Литмир - Электронная Библиотека

Ніколі не забудзе Косця, як радавалася маці яго прыезду! Такой шчаслівай ён не бачыў яе за ўсё ранейшае жыццё. На танцах у клубе, калі аб’яўлялі “дамскі вальс”, дзяўчаты навыперадкі імчалі, каб запрасіць Косцю на танец. А ён танчыў толькі з Ксеняй. Жанчыны, што сядзелі на лаўках паўз сцены, як галкі, у чорных плюшаўках, любаваліся гэтай парай: абое высокія, зграбныя, светлавокія. Пасля арміі Косця вярнуўся дамоў, зноў сеў на трактар. Неўзабаве згулялі з Ксеняй вяселле. Жылі маладыя добра, калгас дапамог збудаваць звонкую пяцісценку са смаловых бёрнаў прыбяседскага лесу.

Асабліва радавалася Прося. Яна, удава, якую часта абзывалі “паліцэйскай шкурай”, падняла на  ногі гэткіх відных, працавітых, паважаных у вёсцы дзяцей. Нінка выйшла замуж за Данілу Баханькова, які цяпер брыгадзірыў у Хатынічах. А яна — лепшая даярка. Нявестку Ксеню Прося палюбіла, як родную дачку, ганарылася, што Ксенін брат, Мікалай Арцёмавіч, галоўны аграном калгаса, вядомы чалавек у раёне. Адно засмучала Просю, што нявестка ніяк не падорыць ёй унука ці ўнучку.

Зачакалася дзяцей і маладая пара. Тое, што жонка не можа зацяжарыць, засмучала і Косцю. Была і яшчэ ў яго адна крыўда, глыбока затоеная ў душы. Да вяселля Ксеня не згаджалася з ім пераспаць: распішамся — тады ўсё будзе. Цяжка было трываць маладому здароваму хлопцу. І любоўю ён займаўся адно ў сне. Ён не ведаў, што гэта нармальная з’ява, якой медыкі далі свой тэрмін — палюцыя.

У ноч пасля вяселля ў іх усё адбылося. І хоць Косця быў хлопец нявопытны, падалося, што ягоная нявеста ўжо “нячэсная”. Тады ён нічога нікому не сказаў, а неяк пасля спрэчкі, калі пражылі ўжо тры гады, упікнуў Ксеню. Тая расплакалася, абазвала яго дурнем, які нічога ў жыцці не разумее Вядома ж,  пра  абдымкі з Вольчыным  Пецькам  у  капе сена ля Бесядзі яна не прызналася. Мусіць, і Пецька не выдаў іхнюю таямніцу,  бо ніхто ў вёсцы не мог сказаць пра Ксеню благога слова. Але Косця меў падазрэнне на Пецьку, бо ведаў,  што некалі ён заляцаўся да Ксені. Але зараз у яго свая сям’я, растуць дачка і сын.

Ішлі гады. Дзяцей у Косці і Ксені так і не было. Хадора вадзіла дачку да шаптух, ездзіла Ксеня ў раённую бальніцу, у абласную, піла розныя таблеткі, усялякія зёлкі. Прымусіла праверыцца і Косцю: у яго ўсё было ў парадку. Маўчала звонкая новая хата, не чула яна дзіцячага смеху і плачу.

Як лепшага механізатара старшыня калгаса захацеў прызначыць Косцю брыгадзірам трактарнай брыгады. Але для такой пасады пажадана было мець у кішэні партыйны білет. Іван Сырадоеў, які тады загадваў фермай, напісаў Косцю рэкамендацыю, яшчэ дзве далі інжынер і ветэрынарны ўрач. І Косцю аднагалосна прынялі ў партыю. Пра бацьку ніхто не ўзгадаў, дый  даўно тое было...

Цяпер, згадваючы той партыйны сход, Косця ажно калаціўся ад злосці і нянавісці да Сырадоева: камуніст, франтавік, аказаўся гэткай падлюкай... Прыгадаўся ён у форме фінагента. Як прыходзіў да іх, раскрываў скураную сумку, што целяпалася каля боку, і пачынаў: “Ты што сабе думаеш, Прося? Калі будзеш плаціць падаткі?”

А тады, калі прызначылі брыгадзірам, Косця адчуў сябе на кані. Вяскоўцы, старэйшыя за яго мужчыны, і асабліва кабеты, здаля віталіся з ім. Косця заўсёды быў акуратна апрануты, нават камбінезон на ім быў чысцейшы, чым у іншых, нават маладых хлопцаў. Завялася і капейчына ў кішэні. І Ксеня пачала болей зарабляць. Купілі тэлевізар, мэблевы гарнітур, а потым матацыкл з каляскаю. Гэта была  даўняя  Косцева мара:  мець матацыкл— жонку  на сядзенне ззаду, сына ці дачку ў каляску і гайда ў лес — у грыб  ці  ў  ягады. І яны ездзілі, але ў калясцы сядзела цешча...

Ксеня даўно марыла прыдбаць шыкоўны дыван і павесіць у спальні на ўсю сцяну, каб і прыгожа было, і спаць цёпла. Дыван купілі, але хата заставалася халоднаю і  маўкліваю.

У вёсцы бяздзетная сям’я пачувае сябе вельмі няўтульна, асабліва — жанчына: яна не мае права быць ні кумою, ні павітухаю, ні хроснай маткаю. Розныя шаптухі-знахаркі раілі Аксенні пасадзіць сваімі рукамі ў хаце фікус, насіць на шыі пялёсткі ружы ў маленькім мяшэчку, есці арэхі або слівы спарышы, давялося прасіць цяжарную жанчыну, каб тая цераз плот перадала кавалачак хлеба з рота ў рот... Усё Аксення рабіла, але дзяцей не было. З гадамі Косця ўсё больш пераконваўся, што няма ў іх дзяцей праз жончын грэх, але аднойчы ён пачуў іншае...

