Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

Я вось думаю зрэдчас: а ці бачыў хто калі яго ў вайсковай форме? Я — не. Адкуль жа тады ведаю, што Ён палкоўнік? Пра гэта мне апавёў зямляк, які таксама жыве ў нашым городзе і неяк сутыкнуўся з тым твар у твар.

— Я служыў з ім у Сярэдняй Азіі, Ён быў маім начальнікам, — слухаў я земляка. — Я — карэспандэнт дывізіённай газеты, Ён — начальнік палітычнага аддзела, малады палкоўнік, вялікі аматар мастацкай літаратуры. Чытаў нават на вучэннях, калі выдавалася вольная хвіліна, а больш — у сваім рабочым кабінеце. І рабіў, заўваж, гэта вельмі хітра. Кніга заўсёды ляжала ў шуфлядцы стала, і калі хто з падначаленых заглядваў да яго, Ён цягнуў руку насустрач, а жыватом тым часам зачыняў шуфлядку. Шыта-крыта. Але нічога не застаецца незаўважаным. Раскусілі і начпа. Раскусіць раскусілі, а што ты яму зробіш?.. Толькі не пра чытанне мне ўспомнілася, гэта ўсё дробязі, чытанне кніг у рабочы час. Неяк выклікае ён мяне і загадвае: "Едзем праз паўгадзіны ў Тэджэн, збірайся і бяры з сабой фотакарэспандэнта". Тэджэн, дзе стаяў вучэбны танкавы полк, быў далекавата нават па мерках бязлюднай пустыні — недзе дзвесце кіламетраў. Ну, едзем дык едзем. Я хуценька сабраўся, на месцы быў і фотакарэспандэнт радавы Раджэпаў, турмен па нацыянальнасці, вельмі вясёлы і таварыскі хлапчына. Прыехалі на "УАЗіку" ў танкавы полк, начпа пакінуў нас адных (самі ведаеце, што рабіць, не першы дзень у газеце), і загадаў чакаць яго каля штаба у сямнаццаць нуль-нуль. Мы так і зрабілі: набралі матэрыялу, чакаем каля штаба палка. Гадзіну, другую чакаем. А потым я не вытрымліваю, цікаўлюся ў дзяжурнага: а дзе ж наш начальнік, дзе палкоўнік? Дзяжурны хітра ўсміхаецца: маўляў, дзівакі вы ці што? Ён даўно паехаў... Я здзівіўся: як гэта — паехаў? Аднак дзіўнага тут аказалася мала. І я, наіўны на той час лейтэнант, не мог адразу сцяміць, што навошта яму мы, спадарожнікі, сведкі, калі ўвесь багажнік быў нашпігаваны дынямі і кавунамі, вінаградам і рыбай, якой тут, у Каракумскім канале, процьма!. Але ж, прабачце, я і Раджэпаў не выпісвалі камандзіровак, таму мне давялося купіць білет за свае грошы і салдату. Ён жа зрабіў на наступны дзень выгляд, што нічога не адбылося. Вядома ж, не да месца яму было пытацца і пра тое, ці запасліся мы матэрыяламі для дывізіёнкі...

Чаму сёння Ён жыве адзін і як аказаўся ў нашым горадзе, зямляк не ведаў.

4.

Ён быў добрым акцёрам. Быў, таму што колькі дзён назад у нэце з'явіўся радок, які паведамляў пра ягоную смерць... Не верылася, бо мужчына яшчэ ў самым росквіце. Патэлефанаваў знаёмаму ў Мінск, вырашыў пацікавіцца, што ж здарылася з чалавекам. Той сказаў коратка, як адсёк: спіўся. Спіўся? І што, ад яе, гарэлкі, памёр? У гэта не хацелася верыць: ён жа зусім не браў у рот, наколькі я ведаў, гэтай атруты. Ні кроплі. І раптам... сканаў ад гарэлкі?

У гэтым правінцыйным тэатры Ён з'явіўся на пачатку новага сезона, адразу ўліўся ў калектыў, а неўзабаве амаль увесь рэпертуар вісеў на ім. Талент ёсць талент. Злыя языкі, праўда, баялі, што ў сталіцы Ён наогул не быў запатрабаваны, бо там такіх майстроў сцэны хоць адбаўляй, а тут, бачце вы яго, стаў зоркай першай велічыні. Не цяжка было здагадацца пляткарам, чаму Ён прыехаў у правінцыю. Тут вялікага розуму не трэба, бо проста так сюды ніхто не паедзе, значыць, нешта не склалася ў яго, не інакш набедакурыў. А, дык ён яшчэ і скасаваў шлюб з жонкай? Тады зразумела... Збег ад сям'і, збег ад праблем. Калегі глыбей капацца не сталі. Ды ці мала такіх прыкладаў, калі правінцыя лячыла "заблукалыя душы"?

Артыстка Стрэмкіна ў тэатры працавала даўно, яшчэ з таго часу, калі той быў народным калектывам. Потым, калі надалі тэатру статус гарадскога, яна паступіла ў мастацкую акадэмію, вучылася завочна, а заадно выхоўвала разам з мужам-бізнэсменам дваіх дзяцей. І... захапілася акцёрам, які прыехаў да іх са сталіцы. Пачаўся раман. Дзе-дзе, а ў тэатры такое не схаваеш, і неўзабаве ўсе толькі і гаманілі пра адносіны Стрэмкінай з ім. Адны асуджалі, маўляў, і чаго ёй толькі трэба, дом поўная чаша, ды і дзеці ж. Іншыя разумелі Стрэмкіну: ну, пакахала, ці мала з кім такое можа быць. Пройдзе. Ён, да таго ж, быў і старэй за Стрэмкіну год на пятнаццаць. Аднак пазней, калі адносіны паміж сталічным ацёрам і Стрэмкінай зайшлі далёка, усе былі нібы ўкушаныя: Ёй, бачце вы, у стольны Мінск захацелася, бліжэй да тэатральнай і кіношнай багемы.

