І сьвет адразу зьнерухомеў, заціх.
Вось з тае пары ў нас у горадзе і зрабілася ціха, дзеткі.
– Але чаму ён быў мічман? – спытаў Колік, аднак пажарнікі ўжо падняліся і разьвітваліся: паціскалі рукі таце, казалі камплімэнты маме, а нам падарылі па чырвонаму цукроваму пеўнічку.
31. Гісторыі бясхмарнага дзяцінства. Пра другога манаха
Калі мы былі маленькія, мы мелі непрыстойную звычку – калупацца ў носе. Перад існом, у таямнічай цемры, поўнай шоргатаў і павеваў, па абуджэньні, у соннай асалодзе, пад цяжкай цёплай коўдрай – мы ляжалі ў калысках і аддаваліся пяшчотнай загане. Але, як кажуць, грэх не схаваеш у мех! Аднойчы ўнядзелю ранкам да нас увайшоў тата, наўпрост з марозу, з румянай усьмешкай, з кучаравай бародкай. Ён напэўна прынёс нам лядзяшы ці пернікі, ці мо хацеў заклікаць усіх на каток – але брыдкае відовішча жахнула й разьюшыла яго. З грукатам ботаў, зьбіваючы букеты і бязладна лямантуючы, ён выскачыў са сьвятліцы. Гора мне! Авохці мне! Дзеці мае! Сыны мае! Вырады! Чуваць было, як ён рыдаў і нішчыўся з нашае нізасьці, а мама суцяшала яго. А потым мама ўвайшла да нас, села на канапу і распавяла казку пра манахаў.
– Калісьці падаўней ратаваўся ў адным манастыры манах. Быў да таго слабкі духам, што хутка зразумеў – не пазьбегнуць мне падседаў д'яблы, усё роўна спакусіць, як ні пніся. Таму, калі ўжо трэба грашыць, дык лепей дробненька, чым буйна! Усё ж да Бога бліжэй. І каб ад сьмяротных грахоў засьцерагчыся, прыдумаў ён цалюткі дзень у носе калупацца. Сказана – зроблена. Цяпер толькі служба з працай канчаліся, ішоў манах у сваю кельлю, клаўся на салому і палец у нос паглыбей запіхваў. Завітае калі-нікалі да яго д'ябла, і сьмяецца задаволены: у няспынным граху манах. Наш чалавек. І далей сьпяшаецца, з цнотаю змагацца. Так год праляцеў, дзесяць, трыццаць, і надышоў час манаху паміраць. І, выпускаючы дух, памаліўся ён: даруй мне Божа! І памёр. Паглядзеў-паглядзеў на ягоную душу Бог – і дараваў. А хто б не дараваў? Ну калупаўся ў носе, так. Затое зла нікому не нарабіў ані найменшага. І забраў таго манаха на неба. Як даведаўся пра гэта д'ябал – узбурыўся не на жарт! Затупаў капытамі, замахаў крыламі – і ажно хвалі полымя па пеклу пайшлі, закурчыліся грэшнікі. Ашукаў мяне хітры чарнец! Затрос галавой, заскрыгаў зубамі – і такі агністы ўраган падняўся, што нават чарцям горача зрабілася. А манах сядзіць на воблачку і рагоча. Ужо не дастанеш яго! І з тае пары д'ябла разумнейшы зрабіўся: як убачыць, што нехта ў носе калупаецца, адразу ўсіх чарцей кліча, каб ушчыльную хітруном заняліся. Ну? Хочаце, дзеткі, каб вамі чэрці ўшчыльную заняліся?
І з тога часу мы ніколі больш не калупаліся ў носе.
32. Уцёкі ды туляньні. У цяпле
Увечары, выбраўшыся са стылае шчыліны, я прываліўся сьпіной да сьмецьцевага баку, задраў галаву і глядзеў на зоркі. Пад зоркамі ляцелі доўгія бялявыя космы – ці то нізкія аблокі, ці то дым. Прыгожа. І абрамленьне вакол – цагляныя сьцены, цёмныя галіны, ліхтары. І тая прыгожая дзяўчына якраз вярталася дадому. Хоць можа гэта была й не яна, бо замест абцасаў – кеды. Яна ці не яна ўсьміхнулася мне, вусны бліснулі ў сьвятле ліхтара. Мне пашанцавала, што яна была нападпітку: я падаўся ёй рамантычным, францускім, кшталту Арцюра Рэмбо, і яна павяла мяне да сябе. Яна назвала імя, але я адразу забыў. На ёй былі талстоўка, шалік, шапка, матлятыя шаравары. Мы тупалі па лесьвіцы, я разглядаў шаравары, а сусед курыў і рабіў абыякавы выгляд. Дома яна дала мне адкаркаваць шампанскае і пачала расказваць, як пасварылася з бойфрэндам: ён такі мярзотнік! Ежы ў яе амаль не было, і я намазваў на хлеб кетчуп і еў. Хлеб і кетчуп пахлі аднолькава – халадзільнікам. «Мне падабаецца, што ты такі олдскульны». «Што значыць олдскульны?» «Ну... старамодны. Гэты твой сіні пінжак. Ты слухаеш мэтал-рок?» «Так, я слухаю мэтал-рок кожны дзень памногу, але як ты даведалася?» Задаволеная, яна накіравалася ў ванную, яе хістала. Я азіраўся: пыльна, усе кубкі або сколатыя, або трэснутыя, чорны чайнік. Хутка яна выйшла. «Ты сьпі на канапе, а я лягу на ложак». Пакуль яна не раздумалася, я прыцiснуўся да канапы, хутчэй зажмурыўся і накрыўся чымсьці навобмацак. Яна сноўдала, шархацела пакетамі, потым нарэшце вымкнула сьвятло і рыпнула. «Ох, як мне холадна». Я старанна задыхаў, прытворна роўна. Было трохі страшна, але яна заснула імгненна. Хутаючыся ў плед – гэта быў сапраўдны клятчасты плед – я пракраўся на кухню і сеў на кукішкі, упёршы калені й далоні ў гарачую батарэю, а галаву паклаў на падаконьнік. Пахла цёплым пылам. Усё тыя ж зоркі, космы, галіны, але зараз у двайной аконнай раме, у цяпле.
