Литмир - Электронная Библиотека

Андрэй адчуў, што яму зрабілася горача, патыліца налівалася свінцовым цяжарам, хоць уранні ён каўтнуў таблетку адэльфану. Адчуў, як зашчымела, сціснула за грудзінаю, намацаў у кішэні валідол, павольна пасунуўся на першы паверх. Чарга там паменела,  неўзабаве Андрэй апынуўся ў паўцёмным калідорчыку.

— Распранайцеся. Вешайце на крэсла... Майку можна не здымаць, — камандаваў жаночы голас. — Заходзьце ў кабіначку. Рукі ўбок. Падбародачак вышэй. Так, не дыхаць і не варушыцца. Усё, гатова. Здымак атрымаеце заўтра.

Хоць бы на якія сухоты не захварэць, варухнулася трывожная думка, бо апошнім часам дужа змрочна ў яго на душы, а невясёлы  настрой  нікому здароўя  не  прыдае.

Амаль праз тры гадзіны Андрэй Сахута вяртаўся з паліклінікі. Адчуваў сябе зусім пагана. Стаміўся ў чарзе перад дзвярыма ўчастковага доктара, а ў ягоным кабінеце быў зусім нядоўга. Той коратка выслухаў скаргі хворага, памераў ціск — танометр “націскаў” сто семдзесят на дзевяноста. Доктар спытаўся, які рабочы ціск. “Сто сорак на восемдзесят”. Навыпісваў розных таблетак, параіў часцей выязджаць за горад, болей  хадзіць,  раней класціся спаць, карацей, весці здаровы лад жыцця.

Апошнім часам Андрэй рана ўставаў. Калі ўдавалася заснуць з вечара, дык чуўся лепей, а бывала, што цалюткую ноч качаўся без сну. Тады ўвесь дзень балела галава, у якой біўся рой неадчэпных думак: як жыць далей, што рабіць, дзе знайсці работу. А найперш мучыла балючае пытанне: чаму ўсё так раптоўна абрынулася? Чаму рухнула гэткая  магутная звышдзяржава? Чаму рассыпалася гэткая маналітная, ідэйна згуртаваная шматмільённая камуністычная партыя?..

Адказу не знаходзіў. Але ўсё болей пераконваўся, што развал не быў раптоўны, усё наспявала даўно. Гады тры таму ён пачаў прыкмячаць, што ў краіне нешта робіцца не так, што распачатая перабудова не спрыяе ўмацаванню, а наадварот — разбурае эканоміку, падрывае ідэалагічныя апоры грамадства. Па радыё і тэлебачанні ўсё болей гаварылася пра агульначалавечыя каштоўнасці і ўсё меней пра камунізм, пра ідэалагічную работу. Гаварыць пра ідэалогію саромеліся нават самі ідэолагі. І гэты подых, гэты вецер дзьмуў з Усходу, з самой белакаменнай. А потым у ЦК КПБ кінуліся мяняць назву  ідэалагічнага аддзела на гуманітарны, інструктары яго ў адзін момант зрабіліся кансультантамі. І ў абкаме на Андрэя Сахуту пазіралі як на чалавека, які нічога не робіць: ні прамысловасць, ні сельскую гаспадарку ён не курыруе, кадры не падбірае, адно займаецца балбатнёй. А ў сучасным грамадстве, якое на ўсіх ветразях імчыць у дэмакратыю, месца для артадаксальных дэмагогаў няма.

Яшчэ вастрэй ён адчуў перамены, калі жонка аднойчы сказала:

— Шукай  сабе іншую работу. Нікому не патрэбная твая ідэалогія. Балбатня гэта ўсім абрыдла.

— Ты сама да гэтага дадумалася? Ці з чужога голасу спяваеш?

— У мяне свая думка. І людзі пра гэта кажуц. І пішуць у газетах. Пачытай “Камсамолку”. Там адкрытым тэкстам сказана... Ну, не так у лоб. Але сэнс такі

Андрэй чытаў нешта падобнае і ў іншых газетах. Ада найбольш упадабала “Комсомольскую правду”, хоць менавіта на старонках гэтага выдання ішло адкрытае шэльмаванне ідэалаў, якія здаваліся  Сахуту святымі, на якіх гадаваўся ён,  на  якіх вырасла не адно пакаленне савецкіх людзей. Былых камсамольцаў.

Шукай работу… Лёгка сказаць. Ён жа  не  дворнік ці сантэхнік. Падмятаў каля аднаго дома, потым можа  арудаваць мятлою каля суседняга, або яшчэ далей. Дзе загадаюць. Ён жа кіраўнік абласнога маштаба. Яго ўсе ведаюць. Навошта я пагадзіўся ісці ў абкам, іншы раз дапякаў ён сябе. А куды б ён дзеўся? Калі б не згадзіўся, дык папёрлі б на паніжэнне, і ўсе пачалі б таптаць. Выціраць аб ягго ногі, як аб анучу. У глыбіні душы лічыў сваё прызначэнне не зусім разумным: ляснічы па адукацыі, не філосаф, не гісторык. Чаму тэхнары пачалі кіраваць ідэалогіяй у ЦК КПБ? Даніна навукова-тэхнічнай рэвалюцы1? Ці даніна модзе? А потым новаспечаныя цэкоўскія “ідэолухі” падбіралі сабе падобных у абкам ы  і  райкамы. У гэткім падыхожзе Андрэй Сахута бачыў падрыў ідэалагічнай работы, яе аслабленне. І гэта  заахвочвалася цэнтрам, як праява новага мыслення.

