Тое жахлівае здарэнне, а потым пахаванне ясным красавіцкім днём Свідэрскага і ягонай ахвяры назаўсёды запала ў душу сяміклсніка-выдатніка Андрэйкі Сахуты. Жоўты пясок свежых магілак, жоўтыя твары нябожчыкаў у ласкавым святле вясновага сонца, маўклівыя, змрочныя мужчыны. Заплаканыя чырвоныя вочы жанок. І вясёлы птушыны грай на кладзішчы: галкі ды гракі будавалі гнёзды. Займаліся любоўю і гарлапанілі на ўсю моц. Птушкі славілі вясну. Яны славілі жыццё!
Той далёкі дзень прыгадаўся Сахуту і зараз. Але ён адагнаў прэч жахлівы ўспамін. Разам з Бравусавым закацілі матацыкл на двор. Потым яшчэ доўга сядзелі за сталом. Пілі мала, гаманілі пра жыццё-быццё, а найболшь — пра палітыку. Марына ўбачыла, што братавы вочы ўжо зліпаюцца, ён ледзь стрымлівае пазяханне, рашуча супыніла свайго гутарлівага мужа:
— Валодзя, дос табе балбатаць. Чалавек з дарогі. Андрэй, ложак падрыхтаваны. Можаш класціся.
— Так. Марынка. Хвакцічаскі, пара ўжо набакавую, — шырока, смачна пазяхнуў Бравусаў.
…У гэты час збіраліся ўкладвацца спаць у адзінай, але не самотнай хаце, якая стаяла ў завулку ля канчанскага ручая. Пётра Мамута быў задаволены, што ўдалося выхапіць у прыроды ціхі пагодлівы дзянёк і ўцяпліць пчол — самая неадкладная і самая далікатная работа: ад яе залежыць зімоўка крылатых сябровак, дзесьці схібіш увосень, потым ужо нічым не дапаможаш.Таму настрой у пчаляра быў прыўзняты, лагодны. Паспрыяла гэтаму і сустрэча з любімым вучнем. Вяртанне Андрэя Сахуты ў родныя мясціны са сталіцы змушала Пятра Еўдакімавіча весялей глядзець на сваё жыццё ў зоне.
Асабліва ж узрадавала знаёмства са сталічным госцем Юзю. Гэта ж трэба! Высокі партыйны начальнік вярнуўся сюды, у зону, яго прывабіў бацькоўскі кут, а яе, Юзю, паклікала ў Хатынічы даўняе, тады грэшнае, каханне, а цяпер любоў да законнага мужа. Пётр і Юзя быццам імкнуліся некаму даказаць — а найперш самім сабе, што можна жыць і ў зоне да пятнаццаці кюры. І не існаваць ці выжываць, а жыць паўнакроўна, займацца любоўю, ды так, яе не ўмелі ў маладосці. Бо нічога і нікога не баяліся, прыйшло ўмельмтва і не пакінула моц, не знікла маладое жаданне. Юзя ў салодкім палоне раней невядомага ёй аргазму смела стагнала і крычала на ўсю хату. Ніхто з суседзяў не мог падслухаць, учуць і пазайздросціць іхняму шчасцю. Іхняй радасці ў радыяцыйнай зоне.
ХІ
З гадамі Пятра Махавікова ўсё мацней здзіўляла хуткаплыннасць часу. Яму нават здавалася, што з кожным днём час набірае разгон, паскарае свой бег. У маленстве, ды і ў маладосці, гэткія вялікія дні, цягнуцца як год. І так багата было іх у будучыні. Цэлае жыццё, поўнае надзей і спадзяванняў, чакала наперадзе. А цяпер ўсё часцей Пятро азіраўся назад, і было адно жаданне — дацягнуць да пенсіі. Аб тым, што перайшоў у выдавецтва, пакуль ні разу не пашкадаваў. Чытаць даводзілася шмат. Дырэктар Клімчук супакойваў: потым будзеш чытаць меней, гэта абкатка, каб засвоіць сутнасць выдавецкай справы, пазнаёмішся з рэдактарамі, зразумееш, хто як рэдагуе рукапісы, каму і наколькі можна давяраць, каго трэба болей правяраць. Зрэшты, любая новая справа не адразу раскрывае свае сакрэты і таямніцы. Шэф не прыспешваў, даваў магчымасць спакойна ўрасці ў калектыў. Суцяшала, што заробак тут куды больш важкі, чымся на тэлебачанні, а тузаніны меней. Ева, падлічыўшы аванс і канчатковы разлік за месяц, узрадавалася болей за Пятра.
— Ну, Пецечка, добра, што ты адважыўся... І я не адгаворвала. Хоць прызнацца, у душы пабойвалася. Такі скрутны, ненадзейны наш час. І такая вакол дарагоўля! Ну, але, можа, як-небудзь перажывём усё.
— Перажывём, мая любая, — абдымаў Пятро сваю сапраўды любую жонку. — Дачакаліся ўнукаў. Цяпер задача — дачакацца праўнукаў.
Калі ў сям’і чалавек мае радасць, паразуменне і цеплыню, яму хочацца жыць і працаваць, тады і розныя клопаты, асабліва на працы, вырашаюцца лягчэй: калі моцны тыл — можна смялей ісці ў наступ, наперад.
