Annotation
Новую кнігу пісьменніка склалі аповесці “Скачы ад печы, жэўжык!”, “Цар-дуб” і “Вятрак – птушка вольная”, у аснову якіх пакладзены суровыя падзеі Вялікай Айчыннай вайны і першых дзён пасля вызвалення беларускай вёскі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У гэты няпросты час духоўную падрыхтаванасць да подзвігу праяўляюць і дзеці, якім наканавана было лёсам рана мужнець, станавіцца дарослымі. Апавяданні, змешчаныя ў кнізе, таксама звернуты да чалавека нашага часу. Творы В.Ткачова служаць высокім ідэалам чалавечнасці, дабрыні і свабоды.
Васіль Ткачоў
Аповесці
СКАЧЫ АД ПЕЧЫ, ЖЭЎЖЫК!
Частка першая. НА ПАПЯЛІШЧЫ
Частка другая. НА БАЛОЦЕ
ЦАР-ДУБ
ВЯТРАК – ПТУШКА ВОЛЬНАЯ
Апавяданні
ДЗЕД АЎГЕЙ І ДЗЕЦІ
ПЕРШАКЛАСНІК ЛЁНЬКА
СЛЁЗЫ І ЦУКЕРКА
БУЛЬБАШЫ
ПРЫЗ
СКАРГА
Васіль Ткачоў
ВЯТРАК – ПТУШКА ВОЛЬНАЯ
Падрыхтаванае на падставе: Васіль Ткачоў, Вятрак – птушка вольная. Аповесці. Апавяданні, — Гомель: Палесдрук, 2003. — 282 с.
Рэдактар: Б. Сачанка
Copyright © 2015 by Kamunikat.org
Аповесці
СКАЧЫ АД ПЕЧЫ, ЖЭЎЖЫК!
Частка першая. НА ПАПЯЛІШЧЫ
1. ВЯСНА-КРАСНА, А НЕШТА СУМНА...
У нашай Гуце немцы доўга не забавіліся – паелі курэй, папілі яйкі, а як толькі пачало грукацець недзе зусім паблізу, павыводзілі з двароў свае фурманкі, выцягнулі іх уздоўж вуліцы, пагергеталі – і пацягнуліся ў той бок, адкуль і прыйшлі. Дзед Грышка здзёр з галавы сваю аблезлую, бы хвост у пляшывага ката, шапку і памахаў ім услед:
– Шуруйце, чэрці акаянныя! Мы не надавалі кухталёў, то ўсёроўна на сваё напорацеся! Быць не можа, каб ліха вас абмінула! Бог ёсць!..
А Петрык шпурлянуў нават камень услед немцам. Камень далёка не заляцеў, але ўсё ж... Хай ведаюць! Петрыку, можа, крыўдна больш чым нам: немцы, не натрамбаваўшы свае вантробы курамі ды яйкамі, з’елі Петрыкаву карову-першацёлку, а ён і адпомсціць не паспеў. Крыўдна.
– Нічога, хлопцы, скора нашы прыйдуць, тады дадуць вам пастраляць, – супакоіў дзед Грышка, папраўляючы на галаве шапку. – Ох, ужо і настраляецеся! А мне дасцё хоць пальнуць ці не, цікава-інцярэсна, га?
– Дадзім, – адмахнуўся Петрык.
– А ты ж, дзед, на вочы слабы, – сказаў я. –Яшчэ ў нас бабахнеш?
– Я, браткі, хоць і сляпы крыху, але нюх добры маю – у каго трэба, у таго пацэлю, – засмяяўся дзед Грышка і перахрысціўся. – Дык не забудзьце ж пазваць мяне, калі страляць будзеце?
І ён патупаў па вуліцы, дробненька шоргаючы лапцямі. Эх, дзед! Пастраляць захацеў. Дык прыходзь сёння пад вечар у Дзянісаў бор, і мы дадзім табе вінтоўку і патроны. Страляй... Калі бабка Антося дазволіць. А хочаш і аўтамат прапануем. У нас шмат што ёсць, толькі ж пахваліцца табе не можам – ад нашага склада, калі дарослыя на след патрапяць, можа адзін круглы пшык застацца. Не-е, нельга табе, дзед, страляць з нашай зброі: хоць ты і стары, і мудры, але можаш ненарокам разбалаболіць, і тады наша таямніца не будзе таямніцай. Ды і ад матак дастанецца – бацькі нашы яшчэ ваююць – за прыхаваны ў лесе арсенал. Хоць мне што? Мне няма каго баяцца. Я – адзін... Сам па сабе, нават бяздомны. У хату нашу трапіў нямецкі снарад, і на яе месцы засталася толькі вялізная яма. Разам з хатай не стала і мамы. Каб не быў і я ў Дзянісавым бары, магчыма, не было б на гэтым белым свеце і мяне. А мне вельмі хочацца жыць – я павінен абавязкова дачакацца з вайны свайго тату, паглядзець на яго ў салдацкай форме і, вядома ж, з ордэнамі і медалямі на гімнасцёрцы. А ў яго ўзнагарод павінна быць багата: Сталетавы не гультаі якія-небудзь! Шкада толькі: мама ўжо не дачакаецца тату. Эх, жыццё!..
