Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

Дзеці, можа, набедакурылі? Дык не, не павінны, яны самастойныя людзі. Дачка ў Мінску жыве, сын – у Гомелі. Звалі яе да сябе, але яна не асмелілася пакідаць наседжанае гняздо. Хоць і нявыкрутна бывае іншы раз – старасць цётка кепская, асабліва вачам рады не даць. Яна так і задумала сказаць карэспандэнтам:”А як жывецца? Вочы зусім не бачаць. Хаджу бліжэй да сцяны, да паркана… Вобмацкам”.

Карэспандэнты, хлопец і дзяўчына, былі з тэлекамерай, а з імі і старшыня сельсавета. Яны і сапраўды пацікавіся пра жыццё. Яна разгубілася і не забылася сказаць пра вочы. Яна толькі помніць, што ёй прынеслі пісьмо ад старэйшага брата, які не вярнуўся з вайны. Сказалі, гэтае пісьмо брат адправіў ажно ў тысяча дзевятсот першым годзе, аднак усю карэспандэнцыю тады захапілі немцы і тая знаходзілася доўгі час у музеі ў Аўстрыі, і вось цяпер рашылі аўстрыйцы вярнуць пісьмы іх адрасатам. Больш блізкай радні, чым Яна, у раёне не было, і пісьмо вырашылі ўручыць ёй. Яна ўзяла тое пісьмо, рукі трэсліся, баялася, каб не ўпусціць яго, і забылася нават падзякаваць. Толькі папрасіла, каб прычыталі, што ён, брат, там напісаў…

Сярод тых, каму перадаваў франтавое прывітанне брат, было і яе імя…

10.

Ён рана застаўся без бацькі, а маці, на руках у якой было яшчэ двое дзяцей малодшага школьнага ўзросту, працавала ў харчовай краме, месцам сваім даражыла, таму дзеці былі прадастаўлены самім сабе. У той час пасада прадаўшчыцы лічылася прэстыжнай – халадзільнік быў забіты самымі дэфіцытнымі прадуктамі харчавання. І ўсё б нічога, але самы маленькі пачаў адбівацца ад рук, перастаў слухацца не толькі маці, але і старэйшых сястрычку і браціка. Тыя знаходзілі ў яго папіросы і запалкі, а нярэдка заўважалі, што хлопчык прыходзіць дадому надта вясёлы і тады сядзіць за сталом і марыць пра сваё будучае. Абяцаў нават – а чаму, і не зразумела – паступіць у політэхнічны інстытут. Інстытут інстытутам, але восем класаў так-сяк агораў, атрымаў у ПТВ спецыяльнасць токара, і што радавала яго сямейнікаў, на прадпрыемстве, дзе працаваў, хвалілі. “Залатыя рукі ў хлопца”. Заняў нават другое месца на рэспубліканскім конкурсе сярод токараў. А потым пачалі на рабоце заўважаць, што Ён прыходзіць на змены пад хмяльком, рабілі, вядома ж, яму заўвагі, але не дзейнічала. Больш таго, пачаў прапускаць рабочыя дні: запіваў. Звольнілі хлопца. Пэўны час Ён бадзяўся па мікрараёне, займеў сабутыльнікаў, і пакацілася-паехала. Некалькі разоў кадзіраваўся, трымаўся нядоўга… Але за той час, калі не піў, паспяваў набыць новую шыкоўную вопрадку і выглядаў, маючы добрыя знешнія жаныя, франтам.

Пазней Ён пабраўся шлюбам, але той пратрымаўся па вядомых нядоўга. Аліменты на ўтрыманне сына больш плаціла маці…

Яна не мясцовая, прыехала ў абласны горад з вёскі. Уладкавалася на працу, там пазнаёмілася з мужам, выйшла замуж, нарадзіла сына. І пачала выпіваць: муж чарку, і яна столькі ж. А потым прыйшла, хістаючыся, раз дадому, другі, на трэці – прапала. Праз тыдзень вярнулася, павінілася. Муж дараваў. Толькі прападанні гэтыя зрабіліся частымі і вымяраліся ўжо не тыднем, а месяцамі. Мужу казалі, што бачылі яе там і там, п’яную, з падбітым вокам… Ідзі, маўляў, забяры, а то зусім прападзе баба. Муж не ішоў, гадаваў сына сам. А калі Яна вярнулася, не пусціў і на парог: ідзі туды, дзе і была, прастытутка!..

…Яны не помняць, як прыйшлі на кватэру да ягонай маці. Спалі ўпокат, не распранаючыся, на канапе. Раніцай, як толькі заварашуліся, маці, скрыжаваўшы рукі на грудзяў, пахітала галавой, ціха мовіла:

– Якая прыгожая пара! І трэба ж вам было недзе сустрэцца, любыя мае! Ці вас хто пазнаёміў? Дык запрашайце кумоў-савтоў, ды вяселле справім! У чым справа?

–Мама, адстань!

–Не, не адстану. Я сур’ёзна. Вы ж так падыходзіце адзін аднаму, што і не перадаць! Ну, дык што, калі вяселле будзем спраўляць?

Бываюць жа дзівосы на свеце. Маці заставіла сына і прыбіўшуюся да яго жанчыну перашай справай памыцца і пераапрануцца (жанчыне дала свае транты), а потым пасадзіла за стол, наліла па сто грамаў і адразу ж схавала графінчык. А тады папрасіла слова, добранька пасарамаціла тых:”Пара, пара, дзеці мае, брацца за розум. Паглядзіце на сябе: вы ж такія прыгожыя, а што гарэлка зрабіла з вашымі тьварамі? На каго вы падобны? Бог, каб ведаў, аддаў бы вашу прыгажосць іншым людзям…”

Так Яны і жывуць у кватэры ягонай маці. Яна нарадзіла дачку, Ён купіў легкавік. Бачылі б, якія шчаслівыя.

