Литмир - Электронная Библиотека

Сахута адчуў, што памацнеў вецер, прадзімае наскрозь. Дзьмуў вецер з Бабінай гары — значыць, чарнобыльскі, значыць, прынясе холад, можа,  і марозік выскачыць. Ён завёў матацыкл і праз некалькі хвілін быў  каля бацькоўскай хаты. Тармазнуў перад варотамі, згледзеў каля палісадніка веласіпед, падобны на той, на якім прыязджаў у лясніцтва Іван Сырадоеў. На лаўца і звер бяжыць, падумаў Андрэй,  спадзеючыся на сустрэчу з былым фінагентам.

З хаты выйшла Марына, узрадавалася брату, абняла. Была яна ў старой, але не завэдзганай кухвайцы, на галаве шэрая цёплая хустка. Андрэй з радасцю адзначыў, што Марыніны вочы не пазіраюць на свет з ранейшым невыказным сумам старой дзевы,   і  зморшчынкі-лапкі пад вачыма разгладзіліся, — значыць, хоць на схіле жыцця не абмінула старэйшую сястру жаночае шчасце.

— От, добра, што прыехаў. А то я ўсё думаю, як ты там. Адзін, як воўк. Пайшлі ў хату.

За сталом сядзелі ўжо на добрым падпітку Бравусаў і ягоны сват Іван Сырадоеў. Яны таксама выказалі шумную радасць,  убачыўшы Андрэя. Гаспадыня прынесле талерку і чарку, Бравусаў наліў яе да самых беражкоў, як любілі гаварыць у Хатынічах. Андрэй  прыгубіў чарку і адсунуў убок. Усе пачалі ўгаворваць, каб выпіў да дна.

— Не, браткі, дзякуй. Я за рулём. Трэба завідна даехаць.

Даведаўшыся, што ён ехаў праз новы мост у Саковічах, Бравусаў упэўнена зазначыў:

— Ніякіх даішнікаў тут няма. Пост міліцэйскі толькі за Белай Гарой. А ў зоне — гуляй, Вася. Хвакцічаскі, едзь куды хочаш. І гарэлкі пі, колькі ўлезе. Трэба  ж выводзіць шлакі радыеактыўныя... Гарэлка, хвакцічаскі, памагае. Расчапляе етыя праклятыя нукліды. Таму і жывём у зоне. Хвакцічаскі, п’ём, гуляем. І нікуды не ўцякаем.

Андрэю не хацелася слухаць п’яную балбатню, але і спытаць адразу пра тое няўдалае павяванне не выпадала.

Сырадоеў пачаў гаворку сам.

— Уліп я, Мацвеевіч, на старасці гадоў. Уліп  у непрыемную гісторыю. Ды, здаецца, выкруціўся.

Вось што зразумеў Сахута з яго блытанага аповеда.

Лася яны ўпалявалі пад Бялынкавічамі, каля вёскі Белы Камень. Першы стрэліў Сырадоеў, рагач бег далей, хоць і пачаў кульгаць. А потым лупянуў дуплетам Косця Варонін, і вялізны  лось  грымнуўся на зямлю як падкошаны. Прывёз паляўнічых у лес Сямён-крамнік. Апошнім часам ён працуе вартаўніком на канюшні, яму прасцей было ўзяць каня. І Сямён меў стрэльбу-аднастволку, ды не паспеў з яе пальнуць. Яны ўзяліся здымаць скуру з трафея, і тут іх накрыла інспекцыя з міліцыяй. Ратуючы сябе, Косцік Варонін заявіў, што ляснічы Сахута дазволіў ім паляванне. “Вось чаму тэлефанаваў пракурор”, — зразумеў Андрэй.

А потым быў суд. Сырадоеў і Сямён угаварылі Косцю ўзяць віну на сябе, абяцалі дапамагчы сплаціць штраф, кляліся, прасілі, малілі, колькі дзён паілі самагонам, каб Косця выручыў іх, каб не сароміць сябе на старасці, сваіх дзяцей не ганьбіць. Косця заявіў  на судзе, што ён быў ініцыятарам палявання, што сам дуплетам застрэліў лася і ўсю віну бярэ на сябе. Прысуд быў такі: выплаціць тысячу чатырыста семдзесят рублёў штрафу за нанесеную шкоду лясной гаспадарцы. Грошы немалыя, бо зарабляў Косця каля сотні ў месяц. Прыкладна такую ж суму атрымліваў пенсіянер Іван Сырадоеў, яшчэ меншую пенсію меў Сямён. Нездарма кажуць людзі, што лёгка пазычаць грошы: бярэш чужыя і на нейкі час, аддаеш   свае  і  назаўсёды. Лёгка было хаўруснікам-браканьерам абяцаць,  даваць клятвы — абяцанне рот не раздзярэ, а плаціць грошы ўсё роўна, як адрываць ад сэрца.

— Дзе ўзяць етыя грошы, халера іх ведае. Але неяк разбяромся, — закончыў свой аповед былы фінагент.

Андрэй Сахута выведаў усё, што яго цікавіла, і пачаў збірацца ў дарогу. Але Марына і Бравусаў узяліся дружна ўгаворваць, каб застаўся начаваць у іх.

— Ну, хто там цябе чакае? Будзеш сядзець адзін, як сыч. Мы даўно не бачыліся. Хоць пагаворым. Пераначуеш у нас. А  раніцай паедзеш. Заставайся, — упрошвала Марына.

— Хвакцічаскі, Мацвеевіч, сястра твая разважае правільна. Заганяй свайго каня на двор. І яшчэ можам узяць па чарцы.