Тэатр пасумаваў-пасумаваў па дзвюх зорках, ды і забыўся на іх: хапала сваіх клопатаў. Ён і Стрэмкіна ўладкаваліся ў адзін са сталічных тэатраў, таксама цешыліся славай. А потым Ён запіў. Страшэнна. Бывай, зразумела ж, тэатр. А крыху пазней і Стрэмкіна сказала: бывай... Яна забрала дзяцей і пайшла ад мужа на прыватную кватэру.

Так вось і скончылася іх шчаслівае жыццё. Толькі мне не зразумела адно: як Ён мог, ведаючы сваю слабасць, ад якой ратавала яго кадзіраванне, не сказаць Стрэмкінай пра гэта? Чаму не паставіў яе перад выбарам? Чаму Ён, у рэшце рэшт, зрабіў няшчаснымі адразу чатырох чалавек — яе, Стрэмкіну, дваіх дзяцей і мужа? Пераацаніў сябе?

Як бы там ні было, а мне шкада яго. Ён быў і сапраўды таленавітым чалавекам, бо не кожнаму з нас дадзена рабіць людзей адначасова і шчаслівымі, і такімі няшчаснымі...

5.

Яна мала жыла адна, калі не браць у разлік кароткі прамежак часу перад з’яўленнем у хаце новага мужа. Муж – гэта, відаць, гучна сказана. Дакладней – мужчына, у якога альбо памерла жонка, альбо выганяла прэч: чым з такім, абібокам, жыць, лепш як-небудзь адной. Яна падбірала, не грэбавала “абібокамі”, а жонцы, кажуць, у такіх выпадках казала дзякуй і абяцала абавязкова яго перавыхаваць. “На маіх працэдурах усе лечацца”,– гаварыла не без гонару землякам. Тыя ведалі, няго ж: тры агароды мае баба, поўны двор жыўнасці, там не залянуеш. І яшчэ цікава было землякам: навошта ёй, адзінокай, такая вялікая гаспадарка?

На маёй памяці такіх мужчын у яе было пяцёра. Апошні, Косцік, ніколі не браўся шлюбам раней, жыў бабылём да сівых валасоў з маці, а як тая памерла, яго і падабрала Яна. Косцік адзіны яе прыёмны мужчына, якога яна сама папрасіла, каб ішоў у сваю стылую і галодную хату: тыя ж першыя пайшлі з жыцця самі. Таму была прычына– Косцік, бандыт, украў ажно пятнаццаць тысяч рублёў, а такое безнаказана ў яе не праходзіла. “Хочаш выпіць, дык у чым справа? Ці ж не частую, ці ж я не кармлю.? Але красці– Божа ўратуй!..” Яна і сапраўды добра карміла і не шкадавала ім, мужчынам,віна. Чым, канешне ж, і трымала іх каля сябе. Мёртва трымала. А найбольш доўга жыў з ёй прымак з Расіі Лявонцій. Калі ён прыбіўся, Яна жыла ў старэнькай – ніяк на курынай ножцы – хатцы, а чалавек стрэўся ёй з залатымі рукамі, мог і плотнічаць, і сталярыць. Ён і паставіў неўзабаве на агародзе новы, як звон, дом. Зрабіў прыгожыя аканіцы. Заасфальтаваў двор. Адным словам, жыві ды радуйся. Аднак мелася ў чалавека сур’ёзная загана – як перабярэ гарэлкі, тады ўцякай з хаты. Што Яна і рабіла. Ратавалася ж не заўсёды – кулакі прымаковы даганялі ўсюды. Колькі можна было цярпець? А прагнаць як прагоніш: хату ж ён зрабіў, не падступішся –прычына, як не лічы, важная. Так і жыла Яна, пакутніца. Ды і заступіцца не было каму: сама ж бяздзетная, а пляменнікі, якія жывуць у горадзе ды ў суседнім сяле, прыязджалі толькі на свежыну ды за гароднінай, а ў такія хвіліны прымак быў – сама светласць. Неўзабаве Лявонцій пачаў кволіцца на здароўе, а затым і сканаў. Кажуць, быццам, хварэючы, прасіў крычма: “Ратуй, жонка! Лепшых дактароў наймай! Не шкадуй грошай! Чуеш?” Яна чула, не глухая, а сама, вядома ж, прасіла Бога, каб хутчэй той пазбавіў яе ад такога праклятушчага жыцця. Гэта пазней сусед раскажа, як прымак рашыў пачаставць яго віном, запрасіў у хату. А Яна, убачыўшы ў суседа поўную, да краёў, шклянку, выбіла яе з рукі. Не, Яна не прызналася вяскоўцам, што падлівала ў віно саляную кіслату… Па кроплях… Каб нічога не зразумеў… Але людзі не былі б людзьмі, каб не здагадаліся пра гэта. Яны яшчэ тыя следчыя, людзі. Адны асуджалі яе, іншыя, наадварот, хвалілі: так яму, вырадку, і трэба.

58
{"b":"549419","o":1}