Литмир - Электронная Библиотека

– Вось так і жывём, Нупрэй, – уздыхнуў Лявон Кончык. – Э-ха-ха-ха! Наш, кроўны хлебчык, а мы хочам пай той браць, ці, як кажаш, працэнт. Думаем, гадаем, як абхітрыць паліцая. А што ён думаў, цікава, калі хлеб у людзей забіраў? Дзе вачэй пазычыў? Шыш ён думаў! Давай – і ўсё, а то будзе... Ды што там гаварыць! Тут, Нупрэй, тваім працэнтам дзірку не зацыруеш.

– Не затыкнеш, факт...

– Трэба крута паварот рабіць. Каб яны і на нюх табакі не бачылі нашага хлеба. Каб ён горкім для іх быў. Што палын.

– Не так адразу. Спярша хоць бы па каліву назад яго цягнуць. Па граму. Па мяшочку... Выціскаю ўжо, што толькі магу. Каб жа не нашкодзіць. Тут акуратна трэба. Вітух нешта таксама кумекае, хоць і не галава ў яго, канешне, а бурак на плечы ўсторкнуты.

Лявон Кончык пагадзіўся:

– Я і не кажу, што прама сёння-заўтра, адразу павярнуць на ўсе градусы, не... але ж чакаць, калі яно тое будзе, нудна дужа. Ох і нудна!

– Нічога, нічога, усё перамелецца, а смецце само сабой адсеіцца. Адзін хлебчык застанецца. Чыс-цюткі. Так, так, а смецця і не ўбачыш.

– Скарэй бы.

Зноўку прачнуўся Юраська, залыпаў вачыма:

– Што, а? Фу-у, ну і соні ж мы! Ранне, ці што?

– Ранне, ранне, – паглядзеў на яго Нупрэй. – Будзі ўжо ўсю сваю каманду. Платона – не чапай: яго не асабліва Лукер’я дома чакае. А вы, хлопчыкі, давайце-ка па хатах. Ды прыляжце яшчэ і дома. А мы, старыя, тут як-небудзь самі справімся. Мала засталося... Марш, марш, хлопчыкі!..

– Фу-у, дрыготка! – пацепваў плячыма Юраська. – У-у-ух!

Неўзабаве на млыне спаў адзін дзед Платон, усё высвістваў носам, іншы раз старэча ўсміхаўся ў сне, нешта мармытаў, і тады дзед Нупрэй таксама ўсміхаўся:

– Спіць, як дзіцёнак! Бач ты яго, Платона! Няхай спіць – не перашкаджае.

А потым у ранішняй цішыні грымнуў кароткі сухі выбух. На ветраку насцярожыліся. Лявон Кончык паглядзеў з адчыненых насцеж дзвярэй на вёску, побач стаяў і Нупрэй.

– Што там, Лявон?

– Цішэй, дай зразумець – што...

– Ой, людзечкі-і-і! А што ж я татку скажу-у-у! Юрачка мой любенькі-і-і! Ды што ж ты нарабіў, а сыночак ты мо-й-й! І гаварыла ж я табе не браць гэтае жалеззе-е-е-е!..

– Мама, мама, не плач! – прасіла Насцю Ліда. – Не плач, мама. Не трэба.

– Ты ўсё зразумеў, Нупрэй? – глядзеў у вочы млынару Лявон Кончык.

– Бытта...

– Я пайшоў на бяду.

– І я з табой, – падхапілі ногі і Нупрэя, самі панеслі за кумам.

Упершыню, колькі і працуе ён на ветраку, не ўспомніў ён пра яго...

14. ВЯРТАННЕ

Зіма выдалася снежная, віхурная. Накруціла сумёты – ні прайсці, ні праехаць. Паступова снег спрасаваўся, ляжаў на зямлі тоўстым і тугім дываном. Пацяплець жа не пацяплела: пёк мароз. Гуляў халодны вецер, прычэсваў, дзе было можна, чупрынкі ў хмызоў, якія сіратліва і недарэчна вытыркаліся там-сям са снегу.