Расчырванелы Бравусаў абняў за плечы госця, дыхнуў яму ў твар перагарам. Андрэй вызваліўся з абдымкаў, але нярэзка, спакойна, каб не пакрыўдзіць новага сваяка. Марыніны вочы прасілі стрымацца, дараваць зяцю задужа навязлівую дружбу.

— Ну што, вы сабе як хочаце, а я паеду, — Іван Сырадоеў выйшаў з-за стала. — Ніякае ГАІ мяне не затрымае. Лісапета мая хуткасць не перавысіць. Пакуль даеду, дык і ацямнее.

— На дарожку, хвакцічаскі, палагаецца па чарцы. Ну, ета, як яе? Аглаблёвая! — Бравусаў спрытна наліў усім, на гэты раз і Андрэю аж цераз край.

— Ну, ты ўжо не разлівай. Заліў вочы і краёў не бачыш, — упікнула Марына.

— Ат, бывае. Не перажывай. Дзе п’юць, там і льюць. А мы, хвакцічаскі, не п’ём, а лечымся, — ухмыльнуўся Бравусаў.

Андрэй міжволі падумаў: у якім бы застоллі ні быў у зоне, заўсёды нехта прамаўляў гэтае выслоўе, яно лунала тут над кожным  бяседным сталом  і замяняла традыцыйнае: “Ну, будзем здаровы!”

Апошнім часам Андрэй Сахута адчуваў вялікую раздвоенасць у душы, у ім нібы жылі, спрачаліся штодня і бунтавалі два чалавекі. І пачалася гэтая раздвоенасць з ГКЧП: адзін чалавек быў катэгарычна супраць, а другі жадаў “гэкачэпістам” поспеху. Калі Гарошка запрасіў на працу ў сваю фірму, унутраны чалавек угаворваў: ідзі, не ўпірайся, трэба выжыць, лепшай прапановы можа не быць. А другі, той самы, якога ўсе ведалі, які насіў у кішэні партыйны білет, заўпарціўся, закусіў цуглі і не пайшоў.

Падобны ж раздрай у душы перажыў Сахута і перад паездкай на радзіму. Унутраны голас крычаў, маліў: што ты робіш? Усе ўцякаюць ад радыяцыі, кідаюць усё нажытае, а ты лезеш туды, як у пельку, кідаеш жонку, дзяцей. Унутраны голас не даваў спакою ні ўдзень, ні ўночы, супакойваўся, аціхаў, калі гаспадар заліваў яго гарэлкай: лячыўся, як і ўсе ў зоне.

І на гэты раз унутраны голас не змаўчаў: куды ірвешся, куды ляціш назлом галавы? Пабудзь у бацькоўскай хаце, адвядзі душу, пагамані з роднай сястрой, яна ж у цябе засталася адна. І чарку выпі, не выпендрывайся, хоць выспішся, можа, па-людску.

Тры поўныя гранёныя стограмоўкі глуха клацнуліся бакамі. Чацвёртая, налітая напалову, асцярожна дакранулася да кожнай поўнай. Марына, былая медыцынская сястра, кульнула сваю няпоўную чарку першай, быццам пацвярджала мужавы словы: мы не п'ем, а лечамся.

Выпілі і мужчыны: былы фінансавы агент. Былы ўчастковы інспектар. Былы сакратар абкама партыі. Раз'юшаны мірны атам прыраўняў, прычасаў іх пад адну грабёнку, і ўсім рыхтаваў аднолькавую долю — каму раней, каму пазней.

У гэты момант ніхто з іх не думаў пра нейкія  там нябачныя радыенукліды. Маўчаў і унутраны голас Андрэя. Затое сам гаспадар раздвоенай душы і ўнутранага голасу адчуў, як цёплая хваля пакацілася, разлілася па грудзях і адгукнулася хмельнай весялосцю і заспакоенасцю ў галаве. Варухнулася цёплая хваля ўдзячнасці Івану Сырадоеву за бліскучыя канькі-снягуры, якія ён, Андрэйка, мусіў прывязваць да бахілаў, бо сваімі клешнямі канькі маглі ўчэпіста трымацца адно за абцасы і падэшвы чаравікоў. А чаравікоў у малога  Сахуты не было.

Захацелася абняць па-сяброўску зяця Бравусава, які пакінуў сваю хату ў “чыстай “ вёсцы і перабраўся да Марыны. І яна  цяпер расквітнела, як цвіце вяргіня познім бабіным летам. Мільганула ў затуманенай галаве і гадка пра Паліну, яна таксама нагадала яму познюю вяргіню, якая расцвіла насуперак розным жыццёвым націскам і блізкай зіме. Андрэй думаў пра яе і ў душы выспявала надзея на радасць.

А яшчэ падумалася, што ў пасляваенныя гады Бравусаў, Сырадоеў і старшыня сельсавета Свідэрскі ўвасаблялі ў прыбяседскіх вёсках савецкую ўладу. Першым пайшоў з жыцця самы адданы змагар за гэтую ўладу Раман Свідэрскі. У той год, калі памёр Сталін, старшыні Белагорскага сельсавета пагражаў суд за рукапрыкладства і перавышэнне паўнамоцтваў. І ён, былы франтавік-ардэнаносец, бязлітасны вораг самагоншчыкаў, расплюшчаны жыццём  і сваёю уласнай жорсткасцю, нянавісцю вяскоўцаў — засек жонку сякераю, сам павесіўся з надзеяй,  што  савецкая  ўлада не пакіне  шасцёра ягоных дзяцей — круглых сірот.

38
{"b":"551730","o":1}