Литмир - Электронная Библиотека

Што параіць Косцю, Сахута і сам не ведаў. Абараняць брканьер а  і выпівоху ў яго жадання не было. Дый як яго бараніць? Застрэліў лася без дазволу — факт ёсць факт. Косцевы вочы, валошкавай чысціні,  пазіралі з-пад чырвоных павекаў,  яны малілі,  прасілі дапамогі.  На чырвона-сінім твары мацёрага выпівохі адны вочы і заставаліся прыгожымі і чыстымі. Ад сіняга неба і блакітнай Бесядзі яны ўзялі спрадвечную  чысціню.

— А Даніла Баханькоў не паможа? Ён жа дырэктар саўгаса. Некалі, памятаю, хваліў цябе, — пачаў Сахута.

— Было, — цяжка ўздыхнуў Косця. — У свой час мы з ім бочку гарэлкі выпілі. Калі я быў брыгадзірам. Лепшым у раёне. Потым пасварыліся. Зняў мяне з пасады. Я не раз падводзіў яго. Сам  я,  канешне, вінаваты. Але ж на той свет жывым у зямлю не палезеш…

— Ну, што ты ўжо так? Малады, здаровы...Слухай уважліва. Напішы ў абласную газету. Мінск далёка. А тут бліжэй. І не пудры мазгі. Пішы, як было. І не расцягвай. Коратка. Прасі, каб перагледзелі справу. Далі адтэрміноўку на выплату штрафа. І пра сваіх хаўруснікаў, якія на цябе ўсё спіхнулі. Тоькі пра мяне — ні слова. Я тут толькі паявіўся. Н е хачу, каб языкамі абмывалі. Галоўнае,  прасі,  каб  перагледзелі справу. Добра,  што  быў у  пракурора. Павінны памагчы.

— Не ведаю, ці атрымаецца ў мяне? Паспрабую..

Косця ўскочыў на веласіпед, угнуў галаву. З цяжкасцю круціў настылыя педалі.

Увесь дзень Андрэй Сахута думаў пра падзеі ў Белавежскай пушчы і пра Косцю,  пра сустрэчу з ім. Гэтыя дзве падзеі неяк дзіўна, неверагодна перапляталіся. Там, у пушчы, вырашылі лёс вялікай дзяржавы, якая налічвала дзвесце мільёнаў жыхароў. А ў прыбяседскай вёсцы вырашаўся лёс Косці Вароніна, сына паліцэйскага, які гадаваўся без бацькі. Гадаваліся яны сіротамі абое — Сцяпан Варонін і ягоны сын Косця. Паліцай-бацька знайшоў прытулак у далёкай Аргенціне,  стварыў новую сям'ю, мае дзяцей, унукаў, а Косця ў роднай вёсцы не знайшоў шчасця. Быў лепшым механізатарам, потым перадавым брыгадзірам, як стаханаўцу. яму выдалі прэмію — стрэльбу-двухстволку. Бог не даў яму з Ксеняй,  прыгажуняй-жонкай,  дзяцей. А затым  Чарнобыль. І запіў Косця па-чорнаму…

Андрэю ўвесь час думалася пра сувязь паміж лёсам Савецкага Саюза і лёсам Косці Вароніна, дый ягоным уласным лёсам. Каб не выбухнуў у Маскве ГКЧП, ён бы сядзеў і зараз у сваім крэсле, ідэалагічна мацаваў бы абноўлены Саюз. А так яму даводзіцца вырашць зусім іншыя праблемы, жыць у радыяцыйнай зоне без жонкі, без персанальнай машыны, без шыкоўнага кабінета з сакратаркаю ў прыёмнай. Такі паварот яму не мог прысніцца і ў страшным сне. А на яве гэты жахлівы зігзаг адбыўся. І яму, як і Косцю Вароніну, трэба выбірацца з ямы, у якую  спіхнула жыццё.

Ляснічы Сахута паставіў задачу падначаленым: рыхтаваць лесасеку, памячаць сякераю дрэвы, якія трэба зваліць, бо калі выпадзе снег, тады надта не патопчашся, дый  рабіць гэта трэба загадзя. Памочнік, майстры і рабочыя пакіравалі ў лес. А Сахута — на пілараму, паглядзеў, што там робіцца, паўшчуваў рабочых за маруднасць, наперадзе зіма, маразы будуць яшчэ мацнейшыя і снег глыбейшы, працаваць у гэткіх умовах яшчэ цяжэй. Сам вярнуўся ў свой кабінет, інтуітыўна адчуваў: могуць патэлефанаваць з раёна, гэткія падзеі ў свеце. Па абедзе сапраўды пазваніў дырэктар лясгаса.

— Як настрой, Андрэй Мацвеевіч?

— Звычайны. Рабочы.

— Не перадумалі? Ну, каб папрацаваць у лясгасе? На адказнай пасадзе...

— Як раней гаварылі: я салдат партыі.

Дырэктар гучна і весела зарагатаў:

— Тады вось што. Заўтра раніцай прышлю машыну. Дзесьці а палове дзевятай. Прыедзеце, аформім усе паперы. Загад падпішам. А пад канец дня пойдзем у райвыканкам. З візітам ветлівасці. Згода?

— Згода.

