Литмир - Электронная Библиотека

Рада  таксама  была задаволена размоваю. У яе душы, як трава праз асфальт, пачала прабівацца надзея, што з новай пасады Андрэй зможа вярнуцца ў Мінск, і яны зноў будуць жыць разам. Службовы раман, які пачаўся ў яе з калегам-фінансістам ад самотнасці і нават ад жадання адпомсціць мужу, што не паслухаўся яе, кінуўся, бы ў вір, у радыяцыйную зону, яна гатовы скончыць у любы момант. Гэты “раман” пераканаў яе, што Андрэй куды лепшы, і што яна не аддасць яго нікому і гатова ехаць за ім нават у радыяцыйную зону. З ім пражыта амаль цэлае жыццё, выгадавалі дзяцей, дачакаліся ўнукаў.

Не маглі ведаць тады муж і жонка Сахуты, якія выпрабаванні чакаюць іхні сямейны  човен  на  вірлівай  плыні  жыццёвага  мора.

ХІІІ

Пасля няўдалага палявання жыццё Косці Вароніна пайшло пад адхон, нібы снег са страхі вясною — шусь і аб’ехаў долу. А яму сёлета споўнілася ўсяго толькі пяцьдзесят гадоў. Залаты юбілей. Жыць бы яшчэ ды жыць. Але з усіх бакоў сыпаліся непрыемнасці, як з сеялкі сыплецца зерне ў свежую раллю. Дык зерне давала ўсходы,  поле каласавала,  красавала,  дыхала цёплым водарам хлеба,  радавала  вока. Давала чалавеку жыццёвую сілу.

Косця ж, наадварот, з кожным днём усё мацней адчуваў, як стома завалодвае ім, злосць на людзей, на суседзяў, на жонку, і асабліва на хаўруснікаў па няўдалым паляванні перапаўняла ягоную душу. Хаўруснікі-браканьеры — Іван Сырадоеў і Сямён Чукіла, — угаварылі яго ўзяць усю віну на сябе, маўляў, менавіта твой дуплет зваліў лася. Сырадоеў параніў, а можа, і не трапіў зусім, бо лось бег далей. Сямён не страляў зусім. Хаўруснікі кляліся сплаціць штраф: на трох раскінем гэтыя няпоўныя паўтары тысячы, яны — па пяцьсот, а табе — астатнія чатырыста семдзесят рублёў. Косця  слова стрымаў: заявіў на судзе, што ён адзін застрэліў лася, што ўгаварыў Івана Сырадоева і Сямёна Чукілу паехаць на паляванне, што яны — старыя, нямоглыя пенсіянеры. А цяпер яны адмаўляюцца  плаціць грошы:  маўляў,  табе прысудзілі, ты  і выкручвайся, карову прадай, гарэлку меней пі... Адным словам, як хочаш і чым хочаш расплачвайся. А менавіта ж Іван Сырадоеў быў закапёршчыкам палявання: хацеў ласяціны да свайго юбілею.

Злосць, бездапаможнасць раз’ядалі Косцева сэрца. Нічога не хацелася рабіць, яшчэ мацней цягнула да гарэлкі — адно пасля чаркі ён засынаў. У сне часта плакаў, трызніў і скрыгатаў зубамі. Потым прачынаўся, соваўся па хаце, як здань.  Аксення, жонка, сярдзіта бурчэла: “П’янтос няшчасны, дай хоць хвіліну спакою. Мне ўставаць рана. Каровы ісці даіць. А ты будзеш дрыхнуць”. Косця агрызаўся, ускідваў на плечы замызганую кухвайку, сунуўся на двор курыць. І ўсё думаў, думаў, разматваў клубок свайго нялёгкага і няпростага жыцця.

Бацьку Косця зусім не памятаў. Яму споўнілася два гады з нечым, калі бацька пацалаваў яго, соннага, — цёплы, расслаблены камячок, — праглынуў даўкі камяк, што застраў у горле, назаўсёды развітаўся з дачкою Нінай, ёй ужо было пяць гадкоў, тройчы пацалаваў жонку Просю і разам з немцамі падаўся на захад. Старшы паліцэйскі Сцяпан Варонін не мог чакаць літасці ад савецкай улады, бо аддана служыў фюрэру. Улетку сорак трэцяга партызаны паранілі яго, застрэлілі каня, той грымнуўся на беразе Бесядзі. Варонін кульнуўся з яго, пераплыўшы раку, схаваўся ў кустоўі.  Хутка ацямнела,  і  партызаны не знайшлі яго. Просю з дзецьмі гразіліся паставіць да сценкі і расстраляць. Асабліва лютаваў малады камандзір узвода Валодзька Бравусаў. Старэйшыя  партызаны  адгаварылі яго, пашкадавалі малых дзяцей.

Пра гэтае здарэнне Косця даведаўся  шмат пазней. А вось той дзень, калі да іх завіталі  старшыня сельсавета Свідэрскі, участковы Бравусаў і фінагент Сырадоеў, урэзаўся ў памяць на ўсё жыццё.

Маці ўзяла даёнку і пакіравала ў сенцы. Косцік здагадаўся, што яна пайшла даіць карову, і неўзабаве ён будзе піць цёплы і смачны сырадой. Раптам у акне мільганулі цені, на двары пачуліся галасы. Нінка і Косцік кінуліся да акна. Малы пазнаў дзядзьку Рамана Свідэрскага, які жыў недалёка ад іх, заўсёды хадзіў у жоўтым шынялі і чырвоных гумовых ботах. Другі мужчына быў у сіняй прыгожай фуражцы, на ягоных плячах блішчэлі жоўтыя пагоны. Трэці — у цёмна-зялёным шынялі з блішчастымі гузікамі. Мужчыны гучна гаварылі, размахвалі рукамі.