Пятро часта думаў пра сябра дзяцінства Андрэя Сахуту, іншы раз тэлефанаваў яму ў далёкі лес на іхняй радзіме. Лес, прысыпаны нябачнай, але смертаноснай радыяцыяй. Пятро быў удзячны сябру за паркет — паабяцаў чалавек і выканаў сваё абяцанне. Ішла машына на Мінск, то і паркет прытарабаніў, пасобіў разгрузіць, а на чатыры пакоі ды кухню багата цяжкіх пачак дубовых дошчачак давялося перанесці. Асабліва ацаніў паслугу сябра, калі праз пару дзён Ева сказала, што яе сяброўка набыла ў Мінску паркет і заплаціла па сорак тры рублі за квадратны метр. “Мы зэканомілі амаль тысячу рублёў, — радавалася Ева. — Пазвані Андрэю і яшчэ раз падзякуй.”
Ева падганяла мужа хутчэй узяцца за ўкладку, садраць нарэшце абрыдлы лінолеум. Пятро ўгаворваў не спяшацца, хай паркет яшчэ лепей высахне, трэба купіць клею-эмульсіі, дый майстар, з якім ён папярэдне дамовіўся, яшчэ заняты, ён патэлефануе, калі вызваліцца. Ева не згаджалася:
— Я сама чула, як Андрэй казаў: паркет сухі, рабілі ўлетку. Вылежаўся ў іх не адзін месяц. Няма чаго цягнуць. Ты паглядзі, уся кватэра завалена. І ў калідоры, і пад ложкамі, і пад сталом пачак паркету. Ні памыць, ні прыбраць.
— Зробім. Не падганяй. У мяне зараз у выдавецтве дужа багата клопату. Апошні квартал года. Хоць разарвіся.
— Дык майстар будзе рабіць. Што над ім стаяць? Я вазьму колькі адгулаў на працы. Буду памагаць. А то з калідора могуць паркет украсці. Тады не дакупішся.
— Да чаго ўпарты народ, гэтыя жонкі, — пасміхнуўся Пятро. — Не дзіва, што Андрэй збег ад сваёй ажно ў радыяцыйную зону.
— Ён шукаў работу, а не ад жонкі ўцякаў. Мне здаецца, ён уцякаў ад былых сяброў, якія ў цяжкі час не памаглі.
Пятро не ўступаў у дыскусію, бо разумеў, што пераканаць жонку не ўдасца. Ды яна і не памылялася... Урэшце, ён здаўся, узброіўся металічным ломам і пачаў зрываць з падлогі лінолеум. Ніколі не думаў, што гэта надзвычай цяжкая праца, месцамі лінолеум быў прыклеены намертва да бетоннай падлогі. Абліваючыся потам, вечарамі дзёр Пятро хімічнае пакрывала-ўцяпленне, скручваў у цяжкія рулоны. Кватэра нагадвала мэблевы склад, каб забяспечыць “фронт работ”, з пакоя даводзілася выносіць усё. Цяпер толькі ў выдавецтве, у невялікім кабінеціку Пятро Махавікоў меў спачын і спакой.
Зрэдку, напрыканцы дня, калі выдаўцы разбягаліся хто куды — жанчыны ў магазіны, мужчыны — у бібліятэкі, а то і ў піўбары, Пятро адкрываў свій новы кандуіт. Быў ён не падобны на ранейшыя вялікія сшыткі. Гэта быў тоўсты нататнік, на цвёрдай блакітнай вокладцы ціснёны сілуэт мацярыка СССР, які нагадваў сваімі абрысамі мядзведзя, злева ў рамачцы герб, над ім лічба — пяцьдзесят. Значыць, нараджэнне блакнота было прымеркавана да залатога юбілею Краіны саветаў і яму ўжо амаль два дзесяткі гадоў. Каштаваў ён тады рубель дваццаць капеек. Цяпер цэны зусім іншыя. Нататнік трапіўся на вочы, калі Пятро чысціў свій тэлевізійны кабінет.
Апошнім часам у кандуіт заглядваў рэдка, было не да гэтага, а калі пісаў, то па звычцы спачатку чытаў ранейшыя занатоўкі. Вось і сёння ён адгарнуў нататнік і пачаў чытаць з першай старонкі.
14 кастрычніка, 1991. На Пакровы, у Дзень Мац, пачынаю новы кандуіт. Ён трохі меншы — дэфіцыт паперы, дэфіцыт часу, дый пара мудрэць. Пісаць карацей.
Чытаніны багата, але пакуль не шкадую, што перайшоў у выдавецтва: тут спакайней, можна працаваць без ляманту і тузаніны, чаго было зашмат на тэлестудыі. Нямала часу забірае ўнук, але затое колькі радасці! Сёння ўсю раніцу насіўся з ім, потым ён заснуў, а я ўзяўся смажыць грыбы. Восень трохі падсыпала апенькаў, у мінулую суботу нават баравікоў знайшоў тузін: сёлетгні рэкорд.
На лецішчы са смакам перакопваю агарод, цягаю салому з калгаснага согу, балазе ён лізка. Салому закопваю замета гною, якога няма, прысыпаю попелам. Усё ж нейкая карысць будзе. Зямля талерка: што пакладзеш, тое і возьмеш.
Першая палова восені сёлета надзвычай цёплая, согнечная, а другая, пэўна,будзе даждлівая.Вецер сёння паўднёвы, значыць, нас чакае цёплая зіма. Ма-гчыма, снеэная. “Дэмакраты” пужаюць халоднаю зімою, каторы год палохаюць голадам: пятая калона дзейнічае, нібы жучкі-караеды падточваюць Саюз. Дарэчы, гэты блакнот зроблены яшчэ да яго пяцідзесяцігоддзя. І вось Рэспубліка Беларусь абвешчана суверэннай, нврэшце ўзаконены бел-чырвона-белы сцяг і “Пагоня”. Так ваявалі партакраты і розныя артадоксы супраць, але ўсё-ткі Адраджэнне набірае моц і вышыню. Дай Божа!