Неяк у нядзелю маскоўскае тэлебачанне паказала праграму, у якой былі спецыяльна  падабраныя кадры забастовак, дэманстрацый з усіх саюзных рэспублік. Яго ахапілі жах і злосць: як можна так паказваць?! Дыктар ні слова не сказаў пра асуджэнне шэсцяў, не аналізаваліся прычыны. Перадача нібы заклікала: а вы, мінчукі, чаму седзяце?  Чаму не выходзіце на вуліцы? Чаму не гоніце сваіх партакратаў, ідэолагаў?  Тыпу Сахуты і яму падобных? Як не разумеюць гэтага ў Крамлі? Куды яны глядзяць? Пра што думае Гарбачоў? А можа, усё гэта робіцца з яго дазволу?

Асабліва Сахуту ўразілі падзеі ў Кітаі.Прыехаў туды Гарбачоў, на цэнтральнай плошчы Пекіна сабралася некалькі тысяч прыхільнікаў дзмакратыі, пачалі мітынгаваць, выступаць супраць улады. Іх разагналі, павесілі некалькі самых ярых закапёршчыкаў. І ўсё супакоілася. Кітайцы актыўна праводзяць мадэрнізацыю. Планамерна. Абдумана. Не разбуральную перабудову, а  мадэрнізацыю.

Пасля паражэння на выбарах Андрэй Сахута ўсё часцей думаў пра сваю будучыню і перспектывы будаўніцтва камунізму. І ягоная будучыня, і перспектывы камунізму рабіліся ўсё болей туманнымі і расплывістымі. І ён стаў усё радзей усміхацца, вакол вачэй з кожным днём гусцела сетка дробных зморшчынак, ад носа да куточкаў вуснаў усё глыбей праразалася зморшчына-падкова, глыбокая і скрушная.

Ішоў час. Штодня тэлефанаваў Андрэй былым калегам, таварышам, ці ёсць у каго на прыкмеце вакансія, дзе б льга было ўладкавацца. Яму спачувалі, супакойвалі, абяцалі пашукаць, але каанкрэтных прапаноў не было. Нібы абухом па галаве ўдарыла вестка аб смерці адказнага супрацоўніка ЦК КПБ Сямёна Міхнюка, які некалі вадзіў Сахуту на гутарку да Ціхана Кісялёва, тагачаснага першага сакратара ЦК Кампартыі Беларусі. Сахуту тады абралі першым сакратаром райкама. Сямён Міхнюк не дажыў два гады да пенсіі, зваліў адданага партыйца інфаркт. “Мусіць, і мяне чакае гэткі лёс”, — са скрухаю і абыякавасцю падумаў Андрэй. Бо з кожным днём адчуваў сябе горш, Ада кожны вечар наладжвала допыт: каму тэлефанаваў, хто што абяцае. І амаль кожны вечар усчынаўся скандал:  я табе даўно  гаварыла, каб шукаў работу, а ты ўсё нечага чакаў, вось і дачакаўся. Апынуўся  ля  разбітага  карыта.

Балюча перажываў Андрэй, што не адчуваў маральнай падтрымкі дзяцей, яны сталі радзей заходзіць да іх. Сын Дзяніс зрэдку званіў, суцяшаў, маўляў, не перажывай, бацька, усё ўладзіцца, але ні разу не прапанаваў грошай, нават не спытаўся, можа, дапамагчы. Надзя сама жыла цяжкавата, адна гадавала дзіця.

Упершыню ў жыцці маючы гэтулькі вольнага часу Андрэй узяўся за кнігі. Чытаў розныя, а найперш пацягнула да беларускай літаратуры. Перачытаў Караткевіча “Каласы пад сярпом тваім”, нанава адкрыў для сябе Купалу. Чытаў яго вершы, паэмы, публіцыстычныя артыкулы пра незалежнасць, самастойнасць Беларусі і дзівіўся, як надзённа яны гучаць зараз. Неяк сказаў пра гэта сябру Пятру Махавікову, той ажно ўзрадаваўся:

— Ага, дайшло да цябе! Ну што ж, лепш пазней, чым ніколі.

Пятро тэлефанаваў часта, вечарамі заязджаў, заўсёды браў з сабою пляшку гарэлкі, а то і каньяку, яблыкі ці лімоны. Доўга гутарылі, спрачаліся.

— Сістэму разбурыла не пятая калона, пра якую ты кажаш. Не заходнія галасы, хоць і яны стараліся з уіх сіл. Яна абрынулася знутры. Людзі страцілі веру ў камуністычныя ідэалы. Хрушчоў што абяцаў?  Праз дваццаць гадоў — камунізм. А прамінула ўжо трыццыць! Дзе той камунізм? Дзе абяцаны зямны рай? — гарачыўся Пятро.—  Дуля з макам! Пустыя паліцы ў крамах. Талоны, купоны. Бязладдзе, безгалоўе на кожным кроку.

— Ну, а ў Кітаі генсек сядзіць на месцы Палітбюро кіруе, — не здаваўся Андрэй. — Ідзе мадэрнізацыя. Самі накармілі свой мільярд з гакам. І нам тушонку прадаюць. Курткі, шмоткі. НаватАмерыку завалілі таварм. Усё ў іх ёсць. Значыць,  камуністычная сістэма развязала рукі народу… Чытаў нядаўна Розанава. Мае рацыю Васіль Васілевіч, калі піша,  што Кастрычніцкую рэвалюцыю  падрыхтавала літаратура. Яна ж, літаратура, падрыхтавала і 91-ы год. Вось кніжачку “Тутэйшыя” нядаўна перачытаў, успомнілся, як аднойчы дыскутаваў з імі. У іх былі больш важкія аргументы…

25
{"b":"551730","o":1}