“І ў нас, відаць жа, тая рацыя ёсць, – разважала старая, – аднак хаты не чапаюць… І слава Богу!.. Ці скора ўжо той горад?. Хутчэй бы горад, каб усяго гэтага не бачыць….”
Старая глядзела на роўную стужку асафальта, які імгненна знікаў пад коламі легкавіка, нібы наматваўся на іх, і думала цяпер толькі пра Пецьку, малодшага свайго сына, які жыве цяпер у Маскве і вось запатрабаваў, каб прывезлі яе, значыць, у горад да дачкі Веры і зяця Віктара. “Ён хоча на цябе паглядзець, маці! – патэлефанавала дачка. – Пецька паставіў скайп, прымусіў гэта зрабіць і нас, цяпер сядзі ў кватэры і размаўляй па камп’ютары, як у тэлевізары ўсё бачна… Ён будзе цябе бачыць, ты – яго… Зразумела? Так што збірайся, мама… Віцька за табой прыедзе ў нядзелю… Сядзі дома і чакай…”
Апанасіха папрасіла суседзяў, каб прыглядалі за хатай, сказала тым, што паедзе з сынам “ па нейкаму скальпелю размаўляць”, і вось цяпер, як паненка тая, шыбуе ў шыкоўным легкавіку, каб паказаць сябе сыну і паглядзець на яго. Мог бы, разважала старая, і сам прыехаць, на радаўніцу вунь сцякаюцца ўсе з белага свету людзі, а Пецька і носа не паказвае. Як з’ехаў пасля арміі ў Маскву, дык і слыхам не чуваць. Гадоў пятнаццаць, не інакш, прайшло. Пісьмы пісаць сынок лянуцецца, а тэлефона ў маці няма, так і жывуць у нявядомасці адзін пра аднаго.
Апанасіха нават пачала пабойвацца, што не пазнае сына, калі ўбачыць яго на тым экране, пра які казала дачка. Змяніўся, канешне ж. Памужнеў, пасталеў, мусіць. А мо худы, што леташняя трэска? У той жа Маскве, кажуць, надта ўсё дорага, а Пецька хіба прыспасобіцца дзе, каб вялікія грошы зарабляць? Наўрад. Тады яшчэ, даўно, хваліўся, што на трактары працуе, быццам на тым заводзе, дзе робяць аўтамабілі: скрынкі развозіць з дэталямі і стружку такарную ад станкоў забірае. Бяды тае, няхай і трактарам кіруе, абы яму было добра. Аднак жа злосць на Пецьку яна мела, і вялікую: прыкласці калі шчыра руку да сэрца, дык і нарадзіла яна яго позна, каб пад старасць апора была. Толькі для гэтага. Ведала ж, Панас доўга не працягне, у яго розных хвароб набралася жменя, Пецька б і памог дажыць ёй век. А Пецька той ветрагонам аказаўся: сёння тут, заўтра там. Толькі пяткі яго і бачыла маці. Цяпер вось і агарод садзіць трэба, і дровы нарыхтоўваць, і пятае-дзесятае, а бабулі прыходзіцца дзе самой упраўляцца, а дзе прасіць людзей. Толькі ж і людзей цяпер тых у вёсцы можна па пальцах пералічыць. Старыя адыходзяць адзін за адным, больш маладзейшыя глядзяць у чарку, з-за бутэлькі той свету белага не бачаць. Жыві як хочаш, Апанасіха. Тут, праўда, дачка Верка з зяцем не забываюць, грэх слова пра іх сказаць кепскае. Іншыя ж дзеці яе, Міхась, Валерык і Паліна жывуць далёка – на Украіне, у Керчы ля мора, то бываюць рэдка. А Змітрок, які атабарыўся ў Харкаве, кожны год браў адпачынак у верасні – каб маці выкапаць бульбу. Але Змітрака не стала, і хоць ён быў сярэдні сын, не стары яшчэ, асабліва нічым не хварэў, але не пашанцавала яму – памёр: паслізнуўся неяк ўзімку, ударыўся галавой аб лёд, і праз два тыдні чалавека не стала.
А Пецька хоць бы калі прыехаў капаць бульбу. І чаму так бывае, думалася іншы раз старой Апанасіхе, што і матка адна, і бацька адзін, а дзеці такія розныя бываць? Шалапут, адным словам, Пецька-масквіч. Гультай. “Відаць, там толькі па рэстаранах і ходзіць,”– іншы раз думала пра малодшага сына Апанасіха. І хоць мела на яго затоеную злосць, і хоць ставілася да Пецькі іншы раз нялюба, усё ж і радавалася старая, што паскрэбак ні дзе-небудзь жыве, а ў самой Маскве. Там, мусіць, і Крэмль той блізка ад яго? Уцясаўся ж неяк Пецька туды! Малайчына. Тады хай ужо будзе і так. А калі якая тут нявыкрутка, зяць Віцька выручыць. Пашэнціла хоць з ім. Ды і чужыя людзі, хоць і пабурчаць-пакасувурацца, у бядзе не пакінуць, дапамогуць тое-сёе зрабіць па гаспадарцы.
