Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

МАРАФЕТ

Луданік сядзеў на лаўцы каля пад’езда і чакаў домакіраўніка. Да апошняга ў яго была вельмі важная і тэрмінавая справа. Мужчына хваляваўся, нервова паглядаў раз-пораз на гадзіннік, а калі хто выходзіў з дзвярэй, ажно прыўставаў і выцягваў, бы гусак, злуючы, шыю: «Ці не ён? І зноў не, блазнюк! Скажаў жа: чакай, зараз выйду. Ну, і колькі чакаць можна? Ды ўжо, ага, - будзь здароў колькі сяджу тут!.. Дзе павага да кватэранаймальнікаў, у рэшце рэшт?! Хто каго корміць?!..»

Нарэшце! Спярша паказаўся жывот, а потым і сам Цітавіч.

- Ну, што там у цябе? - лыпнуў ён вачыма, буркліва папытаў у Луданіка.- Кажы хутчэй, а то мне няма калі!..

- Багата што!..- таямніча і загадкава ўсміхнуўся кватэранаймальнік, як любіў называць сябе ў размове з работнікамі домакіраўніцтва сам Луданік.- Давядзецца прайсціся па тэрыторыі, так сказаць...

- Ну, пайшлі. Толькі хутчэй, а то мяне чакаюць!..- Цітавіч зноў паглядзеў на гадзіннік.

- Пачакаюць! - годна адказаў Луданік і патупаў наперадзе, а ззаду соп домакіраўнік Цітавіч, шморгаў носам і лаяўся, што ў яго, як заўсёды, мала часу, а тут яшчэ гэты Луданік, аднак!..

Перад ямінай, што была пасярод тратуару, Луданік спыніўся.

- Бачыш? - спярша нахіліўся над ямінай, а потым строга паглядзеў на Цітавіча Луданік.- Глыбокая і ў дыяметры не слаба - нага пралезе, і рабіць нечага.

- Уявім...

- Не ўявім, а трэба засасыпаць. Там вунь яшчэ дзве такія яміны. Запісвай, Цітаіч, а то забудзеш. Аловак узяў?

- Я сваю тэрыторыю ведаю, як калгаснік агарод, што мне запісваць!.. Ну, яміны? Так. Улічым.

- А паглядзі, якія сходкі?-Луданік паказаў на прыступкі, што вялі ў ягоны пад’ед.- Адрамантаваць належыць, шаноўны. Няма куда нагу паставіць. Злізаныя, як соль у кароўніку. А дрэва, а дрэва!.. Жасмін, здаецца? Ён, ага!.. Я ж, калі іду і забудуся пра яго, то ён у мяне кепку зрывае з галавы сваім галлём, а зімою, значыць, шапку. Спіліць!

Цітавіч нарэшце спыніўся, галузаватымі вачыма паглядзеў на Луданіка:

- Штосьці я нічога не зразумею? Іш, раскамандаваўся! Ты што, з глузду з’ехаў, каб мною, Цітавічам, кіраваць? Ды і навошта табе ўсё гэта? Ну, прыязджала б якая дэлегацыя замежная да цябе, тады б іншая справа. Навялі б марафет. А то ні з таго ні з сяго!.. Га? Навошта ты мне, я ў цябе пытаю, Луданік, усе гэтыя прэтэнзіі выстаўляеш?

Луданік уздыхнуў, паскроб за вухам, міргнуў вейкамі, бадзёра і радасна паведаміў:

- Заўтра , Цітавіч, у мяне кадзіраванне заканчваецца: піць пачынаю!

ЗУБ

На аўтобусным прыпынку да Цітаўца падышоў мужчына невысокага росту, шчуплы, акуратна апрануты, і торкнуў пальцам у распухлую шчаку, сказаў, перед гэтым зморшчыўся, як леташні яблык:

- Зуб... Толькі што вырваў... Сам я з Чыжоўкі... Ведаеце Чыжоўку?

Цітавец моўчкі кіўнуў: ведаю.

- Ажно два дні, на выхадныя якраз прыйшлося, цярпеў боль. Усе пілюлькі паглытаў, што былі. Не, каб адразу да зубнога доктара падацца... Не, каб асмеліцца... Дзяжурны ж зубны працуе ў горадзе, кажуць, і ноччу... А ў вас калі-небудзь зуб балеў?

Не разумеючы, чаго ад яго хоча гэты мужчына, Цітавец моўчкі кіўнуў: было. А сам адвярнуўся, каб не сустракацца вачыма з мужчынам. “От прычапіўся, смала!” Але той працягваў за ягонай спіной:

- І вось вырваў... А там корань - каб ты бачыў, дзядзька!.. У розныя бакі карэньчыкі тырчаць, ды вялікія, ды такія закручаныя!... І як толькі хапіла моцы ў доктаркі той зуб выцягнуць? Праўда, цягнула яна яго доўга, нават вельмі... Нагой ажно ўпёрлася ў крэсла. Але выцягнула!.. Фу-у!.. Перажыў такое, што і ворагу не пажадаеш...

Цітавец адышоў падалей ад мужчыны, аднак той не пакідаў яго ў спакоі, падступіўся таксама бліжэй.

Як на тое ліха, не было і патрэбнага аўтобуса.

