Литмир - Электронная Библиотека

— Я  не тыкаю. Я сказаў ,  што ў нас іншае надвор’е. І няма чаго крычаць, — хмурна зірнуў бульдазерыст, сціскаючы  бруднай  спяцоўкаю вялізны гаечны ключ.

Акапян ведаў бульдазерыста, не раз бачыў яго  на падпітку, і жыў ён у суседнім доме.

Новым мікрараёнам, у якім атрымалі  кватэры завадчане, былыя вяскоўцы ў сваёй большасці, Акапян мог ганарыцца. Гэта ён выбіваў фонды, матэрыялы, дняваў і начаваў на будоўлі жытла, бо разумеў, што кватэраю можна прывязаць тут маладога, дый  сталага спецыяліста. Жылых дамоў набудавалі, а завод стаіць мёртвы, хоць ён ужо тры гады павінен даваць прадукцыю. Спярша пуск сарваў Чарнобыль, а цяпер тармозіць суцэльнае безгалоўе, якое  пануе ва ўсёй вялікай савецкай краіне.

Вярнуўся ён у кабінет з дрэнным настроем. Зноў зашчымела сэрца, мусіў узяць   таблетку  нітрагліцэрыну.  Кепска пачынаецца дзень, сумна падумаў ён. У гэты  час пранізліва азваўся тэлефон.

— Ну што ты ўсё скардзішся, Георгій Сяргеевіч? — пазнаў ён голас намесніка міністра. — Няўжо ты не разумееш сітуацыю? Ну, няма зараз грошай. Ты думаеш, даў тэлеграму —  і ўсё вырашылася? Ні храна... Спіхнулі на мяне. Даручылі перадаць: можаш даваць людзям адпачынак без аплаты. Хай бульбу ўбіраюць. Зіма наперадзе.

— А хто так сказаў? Дык што, завод пускаць не трэба? Ухлопалі мільярды... І кату пад хвост? Хіба гэта дзяржаўны  падыход?

— Георгій Сяргеевіч, дарагі мой чалавек, і я, і ўсе ў міністэрстве.. І вышэй нас.  Усе гэта ведаюць. А ты мітынгуеш. Не пусцім сёлета, на будучы год здадзім. Давядзем да ладу. Тут усё сыплецца, развальваецца...Карацей, грошай пакуль што няма. Пускай людзей  у адпачынкі. І сам з'ездзі куды-небудзь. А то без выхадных шчыруеш там, як чорны вол, — намеснік прыцішыў голас: — А гэта зараз нікому не трэба. Як і твой завод.Міністр у адпачынку. Катануў да Чорнага мора. А ты распінаешся там. Будзь здароў! І не бяры  ўсё да галавы. Бог не выдасць — свіння не з'есць. Абдымаю!

Акапян доўга трымаў слухаўку, быццам страціў сілу, не мог працягнуць руку і пакласці трубку на апарат. Значыць, з ягонай грознай тэлеграмы: зрываецца пуск завода, калектыў патрабуе аднавіць фінансаванне — атрымаўся пшык. З вялікага грому малы дождж. Канешне, ён не спадзяваўся, што патэлефануе сам прэм’ер, але ягоны намеснік ці міністр маглі б пацікавіцца, а то і прыехаць,  разабрацца на месцы або выклікаць яго, Акапяна, для даклада. Значыць, сапраўды пуск завода нікому не патрэбны.

Ён сядзеў абвялы, як бульбоўнік пасля марозу, яму нічога не хацелася рабіць. Адчуваў, як патыліца ўсё мацней наліваецца цяжарам — значыць, падымаецца ціск. У роце зрабілася суха і горка. Папрасіў сакратарку згатаваць чаю, але нямоцнага. Выпіў таблетку адэльфану, каб трохі збіць ціск.

— Мне трэба абдумаць адну справу. Паўгадзіны ні з кім не злучай. Кажы: на тэрыторыі, — папярэдзіў сакратарку.

А сам лёг на  вузкую мулкую канапку, што стаяла паўз сцяну. Пад галаву паклаў куртку, наверх берэт — пачуў ад яго пах адэкалону, накрыўся пінжаком. Заплюшчыў вочы, але ў галаве, нібы на гукавой плёнцы, пракручвалася нядаўняя размова з намеснікам міністра, усплыў чырвоны абветраны твар бульдазерыста, на фоне густых цёмна-шэрых аблокаў трапятаўся бел-чырвона-белы сцяг. Нехта ж яго усцягнуў… Каму сцяг. А ў мяне з галавы не выходзіць печ размолу клінкера. Дарога для падвозу сыравіны не закончана. Вузкакалейка ад станцыі не даведзена да завода. Засталося якіх паўтараста метраў. Рэек не хапіла. Шпалы ўклалі. Усё падрыхтавалі — рэек не прывезлі. Нуй бардзель! Калі цяпер не зробім,  да вясны шпалы расцягнуць. Пачынай усё спачатку. От. безгалоўе!  Яны думаюць: сцяг павесілі — і ўсё само сабой зробіца. Але хто даў каманду? Са мной не параіліся. Я ж чужы,   небеларус. Нават п'янтос-бульдазерыст уеў: тут вам не Каўказ.

