Литмир - Электронная Библиотека

10A. Гісторыі сталасьці ды згасаньня. Пра дасягненьні

З пошты мы з Валікам ішлі праз парк. Селі адпачыць на лаўцы. Апошні сонечны дзянёк! Вакол прыгожа. Залатое лісьце, блакітнае неба, белыя аблокі. Залаты канвэрт у Валіка ў руцэ. Валік жмурыцца насустрач сонцу. Ветрык варушыць сівы завіток з-пад бярэтцы.

– Ведаеш... Ролю, – Валік казаў вельмі павольна, з доўгімі паўзамі, – Як дзіўна... Я дасягнуў усяго... пра што марыў... Але цяпер аказалася... што мне гэта не патрэбнае... Таму што... няма з кім падзяліцца... Усе даўно памерлі... Мама... тата... Як я жадаў стаць... годным... Каб яны... мною ганарыліся... І... вось я стаў... Але мной... ужо няма каму ганарыцца... Памерлі брацікі... Глядзі... Луўр... Напісана на канвэрце – Луўр?.. Хочуць купіць... мае карціны... Нобэлеўская прэмія... па жывапісу... Хто парадуецца са мной?.. Памерлі сябры... Памятаеш... я закрываўся ад усіх... злаваўся... што перашкаджаюць... Ні з кім не размаўляў... Ад знаёмых... пераходзіў на другі бок... Зьехаў у іншы горад... Каб пісаць... пазьбягаў жанчын... А цяпер... Бачыш як... Ролю... Навошта гэта ўсё... Каму гэта ўсё...

– А калі б табе вярнулі маладосьць, Валю? Як бы ты жыў? Іначай?

Для яго мая гаворка была занадта хуткая, і ён не разабраў ні слова. Павярнуў да мяне галаву. Сівыя пучкі з вушэй.

– Ты штосьці сказаў... Ролю?..

10B. Гісторыі сталасьці ды згасаньня. Пра канец жыцьця

Тым летам ўсё памірала. Людзі, прадметы, паняцьці. Нават не памірала, а дакладней губляла сувязь з жыцьцём, высыхала й рассыпалася. Даходзіла да сьмешнага: аднойчы я прачнуўся, паставіў ногі на падлогу, але замест тапкаў намацаў толькі два пыльныя пагорачкі. З таго дня я хадзіў па хаце басанож, балазе восень выдарылася цёплая й сонечная. Спускаючыся ранкам у апусьцелую гасьцёўню, я падоўгу ўспамінаў, што цяпер належыць зрабіць – бо меюцца ж розныя ранішнія справы, цэлыя пасьлядоўнасьці непарушных рытуалаў – але мая галава была лёгкая й пустая, як кветка фізалісу. Накінуўшы прасторны татаў плашч, я зьбягаў у двор і марудзіў ля ўваходу ў сямейную крыпту, ужо зацягнутую да сярэдзіны вінаграднымі парасткамі. Мне падабалася трымаць далонь на шурпатым шэрым камні, з імшыстай прозеленьню ў расколінах. Я ведаў, што зусім хутка таксама лягу пад гэты камень, да дзядоў, таты й брацікаў, і ў чаканьні апошняга дня з разьвітальнай урачыстасьцю прагульваўся па горадзе. Мая труна была заказаная на пятніцу, і я, баючыся прапусьціць яе, перш за ўсё накіроўваўся да газэтнага латка, каб зьверыць дату. Калі ж латочнік памёр, я мусіў хадзіць далей, да ратушы. Па вуліцах чародамі плылі пахавальныя падводы, каціліся клубкі сухіх водарасьцяў і бярозавых коцікаў, у вышыні ляцелі гракі й чорныя крэчаты. Прамінуўшы тры кварталы, я збочваў направа, зноў праходзіў тры кварталы і зноў збочваў, спраўляючы замкнёны шпацыр.  Многага ўжо не было: ні запалкавае фабрыкі, ні возера, ні трамвайных рэйкаў; на іхным месцы застаўся шэры пясок і кароткая жорсткая траўка. Я намагаўся зазнаць засмучэньне, спусташэньне, роспач, але ня мог. Каб зрабіць хоць штосьці, я чмыхаў альбо пырхаў, разганяючы цішыню вакол галавы, а вярнуўшыся дадому, дапамагаў сьвету паміраць – раскладваў у двары вогнішча са старых часопісаў, выцьвілых джэмпэраў, зламаных аконных рамаў.

У пятніцу, як і было дамоўлена, я выправіўся ў атэлье насупраць ДК Прафсаюзаў. Шлях быў няблізкі, і я выйшаў загадзя, зацемна. На бульвары было ажыўлена: цягнуліся сяляне, беглі сабакі, па лагчынкам віліся вужы. У шэрай вадзе канала адбіваліся запозьненыя ліхтары, здалёку даносіліся гукі струннага квартэта. Велізарны шпіль ДК Прафсаюзаў, які нагадваў ці то Астанкінскую, ці то Эйфэлеву вежу, мерна выяўляўся і раставаў між таполяў, а я лічыў крокі й загадваў жаданьні. Сто крокаў – хачу юнага Хуліё, сто крокаў – хачу маладую маму, калі зьбіўся – трэба лічыць нанова. Атэлье аказалася зачыненае, і мінакі патлумачылі мне, што мой трунар памёр. Некаторыя мінакі, яшчэ не дайшоўшы да рогу, садзіліся на лавачкі ды паміралі са старасьці, некаторыя рашчыняліся ў паветры, кіўнуўшы галавой на разьвітаньне. «Не, – думаў я, – гэтак таксама нельга, без труны. Не».

