Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

Не, усё ж разумны той чалавек, які прыдумаў печ. Не менш разумны і дзядзька Лёха, які яе выштукаваў, бы цацку, і паказваецца ў Сасноўцы вельмі рэдка: стары халасцяк ходзіць з вёскі ў вёску, робіць не толькі печы і грубкі, а, як падслухаў я за тым жа комінам, і яшчэ нешта... Дарослым можна пра гэта гаварыць, а нам, дзецям, – што ты!..

16. НА ПРЫЗБЕ

У нашу новую хату любіць прыбягаць Петрык. І ў той дзень, каб не пачуў дзядзька Хвядос і не задаваў лішніх пытанняў, я шапнуў яму:

– Прыходзь увечар на Грышкаву прызбу.

– Навошта?

Ён і гэтага не ведае. Ну, як хочаш. Сядзі дома, мякеша. На прызбе ж цяпер збіраюцца не толькі дзеўкі з ісканскім гарманістам Аркашкам, але і такім, як і мы з Петрыкам, дазволілі. А чаму так над намі зміласцівіліся, дык тут і грамацеем вялікім не трэба быць, каб зразумець: дзед Грышка ўсім распавёў, якія мы харошыя і амаль ужо дарослыя, а сур’ёзнасці ў нас – хоць цераз край, бо хто ж яшчэ, як не мы з Петрыкам, першыя памеліся старога засыпаць торфам. А прызба недарэмна ж Грышкавай завецца. Ягонай. Дык хто тут гаспадар? Які Аркашка? Глухая сцяна, тая, што глядзіць на вуліцу і не мае ніводнага акна, уся аддадзена пад гулянне. Спіць ці не спіць сам стары, калі дурэюць хлопцы і дзеўкі і рыпае гармонік, ніхто не ведае, але адно вядома дакладна: дзед Грышка вельмі ганарыцца, што збіраецца моладзь менавіта каля яго, а не дзе-небудзь. Буслы вунь гняздо каля кепскіх людзей, хціўцаў і прайдзісветаў розных, не зробяць. Так што майце на ўвазе, анціхрысты! І што яшчэ цікава, ніколі стары не выходзіць паглядзець, што робяць на ягонай прызбе маладыя сасноўцы, пэўна, яму і так усё зразумела. А можа, ён ляжыць тады на сваёй печы і маладосць успамінае, і яму ў тыя хвіліны таксама робіцца хораша і траха весялей на гэтым свеце жыць-трымацца.

Мы і раней на прызбе былі не з боку прыпёку, ведалі сабе цану, аднак іншы раз нехта са старэйшых хлопцаў мог дазволіць сабе задраць перад намі нос і паказаць, што ён тут немаведама якая шышка, любы загад аддаць – прынесці-падаць нешта, хоць бы тую круцёлку са сланечніка, і звярнуць яму галаву належала ў агародзе Лізаветы ці Варкі, бо ў тых яны заўсёды апетытна галовы звешваюць ледзь не цераз самы плот, то цяпер хай паспрабуюць падаць нам такі загад, то натыкнуцца!.. Шчыт ёсць. І гэты шчыт, тое кожнаму зразумела, – дзед Грышка, наш сябар і таварыш.

Зусім нядаўна на прызбе з’явіўся новы кавалер. Ён вельмі худы. Размаўляе па-гарадскому, ад яго тхне адэкалонам, нібы ад п’яніцы гарэлкай, і курыць ён толькі «Казбек». Спярша вывудзіць з прыгожага карабка папяроску, паляпае ёю па таму Казбеку, а ў той самы час, калі ляпае, глядзіць уважліва на нас і фанабэрыста пытае:

– Как у вас здесь житуха, братва? Тихо, однако. Не в жилу как-то... С Питером нашим разве сравнишь? Ни трамваев у вас, ни метро! Скучища! Одно хорошо: картофан есть. А мне после блокады этов самый раз, однако! Врач прописал. С возрастанием, а то сразу может заворот кишек произойти. Кому не понятно, что я глаголю?

І смяецца, весела і гучна, і ўсе, нават Надзейка, паварочваюцца да блакадніка Саныча, які прыехаў з Ленінграда да цёткі Варкі ад’ядацца, бо там, калі яго паслухаць, «сплошная бесхлебица».

Саныч расказвае нам пра голад, што быў у Ленінградзе, і калі яму верыць, то людзі паміралі з голаду. Нам у гэта цяжка паверыць, але ён так пераканаўча пра ўсё гэта апавядае, што нічога не застаецца, як разяўляць рот і слухаць.

– На моих глазах, братва, был случай из разряда обычных для блокады случаев, можно сказать без особых преувеличений. Стою в очереди за хлебом. Мамку отправил домой, пусть хиляет старушка, чё в ней осталось? А я всё же мужик, выдюжу.