Неяк ён набраў у краме поўную сетку — хлеб, селядцы, цукеркі для жонкі, — і паўлітэрку ўзяў. Калі купляў, ля прылаўка тоўпіліся жанчыны, зайздросна пазіралі на яго. Косця выйшаў за дзверы,  прыстоіў на ганку і пачуў голас Шкурдзюковай Палажкі:

— Усяго ў іх хапаець. І хлеба, і гарэлкі. А дзяцей Бог не даць. Праклялі людзі Сцяпана, Косцевага бацьку. Таму й  род на ім скончыцца.

У Косці аж уваччу пацямнела, хацелася вярнуцца, узяць Палажку за каўнер: “Брэшаш! Бацька мой невінаваты...

Аднойчы пасля жніва Косця атрымаў цэлы жмут грошай. Вырашылі мужчыны  замачыць  дажынкі,  бо працавалі, абліваліся потам па дванаццаць гадзін. Ураджай выдаўся неблагі, то і грошай механізатары зарабілі дабравата. Нуй   разгавеліся... Прыйшоў Косця дамоў позна і на добрым падпітку. Аксення ўзялася ўшчуваць. Ён са злосцю выдыхнуў:

— А для каго грошы збіраць? Каму перадам? Дываны купляць, каб моль ела? На той свет нічога не возьмеш. На вечку труны багажніка няма, — ён прываліўся да стала, заікаючыся, цяжкім языком, гундосіў: — Каб жа быў сын ці дачушка... Я ж бы наруках насіў і дзіця, і цябе. Жыў бы, як чалавек. Ета ўсё праз твой грэх. Не дачакалася... Давалка дужа свярбела...

Аксення праз слёзы крыкнула:

— Гэта цябе праклялі за бацьку. Ён страляў і старых, і малых... Вось і  праклялі людзі. А ты на мяне плявузгаеш. Нажлукціўся гарэлкі. Набраўся, як жаба гразі.

Косця не стрываў і з кулакамі кінуўся на жонку. Яна баранілася і да крыві паабдзірала яму рукі. Гэта яшчэ болей раззлавала Косцю і ён моцна пабіў Ксеню. Назаўтра ейны твар быў у сіняках.

— Ідзі даіць кароў. Яны, як і я, ні ў чым не вінаватыя, — прастагнала Ксеня.

І Косця, як пабіты сабака, пацягнуўся на ферму... Даяркі, вядома ж, прыкмецілі чырвоныя пісягі на Косцевых руках:

— Што й та за кошка ў цябе такая? Мабыць, сіямская? Кажуць, яна дужа лютая... — з’едліва пасміхаліся жанчыны.

Косця агрызаўся, як зацкаваны воўк. Галава была цяжкая, падрапаныя рукі смылелі, не слухаліся яго. Даіць кароў ён умеў, некалі маці моцна прастудзілася, захварэла на запаленне лёгкіх, адвезлі яе ў бальніцу, то ён з Нінкай гаспадарыў. Тады і карову даіць навучыўся. Здаралася, і Ксені пасабляў на ферме.

На дварэ  стаяў верасень, малака рагулі давалі небагата. Даяркі, падаіўшы сваіх кароў, дапамагалі і Косцю. Выйшаў ён з фермы, калі толькі пачало віднець. У роце ўсё перасохла, язык нібы распух. Дамоў ісці не хацелася, і на машынны двор з падрапанымі рукамі, у завэдзганай кухвайцы сорамна паказацца. Ногі самі панеслі яго да Бесядзі. Там ён памыў рукі, спаласнуў твар. Вада была халодная, пахла водарасцямі і... каравяком, бо з фермы, якую “прывязалі” раённыя начальнікі на ўзгор’і, часцяком, калі перапаўняліся адстойнікі, смярдзючая жыжа цякла ў Шамаўскі ручай, а далей у Бесядзь.

Пакрысе віднела, мацнеў вецер. Халодны,  вільготны, пругкі, ён працінаў да касцей, бо старая кухвайка грэла слаба. Дый  ногі ў гумовіках пачалі мерзнуць. Куды падзецца? Агледзеў каржакаватыя альховыя кусты на беразе ракі, зірнуў на цёмную сцяну лесу. І яго пацягнула туды: там будзе цяплей, зацішней, пакуль дойдзе да Лясковічаў, адчыніцца крама, можна пахмяліцца, душу прывязаць. На работу вырашыў не ісці — сорамна паказацца  ў такім выглядзе .

Шырокія падрапаныя Косцевы далоні ўчапіліся за халодны, настылы трос,  цяжкі, набрынялы  паром  неахвотна зрушыўся з месца, памалу пачаў аддаляцца ад берага.

Да лесу дайшоў  хутка. Вецер, здаецца, выдзьмуў хмель з галавы, Косця уздыхнуў вальней. Дарогаю трапляліся на вочы баравікі. У кішэні знайшоўся цэлафанавы пакет, сцізорык, і Косця ўзяўся збіраць грыбы. Зразаў самыя маладыя, крамяныя, на тоўсценькіх ножках. І так захапіўся, што забыўся на ўсе свае беды і няшчасці, і цяжкія думкі паступова знікалі з галавы. За ўсё лета ён ні разу не схадзіў у грыбы — не было калі, а тут гэтулькі баравікоў! І самае дзіўнае — іх было шмат паўз дарогі, з абодвух бакоў. Дзятва пайшла ў школу, дарослым не да гэтага,  вось  і  высыпалі  грыбы,  хоць касою касі.

48
{"b":"551730","o":1}