Литмир - Электронная Библиотека

— Хіба іншыя трактарысты  меней працавалі7 Усім хапала.

— Былі ў мяне тры шчаслівыя гады. Ну, калі ў арміі служыў. Адна была бяда. Вельмі да дзевак хацелася, — усміхнуўся Косця. — І з табой першыя гады… Асабліва першы, мядовы. Ты сама казала: у нас не месяц, а цэлы год мядовы. А потым пачалі бедаваць, што няма ў нас дзіцёнка.

— Праўда, Косцічак. Я  ўсё помню. Успаміны пра першы  наш год грэюць мяне усю жысць. Ну,  не пражывай. Неяк жа выберамся з етай ямы. Яшчэ ж не страыя. Будзем жыць. Каторы ж ета час? — Аксеня пстрыкнула выключальнікам, пад столлю ўспыхнула яркая лямпачка без абажура. — Тры гадзіны. Яшчэ рана. Сянні субота. Можна троху пазней паспаць.

І яна неўзабаве заснулаа А Косця так і пракачаўся да раніцы. Цяжкія думкі варочаліся ў галаве, нібы камяні жорнаў. Да ранейшых горкіх думак, дадалася новая балячка: не змог прылашчыць жонку. Няўжо ўсё? Скончыўся мужык Косця Варонін. Цяпер яго месца ў ложку заняў імпатэнт. Як у тым старым анекдоце, калі жонка скардзілася парторгу, што муж з ёй не спіць, завёў палюбоўніцу, а муж апраўдваўся, шо ён — імпатэнт. “Ты перш-наперш — камуніст”, — даводзіў парторг. Гэты жарт некалі расказаў пасля партсходу Іван Сырадоеў. Тады ўсе рагаталі. І Косця гучна смяяўся.

Як усё памянялася! І парторгаў няма, і Савецкага  Саюза  няма. А для Косці жыццё лепшым не стала, а наадварот — зрабілася невыносным. І  з кожным днём усё горай і горай. А ў яго ж было шмат радасці з Аксеняй. Яны не асцерагаліся непажаданай цяжарнасці — для іх цяжарнасць была жаданай. Не ведаў Косця прэзерватываў,Аксеня не рабіла абортаў. Яны жылі, як хацелі, і колькі хацелася… Цяпер ён здатны адно на пацалункі. Вось табе і “Бэсаме муча..” Не ведаў  Косця. што гэтай ноччу цалаваў жонку апошні раз.

Па абедзе ён выбраўся ў краму. Каля яе тоўпіліся падвяселеныя мужчыны. Быў між іх і Сырадоеў, таксама расчырванелы, ён пра нешта апавядаў, размахваючы рукамі. Мужчыны слухалі, рагаталі. Злосць і нянавісць з новай сілай успыхнулі ў Косцевай душы, ажно ўваччу пацямнела. Адчуў, як мацней затахкала сэрца, рукі сутаргава сціскаліся ў кулакі. Косця даў “дзеньдобры”,  прайшоў міма. “Прыхапі фауста і на нашу долю, Косця!” — крыкнуў нехта.

Косця купіў два боханы хлеба, пляшку віна і хуценька выкуліўся з крамы. Мужчыны зноў нешта крычалі яму, але ён не азірнуўся,  нібыта і  не чуў. У яго білася адна думка: “Ты сянні ў мяне парагочаш! Толькі б паспець. Толькі б ніхто не перашкодзіў...”

Дома Косця паклаў боханы на стол, як і нёс у чырвонай сетцы, адкаркаваў віно, каўтнуў некалькі глыткоў, потым ускінуў на плечы двухстволку, паверх кухвайкі ўсцягнуў цёмны плашч, каб схаваць стрэльбу. У кішэню ўкінуў чатыры набоі, кулявыя,  як  на  лася, у другую запхнуў недапітую пляшку, і па загуменні рушыў да крамы. Драўляны будынак яе стаяў нібы на раздарожжы: з левага боку  вяла ў краму вуліца, а дакладней, дарога з райцэнтра, паабапал якой стаялі хаты. Вясковая вуліца, нібы перпендыкуляр, упіралася амаль што ў дзверы, а праваруч бегла дарога на Саковічы. Метраў за сто ад крамы бялеўся цагляны  будан  на аўтобусным прыпынку. Паабапал Саковіцкага гасцінца стаялі старыя тоўстыя вербы, за адной з  іх  і  схаваўся Косця.