- А доктарка ж - дзяўчынка, ага! - гуў, здавалася, над самым вухам Цітаўца мужчына.- Улічыць таксама трэба і гэта. Але малайчына, справілася. Корань - вы б толькі бачылі!.. У розныя бакі!.. І вось цяпер баліць тое месца, дзе ён, халера, той зуб тырчэў. Шчака, бачыце, якая? Хацеў зайсці выпіць сто грамаў, але ж на працу трэба. Такія вось нелады. Хоць галаву пад корч!.. Цярплю ж, а што паробіш? Трэба цярпець!.. У цябе, дзядзька, балеў калі-небудзь зуб? Рвалі? Страх, аднак!.. Страх!..

Нарэшце Цітаўца выратаваў аўтобус. Ён, шчаслівы і радасны, схаваўся ў салоне, а той мужчына - невысокага росту, шчуплы, акуратна апрануты - паказваў на сваю распухлую шчаку чарговаму першаму стрэчнаму.

Цітавец толькі цяпер адчуў, што ў яго таксама баліць зуб.

І ён нясмела пацягнуўся рукой да шчакі...

ПЕРАПАЛОХ

Гэтая гісторыя здарылася зусім нядаўна з маімі добрымі знаёмымі. Мне яна падалася надта цікавай, таму я і вырашыў падзяліцца пачутым з вамі, сябры.

Уявіце сабе позні зімовы вечар. Ўтульная гарадская кватэра. За акном паўсюдна зіхацяць агні. Дзядуля, пачапіўшы на нос акуляры, чытае газету, атрымліваючы ад гэтага – відаць ж па ягоным шчаслівым твары! – сапраўдную асалоду, бабуля рыхтуецца да сну: распраўляе ложак. І пазяхае.

Ходзікі, што вісяць на сцяне, таксама напомнілі голасам зязюлі, што ўжо позна, пара спаць.

І тут затрэнькаў тэлефон. Дзядуля з бабуляй здзіўлена пераглянуліся. «Хто б мог так позна?..» Дзядуля, адклаўшы ў бок газету і акуляры, падышоў, узяў трубку. Ніхто не адказаў. Дзядуля паціснуў плячыма, дзівіцца:

– Адны кароткія гудкі...

Потым зноў азваўся тэлефон. На гэты раз падышла да яго бабуля.

– Маўчаць? Маўчаць. Дзіўна...

Потым яшчэ раз дзядуля ўзяў трубку:

– Алё, я слухаю. Гаварыце. Не жадаюць чамусьці размаўляць з намі.

Потым яшчэ раз узяла трубку бабуля. Ніхто не адказаў і на гэты раз.

Бабуля не на жарт занепакоілася:

– Хто б гэта мог так позна нам тэлефанаваць? Можа, у Санкт-Пецярбурзе што здарылася ў нашых?

Дзядулі ідэя бабулі падалася праўдападобнай, ён набраў нумар сваіх у Санкт-Пецярбурзе.

– Санкт-Пецярбург, вы нам не тэлефанавалі? Не? Тады дабранач. Санкт-Пецярбург не тэлефанаваў, – сказаў дзядуля.– А як з Уладзівастокам? Можа, яны?.. – Набраў нумар.– У вас, гаворыце, справа да ранку ідзе? Тады з добрай раніцай. Не тэлефанавалі, значыць? Зразумела... Ды нічога, нічога не здарылася.

– А можа, Кіеў? – хвалюецца бабуля.

Дзядуля набірае Кіеў.

– Праверым і Кіеў. У Кіеве нікога няма ў кватэры, відаць, на дачы... Дзівосы, аднак!..

Старыя сядзяць, моўчкі пераглядваюцца: нічога не могуць зразумець. І зноў трэнькае тэлефон... Сапраўдны перапалох, ды і толькі!

– А дзе ў нас яшчэ сваякі ёсць? –глядзіць на дзеда бабуля, прыгадваючы.

– Усё быццам?.. – разводзіць рукамі дзядуля.

– А ты вось што, стары, зрабі: пазвані на тэлефонную станцыю і даведайся, адкуль паступіў да нас апошні званок. Яны вызначаць. Інакш усю ноч будзем бегаць мы да тэлефона і хвалявацца: а не ці здарылася што?.. Хтосьці ж прабіваецца, ды не можа прабіцца, падобна на тое, да нас?

– Гэта ты ідэю падала, – пахваліў бабулю дзядуля і пачаў набіраць нумар.

Раптам ледзь чутна рыпнулі дзверы, і на парозе дзіцячага пакоя паказаўся нечым заклапочаны ўнук Арцёмка.

– Нікуды не тэлефануй, дзядуля. Гэта...я... пажартаваў.

– Твае, значыць, выхадкі?

– Ага...

Бабуля п'е валяр’янку.

– Вось гэта падняў ты нас з бабуляй на ногі дык падняў, жартаўнік малы! – усё ж усміхаецца дзядуля, а заадно выцірае пот насоўкай на твары.– Такога перапалоху нарабіў! Ну, і якое ж табе пакаранне за гэта параіш вынесці? Чаму маўчыш?

– Да чаго тэхніка, а!.. – усміхаецца на ўвесь рот Арцёмка.

І кладзе на стол дзядулеў мабільнік.

ПАЎЗА

67
{"b":"549419","o":1}