Вестка ўзрадавала Сахуту. Узрадавала, што раённыя кіраўнікі трымаюць слова — гэтую рысу характара ён вельмі цаніў і паважаў. Міжволі падумаў пра Івана Сырадоева: кляўся, бажыўся, а слова не стрымаў, падвёў хаўрусніка Косцю пад дурнога хату. А яшчэ Сахута парадаваўся, што ягоныя прадчуванні спраўдзіліся, што ён не развучыўся аналізаваць сітуацыю, прадбачыць падзеі. Але тут жа апанавалі новыя клопаты, і галоўны — дзе жыць? Мільганула думка: можа, прапануюць які пакойчык? Але наўрад... На колькі дзён можна спыніцца ў аднавяскоўца інжынера-сувязіста, неяк з ім бачыўся, той запрашаў у госці, дзеці жывуць асобна, а ён з жонкай. Праўда ,  ад ягонай кватэры далёка дабірацца да лясгаса,  аўтобусы тут ходзяць  вельмі  кепска. А вось  Паліна жыве блізка. Можа, пакуль у яе спыніцца? Абяцаў жа завітаць у госці.

Перад вачыма нібы паўстала Паліна: у чырвонай  кофце  і цёмнай спадніцы, у цёмнай хусцінцы. Акурат восеньская вяргіня. Успамін слізгануў далей ,  у той восеньскі вечар, калі адкрывалі новы  клуб у  Бяседавічах. Нечаканы пацалунак Паліны. Згадаліся ўсе абставіны той далёкай вечарыны: як малады трактарыст Толік Раковіч, сын старшыні калгаса, выцягваў райкамаўскі “газік” з лужыны, а ягоны бацька, франтавік з перабітым плячом, гарэзліва круціў сваю партнёрку ў танцы падыспань. Заўтра ён, Андрэй Сахута, тагачасны камсамольскі важак раёна, убачыцца з Палінай Максімаўнай, удавой, дырэктарам школы,  сустрэнецца з Анатолем Мікалаевічам Раковічам, тым колішнім трактарыстам, а цяпер кіраўніком раённай улады. Цікавыя павароты бываюць у жыцці!

Яшчэ было цёмна, калі на двары завуркатаў матор легкавіка. Андрэй ужо быў гатовы, апрануты, свае няхітрыя рэчы пакуль што не браў, адно прыхапіў лёгкі  партфель.

Калі падпісваў, “візіраваў” загад  аб сваім прызначэнні на пасаду галоўнага ляснічага, міжволі падумаў: адно слова “галоўны” не толькі цешыць самалюбства, яно абяцае пачатак новага жыцця, новага ўзыходжання па кар’ернай лесвіцы. Праз нейкі час ён можа апынуцца ў Мінску — шанс ёсць: новага міністра лясной гаспадаркі ўзялі ў сталіцу з пасады дырэктара лясгаса на Палессі. Значыць, яго могуць узяць намеснікам міністра ці начальнікам якога ўпраўлення, даваць новую кватэру ў сталіцы не трэба — свая ёсць і жонка тут.

Падумалася і пра іншае: можна на гэтай пасадзе дарабіць да пенсіі, збудаваць сабе на Бесядзі новы дом, а мо і сям’ю новую — Паліна-вяргіня з галавы не выходзіла. Могуць прызначыць дырэктарам лясгаса — гэта рэальна, бо Капуцкі даўно марыць пра іншую пасаду, пра іншы горад, далей ад радыяцыі. Андрэй пажыў у зоне, радыенукліды яго мала палохалі, тым болей райцэнтр, тыя ж Бялынкавічы, лічыліся чыстымі. Ён разумеў, што “чысціня”, гэтая адносная, і ўсё ж узровень радыяцыі тут невысокі. Да таго ж,  яго моцна ўразіла прызнанне дзеда ў Саковічах: мае аднагодкі, якія перасяліліся ў чыстую зону, усе паўміралі...

Андрэй думаў і дзвівіўся: колькі жыццёвых варыянтаў адкрывае перад ім адно слова “галоўны”, а не проста шараговы ляснічы, хоць і гэтая пасада вельмі важная і адказная. Ад яго, ляснічага, перш-наперш залежыць здароўе лесу, а значыць, здароўе і дабрабыт беларуса. Бо няма ў нас нафты і газу, затое ёсць зялёнае золата, яго Вялікасць Бацюхна-Лес.

Падчас абедзеннага перапынку адбылася сімвалічная замочка новай пасады: асноўнае “мерапрыемства” адкладвалася на канец дня — візіт да кіраўніка раёна. А тут— на хаду. Дзеля прычэлля. У невялікім кабінеціку-катуху сабраліся чатыры лесаводы: былы гаспадар катуха, а з гэтага дня непрацуючы пенсіянер, новы галоўны, а таксама малады ляснічы з Белай Гары, які прыехаў у лясгас па  справах. І якога запрасіў дырэктар, каб Сахута знаёміўся са сваімі кадрамі не толькі на паседжаннях, у афіцыйных абсатавінах, а і ў сяброўскім застллі.

— Ну што, мужыкі, як любіць гаварыць наш малады калега Дзмітрый Акуліч, давайце вып'ем па антабцы,  каб у гэтым кабінеце. За гэтым сталом Андрэю Мацвеевічу добра працавалася. Каб шчасціла ў жыцці. — урачыста, важна  прамовіў Капуцкі.

— Шэф, вы намякаеце на асабістае шчасце ў службовы час? — весела выскаліў маладыя здаровыя зубы Акуліч.

- Ну, я пра гэта не казаў, — заўсміхаўся і дырэктар. — А зрэшты, нішто чалавечае не чужое  і  новаму галоўнаму. Андрэй Мацвеевіч гаспадарыў не ў такіх кабінетах. А ў сталічных.

51
{"b":"551730","o":1}