Литмир - Электронная Библиотека

Предсдатель: Есть такое предложение — предложение тов. Яковлева проголосовать. Кто за то, чтобы предложение т. Яковлева прииять? Прошу проголосовать. Прошу опустить. Кто против?  Нет? Ваш партийный  билет.

Жолудов.  Я не знаю. Я апелирую к пленуму, разберутся, конечно, но я вредитель, так, по-видимому, получается…

Яковлев: Так получилось.

Жолудов: Я вредителем никогда не был. Я вышел  из  пролетарской семьи,  боролся на фронтах. Ну что же…— \отдает партийный билет\.

З 24 выступоўцаў на пленуме 20 былі расстраляныя, сярод іх тагачасны

Першы скратар ЦК Васіль Шаранговіч,  першы беларус на гэтай пасадзе,

Да яго нашымі партыйцамі кіравалі небеларусы. У тым годзе КПБ страціла 40 працэнтаў сваіх членаў. Былі расстраляныя сотні савецкіх, гаспадарчых кіраўнікоў, вайсковых камандзіраў, навукоўцаў і пісьменнікаў.

Здараюцца  ў гісторыі дзіўныя, ракавыя супадзенні. Роўна праз год 29  ліпеня 1938-га Якаў  Якаўлеў  быў  расстраляны  як вораг народа: “за что боролся, на то и  напоролся.” А Малянкоў неўзабаве стаў сакратаром ЦК,  у жніўні 43-га ўзначаліў Камітэт пры СНК СССР па аднаўленні разбуранай гаспадаркі ў вызваленых ад фашыстаў раёнах. Праявіў на гэтай пасадзе выдатныя арганізатарскія здольнасці.

Гнеў таварышаў–хаўруснікаў дагнаў Георгія Малянковаў 1961 годзе: за грубыя парушэнні Статута партыі, сацыялістычнай законнасці і антыпартыйную  фракцыйную дзейнасць яго выключылі з КПСС. Памёр Малянкоў у 1988–м  на восемдзесят сёмым годзе жыцця.. Нездарма кажуць: пакуль тоўсты сохне,  дык худы здохне. Дарэчы,  доўга  жылі і бліжэйшыя паплечнікі Сталіна — Молатаў і Кагановіч. Няўжо не мучылі іх згрызоты сумлення?

Георгій Акапян з цяжкасцю падняўся, прычасаў парадзелыя кучары, у якіх з кожным днём усё большала сівых нітак-валасінак: няўмольны час ткаў сваё павуцінне. Скрушна падумалася: тады быў суровы час, але і зараз не лягчэй. Адно, што не страляюць, не адбіраюць партбілеты. Затое самі партыйцы кладуць іх на стол, самі пускаюць сабе кулю ў лабаціну. Паклікаў сакратарку, спытаўся, хто яму тэлефанаваў.

— Званіў ляснічы Акуліч з Белай Гары. Праз паўгадзіны будзе яшчэ тэлефанаваць.

— Паклічце галоўнага інжынера, намесніка па будаўніцтве...

Закруцілі яго, узялі ў палон звычайныя, будзённыя клопаты і праблемы вялікай будоўлі. На планёрцы Георгій пераказаў размову з намеснікам міністра сваім бліжэйшым памочнікам.

— Вусны дазвол — штука хітрая, — пакруціў носам галоўны інжынер. — А як пуск завода сарвецца, тады спытаюць: чаму народ распусцілі? Хто дазволіў?

— Ну, дык грошай жа не даюць, — парыраваў намеснік па будаўніцтве. — Завод сёлета пусціць не ўдасца. Яшчэ столькі работы! Тым больш там, наверсе, нікому наш завод не патрэбны.

— Карацей, зробім так, — рашуча сказаў Акапян. — Хто не дужа заняты і хоча ўзяць адпачынак, адпускайце. На два тыдні без аплаты. Хай убіраюць бульбу. Рыхтуюцца да зімы.

Адчыніла дзверы сакратарка, сказала, што зноў тэлефануе ляснічы.

— Усе свабодныя! — Акапян зняў трубку.

— Георгій Сяргеевіч, дзень добры! Не прабіцца да вас. Даўно мы не бачыліся. Запрашаю на паляванне. А то качкі скора адляцяць у вырай. За Бялынкавічамі, у чыстай зоне, ёсць возера. Там качак — хмара. Давайце заўтра з раніцы і маханём туды. Ну як?

— І хочацца, і колецца. Спраў розных багата.

— Справам заўсёды канца няма. Паляванне — справа сезонная. Сёння можна — заўтра не. Так што паехалі. Даніла Баханькоў будзе. Вы ж з  вадзіцелем?

— Ды не. Адпрасіўся... Бульбу капаць трэба.

— А калі паехаць сёння? На возеры пераначуем. Каля вогнішча. Шандарахнем па антабцы... А заўтра да дзесяці ён будзе дома. Даніла сядзіць без паліва. У мяне толькі матацыкл.

Акапян зразумеў,  чаму гэтак угаворвае ляснічы:  ім няма на чым ехаць. І ў яго не лішне гаручага, але раптам так заманулася апынуцца ў лесе,  весела пагаманіць, кульнуць па “антабцы”.

— Пазвані праз гадзіну. Тады канкрэтна дамовімся, — закончыў ён размову.

Дзень памалу разгараўся. Па абедзе з-за хмараў выбілася зыркае сонца і высвеціла на дрэвах жоўта-чырвонае лісце — яно нагадвала раннюю сівізну ў чупрыне яшчэ маладога, здаровага  чалавека. Прырода быццам спахапілася, што надыходзіць час бабінага лета, вымыла ўсё навокал бадзёрым восеньскім дажджом, вецер пазрываў сухое зморшчанае лісце, каб шчодра размаляваць лес у восеньскія фарбы. Паветра пачысцела, зрабілася прасветленым, празрыстым, як вымытае шкло.

