– Супчык шчэ нам угаворы ставіць, парасячая морда, – буркнуў Нупрэй. – Ну, ну, давай мянці, паслухаем, калі ўжо сабраліся. Балаболь.
– І так-с, – працягваў Вітух, – пераходзім да канкрэтнай і важнай справы, для чаго я вас і сабраў. Новая ўлада даводзіць да вашага ведама, што ў Хатоўні будзе стаяць наш гарнізон.
– Чый гэта – наш? – не зразумеў Платон і павярнуў вуха прама на Вітуха.
– Хіба ты, Платон, не бачыш, пад чыю дудку ён скача? – шапнуў Нупрэй
Паліцай жа працягваў:
– А таму я вымушаны, грамада, заявіць: да высокага начальства павінны аднесціся мы чынна і разумна. Раю вітаць...
– Картуз мо загадаеш заламіць? – зноў пачуўся Нупрэеў голас.
– Масла ў каго там завядзецца, яйкі, свежае мяса – усё, напамінаю, будзе вашым лепшым падарункам высокаму начальству, – працягваў Вітух. – Напамінаю і пра дысцыпліну. Адно трэба: пад-па-рад-ка-ван-не! І, крый гасподзь, ніякога благога намеру. Без гэтага, значыць!.. Што гэта я далей хацеў сказаць? Ага! Лясныя бандыты, якія не жадаюць свайму народу лепшай долі, могуць агітаваць таго-сяго... хто, вядома, слабы душой і целам... для гіблых спраў. Не раю. Ад усяго зямляцкага сэрца кажу: не раю.
– Вяроўчыну б яму на шыю накінуць ды сцягнуць з грузавіка, хамло такое! – усё больш і больш распальвалася нянавісць на паліцая у дзеда Нупрэя. – От жа ірад!
Лявон Кончык шапнуў на вуха млынару, каб не хваляваўся ён асабліва: шыя ёсць, а вяроўку знойдзем. І дзед, здаецца, крыху супакоіўся, стаяў моўчкі.
– Літасці не будзе, калі вы не так зразумееце мяне, а ў маёй асобе – новых гаспадароў.
– Асоба! – не стрымаўся ўсё ж дзед, хоць і пакляўся сам сабе маўчаць, не выторквацца, а потым глянуў на Лявона Кончыка, даў зразумець таму, што ўсё, больш ні слова, што хоча, тое няхай і мянташыць паліцай сваім брудным языком. Завязаў з крытыкай.
Паліцай папрасіў мужчын застацца, астатнім даў вольную. Натоўп варухнуўся, і раптам усе пачалі разыходзіцца – не паслухаліся яго мужчыны. Вы бачылі такое! Паліцай скамандаваў спыніцца.
– Нам трэба жадаючыя. Ёсць такія ці не?
– Спярша кажы – навошта, што рабіць? Га? – падставіў зноў вуха пад голас паліцая Платон.
Як высветлілася, трэба было рамантаваць кантору, прыстасоўваць яе пад штаб, і паколькі ахвотнікаў не знаходзілася, Вітух пачаў тыкаць у натоўп пальцам:
– Ты! Ты! Ты!..
Дзеда Нупрэя ён абмінуў, на Платона нават не глянуў. Палец стрэліў на Лявона Кончыка.
– Каго назваў – застацца! Астатніх, каб і духу не было. Марш адсюль. Ды глядзіце ж мне! – І бобік, задаволены, відаць, самім сабой, апісаў круг на абцасах ботаў, запыленых і вялікіх, а потым загадаў разабрацца мужчынам у адну шарэнгу. Па росту.
Дзед Нупрэй, перш чым пакінуць Лявона сярод «давераных і добрых спецыялістаў», вылучыў момант і паўшэптам сказаў яму:
– Я на ветраку буду...
– Добра, – кіўнуў Лявон Кончык і застаўся стаяць на тым жа месцы, дзе і стаяў. Далекавата ад паліцая. Той паманіў яго пальцам. І паставіў на правы фланг.
– Вучыць вас трэба! – гыркнуў Вітух.
Вярнуўшыся дамоў, Нупрэй коратка сказаў сваёй старой:
– Соль паберажы. Надоўга, бачу, прыехалі...
Бабка Пелагея захлімкала і нічога не сказала. Нупрэй прытуліў яе да сябе, сказаў:
– Вось вестку атрымаем ад Шуры, весялей будзе. Пакуль тое ды сёе, і атрымаем... Не адразу, вядома ж. Пошта як цяпер ходзіць? Клыпае, можна сказаць. Як прусак. Ды, мо, і не да пісьмаў унуку: вайна – не вяселле. Пакуль аловак той знойдзеш, а папера, што, думаеш, з неба падае? – і стары торкнуў уверх сагнутым пальцам. – Во як! Галоўнае, каб ваяваў добра. А мы тут не падкачаем. Трымайся, Шура! Трымайся!..
Дзед Нупрэй патаптаўся яшчэ трохі на падлозе, задумлівы і маўклівы, а потым змахнуў з шаста рабочае адзенне – густа зацярушаныя мукой –здаецца, ажно, наскрозь! – порткі і кашулю, але перш, чым пераапрануцца, зноў паглядзеў на старую:
– Вайна не вайна, маладзіца, а без ветрака я, што ён – без ветру... Пайду на млын, пагляджу, можа хто і прывязе мех-другі з мінулагодняга ўраджаю... Ага. Сёння вецер добры.