Словы ў яго, Саныча, такія, што я не ўсе і разумею – упершыню ж чую.

– Как-никак во флотке учился до сорок первого. Там – школа, похлеще, чем в кадетке было. Н-ну да, о чём это я? Правильно, спасибо, братиши, за подсказку. И вот хлебушек получает старуха... на всю семью, однако, потому как полбуханки – это, поверьте мне, уже кое-что. И не успела она, старуха, спрятать тот хлеб, как какой-то прощелыга выхватывает его и сразу в рот. Мужики налетели. С очереди. Дубасят его, а он хлеб не отдаёт – на земле лежит, свернулся, и жуёт, жуёт, а его чешут со всех строн. Тумаками и ногами. Так и не вырвали – всё проглотил. Мёртвой хваткой. Не вру. Было. Да чего вам говорить-то, пройти надо... всё одно не поверите.

Мне зрабілася шкада тую бабульку, якая засталася без хлеба, бо Саныч сказаў, што ніхто з ёй не падзяліўся. «Самим мало, однако...» Пакуль грае гармонік і дзяўчынкі таўкуцца перад сцяной Грышкавай хаты, Петрык просіць ленінградца, каб ён зноў расказаў тыя блатныя вершыкі, якія ён расказваў нам учора. Дзяўчынкам нельга іх слухаць, не дараслі яшчэ, а нам – калі ласка. Мы слухаем Саныча, над вёскай вісіць месяц, і свеціць так хораша, што на вуліцы светла, і блакаднік не забывае сказаць:

– Это я вам, братиши, белую ночь привёз.

Ноч – і белая? Спярша мы не ведаем, што гэта за ноч такая, а калі Саныч кажа, што ў ягоным горадзе бываюць ночы, як дні, светлыя, хоць іголкі збірай, застаецца пагадзіцца: быццам не балбатун пляменнік цёткі Варкі, бо абы-хто столькі вершыкаў і песень не запом-ніць, у яго галава будзе мякінай набіта ці чым яшчэ, толькі не імі. Во, на гэты раз спявае:

В одном городе близ Саратова,

Под названьем тот город Петровск,

Там жила семья небогатая.

Мать бледна там была, словно воск.

Долго мучилась, разнесчастная,

И решила покинуть наш свет,

Позвала к себе своих детушек

И дала им последний совет:

– Милы детушки, покидаю вас,

Трудно будет без мамки вам жить,

Не оденут вас, не обуют вас,

И голодным придётся ходить.

Поглядев на них, мать заплакала,

И вздохнула она тяжело.

– Милы детушки, покидаю вас, –

Так закончила слово своё…

Не ведаю, як вам, а мне падабаецца песня. Трэба будзе папрасіць Саныча, каб перапісаў. Спатрэбіцца. У тым жа горадзе, калі паедзем з Петрыкам на зваршчыкаў вучыцца – а гэта мы цвёрда вырашылі – то прымусім такіх, як самі, раты разінуць да вушэй. А то ж! Толькі я падумаў пра гэта, а тут зноў танец.

– Попрыгаем, братиши?

Саныч паглядзеў на нас, але мы яшчэ ніколі не скакалі, таму толькі паглядзелі на яго здзіўлена, і ленінградзец падаўся да дзяўчынак. Адразу перад Надзейкай спыніўся. Гляджу, ужо кружаць... Мне ажно млосна зрабілася. Гэта ўжо замнога! Толькі прыехаў – і давай адразу запрашаць! Таксама цаца і Надзейка, вяночніца. З першым стрэчным пайшла. Саныч пабудзе-пабудзе, ды і паедзе, а ты з кім застанешся, дзівачка? Што, можа, думаеш, ён і цябе ў Ленінград забярэ? Х-хы, ды там такіх, мусіць!.. Пачакай, пачакай, ты яшчэ пачуеш пра мяне. Нядоўга засталося. Толькі спярша трэба ўсё ж навучыцца танцаваць. Лягчэй за ўсё крыўдаваць на ленінградца альбо Надзейку, бо як я магу запрасіць яе, калі мядзведзь мядзведзем. Усё, вырашана: вучымся танцаваць. І ў тым жа горадзе гэтая навука спатрэбіцца, а тобудзеш там туйбень туйбенем. А хто б гэта нас толькі навучыў? Ну, над гэтым мы яшчэ падумаем... І тады на прызбе не будзем стаяць, рукі ў кішэні, а дадзім перцу. Надзейка, можа, першая разіне рот.

А пакуль хай пакружыць з Санычам. Не шкада. Ён чалавек добры. Толькі аслаб у сваёй блакадзе, хоць, бывае, так зарагоча, хоць вушы затуляй. Вось ад’есца ў цёткі Варкі і паедзе горад свой пазбаўляць ад рознага ламачча і друзу, што застаўся пасля бамбёжак.

22
{"b":"549419","o":1}