– Вось і добра,– заступіўся за сябрука Юраська. – Няхай і не разбярэ. Няхай і немец галаву паламае...
Аднак млынар не прыняў прапановы хлапчукоў паставіць нейкі подпіс унізе, патлумачыў:
– Прыдумаць яно – не бяда, можна. Толькі ўсё ж трэба рабіць нам так, каб не даваць немцу і маленькай зачэпкі. Няхай лепш і не чуе і не ведае. Тады і нам спакайней будзе. І прашу далей слухацца мяне і вось яго, Лявона... І без выбрыкаў, хлопцы! Думайце галовамі. Глядзіце ж мне, каб усё шыта-крыта было. Ну, а калі ўжо так прыспічыла вам тое слова ужыць.... то калі прыдумаеце – скажаце. А пакуль нічога не пішыце пад запіскай. Там, у лесе, ведаюць, што да чаго...
7. ГІЛЬЗА НЕ ТОЛЬКІ ДЛЯ ПОРАХУ
...Ноч выдалася зорнай, ціхай. Над лесам, бы зачапіўшыся рогам, вісеў маладзік. Недзе ў гушчары палахліва крыкнула сава. Потым другі раз.
Хлапчукі насцярожыліся. Аднак потым навакол зноў стала ціха. Юраська шапнуў Сяргейку, які ішоў крыху ззаду:
– Сава палюе...
– Ага, – адказаў той.
Паўлік крыху адстаў ад сяброў, таму не чуў, пра што яны гаварылі. Вятрак хлапчукі пакінулі адразу, як толькі дзед Нупрэй скруціў трубачкай запіску, запіхнуў яе ў гільзу і працягнуў Юраську:
– Трымай. Кішэні без дзірак? Глядзіце ж, не пасейце.
– Я ў руцэ панясу, – паабяцаў Юраська.
– Твая справа. Галоўнае, каб не згубіў. Ну, шчаслівай дарогі, мальцы,– дзед моцна паціснуў ім па чарзе рукі. Яшчэ мацней – Лявон Кончык.
Але перш, чым пайсці да соснаў-сясцёр, сябры выручылі ўсё ж з сямейнага палону Сяргейку. Той апраўдваўся, што ва ўсім вінавата маці, а не ён, аднак яго ніхто не слухаў: не было калі, трэба спяшацца, а то хутка пачне світаць. Ледзьве толькі сосны паказаліся ў паўзмроку, прыветна схіліўшы свае вялізныя шапкі ўбок хлапчукоў, над дрэвамі праляцеў ветрык, злёгку загойдаў голле, нібы напомніў сябрукам, што толькі адзін ён тут і гуляе-забаўляцца, нібы нават загадаў тым: ідзіце ж смялей, не бойцеся, чаго пасталі, хіба не разумееце, што я вам кажу?
– Я пайду адзін, – зірнуў на Паўліка з Сяргей-кам Юраська. – А вы чакайце тут. Сяргей, ты можаш драчом скрыпець. Калі што – падай знак.
– Добра.
– Павел, глядзіце тут удвух...
Паўлік таксама кіўнуў. Юраська расшчапіў кулак, і яны утрох глянулі на гільзу.
– Давай, Юрась.
– Ціха. Чаго нам баяцца, праўда ж, хлопцы? Ну, я пайшоў...
Паўлік з Сяргейкам злёгку бачылі, як іх сябрук падыходзіў да соснаў, і чым далей ён ішоў, тым больш губляўся ў змроку, а неўзабаве і зусім прапаў з вачэй. Толькі трывожна махалі шапкамі-аблавушынамі старыя камлістыя дрэвы ды гуляў у іх кронах ветрык. Здаецца, побач яны, сосны, аднак не, далекавата ўсё ж. Гэта таму, мусіць, што вялікія дрэвы, высозныя. Да іх жа клыпаць ды клыпаць.
– Можна было і нам бліжэй падыйсці,– пашкадаваў Сяргейка.
Але Юраську доўга чакаць не давялося. Неўпрыкмет вынырнуў ён перад самым носам у хлапчукоў з цемры, спыніўся і пераможна гукнуў:
– Парадак!
Паўліку з Сяргейкам хацелася крыкнуць «Ура!», але яны ўспомнілі, дзе знаходзяцца, і толькі моўчкі ашчаперылі Юраську, паціскалі яго крыху: заслужыў!
– Цішэй вы, задушыце! – брыкаўся Юраська. – Адпусціце ж!
Шарэў на ўсходзе змрок, браўся ў нізінах густы туман, калі хлапчукі вярнуліся ў вёску з першага баявога задання.
– На вятрак!
Дзед Нупрэй падзякаваў хлапчукам і загадаў ісці спаць.
– Будзе дзень – будзе і ежа, – сказаў ён шматзначна і пазяхнуў.
Юраська, ужо калі пераступіў парог хаты, успомніў, што збіраўся ранічкай ісці касіць і прасіў, каб маці яго разбудзіла. А што, калі яна прачнулася раней, чым ён заявіўся? Зноў будзе прачуханец! Сам сабе Юраська паабяцаў калі-небудзь вулучыць час і шчыра расказаць ёй, каб не хвалявалася дарэмна, калі і будуць надарацца ў яго вось такія, як у гэтую зорную ноч, нечаканыя знікненні.
А яны, спадзяваўся хлапчук, будуць цяпер усё часцей і часцей.
