Литмир - Электронная Библиотека

— З Розанавым я згодны. Літатура — вялікая сіла.  Яна абуджае душы людзей. Там. У душы чалавека, выспяваюць рэвалюцыі. А тады адна іскра і шугае прлымя.. — разважаў Пятро.

Гэтыя сустрэчы з сябрам, размовы, спрэчкі не прыносілі Андрэю палёгкі. Пасля чаркі-другой засынаў лягчэй, затое назаўтра яшчэ мацней балела галава. І жыць не хацелася…

Неяк увечары патэлефанаваў Мікола Шандабыла з Магілёва. Пагаварылі пра жыццё-быццё, ён і раней тэлефанаваў, супакойваў, каб дужа не браў да галавы, праца знойдзецца.

— Колькі тваёй Браніславаўне да пенсіі?

— Два гады. А мне цэлых сем.

— Так, табе яшчэ, як меднаму кацялку. Ну, дык гэта ж добра! Малады мужык. Яшчэ напрацуешся. Толькі не бядуй. А то... На днях мы тут пахавалі аднаго сакратара райкама. Сорак гадоў чалавеку. Інфаркт. Жонка, сцерва, пілаваць узялася... Даканала. Яму і без яе было мутарна. Кошкі душу скрэблі.. Слухай, а з’ездзі ты дамоў. Я чуў, Марына з Бравусавым жывуць прыпяваючы. У Лабанаўцы намячаецца вакансія. Галоўны ляснічы лясгаса збіраецца на пенсію. Магу сасватаць цябе. А з пасады галоўнага ляснічага можна і ў Мінск сігануць, у міністэрства . У Лабанаўцы старшынёй выканкама зараз Толя Раковіч. Зрабілі мы фінт. Ранейшага старшыню забралі ў Магілёў. У яго пенсія на носе. Даўно прасіўся... А Раковіч малады, талковы хлопец. Хай кіруе. Гаварылі з ім пра цябе. Падтрымка  будзе. Надумаеш ехаць, звякні яму. Машыну падашле к поезду. Што табе  па начы цягацца...

Андрэй падзякаваў земляку, сказаў, што абдумае прапанову.

Доўга думаць не было часу. Ён схапіўся за гэтую прапанову, як тапелец за саломінку. Паехаць у родную  вёску  хацеў даўно,  але жонка адгаварыла, маўляў, што ты там выседзіш у радыяцыйнай вёсцы. Цяпер ён вырашыў не адкладваць і дні праз два выбраўся ў дарогу.

Білет Андрэй узяў у плацкартны вагон: усё-ткі трохі танней, меней шанцаў сустрэць каго са знаёмых, бо начальнікі ездзяць звычайна ў купэйных вагонах. Людзей набілася, як семак у гарбуз. Праз гадзіну-дзве пасажыры пачалі выходзіць. Андрэй ні з кім не пачынаў размоў, чытаў газету, разгадаў амаль усю крыжаванку.Пахваліў сябе: нешта ведаю,  і  тут жа ўпікнуў: каму патрэбны твае веды?

У Магілёве мелася быць сустрэча з земляком Міколам Шандабылам. Цвёрда зямляк не абяцаў, бо ў той дзень праводзілася нарада, якая магла зацягнуцца. У душы Андрэю вельмі хацелася пабачыцца з сябрам, бо цяпер, як ніколі раней, яму патрэбна была падтрымка, сяброўская  парада: зямля як захісталася пад ягонымі нагамі ў дні ГКЧП, так і не меў ён цвёрдасці, пэўнасці ў сваім становішчы беспрацоўнага партыйнага функцыянера. Падлівала смалы ў агонь і жонка, якая дужа нецярпліва чакала, калі ён знойдзе работу. Дапякала, што не пагадзіўся з прапановай Гарошкі — пайсці ў ягоную фірму намеснікам па збыце і забеспячэнні, кіраўніком службы маркетынгу.

Гарошка здзівіў. Андрэй лічыў, што былы другі сакратар райкама затаіў крыўду, калі яго, Андрэя, абралі першым, бо на гэтую пасаду прэтэндаваў Гарошка. Раней іх звязвалі нармальныя, таварыскія стасункі: Андрэй Сахута — старшыня райвыканкама, Гарошка — другі сакратар, іх яднала агульная справа. А тут сітуацыя памянялася: Гарошка зрабіўся  падначаленым, падкрэслена ўгодлівым і паслухмяным. Сахута стараўся нічым не пакрыўдзіць таварыша па партыі. Гады два яны працавалі разам, даволі дружна і зладжана, але ранейшай цеплыні і таварыскасці ўжо  не было. Потым Гарошка перайшоў у гаркам на пасаду загадчыка аддзела. На пачатку дзевяноста першага, калі адчуў, што ў паветры запахла смажаным, на імя жонкі, інжынера па адукацыі, зарэгістраваў фірму, якая пачала вырабляць лічыльнікі гарачай і халоднай вады. Прадукцыя патрэбная, фірма набірала сілу. Гарошка расправіў плечы. Пасля ГКЧП ён і патэлефанаваў Андрэю: падаў руку дапамогі. Ада ўхапілася за гэтую прапанову: “Згаджайся, твая лясная прафесія ў горадзе мала дзе патрэбна”. Праўда, яму абяцалі пасаду ў Міністэрстве лясной гаспадаркі — міністра ён даўно ведаў. Гэта была адна з прычын нежадання ісці да Гарошкі. А другая была іншага кшталту: Андрэй у глыбіні душы баяўся, што былы ягоны падначалены хоча пацешыць сваё самалюбства: “Ты некалі камандаваў мною, а цяпер я пакамандую, ды так, як захачу, бо ніякі прафсаюз, не тое, што партбюро, цябе не абароніць”.

