага партыйца, таксама партызана, накіравалі на Брэстчыну, другога мясцовага кадра Антона Пракапенку вырашылі пакінуць у крэсле старшыні райвыканкама, а маладога, гарачага каўказца вылучылі ў партыйныя лідэры. У тыя часы большую ўладу  мелі старшыні райвыканкамаў, а партыйныя кіраўнікі былі нібы тыя партызанскія камісары: камандзір атрада вырашаў, як ваяваць, браў усю адказнасць на свае плечы, а камісар адказваў за баявы дух і лінію партыі. Тады пад усімі пастановамі раённай улады спачатку стаяў подпіс старшыні выканкама, а збоку сакратара райкама. Слова першы нават не ўжывалася.

Паступова партыйная бюракратыя ўсё мацней цягнула коўдру на сябе. І спрыяла гэтаму дактрына крамлёўскіх ідэолагаў аб “возрастающей” ролі партыі. Пасля смерці Сталіна партыя забрала ў свае рукі ўсю ўладу, але справы ад гэтага не палепшыліся, камунізм, быццам небакрай, усё аддаляўся, як да яго ні спяшаліся. Але ў пасляваенны час партыйнаму лідэру Сяргею Акапяну ўлады хапала. Першую зіму ён пражыў у Лабанаўцы без сям’і, бо і кватэры людскай не меў. Жонку і малога Юрыка перавёз летам сорак пятага. А ўвосень малы Акапян пайшоў у школу. Настаўнікі дзівіліся, пазіраючы на белагаловага, нібы сланечнік, хлапчука з армянскім прозвішчам. Не ведалі яны, што ў жылах малога цячэ руская кроў бабулі і беларуская ад маці. Затое ад бацькі ён меў цёмна-карыя вочы і армянскае прозвішча.

Жора Акапян вучыўся ў пятым класе, калі ягоны гарачы, няўрымслівы бацька пагарэў на сваёй пасадзе... Праз шмат гадоў, калі сына прызначылі дырэктарам недабудаванага цэментнага завода ў Лабанаўцы, бацька расказаў сыну тую даўнюю гісторыю.

Неяк на чыгуначную станцыю прыбылі трактарныя плугі, якія тады былі вялікім дэфіцытам. Начальнік станцыі чакаў указанняў зверху, каб размеркаваць іх на тры  раёны. Гарачы, неўтаймоўны Акапян чакаць не мог. Зямля прагрэлася, падсохла, самы час араць. Загадаў забраць усе плугі для калгасаў свайго раёна. Так і зрабілі. Ён прыкінуў: пакуль у вобласці будуць чухацца, яны адсеюцца, а пераможцаў не судзяць. Але яму патэлефанаваў сакратар абкама Васіль Лугаўцоў, той самы, што вызваліў крэсла партыйнага лідэра ў Лабанаўцы, загадаў аддаць плугі суседзям, бо ў іх трактары стаяць.

5
{"b":"551730","o":1}