Литмир - Электронная Библиотека

ХІV

Падзеі ў Белавежскай пушчы ўразілі Андрэя Сахуту сваёй нечаканасцю. А падаліся яны нечаканымі, можа, таму, што апошнім часам радзей чытаў газеты, яшчэ радзей глядзеў тэлевізар. Але цяпер, аналізуючы ўсё, што здарылася, ён пераконваўся: нічога нечаканага не адбылося, усё даўно наспела. Пасля развалу КПСС усе канструкцыі Савецкага Саюза захісталіся, заскрыпелі, як нямазаныя калёсы.  Усе  рэспублікі аб'явілі аб сваім суверэнітэце, усе  зрабіліся самастойнымі. Крэмль страціў уплыў на эканамічнае і палітычнае становішча Беларусі,  як і астатніх  саюзных  рэспублік. Прыбалты ж раней за ўсіх ляпнулі дзвярыма і памахалі рукою на развітанне. Разбегліся па сваіх кватэрах.

Жнівеньскі путч расчыніў дзверы напята. І як птушкі з клеткі, самастойныя дзяржавы вырваліся на  волю, быццам застаялыя, падужэлыя цяляты на вясновае сонейка. На прастору, дзе вольны вецер казытае ноздры,. лашчыць поўсць. Ніхто не ведаў, якое жыццё настане ў асобных кватэрах. На сваім хлебе, са сваімі багамі на покуце. Але ўсе:  начальнікі і падначаленыя, гараджане і вяскоўцы, сівыя ветэраны і бязвусыя юнакі спадзяваліся на лепшае жыццё. Тыя, хто рыхтаваў развал Саюза, зрабілі ўсё мачымае і немагчымае, каб жыццё ў СССР стала невыносным, каб развітанне з “непарушным” было без ааблівага шкадвання. Ды  цяпер  ужо  ніхто не пытаўся  ў  народа,  бо ён ужо выказаўся на сакавіцкім рэферэндуме за Саюз. Але вынікі таго ўсенароднага апытання мала цікавілі закапёршчыкаў-разбуральнікаў. Спрадвеку валадары свету паварочвалі і накіроўвалі народ туды. куды ім. валадарам, хацелася. А народ “безмолвствовал”. Так,  на думку Сахуты, адбылося  і ў снежні 1991 года,

На душы ў яго было трывожна і тужліва:  колькі ён будзе тут марнець.сядзець, як воўк у лесе. Без жонкі, удалечыні ад унукаў і дзяцей. У радыяцыйнай зоне, адкуль усе разумныя людзі ўцяклі, а ён прыехаў са сталіцы, з высокай пасады. Ну, калі сталіцу, шыкоўную кватэру ён пакінуў сам, то з пасады яго турнула жыццё. Часам Андрэй разважаў: а каб не здарыўся жнівеньскі пут, ці каб путчысты перамаглі, што было б? Падпісалі б новы саюзны дагавор. Далі болей свабоды і самастойнасці саюзным рэспублікам. І ён, Сахута, сакратар абкама партыі па ідэалогіі, затаўся б на сваім пасту, кіраваў бы  і  далей,  вядома ж,  з улікам новых жыццёыых  рэалій.  Можа, таму і разваліўся  Саюз  непарушны,  што  кіраўнікі ягныя,  прычым самыя высокія. не ўлічвалі жыццёвых рэалій.

Думкі, думкі... Часу ў Андрэя на роздум хапала. Кароткія восеньскія дні дагаралі, акурат свечкі на ветры. Доўгімі восеньскімі вечарамі ён варочаўся на мулкім ложку, а сон не браў. Праз тонкую перагародку чуў маладое сакавітае пахрапванне суседа Віктара. Калі ўвечары распівалі паўлітэрку, Андрэй засынаў хутчэй , затое  рана  прачынаўся.  І зноў думкі распіралі галаву.

