Сад Барыса Іванавіча зліўся з садамі сваіх былых суседзяў, і атрымаўся адзін – вялікі, гектары на тры. Аднак межы свайго ён адразу ж вызначае, і калі прыходзіць сюды, падоўгу стаіць перад дрэвамі. Вунь там, дзе цяпер сцежка, што вядзе да міні-базарчыка, некалі стаяў дом. Моцны дом, цагляны, пад шыферам. У ім было пяць пакояў, і жылі тады пад адным дахам два сыны і дачка з сем’ямі, ён, Барыс Іванавіч з жонкай, і не было цесна. А потым, як дом пайшоў пад знос, усе атрымалі асобнае жыллё. І што цікава, параспадаліся сем’і, нявесткі і зяць пачалі разводзіцца-дзяліцца, і стары зразумеў пазней, чаму так адбылося. Усіх разам трымаў дом. Была маленькая камуна, дзе былі свае законы, быў адзін – ён – гаспадар, камандзір нейкім чынам, і кепска-добра было маладым сем’ям, аднак жылі яны па нейкім няпісаным законе аб адзінстве, вернасці, прычаснасці да ўсяго, што адбываецца тут, у гэтых сценах. Другі ж бок медаля, разважаў Барыс Іванавіч, хаваецца ў тым, што дзеўкі ягоным сынам трапіліся з вёсак і ім, мабыць, важна было знайсці ў горадзе не каханага чалавека, а – прапіску. Каб зачапіцца за горад. Таму і маскіраваліся да пары да часу.
Дзіўна сёння Барысу Іванавічу: там, дзе была прыбіральня, цяпер вунь расклалі катухі бамжы. Патлатыя і мурзатыя людзі корпаюцца ў сваіх рэчах, пра нешта гамоняць, а потым разбрыдаюцца хто куды, толькі адзін з іх застаецца пад яблыняй – вартаваць пажыткі. Таксама маленькая камуна. Пройдзе мо з гадзіна часу, і гэтыя людзі, не зважаючы на праходжых, будуць піць віно і закусваць ягонымі яблыкамі, а потым лягуць – упокат – адпачываць. Да іх прывыклі. Да іх няма нікому клопату. Бамжы – што з іх возьмеш?
Барыс Іванавіч сёння зводдалі назірае за гэтымі занядбалымі людзьмі, а ўчора падыходзіў да іх бліжэй, і калі адзін зняў з нагі чаравік і пачаў збіваць ім яблыкі, стары не вытрымаў, заступіўся за дрэва:
– Што ж ты робіш, дзядуля?! – назваў таго ўмысна так, бо на самой справе гэта быў параўнальна малады чалавек, толькі брудны і даўно няголены.
Бомж нічога не адказаў, але і не перастаў збіваць яблыкі, якія зрэдчас разам з голлем ляцелі на дол.
– Ты што, глухі? – нагадаў пра сябе стары.
– А вам што, шкада яблыкаў? – барадаты павярнуўся нарэшце да Барыса Іванавіча і папытаў надзіва ветліва. – Іх вунь колькі на дрэве! Калаці і ты, калі не лянуешся, дзед. Усім хопіць. Ці ў цябе няма чаравікаў? То магу даць. У мяне ў торбе запасныя ёсць – сёння нехта выкінуў на сметнік. Падабраў. Расшыраю свой гардэроб. Кідай, стары. Глядзі, як гэта робіцца! – чаравік зноў паляцеў на галлё. – Нам жа нешта есці трэба. А ты як думаў! Дзякуй таму чалавеку, хто вырасціў гэты сад!..
–Яны ж зусім зялёныя! Дайце хоць паспець пладам, нехрысці!
– Нам добрыя будуць. А спелых я тут ніколі і не бачыў,– барадаты нагроб у сумку яблыкаў, якую прыткнуў тут жа да дрэва і сеў побач, затым выцер адзін плод аб зашмальцаваныя штаны і пачаў грызці.
Барыс Іванавіч хацеў сказаць, што ён сам затое бачыў тут спелыя яблыкі, і такія смачныя, што іншым і не прысніцца, але змоўчаў. Сам жа падумаў: “Дадуць, чакай, паспець яны яблыкам… Зялёныя патрушчаць… Што людзі, што чэрві…”
Забыўшыся на бамжоў, Барыс Іванавіч звярнуў увагу на мужчыну з мехам. Той прыехаў у сад на веласіпедзе і з доўгай палкай, на канцы яе меўся драцяны кручок, якой тут жа пачаў трэсці галлё, і яблыкі пасыпаліся на зямлю, як град. Мужчына яму здаўся знаёмым. Ці мо памяляецца?
– Ого! – заўважыў знаходлівага яблыказдымшчыка і бомж.– Рацыяналізатар! Ды з мехам, гляньце! Няўжо пачалі ўжо прымаць яблыкі? Ён жа нас пазбавіць заробку!.. Па свеце пусціць!.. Без штаноў пакіне!.. Такі шустры, гляньце вы на яго!.. Трэба прымаць меры!.. Неадкладныя!.. Палундра-а-а!..
Бомж усхапіўся з зямлі і кінуўся, забыўшыся на свае пажыткі, да мужчыны з палкай, і Барыс Іванавіч бачыў, як ён махаў перад здымшчыкам яблыкаў рукамі, нешта даказваў таму. А потым яны пачалі штурхацца, нарэшце счапіліся, а калі бомж паляцеў на вытаптаны пад ябляняй дол, мужчына, як ні ў чым, зноў пачаў калаціць яблыкі. Бомж не меў намеру здавацца, ён заклаў у рот два пальцы, працяжна і гучна свіснуў, і неўзабаве прыбыла падмога – два такія ж, як ён, няголеныя і брудныя хлопцы-дзядзькі. У выніку мех быў адабраны, трафеем бяздомнікаў стала і палка.