У снежні цямнее рана, асабліва калі неба хмарнае, шэрае, тады нават удзень усё вакол шэрае — і дрэвы, і хаты, і дарога. Ля крамы яшчэ чулася гучная, вясёлая гамана, вокны яе ярка свяціліся. Косця прыгнуўшыся, крадком, падбег бліжэй, бо Сырадоеў мог пайсці і па вуліцы, якая ўпіралася ў будынак крамы, а потым павярнуць направа да свайго дома — вялікай новай пяцісценкі. Гэты шлях далейшы, чым па гасцінцы паўз аўтобусны прыпынак.

Сутонне гусцела, як гусцее малако, калі скісае ці збягаецца на агні, але мужчыны яшчэ стаялі. Зырка ўспыхвалі іхнія папяросы — цыгарэтаў у краме на той час не было, таму ўсё дымілі альбо “Беламорам”, альбо сваім самасадам. Гамана радзела, зніклі зыркія кропкі-светлякі папяросаў. Мусіць, самыя зацятыя выпівохі пайшлі дабіраць да кандыцыі, а старэйшыя, меней стойкія, разыходзіліся па хатах. Косця выцягнуў з-пад плашча двухстволку, заклаў набоі, два запасныя муляліся ў кішэні кухвайкі.

Вакол было ціха, адно шумеў пругкі халодны вецер у бязлістых кронах вербаў. Браўся марозік. Ад парываў калючага ветру Косцю засцерагаў тоўсты шурпаты камель дрэва. Раптам ён пачуў крокі, рыпенне снегу. Ад крамы сунуліся тры постаці. Сэрца ёкнула: нават калі між іх Ён, ягоны крыўднік, нічога не атрымаецца, бо можна параніць нявіннага. Мужчыны развіталіся. Двое павярнулі налева, адна постаць сунулася да аўтобуснага прыпынку. Косця наструніўся з галавы да ног: не памыліцца, пераканацца, што гэта Ён.

Постаць набліжалася. Ішоў чалавек нетаропка, накульгваючы. Значыць, Ён! У апошнія гады Іван Сырадоеў пачаў трохі кульгаць, бо шмат давялося пахадзіць па вёсках былому фінагенту. Косця падрыхтаваў стрэльбу, саўгануў наперад шурпаты язычок засцерагальніка. Напружыўся ўвесь, бы струна напятая. Пра сябе, што будзе з ім пасля стрэлу, не думаў. Галоўнае — адпомсціць крыўдніку. Праз хмары выбіўся краёк месяца, а потым вылузнулася ва ўсёй першароднай красе жаўтлява-белая поўня. Пры святле месяца Косця пераканаўся — гэта Сырадоеў. Пачуў, як шуміць, пульсуе ў скронях кроў, мацней прыхінуўся да вярбы, каб яго загадзя не  згледзеў  крыўднік. Сырадоеў прамінуў  вярбу, тады  нечакана  пачуў:

— Іван Ягоравіч! Пачакай, — нягучна прамовіў Косця і сам не пазнаў свайго голасу. І падалося яму, што крыкнуў на ўсю вёску.

Сырадоеў рэзка, спалохана павярнуўся, памкнуўся быў схавацца за дрэва, але Косця апярэдзіў — бабахнуў стрэл, за ім другі.

— Вось табе за лася. За падман. За ўсё астатняе. Мой прысуд!

Сырадоеў, мабыць, ужо не пачуў гэтых слоў. Ён скурчыўся, застагнаў і асеў долу.