Памалу палепшаў і настрой Акапяна. Усе ягоныя думкі былі пра паляванне. Заводскія клопаты адступілі на другі план.

Яны прыехалі на возера, калі сонца яшчэ не схавалася за дрэвы. Дзмітрый Акуліч развёў паляўнічых. Акапяна паставіў на прагалінцы, адкуль быў добры агляд наваколля. Даволі вялікае возера выцягнутай падковай уціснулася  між лесу.  Мабыць, з вышыні яно нагадвае след велікана, запоўнены вадою, падумаў Акапян, аглядаючы наваколле, нібы ўжо спадзяваўся ўбачыць у вышыні чараду качак.

Метраў за паўсотні ад яго стаяў Даніла Баханькоў. Сам ляснічы разам з вадзіцелем на старой пласкадоцны пашыліся ў чарот, які густа атуляў супрацьлеглы бок возера. Неўзабаве з чароту ўзнялася чародка качак, імкліва закружыла над возерам. Георгій не паспеў падрыхтавацца, як убачыў качак над галавою. Ускінуў стрэльбу, адчуў, што рука дрыжыць ці то ад хвалявання, ці ад бяссоннай ночы, націснуў курок — стрэлу не было, ціскануў другі — грымнуў стрэл  наўздагон  чарадзе. І  ніводная   качка  не ўпала.

З прыкрасцю і разгубленасцю праводзіў вачамі чараду птушак. Тут жа бабахнуў дуплетам Даніла, дзве качкі шлёпнуліся ў ваду. Таксама дуплетам зняў дзвюх качак ляснічы.

“Шанцуе ж людзям”, — з прыкрасцю сплюнуў Акапян, цішком вылаяўся.

Астатнія качкі нырнулі за макаўкі дрэў. Але адна адбілася, імкліва кружляла над возерам. Георгій таропка заклаў новы набой. Качка набліжалася, ускінуў стрэльбу, мацней прыціснуў прыклад да пляча, адчуў, як тахкае сэрца, злавіў у проразі між ствалоў птушку, узяў трохі вышэй і ціскануў курок. Яму падалося, што стрэлу не пачуў, затое згледзеў, як падстрэленая качка рэзка склала крылы, спікіравала ўніз і шчабоўкнулася ў ваду. Ён прыкмеціў тое месца, куды ўпала птушка. Ляснічы з вадзіцелем спрытна даставалі ўпаляваную дзічыну. Акапян навёў іх на  месца,  куды ўпаў ягоны  трафей.

— Ого, які качар! Прыгажун! — узрадавана крыкнуў ляснічы.

Акапян адразу не зразумеў, што качар — гэта самец-прыгажун. Гэта ён уцяміў, калі ўбачыў зялёна-карычневую птушку, узяў у рукі. Вада сцякла з пер’я, з крылаў, пачуў слабую цеплыню птушынага цела, якое зусім нядаўна было поўнае жыцця, спрыту, першароднай прыгажосці. І вось ягонае жыццё нечакана абарвалася. Цікава, чаго ён застаўся, не паляцеў  разам з чарадой? Ці адбіўся з перапуду, ці кінуўся шукаць сваю сяброўку, якую падстрэлілі паляўнічыя? І яго напаткала смерць. Георгію шкада было прыгажуна-качара, і ў той жа час варухнулася ў душы азартная радасць паляўнічага ад удалага, трапнага стрэлу. Калі б не пацэліў, было б сорамна: кампаньёны-хаўруснікі знялі па дзве качкі, а ён ніводнай. А так, ён можа сябе паважаць, бо яшчэ мае цвёрдую руку і зоркае вока.

Не мог ведаць Георгій Акапян, што гэта ягоны апошні трафей   і  апошняе паляванне.

А ў той вечар яны добра пагаманілі, пасядзелі каля вогнішча, кульнулі не па адной антабцы. Былі вясёлыя анекдоты, жартоўныя паляўнічыя гісторыі, смачная, духмяная шурпа, якую ўмеў гатаваць ляснічы.

Георгій Акапян піў з асцярогаю: памятаў, чым скончылася вячэра месяц таму, жнівеньскім вечарам у доміку над Бесяддзю. Дый прымусу — піць да дна не было, а дырэктар саўгаса Даніла Баханькоў пасля некалькіх “антабак” хмыкнуў: піць, як і красці, трэба асцярожна. Настрой у Акапяна быў выдатны. Прывязе жонцы прыгажуна-качара — хай ведае, што ён яшчэ ўсё можа, сёння ў іх усё атрымаецца, ён будзе абдымаць жонку горача і прагна, як у маладосці, калі будзіў яе разы тры-чатыры за ноч...

Вярнуўся дамоў Акапян пасля поўначы. Алена чакала. Узрадавалася, калі ўбачыла паляўнічы трафей. І сапраўды, яны горача цалаваліся, і ўсё ў іх атрымалася. Шчаслівая Алена ўсміхалася: “Ну во, бачыш, пабыў на прыродзе. Адпачыў. І сіла з'явілася. Бяры адпачынак. Неадкладна...” Акапян не пярэчыў, пра недабудаваны завод не сказаў ні слова, пацалаваў жонку яшчэ раз і неўзабаве заснуў. І спаў моцна, як пшаніцу прадаўшы.

23
{"b":"551730","o":1}