Барыс Іванавіч падышоў на колькі крокаў бліжэй, і цяпер ён мог пачуць, як мужчына, сядаючы на веласіпед, паабяцаў выкурыць усіх бамжоў з гэтага саду.
– Пачакай, Герасімавіч! – нечакана для самога мужчыны і яшчэ больш, напэўна ж, для бамжоў, Барыс Іванавіч загадаў таму не спяшацца ехаць. – Затрымайся! Ты што, мяне не пазнаеш, а, сусед? Ай-я-яй!.. Нядобра як!..
Герасімавіч паслухаўся, аднак задаволенасці на ягоным твары Барыс Іванавіч не ўбачыў: відаць, не рады гэтай сустрэчы, трэба так разумець. Сапраўды, глянуўшы на былога суседа, Герасімавіч буркліва спытаў:
– Ну, а табе што?..
Барыс Іванавіч добра ведаў гэтага чалавека. Герасімавіч быў крыху маладзейшы за яго, рабіў на чыгунцы, і з таго часу, як знеслі іхнія дамы, яны мала бачыліся. І тое – мелькам. Герасімавіч сам не жадаў кантактаваць, хіба ж гэта не відаць было, і пры кожный сустрэчы ці тое адводзіў галаву ў бок, ці проста рабіў выгляд, што ідзе і не заўважае яго. Іншы раз Барысу Іванавічу карцела распытаць, як жыве, чым займаецца на пенсіі, кім сталі і як жывуць ягоныя тры дачкі, аднак, ведаючы нялюбы характра Герасімавіча, не асмельваўся першым распачынаць гаворку.
І вось цяпер, гледзячы яму, Герасімавічу, у вочы, ён прыгадаў, як дваццаць год назад, калі пачалі разбураць дом, той пусціў у ход бензапілу “Дружба” – і неўзабаве усе пладовыя дрэвы былі павалены, а Герасімавіч, задаволены, глянуў тады на яго і зарагатаў:
– А ты што думаў, Барыс Іванавіч, я абы-каму свой сад пакіну? Расціў, песціў, і кату пад хвост? Не-е!.. Не-е!.. Мне чужое не трэба і сваё не аддам. Так што падумай, сусед. Падумай. Калі хочаш – дам пілу. Ну, дык што? Даць пілу? Глядзі, як хочаш… Твая справа. Толькі я ўявіць не магу, што ўсе, каму не ўздумаецца, будуць маім садам карыстацца. А ты – як хочаш!..
Іх позіркі зноў сустрэліся.
– Хлопцы, – паглядзеў Барыс Іванавіч на бамжоў, – вярніце гэтаму чалавеку мех і палку. Няхай набярэ яблыкаў. Хоць і няспелых – зялёных… Толькі навашта яны табе, Герасімавіч?
– Ды пайшоў ты! – памуліўся, як укушаны, Герасімавіч, аднак мех і палку ўзяў і нічога больш не сказаўшы, пакаціў перад сабой веласіпед…
Бамжы заняліся сваімі справамі, а Барыс Іванавіч усё яшчэ стаяў на адным і тым жа месцы і ламаў голаў: навошта яму, Герасімавічу, спатрэбіліся зялёныя яблыкі? Няўжо ён шкадуе для людзей і чужыя, як пашкадаваў некалі свае? Ён што – проста іх знішчае, каб нікому не дасталіся?
Гэтага зразумець Барыс Іванавіч не мог.
СКАЙП
Старая Апанасіха ехала ў горад ці не ўпершыню ў сваім жыцці на такой шыкоўнай іншамарцы. Кацілася тая па шашы роўна-плаўна, за акенцам легкавіка праносіліся некалі дужа знаёмыя мясціны і, гледзячы на ўсё гэта сення, бабулька цяжка ўздыхала:
– Божа! Не пазнаю… Нічога не пазнаю… А куды ж хаты падзеліся? Тут жа, Віцька, некалі вёска была… Халочча, здаецца?... Ага, яно… Адны дрэвы… з-за кустоў вунь нічога не відаць… Што, хіба ўсе хаты і праўда закапалі? Не брэшуць людзі?
Яна глядзела на зяця Віктара, які кіраваў іншамаркай, ніяк разінуўшы рот. Той дзівіўся:
– А вы што, маці, хіба не ведалі раней, што і Халочча няма, і Ліпы, і іншых вёсак? Думалі, з вамі нехта жартуе? Так, так… Гэта праўда. Балючая, аднак нічога не паробіш: Чарнобыль набедаркурыў…
Апанасіха, падбіваючы пасмачку сівых валасоў пад хустку, шчыра прызнавалася:
– Чула, чула, зяцёк, але ж не верылася: як жа так, думалася, каб вёску ўзяць ды пахаваць? Яна ж не чалавек… А яно, атрымліваецца, што і хаты закапаць можна… Там, відаць, на тым свеце, усім месца хапае…
Далей ехалі моўчкі. Апанасіха сядзела спераду, прышпіленая рамянем бяспекі, і ўжо не вадзіла, як раней, па баках галавой: хопіць, наглядзелася ўсяго, можа і лішняга нават, бо ажно галава разбалелася. Яно ж і праўда: такія вёскі тут некалі паабапал дарогі стаялі прыгожыя! Вока радавалі хаты, акуратныя парканчыкі, купкамі стаялі людзі, аб нечым весела гаманілі… Ішло, адным словам, жыццё… А цяпер – ціха… Нават сабакі не ўбачыш…