Косця кінуўся бегчы, пятляючы, нібы заяц, між дрэў. Азірнуўся — на аўтобусным прыпынку і на дарозе нікога не было. Ён выбег на сцежку, якая праставала праз сад на Хатыніцкі бальшак. Бег, пакуль не пачаў задыхацца. Звярнуў у сад, стары, яшчэ панскі, сям-там раслі і маладыя дрэўцы. Косця прыхінуўся плячамі да старой крывой яблыні. У святле поўні ейны голы ствол здаваўся матава-белым, як валавяны. Аддыхаўся, супакоіўся, выцягнуў пляшку віна — узрадаваўся, што не згубілася. Дрыжачай рукою адкаркаваў, паднёс да вуснаў. Сяк-так прыладзіўся, каўтнуў раз, другі. Перадыхнуў, агледзеўся — нідзе нікога, прыслухаўся — ні гуку. Дапіў віно. Шпурнуў пустую бутэльку, яна ўпала тарчком. У месячным  святле  шкляное  горлачка  паблісквала,  як руля стрэльбы.

У Косцевай душы пачыналася бура. Куды бегчы? Можа, павярнуць дамоў? Ніхто не бачыў, як ён страляў. А раптам Сырадоеў выжыве, выдасць яго. Дык усе і так зразумеюць, зробяць экспертызу: з двухстволкі нядаўна стралялі, калібр падыходзіць. Пачнецца следства, суд і...  вышка. Прыплюсуюць браканьерства. Не, дамоў вяртацца не выпадала. Хіба што развітацца з Ксеняй, павініцца за грахі, што руку падымаў на яе па п’яні. Пачне галасіць на ўсю вёску. Ісці да маці? І ёй пакуты прынясе. Вось каб дакументы меў, даляры, катануў бы ў Аргенціну да бацькі. І таму лішнія клопаты. Куды дзяваць сына-алкаша? Ну, з гарэлкай можна завязаць. І працаваць Косця ўмее. Але не бачыць яму Аргенціны, як сваіх вушэй.

Ён стаяў, абняўшы старую яблыню, усё мацней чуў у нагах вялікую стому і слабасць, сэрца цяжка тахкала за грудзінаю. Холад дабіраўся да ўзмакрэлай спіны — успацеў, калі бег ад вёскі. Косця перазарадзіў стрэльбу, заклаў два набоі — руля клацнула, заціснуўшы патроны, нібы ўзрадавалася новай порцыі смяротнага грузу. “Мне хопіць аднаго, — варухнулася думка. — А другі, можа, для Бравусава? Каб рук болей нікому не ламаў. Не, хай жыв”. Чуў ад Ксені, што Марына Сахута знайшла з ім шчасце. Усплыло ў памяці, як частаваў Бравусаў малога Косціка цукеркамі. Калі стаў дарослым, Косця зразумеў, што ўчастковы ездзіць да іх не так сабе. Аднойчы ён падгледзеў, як маці цалавалася з Бравусавым. Заляцанні ўчастковага не падабаліся Косцю, але маці пра гэта ён ніколі не сказаў ні слова.

І ўсё ж Косця пасунуўся ў бок Хатынічаў. Спярша крочыў па дарозе — тут пасля Чарнобыля паклалі асфальт, а потым павярнуў улева, да фермы. Але і туды заходзіць яму не хацелася. Стаяць ці сядзець не мог, нават карцела легчы. Ён узгадаў, што за фермаю на лузе, каля Бургаўцовага кургана, стаіць стог сена. Каля Хатынічаў траву не касілі: лічылася, што там павышаная радыяцыя, хоць кароў пасвілі, бо трава была высокая, густая. Каровы ахвотна скублі яе. Малако ад гэтых рагуляў змешвалі з прадукцыяй іншай фермы, што за Белаю Гарой. Неяк па вясне  матка  паказвала яму Бургаўцоў курган — яго макаўка тырчала на спрэс залітай вадою пойме Бесядзі.

57
{"b":"551730","o":1}