Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

– А вось тут і сапраўды прашляпіў ты, дзед Грышка! – засмяялася Лізавета.

– Што праўда, тое праўда, – пагадзіўся стары. – Ды хіба ж за маладымі калі паспееш? Налівай!

А калі ўсе напеліся і наскакаліся, а потым зноў селі за стол, то раптам людзі зашапталіся, пачалі перадаваць навіну па ланцужку, адзін аднаму, і калі дайшла яна да дзеда Грышкі, тут ланцужок той не проста абарваўся, а трэснуў з вялікім грукатам. Стары ўстаў, махнуў рукой і строга сказаў:

– Цыц мухам-камарам! Ціха! Ядры вашу!.. У такі дзень хлапец у танкіста з Раісай нарадзіўся, калі наваселле. Цікава-інцярэсна, га? Супадзенне якое, землякі. Наваселле і народзіны. Значыць, шчаслівы будзе хлапец. Вось за гэта і я вып’ю да дна. І не толькі занюхаю. Ну, з Богам, за мальца, за новага жыхара нашай вёскі. – І ён кульнуў пітво ў свой бяззубы рот, аддыхаўся і сказаў: – А я і ведаў, што танкіст нашкодзіць у нас. І тое добра! Карысная шкода!

А я ўспомніў, як Раіса прыйшла да дзядзькі Хвядоса ўлетку, заплакала і адразу ж кінулася яму на шыю: «Прабач мяне, даражэнькі! Прабач, дзядзечка!.. »

Калі разыходзіліся людзі з наваселля, то паабяцалі трохі пазней схадзіць да Раісы ў адведкі, глянуць, на каго падобны хлапец. Хоць дзед Грышка на ўсе сто перакананы, што на танкіста, на каго ж яшчэ – той нідзе свайго шанцу не ўпусціць. У любога на хаду падэшвы адарве.

А Мікіта ўзяў старога за локаць, паказаў на падкову, што вісела над парогам, і гарэзліва ўсміхаючыся, паківаў на яго пальцам:

– Больш без дазволу не бяры, Грышка. Уцяміў? Усе падковы расцягнеш з маёй кузні, не будзе чым узімку і коней каваць. Ногі паламаюць.

– Яшчэ зробіш, – адмахнуўся дзед Грышка. – Былі б наваселлі. Былі б мы. А жалеззя знойдзем. Вунь яго, у полі, колькі!..

І Мікіта не знайшоў, што адказаць старому.

15. І ЗНОЎ НА ПЕЧЫ

Цяпер над печчу была столь. Не параўнаць. Хоць снег, хоць дождж – нічога не страшна. А толькі ляжы ды слухай, як кроплі сякуць па саломе і зрэдку, калі касы дождж, па акну. Дык гэта ўжо можна слухаць, нават прыемна. А калі слухаеш, то марыцца хораша – зусім, як у кніжцы. Хутчэй падрасці б. Ды ў школу ФЗН падацца, дзе, кажуць, не толькі форму даюць, але і кормяць. На токара ці слесара. Хоць не, лепш усё ж на трактарыста.

Едзеш на трактары, як дзядзька Сёмка, а дзеці бягуць услед і гагочуць, нібы гусі: га-га-га-а! Канешне, просяцца, каб падвёз. Але ж куды я вас, малеча, пасаджу, калі ў кабіне месца толькі для мяне аднаго. Як адмерана. Нават Петрык, паглядзіце, не можа ўціснуцца. Так-сяк уладкаваўся. У цеснаце не ў крыўдзе. А як жа мне яго, дружбака, не ўзяць? Ну, гэта ўжо даруйце! А дзед Грышка сарве з галавы тады сваю шапку, махне рукой і скажа ўслед:

– Забыліся, хто мне ласкуты падаваў, калі я кажухі шыў? Цікава-інцярэсна. То-та ж! Ці не я казаў, што з яго чалавек вырасце! Га? А вы не верылі, блазнюкі! Наце вам! Неслухі, адным словам!

А то ўявіцца раптам, як адчыняюцца дзверы і на парозе з’яўля-ецца мой тата, глядзіць на мяне, усміхаецца: вось і я, Колька! Толькі пісьма ад таты няма і няма. І я цяпер вось і не ведаю, чакаць тату ці не. Хоць што тут не ведаць – чакаць, абавязкова, каго ж яшчэ, калі не яго! І Пятра Лагойку, сына дзеда Грышкі. Усіх.

Ляжу на печы і ўяўляю, як будзе ў нашай Сасноўцы, калі ўсе яны, салдаты, вернуцца. Удзень – чаму ж, добра ляжаць, а ноччу страшна. У Іскані вунь парсюка ўкралі бандыты, кажуць усе ў нас, распаролі яму жывот, вантробы выпусцілі, а сала і мяса забралі.

Цяпер гэтыя бандзюкі толькі і бачацца, як недзе на двары штосьці рыпне-скрыпне, і мроіцца, што яны там вынюхваюць нешта сваімі доўгімі і хлюпатымі насамі. А што ў нас вынюхваць, каб папытаць? У хлеве пакуль пуста, вецер гуляе. Ні парсюка, ні каровы. Адны куры. Хоць бы сабаку завесці. Дзядзька Хвядос усё абяцае шчанюка аднекуль прынесці, быццам яму там нехта не пашкадуе, аднак ці забывае, ці за нос водзіць.