– Паеж хоць.
– Не да ежы.
– Ідзі тады. Толькі ж нос не сунь, куды не трэба, А то я, бачу, ты з хлапцамі звязаўся – каб яны цябе, галовы ж гарачыя, неразумныя, куды ў зман не завялі. Знайшоў з кім сябраваць.
– Вучыць мяне будзеш! – прабурчэў Нупрэй і сабраўся ўжо было ў двор, калі ў хату ўваліўся Вітух.
– Вось цяпер можна і пагаманіць. З вока на вока. Баба твая нам не пашкодзіць. Што глядзіш на мяне так, быццам я табе на хвост солі насыпаў? – Вітух сеў за стол, і адразу даў ведаць, хто тут госць, а хто гаспадар. – Самагон давай. Ды не глядзі, не глядзі так на мяне. Хопіць, пакіравалі. Дайце і Вітуху. Пажылі пры той уладзе, а цяпер буду жыць я. Бацька мой дзе? На Салаўках? Ці ў Сібіры? Я яго туды не адпраўляў. А за тое, што замардавалі чалавека, хто адкажа?
– Мне пара, – Нупрэй памкнуўся выйсці з хаты.
– Кудый-та табе пара? Ці мне пачулася? – лып-нуў вокам Вітух. – А спытаўся ты перш, адпускаю я цябе ці не, га? То-та ж! Ці ты думаеш, стары небарака, перад табой той самы Вітух, што ўвосень прасіў-маліў цябе, каб хлеб наш змалоў? Забыўся? То я напамінаю. Акуратна і своечасова. Памыляешся, ох і памыляешся, дзед. Скажу: сядзі ноч і дзень – і будзеш сядзець як міленькі, нават за вугал, калі прыспічыць, не ўздумаеш выбегчы. Мяне, дзед, германец надзяліў вялікай уладай. Не самазванец я, не думай. Вось!
Вітух патрос перад носам старога нейкай паперкай, папярэдне выцягнуўшы яе з бакавой кішэні – лёгка, што цыркач: відаць, ён усім яе паказвае, таму і трымае напагатове.
– От, старэча, бумажэнцыя! Ёй любому нос падцерці магу. І такому лапатніку, як ты. Падыходзь, га!
Нупрэй усміхнуўся:
– Ты ёй, гэтай, значыць, паперкай, толькі нос можаш падцерці ці яшчэ што?
Вітух рашуча ўскінуў бровы, а потым з усяе сілы – млынар нават спалохаўся, што маснічыну праломіць – грукнуў узбоч сваёй нагі, абутай у новы бот, прыкладам карабіна, пасля тузануў старога за рукаў:
– Стаяць! Я б цябе, дзед, сам у расход пусціў вось гэтай штуковінай,– паліцай паказаў на карабін. – Маю, маю права. Не думай. А як жа! Бачыў дакумент? Там усё чорным па белым, як у газеце, напісана. Ды млын твой, дзед, трэба. Млын. Вятрак. Кажы яму дзякуй. Аднак папярэджваю: калі і там, на млыне, брыкацца будзеш, то я з табой буду размаўляць іншым метадам. Кеміш? Глядзі ў мяне!
Бабка Пелагея моўчкі паставіла на стол міску з капустай, унесла з сенцаў некалькі агуркоў і памідораў, а потым паставіла і бутэльку з мутным самагонам: хоць і апошняя, але ж паліцай не адвяжацца, сам пачне шукаць, вэрхал зробіць у хаце. Паставіла самагон, ціха сказала: «На, падавіся!»
– Ты што набычыўся так? – Вітух забулькаў з пляшкі ў карэц. – Новую ўладу упершыню бачыш? То прывыкай. Надоўга мы. І падцісні хвост. Хопіць гогалем хадзіць па вёсцы. Я тут цяпер не апошні...
Хто ён не апошні, Вітук не адразу прыдумаў, таму ў паўзу, якая ўтварылася, Нупрэй уставіў сваё слова:
– Пацук.
Вітух папрасіў паўтарыць. Нупрэй сказаў, і калі паліцай узнагародзіў старога сваім кухталём, дзед адчуў, што справы дрэнь: хоць на нагах і ўтрымаўся, але пад вокам нешта не так... Хлопцы, калі вярнуліся ў вёску з каскамі і грыбамі, пашкадавалі, што не было іх на сходзе каля канторы, а калі ўбачылі пад вокам у дзеда Нупрэя вялікі сіняк, паабяцалі адпомсціць Вітуху. Юраська так і сказаў:
– Ух, пачакай, паліцай Вітух!
6. ПРАЧУХАНЕЦ, АЛЬБО ТРЫ ГАЛАВЫ ДОБРА, А ЧАТЫРЫ – ЛЕПШ...
Але перш, чым адпомсціць паліцаю за дзеда Нупрэя, хлапчукам трэба было вытрымаць дома нападзенне мацярок, бо тыя, калі ім верыць, з ног збіліся, шукаючы іх. Як згаварыліся ўсё роўна. А што тут з ног збівацца? Усяго-наўсяго ў лесе пабылі – дык ці ж упершыню! Не дапамаглі і каскі з грыбамі. Юраськава мама, доўга не раздумваючы, нават шпурлянула жалезны нямецкі шалом на агарод, грыбы разляцеліся па двары, скаціліся пад плот: