Литмир - Электронная Библиотека

З першым семінарам, які ладзіўся на Брэстчыне, адбыўся кур’ёз. Запрасілі шмат каго з вядомых літаратараў, мастакоў, артыстаў, рэжысёраў. Семінарам меўся кіраваць сам першы сакратар ЦК. Усе запрошаныя ахвотна згадзіліся паехаць на Брэстчыну, спіс атрымаўся занадта доўгі. Калі яго паклалі на стол першаму, ён паморшчыўся, нахмурыўся, заёрзаў на крэсле, нібы яно зрабілася мулкім, і коратка загадаў: “Падкараціць!” Вось тады Віктар Грышчанка і патэлефанаваў у абкам Сахуту:

— Ну, што  гэта робіцца? Запрасілі на семінар. Я згадзіўся. Адклаў усе свае справы. А сёння патэлефанавалі з Саюза мастакоў: прабачце, вас у спіс не ўключылі. Безабразіе!

— Віктар Іванавіч,  не крыўдуйце. Ваш Саюз тут не вінаваты. Не змаглі ўзяць шмат каго з вядомых людзей. Нават галоўнага рэдактара “Вожыка” не ўключылі ў спіс. Застаўся дома.

— Ну, хрэн з імі, — павесялелым голасам адказаў мастак. — Затое з мае галавы вожыка вы прагналі. А то варушыцца думка-стрэмка, колецца, быццам вожык: чаму не ўзялі мяне? Хто выкрасліў? Вы супакоілі.

Задаволены гаворкаю застаўся і Сахута: ён лічыў, што супакоіць чалавека, падтрымаць у ім душэўную раўнавагу — вельмі важна. Асабліва для чалавека творчага, бо нічога людскага не напішаш, не намалюеш, не створыш, калі на душы згрызоты, калі точыць яе чарвяк сумневу, калі ў душы няма гармоніі і злагады.

Сахута падняўся, выключыў тэлевізар, падаў руку госцю.

— Што там, у Маскве? Можа, хай працуе тэлевізар?

— Не, Віктар Іванавіч, вы ж не прыйшлі да мяне глядзець тэлевізар. Пэўна ж, дома ёсць свой, як некалі пісалі, блакітны экран. Сядайце, расказвайце. Якія ў вас праблемы? — Сахута запрасіў госця за малы, прыстаўны столік, сам сеў насупраць. — Слухаю вас уважліва, Віктар Іванавіч.

— Тэлевізар у мяне, канечне, ёсць, ды рэдка ўключаю яго. І ведаеце чаму?

— Ну, чаму? — паўтарыў пытанне Сахута, пільна зірнуў на свайго суразмоўніка, не разумеючы, да чаго ён вядзе гаворку.

— Страшна ўключаць. Забойствы, гвалт. Кроў ліецца з экрана. А паглядзіце на афішы кінатэатраў! А зазірніце на вернісажы. Жах, што робіцца! Чарнуха, парнуха, безгустоўшчына правяць баль. Вось таму я з надзеяй пачуў паведамленне  пра ГКЧП. Трэба наводзіць парадак. Але пабачыў змоўшчыкаў... Ну, прэс-канферэнцыю, паслухаў. Відаць, нічога ў іх не атрымаецца. А сітуацыя ў краіне страшэнная. Крызіс руйнуе эканоміку. Занядбанне маралі. І ведаеце, Андрэй Мацвеевіч, не базіс вінаваты, а надбудова. Даруйце за гэтую марксісцкую фармулёўку. Страта духоўнасці. Занядбанне спрадвечных традыцый.

— Віктар Іванавіч, вы праўду кажаце. Я падзяляю вашу трывогу, вашу заклапочанасць.

— Вы, можа, і разумееце, а ваша начальства... Вышэйшы эшалон улады — наўрад. Нас чакае пагібель, калі не пачнём адраджаць культуру. Мы ўзгадавалі чалавека плоцкага, які існуе па-жывёльнаму.

— Я не згодны. Гэта не так.

— Хвіліначку, Андрэй Мацвеевіч, я не закончыў думку. Справа ў тым, што наша ідэалогія была скіравана не на жыццё... Паўнацэннае, паўнакроўнае чалавечае жыццё, а на барацьбу за светлую будучыню.  І  найбольш поўнае задавальненне патрэб насельніцтва.

— Бяда ў тым, што нам не ўдалося задаволіць гэтыя патрэбы, — даволі рэзка сказаў Сахута, бо яго пачала злаваць вучоная дэмагогія госця. Прыйшоў на прыём, дык кажы, чаго ты хочаш, а не пускай туман у вочы. Тут і так кошкі душу скрабуць.

Раптам рэзка зазваніў тэлефон.

— Чуў навіну? — спытаў  Пятро Махавікоў. — Дык вось, пазванілі з Масквы, з цэнтральнага тэлебачання. ГКЧП арыштавана. Путч праваліўся. Калі б яны перамаглі, былі б героямі. А так — путчысты. Як пісаў некалі венгр Шандар Пецёфі: “Мяцеж не можа скончыцца ўдачай, у іншым выпадку яго завуць іначай”. Гаўнюкі, нават маючы ўсю ўладу, не змаглі нічога зрабіць. Авантурысты. Якія сёння планы? Давай сустрэнемся.

— Цяжка сказаць. У мяне чалавек зараз. Пазней патэлефаную.

Віктар Іванавіч зразумеў, што вестка важная, бо на твары гаспадара кабінета адбілася ўстрывожанасць.

— Можа, пра Маскву што? Пра ГКЧП?

— Так, путчысты арыштаваны. Нядоўга музыка іграла...