Паляпаем па дрэве.

11.

Ён і Яна – выпускнікі тэатральна-мастацкай акадэміі ( на той час – інстытут), пакахалі адзін аднае яшчэ на першым курсе. Вяселле было сціплае: студэнты, і гэтым усё сказана. Хаця з боку жаніха мелася прапанова непасрэдна ад бацькі, а ён быў палкоўнікам у адстаўцы, салідным чалавекам, не спяшацца, а паднасабіраць грошай ды адзначыць гэтую падзею як след, усё ж адзін сын у сям’і. Яго не паслухаліся: што чакаць, калі няма калі!.. Хутчэй у ЗАГС!.. Размеркаваліся ў абласны драматычны тэатр: Ён стаў працаваць па спецыяльнасці – рэжысёрам, Яна – актрысай. Даволі хутка атрымалі кватэру. Нарадзілася дзіця. А потым яна сказала: “Хачу дамоў! Сумую па бацьках! Ды і што мы сядзім тут, калі ў Маскве віруе сапраўднае тэатральнае жыццё! Там жа кіно, тэатры. А што мы тут не бачылі?” Ён разводзіў толькі рукамі, не ведаў, што адказаць жонцы. А потым яму прапанавалі пасаду галоўнага рэжысёра ў іншым абласным тэатры. Ён ахвотна пагадзіўся. І пачаў апантана працаваць, перад ім было шырокае поле дзейнасці. Ты – галоўны, табе і карты ў рукі. Стаў спектаклі, якія пажадаеш. А Яна зноў успомніла пра Маскву, дзе нарадзілася і вырасла, бацькоў, брата.”А дзе мы там жыць будзем? У нас жа тут жыллё – лепш не прыдумаеш – два пакоі насупраць тэатра.”– “Нас цётка возьме да сябе, яна, ты ж ведаеш, адзінокая…”– “”А праца? Хто нас там, у белакаменнай, чакае?” – “Былі б мы, а працу знойдзем. З Сібіры вунь ажно едуць, каб пакараць Маскву. І пакараюць. А мы што, горшыя? Тым больш Масква – мой горад. Стане ён і тваім. Павер”.

Ён… здаўся. І тут трэба нагадаць, што на дварэ быў пачатак дзевяностых гадоў мінулага стагоддзя. Распаўся вялікі саюз народаў СССР. У Маскве мітынгі, на вуліцах танкі… Тэатры не фінансуюцца. Кіно не здымаецца. Рэжысёры і акцёры нікому не патрэбны, сваім няма чаго рабіць. Ён не працуе, Яна – таксама… Дзіцё на руках. Як жыць, што рабіць? Страшней сітуацыі не прыдумаеш. Вярнуцца, можа, назад? Але хто ж іх, уцекачоў, чакае сёння ў Беларусі ? Ранейшае месца галоўнага рэжысёра занята, нават няма вакансій чарговых.

Сёння Яны дзівяцца: і як толькі выжылі? Ды і радасці ад працы няма, таму што робяць не па спецыяльнасці. Для творчых людзей – гэта спрэс стрэсавая сітуацыя, іначай не скажаш. Ён іншы раз, праўда, наязджае ў беларускі тэатр, ставіць спектаклі… Але не так часта, як таго жадалася б.

Масква ж, распусніца, не прыняла належным чынам. Не працягнула руку, схіліліўшы голаў: мы вас даўно чакаем, шаноўныя нашы!..

12.

Апошні раз я бачыў гэтага чалавека, калі Ён падмятаў каля свайго двара. Рабіў гэта з перадыхам: шаркне раз-другі – адпачне, і так далей. Сусед быў зусім слабы. Неўзабаве яго забраў у горад сын, аднак на гарадскім хлебе пабыў нядоўга– адтуль яго прывезі назад у вёску ў труне, пахавалі побач з жонкай, якая пайшла з жыцця паперад. Дзеці паставілі ім агульны помнік, на якім Яны – як два галубкі…

Ён з суседняй вёскі, Яна – мясцовая. Пабраліся шлюбам яны адразу ж пасля вайны, і хоць час быў няпросты, расшчодрыліся на дзяцей: дачка, сын, дачка, сын, сын, дачка… Дзеці былі ў іх прыгожыя, як і самі бацькі. Жылі дружна, рабілі і на сваім агародзе, і на калгасных палетках, а ў сезон збіралі дурніцы на балоце і што пакідалі сабе, а што неслі на базар у мястэчка. Але было адно “але”. Цёшча. Яна таксама жыла ў гэтый дружнай сям’і, і таму іншы раз падсыпала зяцю перца: то выпіў з хлопцамі на дворні (Ён працаваў там механікам), то стаяў і размаўляў на вуліцы з сімпатіычнай суседкай, а то і проста не так глянуў на яе, цёшчу. Адным словам, тады-сяды ўспыхвалі сямейныя канфлікты, якія заканчваліся іншы раз тым, што аконная шыба, а то і адразу дзве, былі затыкнуты куфайкай альбо ватнікамі, і тады праходжыя каля такіх вокнаў спачувалі зяцю, казалі, што ў прымах жыць – ну яго!..

60
{"b":"549419","o":1}