Якраз у такі зімовы дзень Нупрэй запрог Авадня ў свае лёгкія санкі, паклаў на іх добрае бярэмя саломы, падруліў да Юраськавай хаты.

– Насця, ты дзе там? Пара!..

– Іду, іду, – паказалася з брамы Юраськава маці, несучы перад сабой вялікі скрутак, паклала яго на санкі, моўчкі села пазручней сама, і млынар загадаў Авадню:

– Давай, браток, у Журавічы. Дарогу ведаеш. Юрку трэба забіраць.

З мястэчка вярталіся моўчкі. Вецер якраз сячэ ў твары, ды і хоць не было б яго, ветру, каму ахвота размаўляць? І пра што? Насця сваё выплакала. Нупрэй больш думаў. І ад думак тых, і ад ветру, што сцябаў і сцябаў па твары, – ад яго не схаваешся, – на вачах выкругляліся ўвесь час слёзы, каціліся маленькімі гарошынамі па маршчы-ністым твары, шорклі. Шкада Юраську. Шкада. І хто ж яго пашкадуе, калі ні маці ды ні ён? Бы свой яму цяпер хлапчук. Як унук родны. Замест Алеські, ад якога так і не дачакаўся пакуль Нупрэй весткі з фронту. Хоць і пара б ужо – шмат часу мінула, як пайшоў унук на вайну...

Ах, Юрка, Юрка! І навошта ж было табе несці з лесу той запал, падобны на ручку, навошта? Канешне, яму карцела пісаць. «Каб знаццё, што ў кума піццё», – успомнілася старому, і ён глянуў на Юраську, захутанага ў кажух – адны вочы ды маленькі востранькі носік. Нупрэй сустрэўся з хлопчыкам позіркам, і заўважыў, што вочы ў таго пацяплелі, твар кранула ледзь бачная ўсмешка. Пацяплела крыху на сэрцы і ў старога, і ён кіўнуў Юраську: нічога, брат, нічога... Усё наладзіцца... як не круці-вярці...

«Скончыцца гэтая праклятая вайна, вызначацца хлапцу трэба, – лёс Юраські стаяў у млынара на першым плане. – Хлебаробам мо і не стане. Хлебароб – гэта каб дзве рукі... хлеб на далонях трымаць зручна... І вятрак яму не перадасі... На настаўніка калі хай ідзе... Вывучыцца сам, няхай і іншых вучыць. Знойдзе сябе Юрка, не прападзе. Хлапец ён кемлівы. Галавасты. Толькі цяпер хай больш з кніжкай сябруе. Добра, што хоць так... А магло і горш быць. Магло і вока выбіць. Усё ж доктар акуратна аперацыю зрабіў. Дзякуй Сафо-наву. Нездарма ж лейб-медыкам пры багатым дварэ быў. Хоць і адхапіў у Юркі рукі, але мала: той рукой яшчэ можна і памагаць, падчапіць што ці патрымаць. Магло быць і горай... Бяда, адным словам...»

Перад самай вёскай Нупрэй першы заўважыў, як насустрач ішлі двое. Калі пад’ехалі бліжэй, то адразу ж сказаў гучна, каб было чуваць і Юраську:

– Глядзіце, хто нас сустракае!

Расчырванелыя і маўклівыя, Паўлік з Сяргейкам прымасціліся на санях, бліжэй да Юраські. Так і ехалі яны моўчкі, і толькі было чуваць, як хлімкала маці Насця...

Каб яна згарэла, тая знаходка!

15. ШКОЛА

– Пасля школы, Юрка, заскоч да мяне, – загадкава паглядзеў на хлапчука дзед Нупрэй. – Справа ёсць. Паможаш.

Юраська не стаў дапытвацца, што за справа, а толькі пацікавіўся:

– На млын?

