Думкі перапыніў тэлефон, пачуўся голас дырэктара лясгаса, той спытаўся, ці можна на аўдыенцыю.
— Добра. Пад’язджайце, — зірнуў на гадзіннік — пачалася шостая гадзіна.
З палёгкаю падумаў: рабочы дзень канчаецца, можна пасядзець, пагаманіць, абмеркаваць вестку з Белавежскай пушчы, памянуць Георгія Акапяна, а таксама памянуць былую вялікую краіну. Раковіч здзівіўся, што падумаў пра гэта — пра скананне Савецкага Саюза, — даволі спакойна, без эмоцый і хвалявання, нібы гэта павінна было здарыцца. А жыццё ідзе сваім ходам. Былы сакратар абкама партыі пачынае новы кар’ерны рост , ён, Анатоль Раковіч, памятае Сахуту з таго далёкага вечара, калі выцягваў з лужыны заляпаны гразёю “газон” камсамольскага лідэра. Маладзенькі трактарыст Толік Раковіч тады глядзеў на першага сакратара райкама камсамола Сахуту як на вялікага і важнага начальніка, да якога і ягоны бацька ставіўся з павагай і пашанай.
Раковіч падняўся, адчыніў сейф, нібы хацеў пераканацца, што пачатая пляшка каньяку стаіць на месца. Ён разумеў, што госці прыедуць не з пустымі рукамі, але раптам не здагадаюцца ці пасаромеюцца прыхапіць нешта з сабою, дык у яго ёсць “рэзевр галоўнага камандавання”. Папярэдзіў сакратарку, каб адразу прапусціла дырэктара лясгаса, згатавала каву на трох, і можа быць вольнаю. Сакратарка ўгодліва кіўнула і зноў схілілася над пішучай машынкай.
Дырэктар лясгаса Іосіф Капуцкі і новы галоўны ляснічы Андрэй Сахута ўвайшлі ў кабінет Раковіча. Абодва ў форменных кіцелях, расчырванелыя, падвяселеныя, дырэктар трымаў у руках важкі дыпламат. Раковіч зразумеў, што госці ўжо замачылі новую пасаду, але і да яго прыбылі не з пустымі рукамі. Ён асабліва пільна зірнуў на Сахуту: што адчувае гэты чалавек, які пачаў узыходжанне з лясніцтва, дзе некалі працаваў пасля тэхнікума, і праз трыццаць гадоў мусіў туды вярнуцца. А сёння ён падняўся на прыступку вышэй, у пятліцы форменнага кіцеля заблішчэла новая, чацвёртая, зорачка.
Але твар новаспечанага галоўнага ляснічага не выказваў асаблівай радасці, вочы былі сур’ёзныя, нават стомленыя, хоць трохі і паблісквалі ад выпітай чаркі, ад неспадзяваных абдымкаў і пацалункаў, пра якія ведалі толькі Ён і Яна. “Умее трымацца былы партыйны ідэолаг, — падумаў Раковіч. — Абкатку прайшоў грунтоўную”. І раптам яго нібы апякло: Георгій Акапян і Андрэй Сахута — аднагодкі! Гэты выкараскваецца з ямы, куды спіхнулі абставіны жыцця, а той пайшоў у яму назаўсёды. Але як ні караскайся, усе там будзем, хто раней, хто пазней. Аднак лепей усё-ткі апынуцца там пазней. Раковіч адчуў, як зноў зашчымела сэрца.
— Ну што, Андрэй Мацвеевіч, віншую! Дай Божа дарасці вам да міністра. Прычым гэтак жа хутка.
— Дзякуй, Анатоль Мікалаевіч! Дзякуй за падтрымку. А наконт міністра... Позна. Мой цягнік ужо адляскатаў.
— Ну да намесніка ж рэальна! Чатыры зорачкі... Гэта вы, як генерал арміі, так?
— Цяпер і ў генерала арміі адна зорка. Вялікая, — удакладніў Іосіф Капуцкі.
— Ты хочаш сказць, як у цябе? — усміхнуўся Раковіч і тут жа згледзеў цень незадаволенасці ў вачах дырэктара лясгаса: той спаў і бачыў сябе на вышэйшай пасадзе, а галоўнае — далей ад радыяцыі. — Ну што, мужыкі? Працоўны дзень канчаецца. Як у нас кажуць: ужо на стыкальні. Можна і па кроплі. У мяне ёсць каньяк.
— Анатоль Мікалаевіч. у нас і чарка, і скварка…— усхапіўся Капуцкі. Але Раковіч узняў доўгую прыгожую далонь былога механізатара, а цяпер інтэлігента:
— Пачакай хвлінку.
Ён паклікаў сакратарку. Папрасіў згатаваць кавы.
— Вадзіцель пытаецца, калі яму пад'язджаць? — сказала яна.
— Праз гадзіну. Я пазваню. У нас тут сур'ёзная гутарка. — нібы апраўдваўся Раковіч перад сакратаркаю.
Неўзабаве на падносе пад бялюткаю сурвэткаю яна прынесла тры кубкі. Пузаты, прысадзісты чайнтчак. Цукарніцу і пачак пячэння.
— Ну вось цяпер можна пачынаць. Давайце тут уладкуемся. — гаспадар кабінета паказаў на прыстаўны столік.
Капуцкі выставіў дзве пляшкі “Посольской” гарэлкі, якую раздабыць льга было адно па блату. Паклаў ладны брус сала, паўкальца каўбасы і нават вялікі жоўта-зялёны лімон. Госці селі па баках прыстаўнога століка. А гаспадар ў тарцы яго. Капуцкі наліў чаркі.