Мастак амаль тымі ж словамі, што і Пятро, пачаў бэсціць авантурыстаў, бяздарных арганізатараў, закончыў з усмешкай:

— У народзе кажуць: не можаш укусіць, не паказвай зубы.

— Так, у путчыстаў хапіла смеласці толькі на свісток. Дык што вы хацелі ад мяне?

— Я наконт майстэрні. Некалі вы абяцалі дапамагчы. Памятаеце, як са Слуцка ехалі. Потым па тэлефоне гаварылі. Цяжка мне ўздымацца на сёмы паверх. На курасадню. Ужо шэсьдзесят гадоў неўзабаве. Каб бліжэй да кватэры. І гарсавет абяцаў, — мастак уздыхнуў, памаўчаў. — Раней не змаглі памагчы, дык цяпер тым больш. Давайце намалюю ваш партрэт. У вас цяпер будзе багата часу, — раптам рэзка памяняў тэму Грышчанка, змяніўся і тон ягонай гаворкі. — Вось і майстэрню маю пабачыце. Новыя работы. Чарнобыльскія.

— Ой, мне зараз не да партрэтаў, — шчыра прызнаўся Сахута. — Дый надта сумны будзе партрэт.

— Дык гэта ж натуральна. Мы ж з адселеных чарнобыльскіх вёсак. Пра ГКЧП успамінаць не будзем. А зрэшты, ведаеце, Андрэй Мацвеевіч? У маёй мазгаўні сядзіць, быццам стрэмка, крамольная думка. Можа, і Чарнобыль, і ГКЧП — звёны аднаго ланцуга.

Гэтыя  словы літаральна ашаламілі Сахуту: пра нешта падобнае думаў ноччу і ён. Выгляду не падаў і каб хутчэй справадзіць госця, пагадзіўся пазіраваць яму.

— Калі пачнём? Давайце заўтра.

— Не, заўтра не атрымаецца. Я не ведаю, што будзе заўтра...

— Не бядуйце, Андрэй Мацвеевіч. Жыццё на гэтым не канчаецца. За ўвагу дзякуй. А раптам і дапаможаце. Можа, у саветы пярэйдзеце на працу. Жыццё такія крутыя зігзагі робіць. Як пагоны ў генерала: адны зігзагі  і ніводнага прасвета, — ухмыльнуўся Грышчанка і тут жа дадаў: — Але будзем спадзявацца на прасвет у канцы тунеля.

Мастак моцна паціснуў Андрэеву руку, быццам разумеў, што цяпер ён павінен суцяшаць гаспадара гэтага шыкоўнага кабінета, бо магчыма, гаспадар сядзіць у сваім крэсле апошнія дні.

Услед за мастаком Андрэй выйшаў у прыёмную. Наведнікаў болей не было. Нс сядзела за сваім сталом і сакратарка. Ён высунуўся ў калідор. І там — ні душы. Андрэй Сахута крочыў па тоўстым чырвоным ходніку і ягоныя крокі быццам патаналі,  глухлі. Падалося, што калідор пачаў зыбацца, нібы палуба цеплахода падчас шторму. На ваенных караблях яму быць не даводзілася, а на цеплаходах падарожнічаў, нават круіз вакол Еўропы пашанцавала зрабіць

На калідор высунуўся высокі, дзябёлы мужчына — загадчык аднаго з вытворчых аддзелаў абкама. Азірнуўся па баках, убачыў Андрэя гукнуў:

— Чуў, Мацвеевіч? ГКЧП ляснуўся. Нуй, мудакі! Маючы ўсю ўладу з адным гарлапанам не змаглі справіцца.Алкаголікі, тваю маць. Так што, кончан баль. Пагаслі свечы.

Ён пакіравааў на выхад, трымаючы пад пахаю карціну ў прыгожай багетавай рамцы.

Андрэй вярнуўся ў прыёмную. Сакратарка так і не з’явілася. Недзе знікла і нічога не сказала, мусіць, зразумела, што ёй давядзецца шукаць новую работу. Увайшоў у кабінет, такі звыклы, як яму здавалася, даволі ўтульны. Паглядзеў на тэлефоны, на так званую вяртушку, па якой мог пазваніць на самы верх — першаму сакратару ЦК Кампартыі Беларусі. Яны — гэтыя тэлефонныя апараты — былі сімваламі ягонай улады. Ён мог патэлефанаваць у любы раён вобласці, і мясцовыя начальнікі слухаліся, баяліся, успрымалі ягоныя просьбы, як вусныя даручэнні, стараліся абавязкова выканаць. Так было раней. Гады два-тры таму.

Але паступова павага да партыі слабела, давер ейным функцыянерам нібы ўсыхаў, як усыхаюць пад сонечнымі промнямі  прыгажуны грыбы. Раптам мільганула думка, што ён сам, Андрэй Сахута,  апошнім часам нагадваў грыб-мухамор, які вытыркаўся на вочы, прыгожы, яркі, крыклівы: бярыце мяне! Але ніхто не браў. Адчуванне сваёй непатрэбнасці, непаўнацэннасці ўпершыню ён адчуў год таму, калі прайграў выбары ў Вярхоўны Савет Беларусі. І каму? Смаркачу, раённаму газетчыку, які змагаўся з бюракратамі, хапугамі, і хоць вышэй крытыкі старшыні калгаса, брыгадзіра ці загадчыка фермы ў сваіх фельетонах не ўзнімаўся, гэтага хапіла, каб здабыць славу змагара з карупцыяй. Яго болей ведалі, вакол былі свае, а Сахуту людзі ўспрымалі як партыйнага функцыянера, “ідэолуха”, як зняважліва пачалі называць ідэалагічных работнікаў.

11
{"b":"551730","o":1}