– Вятрак, Юрка, сваё адрабіў, няхай адпачне. Не будзем перашкаджаць яму. Заходзь у хату. Ды пацяплей апранайся. Ну, бяжы, бяжы ў школу. Вучыся, хлопча. Адольвай навуку...

Школа – адна назва. Пад носам у немцаў, якіх наехала пазней у Хатоўню яшчэ больш, вучацца хлопчыкі і дзяўчынкі пісаць і чытаць, робяць, як і некалькі да вайны, цікавыя падарожжы ў мінулае сваёй Айчыны, захапляюцца вершамі Пушкіна і Коласа... На ўсіх вучняў – адна настаўніца, Вольга Якаўлеўна, на ўсіх вучняў – адзін-другі падручнік. Пішуць – хто на чым. Юраська раздабыў недзе кавалак газеты, і таму яго літары, выведзеныя алоўкам, густа скачуць паверх тых, што расказваюць аб разгроме фашыстаў пад Масквой. Настаўніца, звярнуўшы ўвагу на той шматок, спалохалася – ажно твар у Вольгі Якаўлеўны пабялеў – і загадала схаваць падалей такі небяспечны ’’сшытак’’, не карыстацца больш ім. Схаваць дык схаваць. Юраська і напісаў усяго якіх два сказы. За тыдзень, мусіць. Ён вучыцца пісаць левай рукой, таму аловак не слухаецца, ходзіць па газеціне, як уздумае. А што напісаў Юраська – ён сам толькі і зможа прачытаць.

У хату настаўніцы збіраюцца вучні з усіх класаў, і выходзіць, што ўсе яны адразу вучацца і ў чацвёртым, і ў пятым, і ў шостым. Таўкуцца сярод старэйшых нават першакласнікі, але тыя больш нешта грызуць ды штурхаюць адзін аднаго, асабліва калі адвернецца настаўніца, каб падкінуць у грубку дроў. У грубцы тады гудзе, і вучням робіцца хораша, утульна, нават весела, і яны не хочуць, каб увогуле заканчваліся такія ўрокі. І яшчэ добра, што Вольга Якаўлеўна пакуль не ставіць адзнак. Таму што ўсе яны праходзяць нейкую адну тэму, і як паставіш побач тут таго ж першакласніка з чацвёртакласнікам. Ніяк. Хоць першакласнікі, бывае, робяць выгляд, што нешта кемяць, ажно рот да вушэй. А спытай, пра што гамонка ідзе, і яны тады лезуць у кішэні, каб упэўніцца, ці засталося што ад смачнага чорнага сухара. Сухар для іх пакуль важней, чым навука. Мішка-Мухамор, па-вясковаму, бо рабацінне абляпіла ўвесь ягоны твар – грызе кавалачак хлеба, і картавіць:

– Велнецца з вайны Ламан Яголавіч, і мы ўсё лоўна будзем у яго вучыцца. Ага.

Так і ўсе яны, маляўкі. Але ў школу бягуць-спяшаюцца. Сядзяць у цяпле, кішэні апаражняюць ды робяць выгляд, быццам вучацца, грызуць не сухары, а навуку. А потым забудуцца, відаць, што яны ў школе, расштурхаюцца, і справа заканчваецца іншы раз тым, што пад дружны рогат старэйшых пачынаюць высвятляць, хто з іх аб’еўся сухароў. Толькі і сядзіць тады цішэй малеча, як пад канец заняткаў распачынаецца гаворка на вольныя тэмы. Вольга Якаўлеўна любіць паслухаць, што пішуць з фронту яе вучням. Цікава і тым самім. І яны па чарзе расказваюць. Слухаюць надзвычай сур’ёзна, бо размова ідзе пра вельмі важнае, і тут не да смеху. Нават калі Мішка-Мухамор расказвае, на твары вучняў не набягаюць усмешкі, хоць на Мішку таго глянь – і жывот падпярэзвай: клоун, а не Мішка.

47
{"b":"549417","o":1}