6 снежня, Вільнюс. У Літве пачалася лібералізацыя цэн. Гэта першы этап рэформы, завершыць якую ўвядзенне ўласнай валюты. 10 снежня. Мінск. Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь ратыфікаваў пагадненне аб стварэнні Садружнасці Незалежных дзяржаў. За ратыфікацыю прагаласавалі 263 дэпутаты. Супраць — 1. 2 — устрымаліся.
11 снежня. Брусель. У штаб-кватэры НАТО не выключаюць узнікнення новай вайны ў Еўропе, прычынай якойможа стаць пагаршэнне абстаноўкі ў былм СССР, Югаславіі.
15 снежня. Каір. У егіпецкі горад Марха-Маірух, які знаходзіцца на міжземным марскім збярэжжы краіны, прыблі 23 саудаўскія шэйхі — аматары сакалінага палявання.
ХVІ
Косця Варонін напісаў ліст у рэдакцыю абласной газеты, адаслаў і адразу пачаў чакаць карэспандэнта. Той прыедзе і дапаможа выкараскацца з ямы, у якую загнала яго жыццё. Сябе ён мала вінаваціў. Нуй, праўда, хіба ён вінаваты, што бацька вымушаны быў служыць немцам? Яму, Косціку, тады было два гады. Сын за бацьку не адказвае. Хіба ён не хацеў дзіцёнка? І жонка Аксеня гэтага вельмі хацела, але Бог не даў ім гэткага шчасця. І не па сваёй ахвоце ён кінуў брыгадзірскую пасаду — яго звольнілі за п’янку. Дык хіба ён адзін піў? Колькі ён выжлукціў гарэлкі разам з Данілам Баханьковым! Дык Даніла і зараз у сваім дырэктарскім крэсле, а Косцю звольніў менавіта ён.
А потым гэтае паляванне. Хіба ж Косця вінаваты, што іх накрыла інспекцыя? Што хаўруснікі спіхнулі ўсю віну на яго, абяцаючы супольна выплаціць штраф. А цяпер умылі рукі, адхінуліся ад яго. Злосць, крыўда і нянавісць раз’ядалі Косцеву душу, быццам ракавыя метастазы. І найбольшая крыўда была на Івана Сырадоева, і нянавісць выспявала найперш да яго. З маленства памятаў, як Сырадоеў заходзіў да іх у форменным, колеру балотнай жабы шынялі і такога ж колеру фуражцы, крычаў на матку: чаму не плаціш падаткі, страхоўку, самаабкладанне, пазыку? Нянавісць набухала, як цеста ў дзежцы, калі згадваў, як распякаў яго, Косцю, старшыня сельсавета Іван Сырадоеў на партыйных сходах за п’янку.
І выходзіла, што галоўны віноўнік Косцевага няшчасця, гэта ён — старшыня сельсавета Іван Сырадоеў, хай сабе ўжо былы, але ж віну за няўдалае паляванне, ці, як усе гавораць, за браканьерства, узяць на сябе ўгаварыў менавіта ён, абяцаючы выплаціць штаф. А цяпер ад сваіх слоў адмаўляецца: мая хата з краю, нічога не знаю.
Лютая нянавісць успыхнула пасля таго, як Сырадоеў і Бравусаў пабілі Косцю, пужалі, каб пра іх нідзе не ўспамінаў, каб нікому не жаліўся. І ў Косцевай душы выспявала помста.
На працу Косця не заходзіў, дый работы асаблівай не было: поле ляжала пад снегам, рамонт тэхнікі не пачыналі, бо не прывезлі запчастак. Зрэдку ён паяўляўся ў гаражы, змрочны, як здань. Хлопцы чапляліся: “Косця, што ты надзьмуты, як мыш на крупы? Чаму маўчыш, як жабоцьку праглынуў? Лася шкадуеш? Дык іх у лесе багата. На днях рагач прыходзіў да стога сена...”
Косця зацята агрызаўся, брудна мацюкаўся, былыя сябрукі-выпівохі ўсё радзей загаворвалі з ім. Вярнуўшыся з гаража, Косця ўскідваў на плячо стрэльбу, у кішэню акрайчык хлеба і кіраваўся ў лес. Вяртаўся прыцемкамі, без трафеяў. Аднойчы памкнуўся быў стрэліць у вялізную жаўну — чорнага дзятла, але рука са стрэльбаю сама апусцілася: навошта? Чорны дзяцел не вінаваты, што ў Косці чорныя думкі на душы. Жаўна моўчкі сноўдала па ствале тоўстай сасны, па яе рубчастай, заскарузла-шэрай кары. Вышэй кара святлела, рабілася медна-жоўтай. Мусіць, у рубцах кары жаўна знаходзіла сабе нейкі наедак. Косця ўзгадаў, што бачыў жаўну, калі пад гэтай вялізнай сасною стаяў з Андрэем Сахутам. І пярэсты дзятлік тады таксама малаціў па сухастойцы.
Штодня Косця чакаў карэспандэнта ці нейкай весткі з рэдакцыі. Сахута адбаярыўся парадаю, сам пайшоў на павышэнне. Свой свайго цягне ўгору. Косця прыслухаўся да дзятлавага пошчаку — той малаціў дзюбаю, аж рэха кацілася па лесе. Іншых гукаў не было чуваць. Змрочны, насуплены, прыцярушаны снегам, лес быццам драмаў і чакаў Новага года. Пасля яго сонца пачне хадзіць вышэй, снегавыя падушкі з галінак зваляцца, лес уздыхне вальней, устрапянецца і будзе чакаць вясны.
