– Выпаўзем,– запэўніў настаўнік.
– Тады вы паакуратней, каб не заляпала,– шафёр ужо ўладкаваўся на сядзенні, гыркнуў маторам, папярэдзіў:– Слухайце каманду... Раз,два,– узялі! Так,так... О-па!
З цяжкасцю, але ўсё ж выбіраюцца «Жыгулі» з лужыны.
– Дзякуй вам вялікае,– на твары гаспадара «Жыгулёў» засвяцілася ўпершыню, як стрэўся з ім настаўнік, усмешка.
– Нічога, свае людзі,– змахвае са штаноў кроплі гразі Юрый Трафімавіч. –Глядзі, там наперадзе яшчэ адна яміна. Бяры лявей...
«Жыгулі» ад’язджаюць, а Юрый Трафімаівч вяртаецца да веласіпеда. Веласіпед стаіць пад бярозкай, і чорная сумка, на якую ўсё ж трэба прымайстраваць нейкі замок, вісіць на рулі. А можа, і не патрэбен ён, той замок? Навошта?
Бяжыць дарога, знікае пад коламі. Едзе на веласіпедзе чалавек, адбівае паклоны землякам, і не верыцца яму, што мог нехта працягнуць руку да ягонай сумкі.
Ніяк не верыцца.
ЦЫВІЛІЗАЦЫЯ
Калі Ягорка п’янеў, ён рэзаў паветра растапыранымі пальцамі – справа налева – і пачынаў часта тупацець чобатамі, выбіваючы пыл з зямлі, а галаву трымаў высока і горда, нібы на цемені стаяла шклянка з віном , і ён баяўся, што расплешча каштоўныя кроплі. Сам жа крычаў сіпатым голасам:
– Танцуй, арцель! Не было б мне горка, каб не зваўся я Ягорка ! Х-ха-ха-ха-а! Гуляй, і-э-эх!
Мужчыны, з якімі Ягорка толькі што браў чарку, здзекліва-абразліва пасміхаліся, назіраючы за танцорам, а калі іх напарнік, запыхаўшыся да ачмурэння, бездапаможна павісаў на прылаўку, прапаноўвалі яму, пераміргваючыся, прамачыць яшчэ горла, не шкадуючы для яго слоў пахвальбы. Ягорка пагаджаўся, бо сёння якраз пенсія, капейчына ёсць, ён без лішніх слоў кідаў пакамечаныя грошы на вагі, загадваў:
– Для ўсіх. Ы-ы. Для таго і цывілізацыя, што хоць піва пап’ём. Налівай, Сцяпанаўна. Чым паўней. Хопіць, што згубіў жыццё, можна сказаць, у сваёй глухой Слабадзе. Не лічачы арміі. Там хоць свету пабачыў, на людзей паглядзеў і сябе паказаў. Нагу нат апаласнуў у Ціхім акіяне. Як, га? То-та ж!
Рукі мужчын цягнуліся да куфляў, Ягорка лагоднеў: хто вас частуе, маць вашу!.. Знайце і шануйце, бамжы д’яблавы!
А потым ён, хістаючыся, плёўся да хаты, падаў ніцма на ложак і хроп. Закончыўся яшчэ адзін дзень. Жонка, вастраногая і сухарэбрая, але мяккая і падатлівая Насця, прывыкла ўжо да ягоных п’янак – у апошні час яны абрынуліся на яе, як пракляцце. Але рада-радзёшанька была, што калі нажлукціцца Ягорка, то хоць руку на яе не падымае. Не-е, грэх сказаць. Прыгаворвае: «Абы ціха, абы ціха, Насця»,– і брык на ложак. Іншы раз перад тым, як пачаць храпці і высвістваць носам, прамумкае: «Абы не было вайны...»
Тут, у Доўску, Ягорка з’явіўся два гады назад – як толькі пайшоў на пенсію, прыехаў да сястры пагасцяваць. Пахадзіў, паглядзеў, як тая жыве, і засвяціліся ў калгаснага пенсіянера вочы: «А чым я горшы? Навошта млець мне ў сваёй Слабадзе? На якога д’ябла? Тут жа, гляньце, і дурань бачыць, крам багата, нават рэстаран ёсць, і кульдзім. А ў нас? Крама і тая за тры кіламетры».
Вярнуўшыся ў Слабаду, выклаў свой план Насці. Жонка ўважліва выслухала Ягорку, а тады ўздыхнула – выдумаеш таксама!-- і патэпала на двор. Ягорка – услед, за плячо яе сваёй рукой павярнуў – твар у твар:
– Дык ты што, на маю прыдумку чхнула?
– Адвяжыся. Мелеш абы што. З глузду, бачу, пад старасць з’ехаў,– і яна рашуча павярнулася , каб ісці далей.
Аднак Ягорка натапырыўся ўсур’ёз:
– Паеду адзін!
– Едзь. Абрусам дарога.
– Дык там жа людзі жывуць! А мы тут?.. Хто мы? Хоць... хоць, разумееш, апошнюю кроплю шчасця – ды на язык, га?
– Вось-вось,– з лёгкім дакорам заківала Насця. – Табе, бачу, тая кропля і спадабалася?
– Ды не тая кропля , не тая!– зморшчыўся Ягорка і тупнуў нагой. – У вас, баб, толькі адно ў галаве... Кропля шчасця! Шчасця-я-я! Га? Мы ж будзем жыць, як людзі. Я ж там і дамок прыгледзеў. З садам. Сад яшчэ большы, чым у нас. А побач – якраз насупраць – аўтастанцыя. Вядзерца яблыкаў ці груш прадаў... там і сліў багата... і заўсёды свежая капейка. Жывая. А з нашай Слабады не павязеш садавіну ў Доўск – далёка, няблізкі свет, адно больш грошай праездзіш.
Пра яблыкі Насці спадабалася. Але мужу нічога не сказала, пачала даіць карову, а той сеў побач на корч каля веснічак, згарнуў самакрутку, пацягнуўся, сказаў:
– Я б тады і табаку не садзіў. Мілае дзела – усё побач. А пенсій нам хопіць. Яшчэ дзецям паможам. Ды... ды і ім да нас на новае месца лягчэй будзе прыехаць. З Доўску – чуеш, маладзіца? – у любы бок: хочаш у Адэсу, хочаш у Маскву, а хочаш... ды куды хочаш, туды і шуруй.
Раптам Насця папытала:
– А хлеў там ёсць?
Ягорка разгубіўся: бач, ён ёй цывілізацыю прапаноўвае, а яна, не інакш, дурніца, хоча цягнуць за сабой і рагулю. Кашлянуў у кулак, дыпламатычна паўшчуваў:
– