– Малайчына Мішка, – шчыра сказаў сусед Трафім. – Сам жа во выбіўся ў людзі. І машына ж, канешне, у яго ёсць. Службовая. Ёсць, Вольга?
– Цяжка дыхае Мішка, яшчэ горш, чым было. Астма мучыць, – уздыхнула маці і падбіла кашчавай рукой пасмачку сівенькіх валасоў пад белую хустку, якую некалі прывёз ёй у падарунак сын і якую апранае яна толькі з нагоды важнай падзеі, а па шчацэ скацілася вялікая, як гарошына, сляза...
КАША
На Дзень Перамогі прывезлі вайскоўцы на цэнтральную плошчу горада , дзе поўным ходам ішло святкаванне, некалькі катлоў салдацкай кашы, каб байцы, як кажуць, успопомнілі мінулыя дні, а людзі маладзейшыя паспыталі, якая яна ўсё ж на смак, гэтая хвалёная салдацкая каша. А каша была і сапраўды смачная. Кожны, каму даставалася парцуха, хваліў. Сяржант Міхасёнак, што лічыўся ледзь не самым галоўным начальнікам над катламі, быў задаволены не менш, чым і повар Шалабод, які толькі паспяваў чэрпаць варыва і пюхаць у міску.
Сяржант жа тым часам пазнаёміўся з дзяўчатамі, яны стаялі непадалёку, смяяліся, размаўлялі. Потым Міхасёнак падышоў да повара, падаў знак, каб той нахіліўся, і шапнуў на вуха:
– Кладзі меней. Меней кладзі, а то хутка каша кончыцца і давядзецца ў часць ехаць. А я тут і для цябе прыгажуню прыгледзеў, – і ён кіўнуў у бок дзяўчат.
– Зразумела! – засвяціўся твар у повара Шалабода.
Амаль адразу ж пасля сяржанта да повара заглянуў капітан Парахнюк, ён нервова паглядзеў на гадзіннік, зазірнуў у кацёл і сказаў гучна, каб усе чулі:
– Кладзі, радавы Шалабод, пабольш... чэрпай, чэрпай ... каб не падумалі людзі, што мы для іх кашы пашкадавалі!
КРАМНІК
Ягора жонка прызначыла на адказны пост: быць крамнікам. Хоць адукацыя ў яго не гандлёвая, а калгасная, з новай пасадай Ягор спраўляўся адмыслова. Ён зранку сядаў на лаўцы перад кветнікам, даставаў кісет з тытунём і пакуль вярцеў самакрутку, падыходзілі пакупнікі – вядомыя на ўсю вёску і далей яе супервыпівохі: Капялюш, Якут і Смык. Хто-небудзь адзін з іх падаваў Ягору пакамечаныя грошы, той моўчкі шоргаў у хату, мяняў грошы на бутэльку самагону і, паказаўшыся на ганку, выпрамляў твары ў мужчын: дала! А чаму не даць, калі гандаль быў пастаўлены шырока.
Атрымаўшы жаданае, мужчыны адыходзілі, іншы раз, праўда, распівалі тут жа, на лаўцы з мурзатай Ягоравай шклянкі. Тады даставалася порцыя і крамніку. Прапусцяць, памаўчаць... і калі самагон падштурхне да размоў, то адвядуць душу. Успомняць, хто колькі выпіў учора і дзе, як служалі ў арміі і латашылі сады ў суседзяў, калі былі малымі.
Калі няма грошай, мужчыны ўсё роўна прыходзяць да крамніка.
Тут, каля яго, цэнтр жыцця. Штаб. Тут гарэлка бліжэй, чым у якім іншым месцы, і трэба трымацца крамніка і ягонай лаўкі. Ды і нехта можа з’явіцца за пляшкай, тады яны – багатырскай тройкай! – пусцяцца ў атаку на яго з усіх бакоў і флангаў. Калі Капялюш, Якут і Смык разам атакуюць, ды яшчэ на пахмелле, перад імі не ўстаіць ніхто.
У той дзень таксама ні ў каго грошай не было. Ягор доўга сядзеў на лаўцы, ажно шыя пачала, здавалася, парыпваць – выглядаў ўсё па баках, ці не ідзе хто. І тут нарадзілася ў яго ідэя... Каб ажыццявіць сваю задумку, заставалася дачакацца каго-небудзь, а пасля непрыкметна сцібрыць пад сянніком пучок грошай, якія запіхвае туды жонка за выручаны самагон.
Палова аперацыі была праведзена паспяхова – во яны, грошы! – а там і Капялюш звесіў хворую, відаць, галаву з акна – жыве насупраць. Ягор паманіў яго пальцам, усім сваім выглядам паказваючы, што ёсць важная справа. Капялюш і рад старацца: тут як тут, ажно апошнія гузікі на сарочцы зашпільваў ужо стоячы перад крамнікам.
– Скажаш, калі што, быццам ты мне грошы даў, – па-змоўніцку шапнуў Ягор, азірнуўся на вокны: на шыбцы, як нярэдка, не віднелася расплюшчанага носа жонкі.
– Ага. Даў. Зразумеў, – заківаў лахматай галавой Капялюш.
Вярнуўся Ягор з пляшкай. Жонка, бы адчуваючы няладнае, выглянула з акна, гыркнула:
– Ягор!
Ягор паказаў вачамі на Капялюша, той добра ўжыўся ў ролю пакупніка, пацвердзіў, што поіць ён, а заадно паабяцаў, паколькі крамнік на сваім працоўным месцы, то багата не атрымае, дулю яму, налье ўсяго нічога...
Потым бегаў Ягор у хату яшчэ чатыры разы – «пасылалі» Якут, Смык і зноў Капялюш.
... Ягор прачнуўся ноччу. Гарэла лямпачка. Жонка сядзела за сталом і, як падалося яму, нешта штосьці і камусьці гаварыла і часта смаркалася ў фартух. Ягор навастрыў слых і так-сяк зразумеў, што яна агледзела прапажу грошай пад сянніком і прасіла Бога, каб ён забраў да сябе на перавыхаванне п’яніцу, абібока і пустадомка Ягора. Найбольш выразна ўлавіў наступныя словы: «Больш на лаўцы яго, нягеглага, ніхто не ўбачыць. Хопіць, што два тыдні на бочцы з брагай сядзела. Зачыняю краму. З маім п’янтосам толькі дзёгцем гандляваць».
Ягор затаіўся пад коўдрай, быццам мыш пад венікам.
Яму шкада было губляць сваю «пасаду»...
НЕВЯСКОВАЯ ХВАРОБА
Хвядос часта трапляе ў пульманалогію: астма. Навучаны ўжо: як толькі прыцісне хоць трохі, перастаюць рабіць сваю справу пілюлькі і інгалятары, стары збірае торбачку і шоргае на аўтобусны прыпынак. У аддзяленні дзядзьку ведаюць, ён тут свой чалавек, таму заплюшчваюць іншы раз вочы на тое, што не мае на руках накіравання з участковай бальніцы, толькі папярэдзяць: «Наступны раз, Хвядос Сяргеевіч, бярыце накіраванне. Абавязкова. Забаронена нам без яго прымаць хворых. Рызыкуем».
Хвядос абяцае, што такое больш не паўторыцца, здабудзе, а як жа, перш чым ехаць, тую паперку. Толькі, праўда, скажа:
– Хоць ты яго, накіраванне, загадзя бяры. Калі здаровы. Хай будзе заўсёды ў хаце. Як соль. Прыхапіла – за яго ды і на аўтобус. Калі ж, доктар, як прыцісне, то свет белы нялюбы... жыць не хочацца. Да бальніцы тры кіламетры. А які ж я хадок з астмай? Пшык, а не чалавек. Хоць бы да аўтобуса даклыпаць...
Пасля кропельніцы Хвядос ачуняе, будзе часта развязваць свой вузельчык з ежай, раскладзе на тумбачцы сала, яйкі, памідоры... і сам сабе ўсміхнецца: а жыць, аказваецца, і добра! Суседзям па палаце іншы раз паскардзіцца:
– Бранхіяльная астма, ядры яе ў корань,– невясковая хвароба. І касіць трэба, і бульбу капаць, і парсюка карміць... а дыху няма. Хоць плач. Гарадскім, відаць, прасцей.
Каму прасцей, каму складаней—над гэтым пытаннем яшчэ колькі дзён думае на бальнічным ложку стары, і хоць да яго прывязалася гэтая невясковая хвароба, у горадзе ён жыць не пагадзіўся б. Хвядос у гэтым перакананы, і ўсё часцей успамінае сваю Марфу, агарод, на якім шмат клопату ягоным рукам, карову Лыску, сабаку Швагера... І лічыць дні, падганяе іх: шавяліцеся, нягеглыя, мне зноў пара ў баявы строй.
А тыя дні, ліха на іх матары, цягнуцца тады задужа марудна.
Пугай бы іх!
ВЕРА
Жыве Вера адна, хоць ёй даўно пара б абзавесціся сямейкай: засядзелася ў дзеўках, не заўважыла, як мінулі яе дні. Сяброўкі па інтэрнацкім пакойчыку неяк непрыкметна пакінулі яе адну, забягаюць, бывае, з дзеткамі, а то і Веру да сябе запросяць – ці ж мала ў маладых прычын сабрацца за сталом? Ходзіць яна на такія мерапрыемствы ахвотна: усё ж весялей час бавіцца.
У яе, па вялікім сакрэце, нават хлопца няма. Сказаць, што непрыгожая, не скажаш: не горшая з твару, чым іншыя. Звычайная. А характар дык і зусім залаты мае. Мужыку з ёй было б светла, лёгка жыць. А, бач, не звярнулі хлопцы на Веру ўвагі. Не зачапіліся. Вера спярша перажывала, саромелася нават у вёску ехаць, бо старыя часта пыталіся, чаму яна не выходзіць замуж. Яна тады пунсавела ўся, твар запальваўся, бы лямпачка, а сэрца тахкала, нібыта там было яно не адно, а некалькі. Пацепваючы плечуком, ціха – як не кожнага разу – гаварыла бабулькам: «Не бяруць хлопцы. Не буду ж я сама ім на шыю вешацца».