33. Гісторыі бясхмарнага дзяцінства. Пра падзеньні і ўзьлёты
Яшчэ адзін наш сусед, паўднёва-заходні, быў выключна прыемны й ветлівы чалавек. Ён заўсёды першы вітаўся з-за плоту, нязьменна ласкава пасьміхаўся і любіў напяваць штосьці італьянскае. Часьцютка ён завітваў да нас пагутарыць, прыносіў хатняе віно для таты і півоні для мамы, а нас частаваў шакаляднымі цукеркамі. Вытанчаны і ўражлівы, ён ахвотней за ўсё казаў пра паэзію альбо пра музыку, што кранула яго. А аднойчы завёў такую размову:
– Ці не заўважалі вы, сябры, што стан нашае душы бесьперапынна вагаецца, але пры гэтым статыстычна раўнаважны? Калі сёньня мы маем прыўзьняты настрой, дык назаўтра трэба зь вялікай верагоднасьцю рыхтавацца да хандры? І наадварот, калі ўвечары мы сумуем, дык ураніцу напэўна будзем вясёлыя? І што чым вышэйшы ўзьлёт, тым ніжэйшае будучае падзеньне?
Тата з мамай пацьвердзілі, што сапраўды, і яны такое калі-нікалі заўважаюць. Потым загаварылі пра нешта іншае. Хто б мог падумаць, як усё павернецца?
Празь некалькі дзён, калі сусед ізноў завітаў да нас, ён выглядаў узбаламучаным, ўзьнятым, быццам яго зьлёгку ліхаманіла. Мама наліла яму баршчу, і мы пачулі, як лыжка ў ягонай руцэ калацілася і дзынкала аб талерку. Ён нагадаў тату з мамай пра мінулую гутарку і сказаў, што разьвіў са сваіх назіраньняў цэлую тэорыю:
– Мне прыйшла ў галаву думка, што настроі можна ўзяць пад кантроль і з посьпехам кіраваць імі. Дакладней, сьвядома апускацца ў смутак з мэтай наступнага небывалага ўзьлёту. Уявіце батут: чым з большаю сілай скокнеш уніз, тым больш моцна цябе падкіне. Так ці не? А ў паветры ты падгінаеш ногі, і зноў падаеш на пругкую тканіну, яшчэ глыбей, і зноў узьнімаесься, яшчэ вышэй, з усяе спружыннае сілы... І вось што я падумаў, сябры: калі злавіць рытм і не пабаяцца з кожным скокам усё ніжэй апускацца ў бездань тугі і роспачы, дык амплітуда тваіх ваганьняў хутка вырасьце настолькі, што ты адарвесься і накіруесься ўверх, як ракета! Як ракета, што дасягнула касьмічнае хуткасьці і пераадолела зямное прыцягненьне! Увысь, угору, да блісканьня зораў!
Ён натхнёна махнуў рукой, зачапіў талерку, і гарачы густы боршч выліўся на ягоную белую кашулю. Тата войкнуў, Хуліё падавіўся цукеркай, а мама рынулася па ручнік. Сусед жа, бліснуўшы вачыма, ускочыў і з розмаху пляснуў кулаком па малочніку са сьмятанай. Пырснулі парцалянавыя аскепкі, сьмятана на абрусе зьмяшалася з крывёю. А ён, бледны і імклівы, выбег прэч, ня слухаючы нашых трывожных гуканьняў і ўгавораў.
Больш ён не зьяўляўся. Дзьверы не адчыняў, на званкі не адказваў. Зь ягонага дому час ад часу чуліся то няўцешныя екатаньні і дэманічны рык, то стогны асалоды і анёльскія сьпевы. Тата з мамай хваляваліся і нават месца сабе не знаходзілі: а раптам сусед адарвецца у ніжнім пункце амплітуды – і паляціць ня ўверх, а ўніз?..
Але ў адну з наступных начэй мы прачнуліся з трэску і яркага сьвятла, якое азарыла пакой. Мы стоўпіліся ля вакна і з хвіліну назіралі сонечнае сілы зьзяньне, якое ішло з суседняга двара; а потым раптам узьнікнуў мэлядычны зык, быццам ад велізарнае струны, і ўспыхнула – асьляпляльна блакітна.
34. Гісторыі бясхмарнага дзяцінства. Пра самага дурнога чалавека