Апанасіха прыгадала, як прыйшла яна перпшы раз на бацькоўскі сход у сярэдную школу. Тут трэба сказаць, што Пецька васьмігодку скончыў дома, у Званцы, а за атэстатам аб сярдняй адукацыі яму давялося хадзіць у суседні Ільіч. І вось класны кіраўнік, сустрэўшы тады Апанасіху, нічога ні пра чога, пацікавілася ў яе :”А вы, бабулька, да каго?” Зніякавела крыху жанчына, але і не разгубілася асабліва, а горда адказала: “Я маці Пецькі!..” Не сказала толькі класнай, што нарадзіла яго, блазнюка, ажно ў сорак пяць год… Ды яно і так, пэўна ж, усё было зразумела.
Госцю сустрэлі амаль ўрачыста: дачка пацалавала маці, дамагла ёй распрануцца, прайсці ў пакой, а ўнукі, Алесь і Святлана, запляскалі, бы малыя дзеці, ў ладкі, а тады таксама чмокнулі бабулю па чарзе ў шчаку. Тут жа цёрся і праўнук Восіп, зусім яшчэ карапуз. Калі селі за стол, Восіп пахваліўся бабулі, што быў у лялечным тэатры і бачыў там вялікага амура, які лётаў у паветры. “Вось так!”– і ён выбег з-за стала, паказаў правай ручкай, як той амур лятаў. Бабуля яму не паверыла, але пагадзілася: можа цяпер і сапраўды рыбы тыя ўжо лятаюць, бо час такі, калі ўсё можа быць. Вера патлумачыла маці, што Віктар надоечы купіў у краме вялікага амура, той саскаўзнуўся са стала на кухні, залаташыў хвастом па падлозе, і ўсё гэта бачыў малы. Таму і запомніў рыбіну. А хто там лятаў у тэатры – вядома ж, цацка, гумавая, мабыць – для яго гэта быў ўсёроўна амур.
– Падрыхтаваліся, набіраю Пецьку! – падаў каманду Віктар, і ўсе скіравалі свае позіркі на экран манітора, на якім неўзабаве і паказаўся малодшы сын старой Апанасіхі. Сядзеў ён таксама за сталом, на якім тырчэла рылцам угору пляшка гарэлкі, талерак з закуссу відаць не было, толькі рылца, а сам Пятро быў у чорным касцюме, белай сарочцы і пры гальштуку. Гальштук старая добра не разгледзела, не было калі, яна адразу ж скіравала свой пагляд на твар: ці намнога змяніўся сын пасля таго, як бачыла яго апошні раз, ці пазнала б на вуліцы?..
– Пазнала б, яй-бо!.. Пазнала б! – гукнула маці і чамусьці тужэй падціснула хустку на шыі, а калі сын павітаўся, адказала яму: – Ну здароў, здароў, Пецька… – І не дала таму больш слова прамовіць. – Чаму ж ты не едзеш, сынок? Нешта ты схаваўся за гэтую штукенцыю, як арціст які, як Кручкоў? Цябе ж па етаму скальпелю… ці як ён, халера, завецца…
Вера падказала:
– Па скайпу, па скайпу, мама…
Але старая ўсё роўна не маглда запомніць і вымавіць падказанае слова, яно падалося ёй занадта цяжкім, таму працягвала казаць далей, не ўжываючы больш яго:
– Дык і кажу ж: цябе ж па гэтаму целявізару не пагладзіш, дыхання твайго, сынок, не пачуеш, не-а… Я і вачэй тваіх добра не бачу… Углядаюся, і не бачу… У цябе бацькавы, панасавы, вочы былі… Панасавы вочы помню, твае – не… Прыехаў бы калі-небузь, сынок… Я не прашу ўжо цябе памагаць мне, людзі, дзякаваць Богу, пакуль ёсць у нашай вёсцы жывыя, то выручаць… Дзякуй во і Верцы з зяцем Віктарам… А ты б праехаў той дарогай, як я сёння пракацілася, і не пазнаў бы нічога паабапал яе… Усё змянілася… Шкада, вельмі шкада, по гэтаму целявізару не пакажаш табе ўсяго, што я сёння бачыла… Не пакажаш хат, якія закапалі… Не пакажаш калодзежа, з якога я ваду чэрпаю… Вулку нашу, па якой ты хадзіў, не пакажаш… Прыедзь, сынок, паглядзі на свае вочы… За родную клямку патрымайся…– Во, ўспомніла!.. – Старая раптам адвярнулася ад сына, паглядзела на Віктара: – А чаго гэты мы карткі са сцяны не ўзялі, каб яму ў Маскву паказаць? І я забылася. Во галава мая садовая!..
– Мама, даруй, – схіліўшы галаву, раптам ціха прамовіў Пецька.
– А? Ты нешта сказаў, Пецька? – пастарался бліжэй паднесці вуха да манітора Апанасіха, але тады яна не бачыла сына, і тады старая зноў села так, як і сядзела: усутыч з экранам.
– Ён папрасіў прабачэння, – падказала дачка. – У цябе, мама, папрасіў…
– Дык ты калі прыедзеш, сынок? – нібы не чуючы дачкі, ўпілася ў Пецькаў твар старая. – А то памру і не дачакаюся… Прыедзь, сынок… Ці мо табе грошай выслаць на дарогу?
– Не трэба грошай, – няпэўна адказаў Пецька. – Знойдзем… Я прыеду, мама…
– Абяцаеш? Не брэшаш?
– Абяцаю. А цяпер давайце падымем келіхі на нашу сустрэчу, – прапанаваў Пецька і падняў сваю чарку.