Литмир - Электронная Библиотека

– Ды ні за што, я сам прыляцеў.

Жук лічыў, што яму тут самае месца – ніхто не трывожыць, ёсьць ляжанка, кавалачак хлеба, неба ў акенцы й нават кніжкі. Жук сказаў, што дзеткі ягоныя даўно ўжо вырасьлі, матуля ў вырай адляцела, а жонку скляваў верабей.

Жук вучыў гішпанскую мову па падручніку.

– Навошта табе гішпанская мова, жук?

– Ды вось мару Лорку пачытаць у арыгінале.

– Думаеш, у нас тутака Лорка ёсьць?

– Ну, дзеля такой справы я б і вылецець мог, у цэнтральную бібліятэку.

Калі Колік даседзеў, жук расказаў яму на разьвітаньне, як знайсьці скарб.

Колік паехаў на электрычцы да далёкай станцыі, сышоў у лугох і знайшоў дрэва-дуб. Пачаў пад ім капаць і выкапаў старадаўнюю манэту. Паехаў зь ёй на рынак. Нумізматы давалі за яе толькі сто рублёў, але Колік шугануў іх, і яны далі дзьвесьце. Так, для жука гэта было значным багацьцем. Колік купіў на дзьвесьце рублёў кацяня, каб яно вырасла і лавіла дрэнных вераб'ёў.

11D. Гісторыі бясхмарнага дзяцінства. Пра валявыя падбародкі

Калі мы з брацікамі былі маленькія, мы прачыталі ў адной кніжцы выраз «валявы падбародак». І нам адразу захацелася валявыя падбародкі! Некалькі дзён запар мы разьміналі, расьціралі і расьцягвалі адзін аднаму падбародкі і, несумненна, дамагліся б значных посьпехаў, калі б нам не перашкодзіла мама. Застаўшы нас за працэдурамі, яна паківала галавой і расказала пра двух бакалейнікаў з суседняй вуліцы, якія таксама захапляліся падбародкамі й нават спаборнічалі паміж сабой, у каго валявейшы. І быццам бы закінулі яны бакалею, сядзелі дома і дні напралёт трэніравалі падбародкі, а ўвечары выходзілі мерацца. Яны станавіліся адзін насупраць аднаго, выпіналі падбародкі – вялізныя, як шафы – і напружвалі волю. І празь іхную волю на цэлую мілю вакол паветра электрызавалася і зьвінела, а мінакоў прыхінала хваляй пакоры – яны валіліся на калені і паўзьлі да бакалейнікаў, выгінаючыся ўсім целам у рабскім пакланеньні. І вось аднаго разу, калі падбародкі бакалейнікаў ужо зрабіліся гіганцкімі, як дзевяціпавярховыя дамы, яны пасварыліся – з-за бутэрброда з тварагом – і схапіліся. Яны ўздымалі й абрыналі падбародкі, крышачы вакол цэлыя кварталы, а зямля скаланалася й трэскалася, агаляючы старажытныя геалягічныя пласты. А бакалейнікі ўсё не сунімаліся, усё мацней абрыналі, усё магутней напружвалі волю. І ў адзін момант супалі іхныя ўдары, і пачуўся страшэнны грукат. Раскалолася зямля да самае магмы, лінула зь яе вогненная лава й змыла-спаліла начыста і бакалейнікаў, і ўвесь горад.

А цяпер кладзіцеся спаць, дзеткі.

З таго дня мы адмовіліся ад валявых падбародкаў. Нас напалохалі не тэктанічныя катастрофы, а бутэрброды з тварагом – мы іх цярпець не маглі!

11E. Зь ліста Толіка. Пра падгляданьне

<...> атрымліваю асалоду праз падгляданьне. Каб вы яго бачылі, вы б таксама не ўтрымаліся, уявіце: высокі, падстрыжаны пад гаршчок, у кофце з горлам. Ён у нас вылічае лягарытмы. Ад мезенцаў да костачкаў прыдалоньняў – жорсткія чорныя парасьлі, як вусы. І да таго задуменны, што выходзіць курыць, не зачыняючы дзёньніка. Ледзь ён за дзьверы – я кідаю алоўкі й цыркулі, саджуся на ягонае месца ды чытаю. Вось вам пару ўрыўкаў:

«Калі я ем арэхі альбо семкі, дык заўсёды трымаю ў розуме птушыныя яйкі. І тыя, і гэтыя – зародкі. Зароджаны».

«У нажа, у існасьці, нашмат больш агульнага з лыжкай, чым зь відэльцам. Прызначэньне як нажа, так і лыжкі – адлучаць частку ад цэлага; у той час як відэлец – усяго толькі нанізвае. Нанізаны».

«Калі ўдумацца, ядзеньне – тая ж паэзія. Жавок-жавок-жавок-глыток, націск-націск-націск-рыфма. Зыходзячы з гэтага, грунтоўныя старажытныя грэкі мелі найлепшае страваваньне. Страваваны».

