Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

Неўзабаве грыбоў было з каптурком – што ў мяне, што ў Петрыка. Нават пашкадавалі, што малыя кашы ўзялі. А дзеда так і не знайшлі. Знайшоў ён нас. Селі мы, адпачываем, а стары тут як тут – з-за куста вылузваецца, глядзіць на нас, вачыма міргае:

– А я, прызнацца, думаў, што адзін грыбы збіраю. Маё здароўечка. Памыліўся. Ну, і што там у вас, малеча, у кашах?

Астап зазірнуў у нашы кашы, пахваліў:

– Малайцом. Адкуль жа будзеце, гвардзейцы?

– З Сасноўкі, – адказаў Петрык.

– І чые ж? – Астап таксама сеў побач з намі.

Трэба будзе расказаць, чые мы, тады хутчэй гармонь аддасць, і хоць нашыя бацькі не вялікія начальнікі, але дурной славы ў наваколлі не маюць, і гэта, рашыў я, павінна падзейнічаць на дзеда. Пра ўсе беды-напасці таксама не забыцца б. У мяне мамы няма, у Петрыка таты... Яшчэ невядома, ці вернецца і мой тата з вайны... Няма ж вестак. І мы ўсімі гэтымі фактамі прыціснулі, здавалася, Астапа да сцяны: гармонь нам, дзед! Стары ж, слухаючы нас, хехекаў, хітаў галавою, іншы раз твар у яго лагаднеў, а больш быў суровы і задумлівы:

– Э-ге... Так-так... Ай-яй-яй!.. Няўжо?.. Хіба?.. Адкуль, здавалася б?.. І столькі на такія кволыя плечы?.. Дзе справядлівасць?.. Хто скажа?.. Э-ге!..

А паднімаючыся з зямлі, сказаў:

– Трымайцеся, хлопцы.

Петрык падаў знак, каб я заводзіў гамонку пра гармонік. Пара. А то позна будзе. З дзедам, канешне ж, не з дзядзькам Хвядосам пра Дзмітрыя размаўляць, тут неяк прасцей, і я пачаў здалёк:

– Трымаліся б мы яшчэ, дзед, лепш і больш стойка...

– Ага, – падтакнуў і Петрык.

– ... каб вы нам дапамаглі ў тым.

– А ў чым, цікава? – Астап зноў сеў на ўзгорачак. – Слухаю, землячкі.

– Гармонікам! – вырвалася ў мяне, і я не спалохаўся, што так усё знянацку атрымалася, а абрадаваўся: як кажа дзед Грышка, быка адразу трэба браць за рогі. Быццам і я ўзяў.

Пачуўшы пра гармонік, Астап насцярожыўся:

– А навошта ён вам?

– Граць будзем! – гукнуў Петрык.

– А ці ўмееце? – адразу ж пацікавіўся Астап, і я павесялеў: размова, здаецца, ідзе так, як і трэба...

Тут якраз такая сітуацыя, калі варта гаварыць праўду: скажаш, што ўмеем, ён жа лёгка праверыць. Нічога не заставалася, як сказаць праўду:

– Не.

– Ну, вось бачыце! Не. Гэта ўсё роўна, што мне даць самалёт. Што я з ім рабіць буду?

Амаль у адзін голас мы паабяцалі Астапу навучыцца, але гэта не падзейнічала, ён зноў падняўся і сказаў:

– Як навучыцеся граць, тады прыходзьце.

Петрык ледзь не захлімкаў:

– Дык а дзе ж мы навучымся, дзед Астап? У нас жа няма на чым вучыцца.

Астап зноў сеў:

– Таксама разумна. Калі ўжо хочаце так навучыцца на гармоніку рыпаць, прыходзьце і вучыцеся. А даць проста так гармонік не магу – рэч дарагая. З ёй у мяне багата чаго звязана. Гэта каб у музей, дык аддаў бы і не думаў багата. Вось што я вам скажу, хлопцы. Думайце!

Настрой цалкам сапсаваўся. Хоць і навучышся граць на тым гармоніку ў Астапа, то хто ж будзе ведаць пра гэта. Ды і гармоніка ён не дасць за парог вынесці, калі з ім у Астапа многа чаго звязана. Адно – трата часу, а тут жа трэба дзейнічаць рашуча, каб выкурыць Кастуся з нашай вёскі.

Мы паабяцалі падумаць над прапановай дзеда Астапа і развіталіся. Па дарозе, праўда, пашкадавалі, што не занеслі яму ў хату свае грыбы. Для сябе знайшлі б яшчэ – сёлета іх у лесе дужа багата.

Не атрымалася з гармонікам, тады я пайшоў яшчэ на адну хітрасць. Было не было. А што ж, чакаць, калі Сцяпан, сын Хвядоса, вернецца да разбітага карыта? Ну, не-е!

Як было і задумана, я сядзеў на двары і стругаў сцізорыкам палку. Нарэшце паказалася Раіса з бялізнай, якую яна сабралася развешваць на вяроўцы – сушыцца. Павіталіся кіўком галавы. Раіса папытала:

– Майструеш?

Я зрабіў выгляд, што вельмі заняты і не проста майструю абы-што, а сур’ёзную рэч – можа нават танк ці самалёт, у горшым выпадку – гармату. Сам жа паціснуў плячыма і неахвотна адказаў:

– А-а, гэта так... А ты, цётка Рая, куды?