Дзед Грышка ўшыўся на свой падворак, неўзабаве прапаў з вачэй, а Петрык тузануў мяне за рукаў:
– Патэпалі, Колька!
Куды трэба было тэпаць, я ведаў: з таго дня, калі не стала мамы і хаты, я жыў у Петрыка. Цётка Матруна, чым магла, карміла нас, а калі заслугоўвалі, то па чарзе дзяжыла ручніком, які чамусьці заўсёды вісеў у яе на плячы: «А куды ж вы лезеце, шалапутныя? Ці жыць надакучыла, папытаць бы? Папомніце мой ручнік! Ён цяжкаваты! Ім снапы малаціць можна! А вось вам! А вось! І табе, Колька, не крыўдуй, за кампанію... Заместа маткі. Мы з ёй дружылі-і!» Яна малаціла нас ручніком, мы прыкід-валіся, быццам нам і сапраўды балюча нямаведама як, круціліся, што тыя ўюны на патэльні, войкалі-ахалі, а сустрэўшыся позіркамі з сябруком, пераміргваліся: усё нармальна!
– Дык ты ідзеш? – напомніў Петрык.
– Ага,– сказаў я і паплёўся за ім.
Насустрач нам патрапіла Кацярына. Параўняўшыся з ёй, мы спыніліся. Нам шкада было гэтай маладой прыгожай жанчыны. Але ж чым дапаможаш ёй? Заставалася толькі паспачуваць. Гады немцы! Гэта ж яны расстралялі на вачах у Кацярыны яе сям`ю за сувязь з партызанамі. Пасля таго яна і пачала насіць на руках галавешку, гушкаць яе, нібы дзіця. Кацярына і цяпер пяшчотна гладзіла рукой кавалак абгарэлага паленца, закалыхвала яго:
– А-а-а-а-а! А-а-а-а-а! А-а-а-а-а-а!
Мне расхацелася ісці да Петрыка. Я павярнуў назад і пацёгся, не стрымліваючы слёз, якія пяклі, бы вуголле, шчокі, да той глыбокай ямы, што засталася на месцы нашай хаты.
Я доўга стаяў над ямай, у якую з раўчукоў нацякло шмат вады, і ў яе люстэрку бачыў сябе, з непаслухмяным чубам і мурзатым тварам, а так-сама бярозку, якая ўся была паранена асколкамі – дасталося ад таго снарада і ёй. А потым убачыў у люстэрку вады і Петрыка. Ён нічога не сказаў, проста стаў побач.
– Вясна-красна, а нешта сумна...– ціха прамовіў Петрык потым.
– Сумна...– выдыхнуў я.
Дзед Грышка бы з-пад зямлі вырас, змахнуў з галавы сваю аблезлую шапку, крэкнуў і сказаў:
– Памаўчыце, памаўчыце, хлопцы. Тады-сяды трэба і памаўчаць.
Вялікая, бы гарошына, сляза скацілася па маршчыністым твары і разбілася на мысцы ягонага лапця...
2. ПЕЧ
Першы з вайны вярнуўся дзядзька Хвядос. Высокі і хударлявы, ён, нібы бусел, хадзіў па сваім двары, высока падымаючы ногі. Я глядзеў на яго са схованкі, зажмурваў вочы, і тады здавалася, што гэта зусім і не дзядзька Хвядос, а мой тата. Але варта было расплюшчыць вочы, і я зноў бачыў нашага суседа. Гэтым разам ён нясе бярэмя дроў і прыкметна кульгае: кажуць, пасля ранення ў адным з апошніх баёў, нага ягоная не згінаецца ў калене. Дзядзька Хвядос у вайсковай форме, на гімнасцёрцы злёгку патрэнькваюць медалі. Ён не-не ды і запавольвае хаду, дзівіцца на неба, падоўгу глядзіць на дрэвы – слухае, мусіцьбыць, спеў птушак і гаворыць сам сабе: «Прыгажосць!» Прытупаў да печы – гэта ўсё, што засталося ад ягонай хаты, згарэла пасля таго, як снарад трапіў у нашую, – кінуў дровы на зямлю, а потым зняў пілотку, выцер узмакрэлы лоб. Агледзеўся. Уздыхнуў. Я хацеў падыйсці да дзядзькі, але не асмельваўся. Ён раптам похапкам падняў з зямлі вілачнік, выцягнуў з печы чыгунок, зняў вечка, пацёр, задаволена ўсміхаючыся, далонямі.
– Глядзі ты! – размаўляў сам з сабой дзядзька. – На хвілінку якую адвярнуўся, а вады амаль не засталося. На дне толькі кропля...– Ён прытуліўся шчакой да печы, пагладзіў яе рукамі. – Жывая, жывая, значыць, ты, печ. Малайчына. Гэта я табе, Хвядос, гавару. Ага. Вось адпачну трошкі – як думаеш, мае салдат права адпачыць? – і возьмемся за справу. За мірную справу. Не, ты не падумай толькі, быццам твой гаспадар стаміўся. Хто мяне, Хвядоса, надламіць можа? Вайна? Не-е-е, не дачакаецеся. Хаця і хапіла, хапіла ліха. Пакуль ты адна ў мяне і засталася, печ. Пакуль... А вернецца з вайны сын мой, Сцяпан, будзем утрох жыць. Ты пахавальнай не вер. Ты ж Сцяпана помніш. Ён вернецца!