– Гэты стараста што ёсць, што няма. Для выгляду. Нам свайго старасту выбіраць трэба. Старшыню – па-нашаму. Хтосьці ж павінен Міхайлу замяніць. А то плывем, быццам у лодцы без вясла: да якога берагу прыб’е, і тое добра. Так не павінна быць. Не век жа без кіраўніка жыць. Развалакуць-расцягнуць калгас. Што немец, што самі. Уцяміў?
– Ды я-та ўцяміў. Усё ж стараста гэты пад нага-мі ... што бяльмо на воку.
– Ігнат – не паліцай Вітух. Свой ён чалавек. Не сам жа напрасіўся, ведаеш. Пад прымусам шышкай зрабілі. Ды і што ён за начальнік, калі ў яго нават стрэльбы няма? Хоць бы дубальтоўку якую паляў-нічую далі – варон палохаць. А так... Я да яго, калі ведаць хочаш, любыя ключы магу падабраць.
– Ну, гэта як сказаць, – засумняваўся Лявон Кончык. – Чалавека ўлада псуе.
– Улада... Што ён, бургамістр які? Ні пячаткі ў яго, ні той жа вінтоўкі. Голае месца. Нуль, можна сказаць.
– Быць асведаміцелем можна і без вінтоўкі. Языком можна стрэліць так, што з гарматы мудрэй не бабахнеш.
– Ігнат не бабахне. А калі што, дык не паспее і ротам хаўкнуць, як залепім яму рот. На ўсялякі выпадак я папярэджу старасту. Каб не рыпаўся. Каб не надта... Так і быць.
Нупрэй з Лявонам вялі яшчэ колькі часу гамонку, а на прырэчным лажку паказаліся людзі – крочылі да іх. Пакуль яны былі далекавата, Нупрэй памеўся паказаць Кончыку запіску.
– Хадзем, глянеш, – кіўнуў млынар на дзверы.
– Можна і не глядзець, – абыякава адказаў Лявон. – Я ў тых літарах, што сарока ў музыцы. Не было калі хоць каліва граматы ўхапіць. То на пана спіну гарбаціў, то з белапалякамі сіламі мераўся, то ў кулака кавалак хлеба зарабляў. Ведаеш жа. Не заўважыў, як і састарыўся, – Лявон паспрабаваў выпрастацца, але толькі крактануў, махнуў рукой. –На тым свеце, мусіць...
– Хадзем, хадзем... Не прыкідвайся невукам.
Лявон нехаця патупаў за млынаром.
– Чаго ты там нас збіраеш, Нупрэйка? – пачуўся хітраваты і звонкі голас цёткі Аксінні. – Вы што, зачыніліся?
– Ды не, скарб дзелім,– усміхнуўся Нупрэй. – Пачакай, не паўзі сюды. Дарэмна шкрэбціся будзеш. Ідзем ужо. Вяртаемся.
– Добра, добра. Пачакаю.
Пачуліся каля ветрака і іншыя галасы. Нупрэй з Лявонам Кончыкам чулі, як Аксіння казала землякам:
– А певень мой на трэці дзень сам прывалокся. Вымерхаўся, схуднеў, ледзьве ногі прыцягнуў. І дзе лазіў, каб спытаць? Ці ў яго ж клопату каля сваіх чубатак мала? Паспявай толькі варушыцца. Дык не, на суседскія двары паглядае, валацуга!
– Хоць засталося з кім яму ў хованкі гуляць? – незласліва спытаўся нехта.
– А то ж не! Усе чубаткі цалюсенькія. Як адна.
– Што, немец твой двор абмінуў хіба? Бачком паўз яго?
– Так я і аддам! Шукай, кажу, ірад. А як зной-дзеш, калі я іх замаскіравала. Павярцеўся-пакруціўся, кулакамі памахаў, ды і павярнуў ні з чым. На адыходак, праўда, шыбку разбіў. Трэба было штаны з яго садраць, каб зімой вакно заткнуць!
Грымнуў смех.
– Сабраліся, – кіўнуў Лявон Кончык.
– Цяпер зразумеў, упэўніўся, што за паперка? – па складах дачытаў запіску Нупрэй, трасянуў ёю над галавой. – Не думай, што толькі я цікаўнасць да хлеба праяўляю. У многіх да яго інцярэс. І ў ворага. Але яму павінны мы ад нашага коласа даць паварот.
– Ну, дзе там той Нупрэй? – не цярпелася камусьці перад ветраком. – Нупрэй, ты што, заснуў?
– Ды ужо ж заснеш улетку, – нарэшце Нупрэй паказаўся на прыступках. – У такі час толькі спаць. Жорны мае заржавеюць.
– Чаго сабраў? Навошта?
– Кажы давай, а то ж не зіма на дварэ: кожная хвіліна дорага!
– Сабраў чаго? Калгасны сход, браткі, трэба правесці. А то што ж вы думаеце, га? Няма старшыні, Міхайлы нашага, дык нам і зусім на грудзях рукі скрыжаваць ды чакаць, пакуль пярун ударыць? А пярун вісіць, вісіць, ядрона шыш, над самай макушкай, – Нупрэй торкнуў пальцам у неба, як гэта любіў ён рабіць нярэдка. – Грэх сядзець у такі час па хатах. Трэба ж намеціць нарэшце, як жыць далей. Такія-сякія планы пабудаваць. А як жа! Мы што, зломкі? Не-е! Не скажу. Люд мы працавіты. З харакцерам. Заўсёды ў нас сарочка потам пахла. Дык давайце спакойна і саабшча і рашаць, што рабіць належыць, як жыць далей.