Але на вакантную пасаду ў міністэрства ўзялі чалавека з ЦК. Жонка як дачулася пра гэта, учыніла скандал: Андрэй і Ада ўпершыню моцна пасварыліся. Ён  пашкадаваў, што не мае “запаснога аэрадрома” — палюбоўніцы,  да якой можна было б пайсці. Часам зусім не хацелся жыць.

Нават узнікалі думкі пра суіцыд…

Гэтыя  згадкі прамільгнулі ў галаве Андрэя Сахуты пад перастук колаў плацкартнага вагона цягніка, які імчаў яго на радзіму. Дарога заўсёды супакойвае чалавека. І Сахута чуўся больш упэўнена, у душы  праклюнуўся парастак надзеі: пачне працаваць у родных мясцінах насуперак радыяцыі. Ён пачне новае жыццё, акрыяе духам і целам. Ён павінен выстаяць. Не зламацца.

Развал партыі падкасіў шмат каго.Узгадаў Сямёна Міхнюка, які не дацягнуў да пенсіі, упаў, як падсечанае дрэва. А неяк Андрэю трапіўся на вочы артыкул: “Яны пайшлі з жыцця разам з цэлай эпохай”. Гэта была  перадрукоўка з французскага выдання. Гаворка ішла пра самагубства былога  міліцэйскага міністра Пуга, удзельніка ГКЧП, былога галоўнага гаспадарніка ЦК КПСС Кручыны, маршала Ахрамеева. Моцна, балюча ўразіў артыкул. І тон яго быў здзеклівы: пайшлі з жыцця — туды ім і дарога. Андрэй асабліва шкадаваў маршала Ахрамеева, з цікавасцю слухаў яго вострыя, смелыя выступы на з'ездзе дэпутатаў у Маскве. Нават узнікла сумненне: а ці сам  пайшоў з жыцця гэты мужны чалавек, ці не дапамаглі яму гэта зраьіць?

У Магілёў цягнік прылескатаў надвячоркам. Стаяў ён тут ажно дваццаць хвілін, таму і дамовіліся сустрэцца з Міколам Шандабылам. Услед за пасажырамі Андрэй выйшаў з вагона і адразу ўбачыў земляка, які валюхаўся насустрач. Высокі, мажны, чырванатвары, у шыкоўным светла-шэрым касцюме, але без гальштука — каўнер ружаватай  кашулі быў расшпілены. Кашуля ружаватага колеру невыпадковая, каб не так у вочы кідалася чырвань твару. Гэтая чырвань, гладкасць і шырыня твару, а таксама круглае чэрава, што выпірала з-пад пінжака, яскрава сведчылі, што намеснік старшыні аблвыканкама па чарнобыльскіх праблемах з поспехам перамагае радыяцыю. Сваім выглядам  ён пераконваў: “Вось я, матаюся па зоне, амаль кожны дзень бываю ў камандзіроўках, у адселеных  вёсках — днюю і начую на забруджанай тэрыторыі, а мяне і чорт не бярэ”.

Хіба можна было пазнаць у ім таго адчайна-хвацкага танцора і гарманіста, зграбнага, лёгкага і з касою на сенажаці, і на вечарынцы ў скоках? Землякі абняліся. Мікалай Арцёмавіч паляпаў Андрэя па плячы, пільна зірнуў у вочы, быццам шукаў прыкметы суму і душэўных згрызот у беспрацоўнага абкамаўца. І вядома ж, знайшоў іх, бо Андрэй пахудзеў за апошні час, і плечы неяк па-старэчы апусціліся. Але прамовіў зямляк знарок весела:

— Ну, выглядаеш бадзёра. Малайцом! Не бядуй! Усё ўтрасецца. Ліха перамелецца, і зноў добра будзе.

— Ой, мусіць, доўга ліха будзе гаспадарыць, — міжволі ўздыхнуў Андрэй.

— Дарагі мой, ніхто гэтага не ведае. Вось уладкуешся на працу. Падтрымку гарантую. Ты пазваніў Раковічу?

— Не знайшоў я яго, — схлусіў Андрэй, бо і не шукаў — пасаромеўся. — Недзе на раёне быў...

— Дарэмна. Ну, я зараз на кватэру патэлефаную.

Развіталіся без абдымкаў. Міколу было няёмка, што не запрашае Сахуту ў госці, не шукае для яго вакансіі ў абласным цэнтры. Але ён і сам чуўся на сваёй пасадзе няпэўна, бо і так ужо тры гады пасля пенсіі працуе. Сёй-той з былых абкамаўцаў і гарадскіх партыйных дзеячаў не супраць заняць яго крэсла, праўда, з насцярогаю, бо ездзіць у зону нікому дужа не карціць.

Далей Андрэй ехаў адзін у купэ. Углядаўся ў акно, нібы прыліп да яго. Пачаўся лес. Дрэвы то адбягаліся на якую вярсту ад чыгункі, то зноў абступалі рэйкі з абодвух бакоў. Лес быў найбольш змешаны: бярозы, асіннік, старыя таўшчэзныя вольхі раскашавалі, як пані.

Зрэдку на ўскрайку лесу высіліся дубы. Яны злёгку зачырванеліся, яшчэ не хацелі паддавацца павевам восені. Затое асіны ўжо ўспыхнулі барвовым полымем, зажаўцеліся бярозы. Пачыналася залатое бабіна лета. Зыркае вечаровае сонца, нібы пражэктар, высвятляла і паваленыя дрэвы, і лаўжы — не прыбранае, не спаленае голле. Вочы не хацелі гэта прыкмячаць, яны любаваліся хараством  верхняга ярусу лесу.

26
{"b":"551730","o":1}