А ўчора, братцы, я не ўтрымаўся і ў час перакуру напісаў яму ў дзёньнік нейкую лухту, першае што прыйшло ў галаву: «На канчальны рахунак, радасьць і подласьць вельмі блізкія, бо яны абедзьве ёсьць якарамі». І што б вы думалі? Ён прыйшоў, прачытаў, а потым дапісаў: «Рознасьць толькі ў напрамку – подласьць кінутая ў рэчаіснасьць табой, радасьць кінутая рэчаіснасьцю ў цябе. Сасьцябнуты». Я аж зайшоўся, зашыпеў, сяджу, пырхаю са сьмеху, ёкаю, нагой прытупваю, па калене палыпваю, булькачу, а ён бровы хмурыць і пальцамі так вырушыць па-асабліваму, разважае. А чаравікі, чаравікі якія! Бывае, нахілюся пад стол і гляджу на ягоныя чаравікі, і аж курчуся, аж не магу <...>

11F. Гісторыі бясхмарнага дзяцінства. Пра карысьць шчырых прызнаньняў

Калі мы з брацікамі былі маленькія, мы часта хадзілі панурыя і прыгнечаныя, з самых разнастайных падставаў. Але асабліва часта – праз маму і тату. Нам было сумна і сорамна, што яны няўхільна старэюць і аднойчы памруць, а мы так і не пасьпелі зрабіць нешта важнае, сказаць штосьці галоўнае.

Аднаго разу пасьля сьняданку мы шчыра прызналіся ў гэтым таце – і ён сьпярша падняў бровы, быццам не зразумеўшы, а потым рохкнуў і зарагатаў. Ён сьмяяўся, тросься і абціраў сьлёзы так доўга, што мы раздражніліся і пашкадавалі пра сваё прызнаньне. Увайшла мама, і ён, прыдушана чмыхаючы, расказаў ёй. Мама сьпярша падняла бровы, быццам не зразумеўшы, а потым рохкнула і зарагатала. Яна сьмяялася, трэслася і абцірала сьлёзы так доўга, што мы абразіліся да самае глыбіні душы. Мама з татам пераглядваліся й папісквалі, павісквалі са сьмеху, валяліся на канапе, пляскалі сябе па каленках і трымаліся за жывоцікі. «Ох, умарылі! Ох, ратуйце!» Тата хутка-хутка лупіў далонькай па падушцы й пучыў вочы, а мама камячыла чэпчык і трэсла галавой. Мы адчулі невыносную роспач і хацелі ўцячы, але яны не пусьцілі. Клікнулі конюхаў, загадалі секчы. Нас расклалі, распрасталі на тапчане і секлі доўга, са сьвістам, з адцяжкай.

З таго разу мы панурваліся значна радзей, а пакрысе зусім кінулі і сумаваць, і саромецца.

120. Гісторыі заліцістай сталасьці. Пра сьмерць Валіка

Мой брат Валік час ад часу губляў смак да жыцьця. Ён кідаў жывапіс, адварочваў мальбэрты да сьцяны і дні напралёт ляжаў на канапе, пазіраючы ў столь альбо ў шпалеры. Зрэдку ён выходзіў на кухню, каб паесьці печыва, але гэта відавочна не давала яму ніякага задавальненьня. «Ды што з табой, Валік? Здарылася штосьці? Карціна не ідзе?» – пытаўся я. Але ён адказваў, што карціны яго больш не цікавяць, і наогул нічога не цікавіць. «Бачыш зэдлік? Бачыш стол? Нават яны мне не цікавыя. Я доўга любіў іх, але зараз усё скончана. Я ўжо ўсё спазнаў, Ролю, ужо пражыў сваё жыцьцё. Яно болей ня любае мне. Унутры ў мяне холадна й пуста. Я памёр. Сьмерць». Ды як жа так! Я тармасіў Валіка, напяваў яму нашыя ўлюбёныя песенькі, цягнуў купацца на возера, распальваў камін, каб ён паглядзеў на агонь, запрашаў у кіно на ранішні сэанс. Толік расстаўляў шахматы. Ягоныя дачкі заклікальна махалі бадмінтоннымі ракеткамі. Белыя сабачкі скакалі й весела гаўкалі. Хуліё тэлефанаваў сяброўкам, тыя ахвотна зьбягаліся й паглядалі на Валіка зазыўна і абяцанна. А мама ў гэты час, зьняўшы бранзалеты і пярсьцёнкі, зьбірала парэчку, агрэст і пякла свой фірмовы пірог. З паху мамінага пірага кружылася галава! Сяброўкі Хуліё голадна прынюхваліся. Але Валік вяла зьядаў кавалак, дзякаваў і ўставаў, накіроўваўся да свайго пакою. Дзяўчын ён абыходзіў па выдаленай дузе. Нічога не дапамагае! Колік спыняў яго, наліваў гарэлкі, расказваў анэкдоты і байкі. Валік сядаў, піў, але не весялеў і не п'янеў, а потым раптам засынаў.  І наступнай раніцай усё паўтаралася.

І вось мы ўзлаваліся.

Але тата сказаў, што ведае, што рабіць.

Празь дзень мы ўвайшлі да яго. «Падымайся!» – загадаў тата. Валік павярнуўся сьпіной і папрасіў пакінуць яго. Не, падымайся! Колік і Толік схапілі яго за рукі. Ён упіраўся, але мы былі дужыя. Ідзіце к чорту, хлопцы... Але мы груба вывалаклі яго з пакоя ў хату, з хаты на двор. У двары стаяла сьвежая чорная труна. Побач – сырая магіла, камякі зямлі, карэньчыкі травы. Кладзіся ў труну! Валік не хацеў. Колік трэснуў яму па галаве, а Толік даў пад дых. Яны зьбілі яго з ног і штурхнулі ў труну. Упаў, стукнуўся галавой. Ня рыпайся! Ты ж памёр! Вось табе сьмерць! Паднялі цяжкую накрыўку, навалілі з глухім драўляным стукам. Прышчыкнулі непакорлівыя пальцы, запхалі ўнутар. Малаткі, цьвікі! Валік крычаў ўнутры. Апускайце яго! Ён біўся ўнутры, плакаў.

77
{"b":"551729","o":1}