8. ПОБАЧ З ДАРОСЛЫМІ
Дачакаўся нарэшце дзед Нупрэй, калі паспее жыта! Шапаткое, каласістае. Той лапік, што меўся на гародчыку, менш непакоіў дзеда. Сярпы стары навастрыў загадзя, а рупных рук яму не займаць – удвух з Пелагеяй яны за які дзень дадуць ратунак любой збажыне, прыпуцяць да каласка. Тут трэба глядзець намнога шырэй, чым свой лапік, уціснуты вузенькай палоскай паміж яблынь ды груш. Жыта ўрадзіла і на калгасным полі. Як быць з ім? Не спаць жа ў шапку, не чакаць, калі колас асыплецца. Нешта трэба прыдумаць, каб і хлеб не прапаў, і ворагу не дастаўся. А тут і пасланне ад партызан у сасне якраз: «Вас зразумелі. Хвалім за ініцыятыву. Будзем дзейнічаць. Падпольны райком партыі ставіць задачу перад усімі хлебаробамі калгаса «Новае жыццё» своечасова ўбраць зерневыя культуры. Сабраны ўраджай часткова падзяліць на кожны двор (па колькасці чалавек), астатні закапаць да дадатковых указанняў. Фронту патрэбен хлеб...»
– Вось такія ёлкі-палкі! – дзед Нупрэй даслухаў да канца пасланне, якое прачытаў яму Юраська, аблізаў засмяглыя губы. – Што гэта – загад альбо проста парада? Мусіць, усё ж загад. Калі ж тут чорным па беламу напісана: падпольны райком партыі... Ну, канешне, райком, хто ж яшчэ! Зяць Марусін, Касцючэнка,– не абы- хто! Ён і кіруе. Гэта ў нас, у арцелі, безуладдзе. Трэба, значыць, прымаць пакуль кіраванне на сябе. А там відаць будзе. Юрась, га, Юрась, давай мне паперку ад партызанаў, а сам імчы да Паўліка з Сяргейкам, ды разам на адной назе вёску абскачыце: перадайце людзям, каб да майго ветрака тэпалі. Будзем жніво пачынаць. Ды скажыце, што не паліцай Вітух кліча на сход, не абы якое саплівае начальства... – Млынар прыдушыў падэшвай бота акурак, паскроб патыліцу, відаць, хацеў яшчэ сказаць нешта больш вартае, значнае, але ў яго не знайшлося тых патрэбных слоў, і тады ён проста загадаў: – Ну, марш, марш!..
– Мы ўмомант, дзеду! – усхапіўся, бы віхор, Юраська, панёсся з вятрака. Быў – і няма.
Лявон Кончык майстраваў нешта на двары, пад паветкай, а калі ўбачыў Юраську, падняў на таго вочы.
– Дзядзька Лявон, дзед Нупрэй кліча!
– Няўжо? – адклаў у бок сякеру Лявон Кончык, увагнуў галаву ў плечы, нібы тая навіна і сапраўды здзівіла яго. – Што гэта ён? Толькі ж бачыліся...
– Ён усю вёску збірае.
– Дзе?
– Ля вятрака.
– Перадай, буду, буду, а як жа.
– Ды не буду, – скрывіўся Юраська,– а зараз трэба ісці. Адразу. Бягом. Дзед яшчэ і папярэдзіў, каб вы параней былі. Яму параіцца з вамі трэба. Чулі? Параіцца.
– Тады іду, іду, Юрка, – твар у Лявона Кончыка зрабіўся адразу сур’ёзным, ён моцна ўвагнаў сякеру ў камлюкаватае палена, што, мусіць, азначала: канец справе, раз Нупрэй чакае.
А Нупрэй, убачыўшы яшчэ здалёк Лявона Кончыка, выглянуў яму насустрач, сустрэў, моўчкі ўзяў пад локаць, нібыта памагаў таму крочыць па сцежцы да ветрака.
– Ну, вось і першае распараджэнне з атрада,– зазірнуў Лявону ў вочы млынар: цікава, як той адрэагуе, як ацэніць навіну? Лявон маўчаў. Потым ціха спытаўся:
– Важнае што?
– Так, так. Здаецца, і мірнае заданне, але вялікай важнасці. З подпісам падпольнага райкома партыі.
– Нават так?
– А мы што тут, у хованкі гуляем, у жмуркі? Ці я пустабрэх які? Ты ж мяне ведаеш, кум. Пачынаем жаць. Фронту хлеб трэба. Пара сярпы пускаць у ход. Пажнем, абмалоцім. І – пад лапату. Падалей, падалей ад ворага. І каб не ўнюхаў нат. А куды пазней збожжа дзяваць – скажуць. Сасна для чаго?
– Так, так,– уздыхнуў Лявон Кончык. – І што ж рабіць думаеш?
– Я?
– Ага. Ты.
– Я сваё аддумаў. Няхай люд думае. Народ. І рашае. Вось збярэцца, і думае няхай. Ён сеяў хлеб, яму і жаць, яму і малаціць. Прыемны клопат, скажу табе. Люблю, калі пахне наўсцяж хлебам. Трэба будзе, таксама серп вазьму. Не зломак.
– Людзі людзьмі. А стараста? Яму ж вочы хусткай не завяжаш. Возьме ды гаўкне... паведаміць, куды трэба. А тыя на гатовенькае прыляцяць – і нам дулю пакажуць. Са смакам.