Литмир - Электронная Библиотека

— Давайце пра гэта не будзем, — паморшчыўся Сахута. — У народзе нездарма кажуць: не месца ўпрыгожвае чалавека… Прапаную выпіць па антабцы за тое, каб нам усім добра  працавалася  і  шчасліва жылося насуперак усялякаму ліху!

Дружна чокнуліся і гэтак жа дружна асушылі свае “антабкі”. Андрэй, як паляўнічы, ведаў, што такое антабка, і таму прапанова маладога ляснічага яму спадабалася. Яму хацелася хутчэй скончыць гэтае імправізаванае застолле. Бо карцела патэлефанаваць Паліне, пабачыцца з ёй, пагаварыць наконт кватэры. З дырэктарам пра жыллё гутарка была. Пад Новы год будаўнікі павінны здаць новы дом, кватэры ў ім ужо размеркаваны, але нехта перабярэцца ў новую кватэру, пакіне сваю ранейшую, яе можна будзе падрамантаваць і пасяліцца. І вырашыцца жыллёвая праблема можа праз два-тры месяцы.

Усё складвалася ўдала. У душы Андрэй зноў пахваліў сябе: добра, што не сядзеў у Мінску, не чакаў высокай пасады, а вярнуўся ў родны край. Да роднай Бесядзі, не спужаўся праклятай радыяцыі. І папчуваўся ён апошнім часам  тут лепей, чымся ў сталіцы.

Як тлькі застаўся адзін у сваім кабінеціку, падсунуў бліжэй матава-белы тэлефонны апарат. Набраў нумар Паліны. Нявестка адказала, што яе пакуль няма, але вось-вось можа быць.

— Перадайце, што званіў Андрэй Мацвеевіч. Прасіў патэлефанаваць. Запішыце, калі ласка,  нумар.

А потым набраў службовы тэлефон жонкі. Яе на месцы не  аказалася - паехала ў Міністэрства фінансаў, папрасіў, каб патэлефанавала, калі з'явіцца, сказаў умар. А потым спахапіўся: я ж пайду ў госці, але супакоіў сябе — нічога, Ада ўбачыць новы нумар і ўсё зразумее, для яе новая ягоная пасада важней, чым для яго. Але ўнутраны голас запярэчыў:  няпраўда,  новая  пасада  важная  і для цябе, бо зможаш  бачыцца з  Палінай Максімаўнай.

Патэлефанаваў у выдавецтва Пятру Махавікову. Той узрадаваўся. пачуўшы голас  сябра. Павіншаваў з пасадай. Гаварылі коратка. На развітанне Андрэй дадаў:

— Праз тыдзень-два прыеду. Абавязкова сустрэнемся. І пра ўсё пагамонім. Прывітанне Еве!

Толькі паклаў трубку, як тэлефон заліўся звонкай трэллю. “Хто гэта? Першы званок”,— мільганула думка. У трубцы пачуўся незнаёмы жаночы голас, заклапочаны, стомлены. Тэлефанавала Паліна. Пачуўшы адказ,  голас яе адразу пацяплеў. Андрэй патлумачыў  сітуацыю,  сказаў,  што хоча  параіцца наконт кватэры.

— Дык, можа, зайдзіце сёння. Тут жа блізка. І пагаварылі б.

— А зараз можна? Толькі я ненадоўга. Пад канец дня трэба быць у Раковіча.

— Я ўсё разумею. Чакаем зараз.

Яна расказала, як лепей адшукаць іхні дом. Андрэй сказаў дырэктару, што яму трэба пад'ехаць да аданвяскоўца наконт  кватэры..

— Да пяц гадзін — вольны казак. Машына трэба?

— Не, тут недалёка. Хачу прайсціся.

Праз паўгадзіны з бутэлькай шампанскга і цукеркамі ён ступіў на ганак вялікага драўлянага дома,  над вільчыкам якога нібы колы дзіцячага веласіпеда паблісквала тэлевізійная антэна.

Збоч ад зялёных уваходных дзвярэй бялелася кнопка званка, якая нагадала Андрэю пра гарадскія выгоды: ліфт, ванну, цёплы клазет. Націснуў кнопку, пачуў, што дзесьці ў пакоі забрынькаў званок. Пачуліся  цяжкія крокі, дзверы адчыніліся — перад ім стаяла прысадзістая, мажная жанчына ў цёплай цёмна-шэрай кофце, з-пад якой віднелася белая блузка. З-пад  акуляраў на яго прыветна пазіралі цёмна-карыя вочы.

— Заходзьце, калі ласка, распранайцеся...

Потым яны сядзелі за сталом, пілі шампанскае, гаварылі пра белавежскія пагадненні , пра школьныя справы. Пра нлвую пасаду.

— Пасля Новага года мне могуць выдзеліць кватэру. Ну, хоць бы аднапакаёўку. А пакуль недзе трэба знайсці прытулак, — сказаў Андрэй.

— Калі хочаце, заставайцеся ў нас. Сын зараз у Магілёве. Яго хочуць перавесці ў трэст на сталую працу. Нявестка — настаўніца. У яе другая змена. Унук таксама ў школе. Я бываю позна на рабоце. Сёння прыйшла раней. Як чула маё сэрца...

— Давайце вып’ем за тое, каб сэрца ваша не падманвала, — Андрэй падняў бакал.