10C. Гісторыі сталасьці ды згасаньня. Пра паступленьне ў інстытут

Каб трымацца далей ад сьмерцяў, мы зь юным Хуліё набылі квіткі й паехалі паступаць у інстытут, уяўляючы сябе юнакамі Баккачча, якія бягуць з зачумленага горада. Мы забаўлялі адзін аднаго флярэнтыйскімі плёткамі й песенькамі пра каханьне, елі вафлі й пілі салодкую каву зь вяршкамі. Хуліё хацеў паступіць на энэргетычны факультэт, а я – на гістарычны. Мы ўяўлялі, як будзем хадзіць адзін да аднаго ў госьці праз шмат гадоў: барадатыя, мажныя, у акулярах і тоўстых белых швэдрах, мы будзем дарыць адзін аднаму рэдкія мінэралы ды калекцыйныя тытуні. З вакзала мы ўзялі таксі да заапарка, каб паглядзець, як гарыла корміць дзіцяня – Хуліё даўно пра гэта марыў. Аднак ніякага заапарку мы не знайшлі, хоць таксісты спраўджваў па мапе й прысягаў, што бачыў яго тутака не раней чым у сераду. Затое мы выявілі непадалёк прыстойны гатэль: са швэйцарам, глыбокімі мяккімі канапамі й пальмамі ў каменных кадках. Мы зьнялі прасторны двухпакаёвы нумар, змылі пад душам чыгуначны пыл і адкаркавалі бутэльку кьяньці. Зь віна ў нас разыграўся апэтыт, але мы зьмеркавалі не губляць часу на абед і ехаць на іспыты. Інстытут знаходзіўся паблізу, у вялікім старадаўнім будынку з калёнамі і бальконамі. Швэйцар быў той самы, што і ў гатэлі: згледзеўшы, куды мы накіраваліся, ён абагнаў нас зухаватым трушком і ветліва ўсьміхаўся каля параднага. Паводле ягоных слоў, многія прафэсары ўжо памерлі, але турбавацца ня трэба, бо гэта адбываецца натуральна, адпаведна паставам жыцьця, спадзяюся, вы разумееце. Але ня бойцеся, студэнты паміраюць радзей за пэдагогаў, сьмялей, прашу вас. Мы прайшлі ў высокія дзьверы, абмінулі шэраг карычневых трунаў з кутасікамі і павярнулі направа, да экзамэнацыйнай залі. За катэдрай, убранай белымі й ружовымі глядыёлюсамі, шушукаліся прафэсары, худзенькія, дабратлівыя, са сьветлымі ад старасьці вачыма. Мы цягнулі білеты й адказвалі, а яны пастуквалі алоўкамі па графінам і заахвочвальна пакашлівалі. Пасьля іспытаў, сунуўшы гальштукі ў кішэні, мы з Хуліё сядзелі ў рэстаране і ў задуменьні глядзелі ў вакно, на агні вячэрняга горада. Адпусьціць вёслы і плыць па цячэньню, да ціхага цёмнага мора, ці змагацца?

10D. Гісторыі сталасьці ды згасаньня. Пра нямаму

У сярэдзіне сэмэстру да нас прыехала мама. Першым чынам яна завохала й пачала нас харчаваць. У нашай мамы залатыя рукі: літаральна за пяць хвілінаў яна заварыла чароўна далікатную локшыну. Пакуль мы елі, яна прабірала нас. Паглядзі на сябе, Хулі, да каго ты падобны! Што сказаў бы тата! Хуліё вінавата глытаў. А ты, Ролю, га? Ты павінен быць яму ўзорам – а сам? Што гэта? А што гэта? Пальцам, поўным дакору, яна паказвала на плямы й прарэхі ў маёй піжаме. Калі мы сыта адклалі лыжкі, яна прымусіла нас памыцца ды прычасацца. Потым мы цырымонна прайшлі ў пакой. У пакоі мама адчыніла фортку і завяла размову пра ўнукаў – яна вельмі хацела ўнукаў. Уяўляючы сябе маладой мамай, яна пачала весела кружыцца, а мы сядзелі на канапе й глядзелі. Ейныя пярэстыя спадніцы ўзьляталі, рукі малявалі ў паветры плыўныя фігуры, а ўсьмешка была летуценная, сямнаццацігадовая. Музыку! Хуліё корпаўся ў кружэлках, абіраючы нашыя ўлюбёныя песьні, я пляскаў у ладкі й прытупваў. Пакружыся, матухна!

Файныя выходныя.

Але ў панядзелак ейнае кружэньне ператварылася ў рэзкі віхор, рукі злымі зьмеямі ўзьвіліся ўкруг набраклага жывата, а замест дзявочага твару выскалілася мёртвая псіная пашча! Салодкая італія Чэлентана зьмянілася на крыважэрны рык і віск Deicide: Crucifixation!!! Uuuuuuuuaaaaaa!!! Пенныя камякі зьляталі з крывых іклоў. Гэта не мая мама, гэта не мая мама, гэта не мая мама! – у жаху ўсхліпваў Хуліё, бездапаможным немаўляткам дрыжучы ў мяне на грудзях. Падхапіўшы яго на рукі, я бег да прайгравальніка. Спыніць! Вырваць шнур, сагнуць іголку, растаптаць кружэлку! Па махрыстых дыванах, па пярэстых палавіках, па сьлізкаму лінолеўму. Патрывай, міленькі Хулі! Мёртвыя маланкі з чорных псіных вачніцаў – усьлед. Выбухі, полымя, скакучыя вогненныя павукі! Але пасьпелі – хруснуў аб паркет нетрывалы корпус, прашыпела іскра па струнах бас-гітары, і ўсё спынілася.

73
{"b":"551729","o":1}