А сам і не прыйдзе тады-сяды начаваць. Адзін тут і слухай, за-таіўшыся, ці не шлындае там па двары хто? Казаў жа: давай, дзядзька Хвядос, сабе аўтамат пакінем, спатрэбіцца. Дык не, увесь наш арсенал зацапаў і адвёз у раён. Галава таксама! А сам цяпер: «Я, Мікалай, не буду начаваць сёння дома. Не баішся?» Было, што і баяўся, аднак Петрык навошта? А тады высветлілася – во дзівосы, га! – што Петрык на ноч да мяне, а дзядзька Хвядос – да яго. І дзе яны толькі размінаюцца? Дзед Грышка, калі даведаўся пра гэта, гыркнуў на нас абодвух і крыху мякчэй сказаў:

– Калі ўжо калгас, то і хай будзе калгас!

Потым я пасядзеў, падумаў і зразумеў, што значаць гэтыя словы. А значаць яны наступнае: можа так стацца, што ўсе мы – і дзядзька Хвядос, і цётка Матруна, і я з Петрыкам будзем жыць вось у нашай новай хаце. Усе разам. Адной сям’ёй. Цікава, а будзе насіць Петрыкава маці, як і раней, ручнік на плячы і пускаць яго ў ход бездай прычыны? Наўрад. А то моду ўзяла. Дзядзька Хвядос укажа на яе месца, калі трэба будзе. Прывучыць. Пры ім такая самадзейнасць не пройдзе. Цыкне – і навядзе парадак, не дазволіць, ясная справа, каб нехта нас, мужчын, крыўдзіў.

Але пакуль – маўчок. Пажывем – там відаць будзе, што да чаго. Пабачым.

Печ жа новая, яшчэ лепшая, чым ранейшая, хоць і зроблена з тойсамай цэглы. Перасыпалі, ператрэслі. Трохі дабавілі новых цаглін спадыспаду – цэглу рабілі самі, на двары. Я больш мясіў гліну нагамі. Хоць ногі адмыліся – за ўвесь час, блішчэлі ажно, нібы воскам нацёртыя. Пячнік, дзядзька Лёха, зрабіў пяколак і камянок. У пяколку цяпер ляжаць самыя сапраўдныя запалкі, загараюцца адразу, толькі шаркні па цёрцы. На камянку іншы раз мы варылі з дзядзькам Хвядосам бульбу, і тады не трэба было запальваць лучыну – светла і так у хаце, а сухія дровы патрэсквалі, салютавалі, і я толькі сачыў, каб яны далёка не стралялі, каб не сваволілі, а то, чаго добрага, трапіць вугельчык на апратку ці на што іншае, тады пагрэем неба.

На печы, бывае, і ўрокі вучу. Вусныя. А калі збяруцца ў нас мужчыны, я выглядваю з-за коміна ці проста ляжу і слухаю, пра што яны гамоняць. Мікіта выпісаў газету і ўсім чытае. Астатнія каменціруюць пачутае. Іншы раз разгараюцца гарачыя спрэчкі. На роўным месцы. І я тады думаю: хто каго? Дзядзька Хвядос, як самы памяркоўны, супакойвае:

– Ад гэтага, што мы скажам ці не скажам так або гэтак, нічога, сябры мае, не зменіцца. Хто нас дзе пачуе? Сталін? Крэмль? Успом-ніце Тамаша. Па-рознаму можна да яго адносіцца, а чалавек праўду гаварыў, калі першы раз Козыраў прыязджаў. Каля маёй печы. Ніхто нас не пачуе і ў звон біць не будзе...

Мікіта ўсё ж не здаваўся:

– А я гавару, што каб не Сталін... то б, можа, вайны і зусім не было!

Бач ты яго, Мікіту! Ён што, разумнейшы за дзядзьку Хвядоса? Каб жа не так. Старшыня ўсё ж. Выбралі ж самага разумнага, галавастага. Як сказаў бы дзед Грышка, у яго макацёр на месцы. Мікіта ж пра гэта таксама ведае, але ж задзіраецца. І навошта, каб папытаць у чалавека? Хай бы хто іншы, у каго клёпак не хапае, а то ж сам камандзір партызанскага атрада. Яшчэ і газету выпісвае. Грамацей!

А тады пра мясцовыя навіны, калі надакучыць палітыка, пачы-наюць гаманіць. І пра жанчын, і пра мужчын... іншы раз забудуць пра мяне ці падумаюць, што я сплю, і такое скажуць, што мне потым сорамна перад імі паказацца, каб на вуліцу выскачыць па патрэбе. Застаецца хітраваць – раблю выгляд, быццам спаў, моршчуся, злёгку хістаюся, быццам яшчэ сонны, як леташняя муха, тру кулакамі вочы, дзіўлюся – дык гэта яны яшчэ ўсё тут? – і выкульваюся ў сенцы.

Не пражывеш, не абхітрыўшы. Можна падумаць, што я па сваёй ахвоце так раблю. Вымушаюць.

Усё б добра, можна слухаць іхнія байкі, але ж смуродзяць – хоць сякеру вешай. Не прадыхнуць. Спярша я чмыхаў, як паравоз, а тады прывык да той атруты, і хоць мы таксама з Петрыкам ужо спрабавалі курыць сухое альховае лісце, горкае і пякучае, я ўзненавідзеў гэтае курэнне і пакляўся, калі вырасту і буду вялікім, нават не глядзець на табаку: каму трэба, той няхай і курыць, а я не дурань.

21
{"b":"549419","o":1}