Выпілі не чокаючыся, бо ў гэтым доме год таму быў нябожчык. І за яго светлую памяць выпілі... Памалу шыракаваты твар Паліны заружавеўся, яна расшпіліла гузікі кофты. У вялікім доме панавала цішыня, на сцяне рытмічна, размерана матляўся жоўты маятнік пад шклом вялікага гадзінніка. Андрэй зірнуў на гадзіннік, потым на свой, нібы звяраў час.

— Калі вам трэба ў райвыканкам? — спыталася Паліна.

— Да пяці гадзін я вольны. А потым паедзем.

— О, яшчэ багата часу! — усклікнула гаспадыня дома. — Я мераю час школьнымі ўрокамі. Гадзіна цэлая — гэта вельмі шмат. Налівайце. Вып’ем яшчэ раз за вашы поспехі.

— За нас, — коратка выдыхнуў Андрэй.

Паліна зразумела тост па-свойму і зрабіла крок насустрач першай, як і трыццаць гадоў таму... Толькі цяпер справа пацалункам не скончылася, наадварот — з яго ўсё пачалося. Андрэй і Паліна доўга пасціліся і, як у вір галавой, кінуліся ў каханне.

Потым, ужо апранутыя, яны стаялі ў паўцёмным калідоры і не маглі развітацца. Андрэй Сахута быў літаральна аглушаны тым, што адбылося. Ён думаў раней пра Паліну, чакаў сустрэчы, яму хацелася блізкасці з ёй, але сёння на гэта не спадзяваўся. Мабыць, тое ж самае адчувала і Паліна, бо ціха сказала:

— Праўду кажуць, усё лепшае — нечаканае. Хоць я думала пра цябе даўно. Ну, як убачыліся на той нарадзе. Я шукала сустрэчы. Таму і па дровы прыехала. І вось... Значыць, лёсам наканавана...

— Цяпер мне трэба шукаць іншую кватэру. Бо шыла ў мяшку не схаваеш. Нявестка здагадаецца. Суседзі пачнуць пляткарыць.

— Ну і што? Пагавораць і перастануць. На чужы раток не накінеш платок. На бюро райкама не пацягнуць. Разводу я ад цябе не патрабую. Пажывем хоць да Новага года. І то мне гэтага хопіць надоўга. Я не дужа была шчаслівая. Муж вельмі раўнаваў. Дакараў часта, што на першым плане ў мяне работа, школа. А потым ужо сям’я. Пасля Чарнобыля пачаў моцна піць. Гарэлка яго і даканала. Тут ужо было не да любові. Колькі ўжо часу?

— Пачатак пятай. Тут блізка. Але трэба трохі раней... Каб не ўпрытык прыйсці. Не ў аблізачку, як у  маёй вёсцы  кажуць.

Андрэй хацеў да ад’езда патэлефанаваць жонцы: яна працуе да пяці. Зрэшты, можна будзе пазваніць дамоў з райвыканкама, супакоіў сябе, але ўнутраны голас дакараў яго, не даваў спакою: ты — грэшнік, Сахута, і трапіш у пекла, і будуць чэрці вазіць на табе смалу...

— Не хачу цябе адпускаць... — Паліна прыхінулася да Андрэя, ён абняў яе за плечы.— Памятаеш Дар'ю Азараву? Яна была сакратаром райкама па ідэалогіі.

— Помню з маленства. Яна прыязджала ў Хатынічы на сход.

— Дык вось, апошнім часам мы бачымся даволі часта. Пасля райкама яна была дырэктарам школы, у якой я зараз працую. Жыве адна. Ёй сумна. Тужліва. А мне цікава з ёй. Чаму ўзгадала яе? Некалі яе выперлі з райкама за сувязь з вашым хатыніцкім старшынёй калгаса Казакевічам. Франтавік, інвалід. З адной нагой. Але пазайздросцілі. Як жа. Заязджае да ўдавы-салдаткі. Нуй што, калі яна сакратар? Хіба яна не жывы чалавек? Дык вось,  тыя рэдкія сустрэчы… Ну, можа, зімою калі заначаваў… Дар'я Трафімаўна згадвае, як лепшыя, самыя светлыя хвіліны жыцця. Не  пленумы ці бюро райкама… Хоць яна сумленна выконвала  свае абавязкі. Муж загінуў. Замуж болей не выходзіла. Сына гадавала адна. Так што, плётак я  не баюся. І пасаду кінуць не баюся. Неяк жа дацягну тры гады да пенсіі. Жыццё чалавечае вельмі кароткае, як дзіцячая кашулька. І так мала на свеце радсці. Так мала шчаслівых людзей..А цяпер гэткі рэзрух. Яшчэ горай стала. Ды яшчэ Чарнобыль на нашу галаву зваліўся. Так што, дзякуй Богу ці лёсу, што ён звёў нас. Табе трэба ісці. Ну, яшчэ пяць хвілін.

А ведаеш, як пачаўся іхні раман7 Ну, Азаравай…Неяк Акапян праводзіў сход у вас, у Хатынічах, пакаштваў яблыкаў у садзе. Спадабаліся. Казакевіч паабяцаў даставіць яму мех. А Сідар, ягоны конюх і фурман, аднёс мех яблыкаў на кватэру Азаравай. Памыліўся, не ў тыя дзверы пастукаўся. Сказаў, што  гэта ад старшыні калгаса…. Акапян лютаваў. Хацеў аб'явіць старшыні вымову. Азарава запрасіла Казакевіча ў госці, каб аддзячыць. І пачаўся грэшны раман. Ну, усё. Адпускаю цябе да вечара.

52
{"b":"551730","o":1}