Акапян павярнуўся на другі бок з надзеяй хоць на чвэрць гадзіны задрамаць, адключыць свой “камп’ютэр”. Але рой думак не пакідаў галаву. І раптам так заманулася кінуць-рынуць усё і паехаць у Арменію. Ёсць там далёкія сваякі. Там шануюць сваяцтва, ведаюць свае карані да сёмага калена. Сястра Ніна перапісваецца з цёткаю. І жонка Алена прасіла не раз: “Давай з’ездзім у Арменію”. Ён быў адзін раз у Ерэване і то ў камандзіроўцы. З жонкаю ўсяго адзін раз быў на Чорным моры, у крымскім санаторыі “Беларусь”. І ўчора яна казала: “Калі возьмеш  адпачынак?” — “Які адпачынак? Завод пускаць трэба. Тысяча клопатаў...” — “Ты паглядзі на сябе. Адзін нос застаўся. Схуднеў, учарнеў... Пра жонку, пра сям’ю і думаць забыўся. Без грошай сядзім...” А можа, паехаць заўтра ў Мінск? Праведаць дачку, унука. А ў панядзелак у міністэрства. А што там вырашыш? Міністра няма. Да віцэ-прэм’ера не праб’ешся без папярэдняй дамоўленасці. Кебічу не да яго... Узгадаў, што ўчора вадзіцель прасіўся адпусціць яго ў суботу — капаць бульбу. Ні храна не маю: ні сваёй машыны, ні дачы. Аддаў сілы і здароўе заводу, які нікому не патрэбны. І невядома, калі ён пачне працаваць. Навошта цэмент, калі ўсё вакол развальваецца, рушыцца. Цэмент патрэбны, калі кіпіць будоўля.

Думкі зноў павярнуліся да сям’і, жонкі. Учора яна ўпікнула: зіма наперадзе, а бульбы адзін кош. Суседцы прывезлі з калгаса чатыры мяхі. “І нам прывязуць. Не перажывай. Уборка бульбы толькі пачалася”. — “Ага, прывязуць. У цябе толькі завод у галаве. І ўдзень, і ўночы пра яго думаеш...” У апошнім слове адчуў намёк, што даўно не спаў з ёй. Няма жадання, і што яго балюча ўразіла — няма сілы. Во, што значыць працаваць без адпачынку! Ды часцяком без абеду. А ўвечары даводзілася і чарку браць на галодны жывот. Учора ён абняў жонку, пацалаваў, яна прыхінулася да яго... Ён стараўся, як мог, але хапіла сілы толькі на пацалункі. Болей нічога не атрымалася. Упершыню за іхняе сямейнае жыццё выйшла асечка.

Алена замест таго, каб суцешыць, супакоіць яго, заплакала, пачала дакараць, што ён завёў сабе маладую, што круціць з сакратаркай, дамоў прыязджае з пустымі штанамі... Гэтыя словы яго вельмі ўразілі і абразілі. Доўга не мог заснуць. А тут яшчэ заводскія клопаты, размова з намеснікам міністра, бязладдзе вакол. Халадэча і няўтульнасць...

У галаве нібы засела думка-стрэмка: што рабіць? Дзе выйсце? Міжволі згадаў бацькаў аповед: калі яго наважыліся турнуць з партыі,  з крэсла першага сакратара райкама, ён з Лабанаўкі, катануў у Маскву да Георгія Малянкова. І той абараніў, дапамог. А куды  кінуцца яму, Георгію Акапяну? Ні ў Мінску, і тым больш у Маскве, яго ніхто не чакае. Яшчэ згадалася размова з бацькам пра “чорны след” Малянкова на Беларусі: разгром, які ён учыніў партыйным кадрам у 1937 годзе. Бацька не даслухаў, рашуча замахаў рукамі: “Брахня, сынок! Цяпер панавешалі сабак і на Сталіны, і на яго саратнікаў. Малянкоў прыязджаў тады з Якаўлевым. Дык таго праз год расстралялі. А Малянкоў пайшоў на павышэнне. Вось так, душа любезны. Сталін разбіраўся! Ведаў, хто чаго варты.

АД АЎТАРА.  Як і ў ранейшых раманах, дазволю сабе публіцыстычнае адступленне.Каларытная постаць бліжэйшага сталінскага паплечніка Георгія Малянкова мяне ціквіць даўно. Яшчэ ў дзяцінстве, калі чытаў газеты, якімі былі абклеены сцены нашай хаты, часта кідалася ў вочы ягонае прозвішча, мурлаты тмвар на фотаздымках. А потым, калі пасля смерці Сталіна, нашмат скарацілі падаткі — Малянкоў тады быў старшынёй Савета Міністраў СССР, рабіў даклад,— народ усю сваю ўдзячнасць скіраваў на яго. Вось тады мае аднавяскоўцы пачалі куляць за ягонае здароўе поўныя шклянкі, якія ахрысцілі “малянкоўскімі”.

У трагічным 1937 -м загадчык аддзела партыйных органаў ЦК Малянкоў прыязджаў у Мінск разам з Якавам Якаўлевым, які загадваў аддзелам сельскай гаспадаркі ЦК. Мне давялося чытаць стэнаграму пленума ЦК Кампартыі Беларусі, які адбыўся 29 ліпеня 1937 года. Усіх прамоўцаў госці з Масквы закідвалі пытаннямі, не давалі гаварыць.Вось яскравы прыклад. Выступае старшыня Слуцкага акрвыканкама Жолудаў. Якаўлеў перапыняе яго, называе “польскім шпіёнам” і робіць выснову-прысуд:

“Я думаю, что таким людям нечего делать ни  в ЦК Белоруссии,  ни  в нашей партии.

22
{"b":"551730","o":1}