Косцю Вароніну Новы год не абяцаў нічога добрага. Судовы выканаўца прыедзе з участковым, апішуць маёмасць, забяруць карову. Аксеня будзе галасіць на ўсю вёску. А што рабіць Косцю? З сякераю ці са стрэльбаю бараніць свой набытак? А дзеля каго? Дзяцей няма. Каханне да Ксені даўно развеялася, як дым. Не, у турму Косцю не хацелася. Але і жыць таксама не было жадання. Душа не мела свабоды і волі. Мацней за ўсё было ў ім жаданне адпомсціць, а там, што будзе, тое і будзе. Адзін патрон ён пакіне для сябе...
Блукаючы па лесе, Косця выношваў план помсты. Дзе можна перастрэць Сырадоева? Куды ён ходзіць? Дзе бывае? От, каб ён выправіўся ў лес, але адзін ён не ходзіць. Падпільнаваць, калі будзе ісці па вёсцы. Людзі ўбачаць. Гэтага не баяўся, адно, каб не перашкодзілі здзейсніць задуманае. Ён павінен адпомсціць. А там — Бог-бацька... Пра бога Косця думаў рэдка. Царквы ў Хатынічах не было. Пры Хрушчове зачынілі храм у Саковічах, але разбурыць магутную камяніцу не хапіла духу ў мясцовых ваяўнічых атэістаў. Затое драўляную царкву ў Белай Гары разабралі на дровы для клуба і фермы. Пасля Чарнобылю старэйшы люд пацягнуўся да Бога. Шукаючы падтрымкі і надзеі на збаўленне ад нечысці. Пачалі гаварыць, што Чарнобыль — гэта боскае пакаранне за грахі. Па тэлевізары Косця на свае вочы бачыў, як стаялі са свечкамі ў руках былыя партыйныя босы і яму карцела плюнуць на экран.
Сын паліцэйскага, былы лепшы механізатар раёна, перадавік-брыгадзір, былы камуніст Косця Варонін не любіў двурушнікаў, пярэваратняў, падманшчыкаў. Менавіта падман Івана Сырадоева і Сямёна Чукілы злаваў яго асабліва. Вы ж кляліся, бажыліся, што паможаце выплаціць штраф. А цяпер пакінулі яго аднаго. І таму Косця ўсё больш пераконваў сябе, што мае права на помсту. Мае права пакараць здрадніках і хлусаў Бацька ягоны служыў немцам, дык і паехаў з імі, не перакінуўся да партызанаў, не кляўся бальшавікам у верна сці. Апошнім часам Косця ўсё часцей згадваў бацьку. Можа таму, што Ніна , родная Косцева сястра, раіла яму напісаць бацьку пра сваю бяду, папрасіць дапамогі. А Косцю было сорамна, бо зімою Ніна сказала: “Давай напішам бацьку пісьмо разам. Павіншуем з юбілеем. Яму семдзесят гадоў”. — “Напішы сама. І ад мяне перадай прывітанне”, — адмахнуўся Косця. Цяпер ён дакараў сябе, што не паслухаўся сястры, што раней ні разу не напісаў бацьку ліста. А Ніна віншавала яго штогод . І атрымлівала лісты, у якіх бацька перадаваў паклоны і Косцю, і Данілу.
Лісты гэтыя Ніна хавала, бо Даніла не ўхваляў ейную перапіску з бацькам-паліцаем, бо яго за гэта могуць выклікаць у райкам партыі. Косця райкама не баяўся, але так ні разу і не напісаў бацьку. Таму цяпер прасіць у старога дапамогі было сорамна: раней не азваўся ні разу, а як смажаны певень дзеўбануў у задніцу, дык і бацьку ўспомніў. У таго свая сям'я, дзеці, унукі, можа, сам чакае ад іх падачкі.
Так і не напісаў Косця ў далёкую Аргенціну. А Ніна ліст адаслала. У якім паведаміла ўсю праўду пра Косцю і папрасіла бацьку, калі зможа, дапамагчы. Косця пра гэта не ведаў і помачы з-за мяжы не чакаў. А вось на карэспандэнта з вобласці спадзяваўся, да паўдня стараўся быць дома, аціраўся ў гаражы. І не піў з раніцы, не пахмяляўся.
Можа таму, што часцей думаў пра бацьку, ён пачаў сніца, чаго раней нтколі не было. Аднойчы прыснілася: бацька і ён косяць дзялку, якую выдзелілі на “працэнты”. Спачатку ўзяліся адтаптаць мяжу ад суседзяў Уторкнулі высокія лазовыя віткі, завязаўшы вецце кучомкаю. “Стой, трымай вітку, каб вецер не зваліў, а я след прайду”, — сказаў бацька. Быў ён у белай кашулі ў сінія палоскі, у палінялых джынсах, запраўленых у высокія боты, падобныя на нашы кірзачы. На галаве — саламяны брыль з шырокімі палямі, як самбрэра ў каўбояў. Бацька зайшоў з другога канца дзялкі, уткнуў гэткую ж высокую вітку і павольна, кароткімі крокамі ішоў насустрач Косцю — таптаў мяжу-след. Іхнняя дзялка ўпіралася ў купчасты лазовы куст, за ім была парослая асакою шырокая лужына.