– Бялізну развешу.

– Ну, правільна... бялізну. Яна тут, на ветрыку, хуценька высахне.

– Высахне.

Заставалася сказаць самае галоўнае, а я не ведаў, з якіх слоў пачаць. Усе словы, што раней падбіраў, так пераблыталіся ў галаве і пазабіваліся ва ўсе куткі, што іх адтуль так проста і не выкалупнеш. Сяджу, крэмзаю сцізорыкам... Так нядоўга і зусім упусціць Раісу, не пабяжыш жа тады наўздагон за ёй. Петрык паблізу ў зарасніку сядзіць і, відаць, падбадзёрвае мяне... Пра гэта можна толькі здагадвацца. Ды і не да Петрыка цяпер. Адказны момант. Не сапсаваць бы. Так, яшчэ раз удыхнуць паветра, не спяшаючыся, выдыхнуць... Здаецца, хваляванне крыху знікла. Можна. Можна сказаць нешта такое, каб яна спярша паглядзела на мяне, потым усміхнулася, падыйшла бліжэй...

– Цётка Рая... – ледзь дыхаючы, прамовіў я.

Пачатак добры – як і трэба было, яна ўсміхнулася, паглядзела на мяне:

– Слухаю, Колька...

– А прызнацца можна? Прызнацца... гэта... можна?

Раіса здзівілася, затрымала на мне свой позірк:

– Прызнацца? Насваволіў дзе?

– Я ў іншым прызнацца хачу...

Раіса дазволіла:

– Ну, прызнавайся. Дазваляю. Чаму ж ты маўчыш?

Чаму, чаму! Я і сам не ведаю – чаму. Язык быццам прымерз у роце. Зусім не слухаецца. Стаў цяжкі, што камень. Не падняць...

А Раіса прыспешвае:

– Слухаю, Колька! Мне ж няма часу!..

Неяк так атрымалася, што я ўстаў, хоць і не хацеў. Стаю і маўчу. А тады адвярнуўся траха ў бок, каб не сустракацца вачыма з Раісай, і вымавіў:

– Я цябе люблю...

Думаў, маланка грымне. Нават павадзіў галавой па баках: ціха. Не смяецца здзекліва і Раіса, а паставіла на зямлю міску з бялізнай, падыйшла да мяне, закасала рукавы на маёй кашулі – яшчэ не хапала лапаць маю адзежу! – ціха, каб ніхто, падалося, не пачуў, мовіла мне на самае вуха:

– І я цябе люблю, Колька...

Давялося хмыкнуць:

– Я праўда, а ты!

Раіса пагладзіла мяне па галаве і сказала:

– Маленькі ты яшчэ, Колька. Зусім дзіця. Калі б вышэй хоць трохі расточкам быў, я б тады абавязкова за цябе замуж пайшла...

Ведаў жа, што будзе адгаворвацца, выкручвацца, а ўсё роўна палез з гэтым прызнаннем. Гэта Петрык усё: скажаш – і нічога з табой не здарыцца, карона не ўпадзе. А цяпер вось сам у кустах сядзіць, а тут выкручвайся. Што ж, што ж далей гаварыць? Ну, Пятруня! Апусціў галаву, кволенькім такім галаском прамовіў:

– Во, маленькі... А дзядзька Сцяпан высокі? – чамусьці спытаўся я, хоць і сам ведаў, які ён.

– Высокі. Ён высокі быў...

– Чаму быў? – не спадабалася мне, што яна так: быў. Бач ты, крыж паставіла на чалавеку. Няма пісьма – гэта яшчэ ні аб чым не гаворыць. Можа такое быць, што пісьма няма, а потым салдат вернецца з вайны. Так што ведай, Раіса, дзе і што гаварыць.

– Прабач. І прыгожы ён. Ты што, хіба яго не помніш?

Як жа – не помню! Але ж трэба пра нешта гаварыць, і я паабяцаў:

– Ды я магу падрасці! Пачакаеш? Моркву буду есці. На градцы пасаджу...

– Ты расці, расці, Колька, – сказала няўпэўнена Раіса, і цяпер думай, што ў яе было наўме.

Але і я рашыў не здавацца:

– Куды табе спяшацца з замужжам? У цябе ж ёсць пакуль з кім жыць. Мамка ў цябе. А к таму часу, калі яна памрэ, і я падрасту. І мы будзем разам жыць. Дзяцей выхоўваць... Як мяне дзядзька Хвядос выхоўвае. Я падрасту, цётка Рая!

Не, каб нешта канкрэтнае адказаць, а яна зноў заблытала ўсё:

– І я цябе люблю, Колька.

Вось і думай тут што хочаш. Так можа сказаць пра мяне і бабка Антося. Але ж гэта не адно і тое ж. Адчуў нават, як палалі шчокі – гарэў, канешне ж, сінім полымем.

І каб ужо гарэць да канца, рашыў працягваць казаць глупствы:

– А то хто-небудзь возьме ды і забярэ цябе. Мы з дзядзькам Хвядосам не хочам, каб цябе другі дзядзька забраў. Таму я і рашыў на табе ажаніцца... А можа, ты і за дзядзьку Хвядоса пайшла б? Мы з ім дружым.

А Раіса – не, каб усміхнуцца – пусціла слязу і пайшла працягваць развешваць бялізну. Толькі мне сказала:

14
{"b":"549419","o":1}