— Бяжым ратаваць мамку!

Нінка ўхапіла малога брата за руку і пацягнула за парог. На двары дзеці абступілі матку з абаіх бакоў. Косцік абхапіў яе за спадніцу, а маці прыхінула яго за плечукі.

— Калі выплаціш грошы на пазыку? Яшчэ раз пытаюся! — крычаў чалавек у жоўтым шынялі.

— Няма цяперыцька грошай. Сотню яек здала. Малака за дзвесце літраў ужо вынесла. Падрасце цялё — здам на мяса.

Пачуўшы пра любімага бычка,  якога здадуць на мяса, Косцік захныкаў. Маці ласкава пагладзіла ягоную галаву шурпатаю пяшчотнаю рукою.

— А воўну хто будзе здаваць? — насядаў, бы каршун, начальнік у жоўтым шынялі.

— Авечка здохла яшчэ ўвосень.

— Брэшаш! Авечу ты прырэзала. Аўчыну не здала.

— Няма ў мяне аўчыны. І воўны няма. Не расцець... Толькі ў адным месцы...

— Ах ты, сцерва паліцэйская! — ўзвіўся чалавек у жоўтым шынялі. — Самагонку гоніш. А яшчэ прыбядняешся, кулацкае адроддзе. Пайшлі за мной!

Праз нейкі час Косцік пачуў стрэлы з лазні. Неўзабаве мужчыны пайшлі, а матка плакала ўвесь вечар.

А назаўтра прыйшла цётка Галя, гаварыла пра нейкі акт, участковы павёз яго ў раён. І цётка,  і  матка плакалі ўдзвюх.

А праз нейкі час, адвячоркам, зноў прыехаў міліцыянер у прыгожай фуражцы. На гэты раз ён не крычаў, пагладзіў Косціка па галаве, даў цукерку яму і Нінцы. Матка яго частавал а,  гаварыла з ім ласкава. Косцік нічога не мог зразумець.

Міліцыянер заязджаў да іх усё часцей, Косцік прывык да яго і не баяўся. Ён усё чакаў, калі вернецца бацька. Матка казала яму і Нінцы, што бацьку забілі немцы. І дзе ён пахаваны, яна не ведае. Косцік чуў ад суседзяў, што некаторым паштарка прыносіла “пахаванкі”, а людзі потым вярталіся. Косцік чакаў бацьку. Раз магілка яго невядомая, значыць, жывы.

У школе хлапчукі не хацелі сябраваць з Косцікам, хоць ён стараўся добра вучыцца, нікога не крыўдзіў. Затое яго крыўдзілі часта. Ён тады кідаўся біцца і часта вяртаўся дамоў з разбітым носам. І ў піянеры Косціка не прынялі. У сёмым класе ўсе ўступілі ў камсамол, а Косціка не ўзялі. Ад крыўды хацелася плакаць, даўкі камяк засеў у горле,  калі адзін вяртаўся дамоў. Усе засталіся на сход. У левай кішэньцы, каля сэрца, заместа камсамольскага білета Косцік насіў маленькую фотакартку бацькі — у гімнасцёрцы з пагонамі, з густым чубам. І ў Косціка чуб гэткі ж густы, як у бацькі.

Маці расказала, што бацьку захапілі ў палон немцы, марылі голадам, прымушалі  ім  служыць. Каб не памерці з галадухі, бацька згадзіўся. І не толькі голад прымусіў. Ён не любіў савецкую ўладу, бо яна загубіла ягонага бацьку, Косцікавага дзеда Восіпа. Дзед быў працалюбівы, майстравіты, меў тройку коней,  пяць кароў.  Яго раскулачылі,  выслалі ў Сібір, дзе ён і загінуў.

Пасля школы Косця Варонін паступіў у вучылішча механізацыі. Там у яго ніхто не пытаўся пра бацьку, яго хвалілі за стараннасць, працавітасць. Вучылішча ён скончыў паспяхова. Вярнуўся дамоў, далі яму старэнькі гусенічны трактар “НАЦІ”. Ён перабраў яго, адрамантаваў, старшыня калгаса Макар Казакевіч вельмі хваліў Косціка.

А ягоныя лепшыя гады жыцця — гэта служба ў арміі. Добра апрануты, заўсёды накормлены. Усё своечасова. Служыў у танкавых войсках. Нампаліт спытаўся аднойчы, чаму ён не ўступаў у камсамол. Косця прыдумаў гісторыю: бацька быў партызанскім сувязным, каб здабываць звесткі, падтрымліваў сувязь з немцамі і паліцаямі. Партызаны з іншага атрада не разабраліся і расстралялі яго як здрадніка. І па вёсках пусцілі такую пагалоску. І Косцю ў камсамол не  ўзялі... Ужо дзьмуў іншы вецер, панавала хрушчоўская адліга, яфрэйтара Косцю Вароніна прынялі ў камсамол, прысвоілі званне малодшага сяржанта. На вучэннях Косця лепей за ўсіх адстраляўся, камандзір палка даў яму дзесяць сутак водпуску.

47
{"b":"551730","o":1}