Сахута і вылучаўся ў дэпутаты без асаблівай надзеі, але першы сакратар абкама рашуча сказаў:
— Трэба, Андрэй Мацвеевіч. У раёнах вобласці ты не працаваў. Ні ў чым не замешаны, не запэцканы. У Мінску прайсці куды цяжэй. А на раёне хлопцы паспрыяюць, — пад “хлопцамі” ён разумеў раённых апаратчыкаў. — Паедзеш, пагаворыш з людзьмі. Язык у цябе падвешаны. Таварны выгляд маеш. Жанчынам спадабаешся. А яны — самыя актыўныя выбаршчыкі. Мужчыны то зап’юць, то загуляюць, а то прагаласуюць так, як жонка падкажа. Так што, наперад, Андрэй Мацвеевіч.
Раённыя апаратчыкі, свае “хлопцы” абяцалі падтрымку сакратару абкама. Паводле сацыяльных апытанняў ён быў першы сярод сваіх канкурэнтаў. У другі круг выйшлі двое, Сахута набраў болей галасоў, чымся раённы журналіст. Але вецер ужо дзьмуў не ў яго ветразі. Партыю штодня дзяўблі ў газетах, шпынялі на мітынгах. Рэзка скараціўся прыток маладых камуністаў. Радавыя рабацягі пачалі здаваць партыйныя білеты сваім важакам, якія страцілі былыя аўтарытэт і павагу.
Андрэю на ўсё жыццё ўрэзаўся ў памяць першы вялікі мітынг на мінскім стадыёне. Было тое 19 лютага 1989 года.Трэба ж такое супадзенне: тады было 19-га і ГКЧП выбухнуў 19-га. Тады быў светлы зімовы дзень, нядзеля, народ збіраўся быццам на свята. А на душы ў Андрэя было трывожна і хмарна. Дні за тры да гэтай падзеі выклікаў першы сакратар: “Трэба параіцца. Каму з партыйцаў выцступіць на мітынгу. Зверху раяць падабраць двух прамоўцаў. Мужчыну і жанчыну. А можа б, сам сказаў?“
— Сказаць можна. І ёсць пра што. Але як успрымуць? Могуць асвістаць. Дык на ўвесь абком цень.
— Выступіць трэба так, каб не асвісталі. Яно, канешне, райкомы бліжэй да людзей. Мне здаецца, сакратар Маскоўскага райкома можа выступіць прыстойна. Падрыхтуй з ім рачугу. Мінут на дзесяць. І каб без лішняга пафасу, без траскатні. Цяплей, па-чалавечы…
— Добра, зробім. А тое, што Маскоўскі… Ці не выкліча гэта негатыўную рэакцыю? БНФ адразу падыме гвалт.
— Бэнээфаўцаў жменька. А народ Маскву любіць. Рускія для беларусаў — родныя браты. Гэта палітыка.— першы важна падняў угору указальны палец, нібы намякаў, што “гэтую палітыку“ падказалі зверху. — І хай выступае па-руску. Па-беларуску наўрад, каб ён меў добрае вымаўленне.
Сахута зразумеў, што пярэчыць не выпадае Прамовы напісалі. Аўтарам падалося — усё ўлічылі, павінна прагучаць. Але партыйца асвісталі, бо пачаў гаварыць па-руску, другому таксама не далі дагаварыць. Але Сахуту ягоная празорлівасць не ўзрадавала. А вось Пятро Махавікоў, з якім побач стаялі на мітынгу, шчыра парадаваўся. Тады сябры ўпершыню моцна паспрачаліся.
Тэлефонны званок перапыніў Андрэевы згадкі. Ён зняў трубку. Пачуў жончын голас:
— Ну, ты ўжо ведаеш? Арыштавалі гэтых… Ну, путчыстаў.
— Ведаю. Як з'ездзіла?
— Ой, гэта доўгая размова. Прыязджай дамоў. Не сядзі там. Ужо нічога не выседзіш.
Апошнія словы, якія і раней казала Ада, на гэты раз асабліва балюча драпанулі па сэрцы. Ён моўчкі паклаў трубку. Цяжка ўздыхнуў. Пачуў, як зашумела ў скронях, быццам загрукалі малаточкі. Дастаў з сейфа пачатую пляшку кан'яку, наліў на трэць шклянкі, не смакуючы, выпіў адным духам, не пачуў ранейшага водару добрага напою, пашкадаваў, што няма лімона, укінуў у рот мятную карамельку. Зноў агледзеў кабінет: матава-жоўтыя сцены, рэпрадукцыя карціны “Ленін чытае “Правду“ над сталом. На другой сцяне вісеў гарадскі зімовы пейзаж: дзеці на саначках каталіся з гары. Ніводную з карцін узяць дамоў жадання не было. Цікапва, якая ж карціна вісела ў кабінеце калегі? Андрэй рэдка пераступаў парог таго кабінета. А вось ягоны гаспадар заходзіў да Андрзя часцяком. Асабліва калі ўсчаліся мітынгі, страйкі. І пачынаў размову звыклай фразай: “Ну.што, Мацвеевіч, куды нясе нас рок сабыцій?“ — “Куды? Наперад і вышэй“. “Жартуеш. Ну-ну… Даскачамся мы. Будзем смяяцца праз слёзы“— “Думаю, што ты не прападзеш“.— “Ды ўжо ж. А чаму я павінен прападаць…“ На гэтым звычайна размовы канчаліся. Нарэшце Андрэй узгадаў: у кабінеце калегі вісела карціна Левітана “Бярозавы гай”. І месцілася яна збоч дзвярэй. Каб не кідалася ў вочы наведнікам. Калі ўбачыў яе ўпершыню, дык пазайздросціў калегу, які любуецца гэткай прыгажосю. Нехта з яголных папярэднікаў меў добры густ і павесіў не партрэт ліцейшчыка ці пейзаж з трактарам на ўзараным полі. Зноў азваўся гарадскі тэлефон, у трубцы пачуўся голас вадзіцеля:
— Андрэй Мацвеевіч, якія ў вас планы? А то мне трэба адскочыць у адно месца. З вашага дазволу — пасля паўзы дадаў Эдзік.