– А што рашаць? Вайна калі ж, – прамырмытаў аднаногі Марцін.
– На вайну не спісвай, Марця, – рашуча адказала яму Аксіння. – Ты ўжо раз даваяваўся, цяпер на мыліцах швэндаеш. Хочаш, каб і мы так поўзалі? Пакалечыць супастат не ўсіх дык праз аднаго, а нам трэба на нагах крэпка стаяць. Пакуль не папруць чужынцаў у той бок, адкуль і зваліліся. Што ж нам, на калені ўпасці, міластыню ў немца прасіць? Ці жывымі ў дамавіну класціся? Глядзі, каб жа не так! І правільна кажа Нупрэй: трэба рашаць, як і што. Пакуль не позна.
– Во баба, так і ворагам мяне зробіць! – агрызнуўся нарэшце Марцін. – Ні за што ні пра што. Дык я...
– Дык-кудык! – агрызнулася і Аксіння.
У гурце загулі, загаманілі.
– Цішэй, цішэй, – мякка папрасіў Нупрэй. – Якія могуць быць спрэчкі? Бліжэй да справы. Я мушу сказаць, што ўсё роўна без старшыні нам ходу няма. Пакуль шчэ тое-сёе ў арцелі і засталося, пакуль ёсць мы з вамі. Статак без пастуха што значыць? А нічога. Хоць мы і не каровы, але і нас пасвіць трэба. Каб дружней траву скублі. Тую траву, што па нашаму нутру. А пакуль мы ядзім хлеб, то і трэба думаць пра яго, дбаць. А то што ж атрымліваецца, людцы? Стаіць збажына, бы сірацінка, і ніякога клопату да яе. Сваю, бачу,жаць пачалі. Правільна: свая сарочка заўсёды бліжэй да цела, сакрэту няма. А хіба ж калгаснае – чужое?
– Малайчына дзед Нупрэй! – штурхануў Юрась-ку ў плячо Паўлік.
– Не перашкаджай слухаць, – адмахнуўся Юраська.
А дзед працягваў:
– Спярша давайце выберам старшыню. Стараста не ў нашай торбе. Ды і які з Ігната камандзір? Няхай ён сваю кудзелю прадзе, а мы будзем сваю. Паглядзім, у каго прасніца лепшая.
– Каго ты думаеш, Нупрэй, на старшыню? Твая кандыдатура? – выгукнула Аксіння.
– Называй! Ці сам будзь! – не цярпелася і Ягорысе.
Нупрэй узняў руку, папрасіў цішыні:
– Думаў і над кандыдатурай, няго ж. А каго б вы прапанавалі?
Зрабілася надзвычай ціха. І парушыла гэтае гнятлівае маўчанне ўсё тая ж неўгамонная Аксіння:
– На кума паказвай. Ён хоць больш-менш на мужчыну падобны. Хоць і сонны заўсёды, бы лета-шняя муха. А з нас, баб, каго выбераш? У каго дзяцей няма – рот баіцца разявіць, а якая гаваркая дужа – дзеці за падол трымаюць. Паказвай, Нупрэй, на кума! Не будзе ж Марця па полі кувыркацца...
– Правільна, Лявона!
– Кончыка! Асіліць! Пацягне!
Нупрэй шчасліва ўсміхаўся, глядзеў на Лявона Кончыка, які стаяў і соп побач з ім на прыступках ветрака і запунсавеўся ўвесь, нібы нявеста.
– Стаў на галасаванне – хіба ж мы яго не ведаем! Наш чалавек!
– Хто – за?
Лес рук. Усе даверылі Лявону Кончыку. Нупрэй паляпаў яму па плячы, паказаў рукой на тое месца, дзе сам стаяў дагэтуль.
– Станавіся, кіруй.
Кончык не зусім ахвотна, як падалося, аднак усё ж спусціўся на тую прыступку, дзе стаяў Нупрэй, нешта прамырмытаў яму, матлянуў галавой: відаць, і сам не чакаў, што ўсё так будзе хутка. Мусіць, яшчэ і паспеў шапнуць млынару: «А ты, брат, таксама харош: папярэдзіць жа трэба было, а не знянацку!»
– Ну, што ж, таварышы... Дзякуй, скажу вам, за давер, – Лявону цяжка даваліся словы, ён падоўгу падбіраў іх. – Будзем убіраць ураджай. Сёння ж трэба поле разбіць на соткі. Прыкінем давайце, хто колькі зможа ўбраць.
– Ты ўжо там, Лявон, прыкідвай, размяркоўвай сам, – параіла Аксіння. – Абралі – працуй. І не выдумвай. Хоць і бясплатна. Па колькі атрымаецца сотак – і ладна будзе. Давай прама на падворак. Каб меней валтузіцца.
– На падворак? – уперыла на Аксінню пукатыя вочы Ягорыха. – Як гэта – на падворак? А калі ў адным дварэ пяцёра чалавек, а ў іншым – адзін? І той, як Марця? Як я. Ну хіба ж справядліва?
– А ў каго гэта пяцёра?
– У Полькі Мікітавай. У Данілавых. У Валюшавых. Хай сабе не пяцёра, але блізка да таго. Не адзін рот. Навошта ж мне адной ўпірацца, што казе рогам у стог? Ды і што я адна?.. Адна і ёсць адна. Геройства не праяўлю.