— Давайце памянем нашага таварыша Георгія Акапяна. Хай яму будзе пухам зямля.
Узняліся ўсе. Моўчкі выпілі. Не чокаючыся.
— Я некалі слухаў ягонага бацьку. Ён прыязджаў у Хатынічы на сход. А сход быў незвычайны. — пачаў узгадваць Сахута. — Тады аб'ядноўваліся два калгасы. Народ сабралі ў садзе. Сяргей Хачатуравіч звычайна гаварыў: “Душа любезны, заві мяне Харытонавічам”. Ну, яго так і звалі. А словы : “ душа любезны” ведаў увесь раён. Людзі паважалі яго. Чалавечны быў мужык. Сапраўдны партыйны лідэр. А сход той помніцца. Нібы тое было ўчора.
Раковіч слухаў уважліва. Бо згадаў, як пра аб'яднанне калгасаў апавядаў некалі бацька, тагачасны намеснік старшыні райвыканкама. Толік тады яшчэ не хадзіў у школу. Як ляціць час! Яму ўжо блізка паўсотня. Няма адзінай, маналітнай партыі камуністаў. Няма непарушнага Саюза. А што будзе далей? Жыццё насычана лёсавызначальнымі падзеямі. Яму карцела пачуць думку Сахуты пра падзеі апошніх дзён.
— Ёсць прапанова, — Капуцкі напоўніў чаркі, выпрастаўся, рослы, танклявы, вузкаплечы, даўгарукі.
— Ну, давай сваю прапанову. Але чаго ты падняўся. Ты ж не на сходзе, — падсміхнуў Раковіч.
— Звычка такая. Добра. тады сяду. Дык вось, хачу прапанаваць тост за Андрэя Мацвеевіча. Мне пашчсціла пазнаёміцц з гэтым чалавекам. Прызнаюся шчыра, мяне здзівіла ягонае рашэнне пайсці ляснічым у зону. Гэта — прыклад сапраўднай любові да лесу. Гэта жаданне служыць яго Вялікасці лесу. Думаю, што на новай пасадзе ён прынясе шмат карысці нашай агульнай справе.
— От, любіш ты, Іосіф Францавіч, шмат гаварыць. Лес маўклівы, а дырэктар лясгаса — гутарлівы, — усміхаўся Раковіч. — Чарка закіпіць у тваёй далоні. Пара б ужо і кульнуць…
— Усё, закругляюся. Жадаю вам, Андрэй Мацвеевіч, моцнага здароўя. Поспехаў на новай пасадзе. Каб вам добра працавалася і шчасліва жылося ў родным краі!
— Вялікі дзякуй. Буду старацца апраўдаць давер, — Андрэй мусіў зноў кульнуць поўную чарку.
Раковіч спытаўся, як успрыняла жонка гэтую вестку — пра новую пасаду. Андрэй сказаў, што яна яшчэ не ведае, тэлефанаваў з лясгаса, але яе не было дома.
— Вось тэлефон. Калі ласка, званіце. А мы перакурым.
Раковіч пакіраваў да дзярэй, за ім пасунуўся і Капуцкі.
Андрэй набраў нумар. У трубцы пачуўся глухаваты, стомлены жончын голас. Ці то ад выпітай чаркі аржанушкі-весяляшкі, ці то ад разумення, што ягонае ўзыходжанне ідзе паспяхова, ці то паўплывала адчуванне віны, а ён сёння неспадзявана правініўся, яму захацелася павітацца з жонкаю, як у маладыя гады:
— Дзень добры, мая радасць!
— Дзень добры! Я ўжо зачакалася. Даўно не званіў. Чую, у цябе добры настрой.
Жончын голас адразу пацяплеў, але ў ім чуліся трывога, як ён там, і задаальненне, што патэлефанаваў, жывы-здаровы, што яна для яго — па-ранейшаму радасць.
— З сённяшняга дня прызначаны галоўным ляснічым. Дык во, замачылі. Узялі па кроплі.
— Віншую, мой любы. Жадаю табе поспехаў і чакаю сустрэчы.
Такой ласкавай размовы ў іх не было даўно. Словы “мой любы” Андрэй не чуў ад жонкі ўжо некалькі гадоў. Дый ён апошнім часам рэдка гаварыў жонцы ласкавыя словы. А як страціў высокую пасаду і стаў беспрацоўным іхнія адносіны з кожным днём ускладняліся, нацягваліся, нібы струна. Вядома, ён не забыў, як даймала жонка: чаму сядзіш? Чаму не шукаеш работу? Але сёння інстынктыўна сказаў: “мая радасць...”, дадаў усяго тры літары да жончынага імя, бо ў пашпарце яна — Рада.
Андрэй Сахута быў вельмі задаволены размовай з жонкай. Але сказаў ёй не ўсю праўду. Калі яна спыталася, дзе ён будзе жыць, адказаў, што пакуль спыніўся ў аднавяскоўца, інжынера-сувязіста, што на выхадныя прыедзе і ўсё раскажа. Так, аднавясковец, інжынер-сувязіст, сапраўды жыве ў райцэнтры, але спыніўся Андрэй не ў яго. Гаспадыня кватэры — сімпатычная ўдава, якая ведае Андрэя з часоў камсамольскага юнацтва. І сёння ён з ёю горача цалаваўся...