— Пад’язджай к шасці. Падкінеш мяне дамоў і вольны. Можаш адскочыць куды трэба.
Тут жа ў кабінет прасунула пафарбаваны тварык сакратарка, ужо не першай маладосці кабета, папрасіла, каб адпусціў яе трохі раней.
— Добра, ідзіце.
Сакратарка пераступіла парог кабінета, уздыхнула:
— Андрэй Мацвеевіч, што з намі будзе? Як вы думаеце?
— Пажывём-пабачым. Што міру, тое і бабінаму сыну, — прымусіў сябе ўсміхнуцца.
Сакратарка развіталася, асцярожна прычыніла дзверы. Цікава, што яна пацягне дамоў? Хадзілі чуткі, што сваю двухпакаўёку, у якой жыла з сынам, ператварыла ў мэблевы склад: усе дэфецыты ёй былі даступныя. У голасе сакратакі пачуліся яму ноткі ці то суму, шкадавання, ці то прыхаванай радасці: дастукаліся партыйцы, разгоняць усіх, вымятуць мятлою з кабінетаў.
“Давядзецца табе, галубка, прадаваць свае дэфіцыты, пакуль знойдзеш работу, новага гаспадара, — падумаў ён. — Але гэткая не прападзе. У яе палова горада знаёмых і сябровак”.
Андрэй Сахута механічна высоўваў шуфляды стала, некаторыя паперы выкідаў у сметніцу. У самай ніжняй шуфлядзе ляжаў процівагаз у брызентавай сумцы. Хіба што сумку ўзяць? А з процівагазам ныраць у ваду? Было ў шуфлядах і шмат кніг, найбольш на партыйна-палітычныя тэмы, хацелася шпурляць іх у сметніцу, але перадумаў: навошта? Нехта забярэ на макулатуру.
Кнігі стаялі на паліцах шафы пад шклом. Узяў цёмна-сіні том Мікалая Бухарына. Набыў не так даўно, некаторыя артыкулы прачытаў з алоўкам. Пагартаў, убачыў свае паметкі. Асабліва багата іх мелася на старонках стэнаграм выступлення Бухарына на аб’яднаным пленуме ЦК і ЦКК ВКП(б) у красавіку 1929-га. Выступленне доўжылася каля шасці гадзін. Бухарын палемізаваў са Сталіным, Арджанікідзе, Мікаянам, Варашылавым, адстойваў свае пазіцыі, змагаўся за чысціню марксізму
Угледзеў сваю паметку над цытатай з “Капитала” Маркса:
“Открытие золотых и серебряных приисков в Америке, искоренение, порабощение и погребение заживо туземного населения в рудниках, первые шаги к завоеваеию и разграблению Ост-индии, превращение Африки в заповедное поле охоты на чернокожих — такова была утренняя заря капиталистической эры производства”. Моцна сказана. І ўсё праўда. А цяпер капіталісты абвінавачваюць камуністаў у жорсткасці, у рэпрэсіях, і пачнем мы будаваць капіталістычны рай. Не змаглі пабудаваць сацыялізм з чалавечым тварам. Будзем адраджаць капталізм з амерыканскай усмешкай
На апошняй старонцы стэнаграмы кінулася ў вочы паметка насупрць радкоў, у які гаварылася пра нататку ў “Правде” са справаздачнай Выбаргскай партканферэнцыі. Бухарын крытыкаваў публікацыю, цытаваў з яе словы: “Делегаты требуют твердой борьбы с правой опасностью, резкой политики со стороны ЦК к колеблющимся и примиренцам, к раздумывающим”. У дужках пазначана: смех. Так, і смех, і гора. Вось гэтая “рэзкая” палітыка “к раздумывающим” і давяла да ГКЧП, да бяздумнай палітыкі ва ўсіх сферах жыцця.
Томік Мікалая Бухарына паклаў у партфель. Што яшчэ ўзяць? На часопісным століку ляжаў раскрыты “Беларускі каляндар”. Яго Сахута чытаў з цікавасцю, хоць і не быў прыхільнікам беларушчыны, лічыў нармальнай практыкай, што рабочая мова партыі — руская, так, маўляў, усе лепей разумеюць. Тут і пачыналіся ягоныя разыходжанні з сябрам дзяцінства Пятром Махавіковым. Той гатовы пляскаць у ладкі кожнаму слову Зянона Пазняка. От, ужо радуюцца “бэнээфаўцы” правалу путчу ў Маскве. Яшчэ мацней будуць крычаць аб самастойнасці Беларусі. А можа, і трэба? Можа, і нас адвучылі ў свой час “раздумывать”?