Іншым разам, у добрае надвор’е, ускідваў на плечы стрэльбу і выходзіў з дому яшчэ цёмначы. Крочыў па лясной дарозе да Бесядзі, на ўзлеску паварочваў управа на Бабіну гару і там сустракаў світанак. З высокай гары пазіраў на родную вёску ў цёмных прысадах. Лічыў рэдкія слупкі дыму над хатамі, вочы самі адшуквалі гэткі ж слупок, нібы сцежку ў неба, над іхняй хатаю. Значыць, Марына ўжо не спіць, гатуе сняданак, Бравусаў тупае па двары,  даглядае гаспадарку. Зрэшты, не ўсё так блага, не ўсё безнадзейна. Вось Марына хоць   на схіле жыцця знайшла сваё шчасце. Дружна, душа ў душу, жывуць настаўнік Мамута і Юзя.

Згадка пра іх грэла Сахуту: Юзя таксама кінула Мінск і прыехала ў зону дзеля свайго кахання. А ён? Наадварот — уцёк ад сям’і. Міжволі ўзгадалася Паліна. Хоць бы паклікалі ў раён на якую-небудзь нараду, ці самому знайсці нагоду для паездкі. Але ў лясгас паказвацца няёмка, падумае дырэктар: не можа Сахута дачакацца павышэння, прывык даваць указанні.

Сахута спусціўся да ракі. Беражніцы замерзлі, па вадзе плыў шарэш — ледзяная каша, рака дымілася параю. На паваротцы, дзе плынь білася ў бераг, падмывала яго, лёду не было, адно прыбівала сюды шарэш. Андрэй разгроб ледзяную кашу, памыўся. Халодная, аж калола ў пальцы, вада была мяккая, пахла водарасцямі, рыбінаю луской і яшчэ нечым таямнічым і з маленства родным.

Настрой трохі палепшаў, на душы пасвятлела, захацелася далей цягнуць жыццёвы воз і спадзявацца на лепшае. Назад ішоў весялей, аглядаўся па баках, свежых пнёў, слядоў браканьерскіх “парубак”, не заўважаў, дый  не было  каму красці лес на дровы ці будоўлю. Прывезці адсюль дроў, значыць, ператварыць уласную печ у хатні рэактар.

У лесе ўжо зусім развіднела, калі Сахуту дагнаў Косця Варонін, узрадаваўся, саскочыў з веласіпеда.

— Добрай вам раніцы, Андрэй Мацвеевіч! — Косця з насцярогаю працягнуў шырокую халаднаватую далонь, а раптам Сахута не падасць яму, браканьеру, руку. Але той шчыра паціснуў працягнутую далонь — спрацавала звычка камсамольскага і партыйнага функцыянера. — Вы так рана ўжо на пасце? Ці на паляванне хадзілі? Дык жа без трафеяў...

— Якое там паляванне? Захацелася прайсціся. Дзеля ранішняй зарадкі.

Косця моўчкі вёў веласіпед, гучна шлэпаў вялізнымі гумовікамі. На правым боце, бліжнім ад Сахуты, ён згледзеў заклееную дзірку, акурат вышэй шчыкалатак, дзе звычайна хутчэй зношваюцца боты. Дарога была пясчаная, да таго ж пачынаўся пад’ём, удалечыні ўжо прасвечвалася поле, а там і лясніцтва. Косця разумеў, што тут самы час пачынаць гаворку, бо ніхто не падслухае, ніхто іх не ўбачыць. Але не ведаў, з чаго пачаць, язык нібы прысох у роце, цяжка вымавіць хоць адно слова. А трэба ж параіцца, дзеля чаго і выбраўся яшчэ прыцемкам у дарогу. І калі ўбачыў Сахуту на лясной дарозе, ажно ўзрадаваўся: можа, і пашанцуе яму, можа, гэты чалавек падкажа яму выйсце з жыццёвага тупіка.

Нарэшце Косця сумбурна, блытана пачаў апавядаць пра паляванне на лася, як іх накрыла інспекцыя. Як потым праходзіў суд, як Іван Сырадоеў і Сямён Чукіла ўгаварылі яго ўзяць віну на сябе, каб ім не ведаць “пазора”, бо ў Сырадоева зяць — дырэктар школы, а Сямёнава дачка — завуч гэтай жа школы,  аўтарытэтныя ў Белай Гары людзі.

— Я паслухаўся. Выгарадзіў сваіх хаўруснікаў. Хоць мяне падахвоціў ісці на паляванне Сырадоеў. Ласяціны яму захацелася на юбілей. Суд уляпіў мне штрап. Ледзь не паўтары тысячы рублікаў. І Сырадоеў, і Сямён кляліся, бажыліся... Падсобім, выплацім...

Андрэй прыцішыў хаду, бо лес ужо канчаўся, а гэтая гутарка не для чужых вушэй.

— А цяперыцька яны ў кусты! — гарачыўся Косця. — Табе далі штрап, ты і плаці. От, нахабнікі. Ні стыда, ні совесці. А некалі Іван Сырадоеў мяне ў партыю рэкамендаваў. Павучаў, каб заўсягды чэсны быў і справядлівы. А сам? Падлюка. Прасціця, што я так гавару. У мяне ўсяродку ўсё кіпіць. Дзе ж я вазьму столькі грошай? Што мне, карову прадаваць апошнюю? Дык  не аддасць жа Ксеня. Ну, за веласіпед, можа, хто паўсотні дасць. За стрэльбу сотню. А трэба ж 1470 рублёў. Як лёду. Да Сырадоева Івана разы тры заходзіў, прасіў: ты ж абяцаў, кляўся, давай грошы. А ён сваё: няма ў мяне грошай. Ты лася забіў, ты і плаці. Неяк выпіўшы быў, узяў яго загрудкі. Валя, жонка, падляцела. Выштурхнулі мяне з хаты. На днях я вяртаўся дамоў. Цямнелася ўжо. Ну, трохі пад мухай. Яны падсцераглі мяне. Ну, Сырадоеў і Бравусаў. Павалілі, заламалі рукі за спіну. Сырадоеў распетушыўся. Крычыць: “Будзеш да мяне чапіцца, са свету зжыву”. І мацюкаўся брыдка. Я б пасаромеўся такое гаварыць... — Косця раптоўна змоўк, нібы спатыкнуўся на нейкай фразе.

Андрэй спыніўся пад высознай, разгалістай сасною, якая расла збоч дарогі. Прасторы і сонца ёй хапла, таму і раскінулася шырока і вольна, быццам імкнулася ўзяць неба ў абдымкі. Навокал было ціха, дзесьці пінькала сініца, прашмыгнула чорным ценем жаўна. З макаўкі сасны пачулася дробнае пастукванне — пярэсты дзятлік,  меньшы брат жаўны,  здабываў сабе сняданак. Лес жыў сваім спрадвечным жыццём. Людскія турботы  і  клопаты яго не займалі.

— Ну, накастылялі мне па баках. Білі хітра, каб і знаку не было. Бравусаў, стары мент, вопыт мае... Пайшоў я да пракурора. Расказаў яму ўсё ччысценька, як было. А ён кажа: сведкі ў вас  ёсць?  Кажу яму:  якія сведкі? Цёмна было. Ды хто ж  пры сведках будзе біць? А медыцынскі акт аб пабоях ёсць? — пытаецца пракурор. І акта ў мяне няма. Тады пракурор  і кажа: Па п'яні ты можаш  нагу зламаць. Каго будзеш вініць? Нічога тут не дакажаш.  Прысудзілі штрф — значыць,  трэба плаціць. А чым? Карову Ксеня не аддасць. Грошай ніхто не пазычае. Што мне рабіць? Вы — чалавек  адукаваны, бывалы. Парайце, Мацвеевіч, куды кінуцца?

50
{"b":"551730","o":1}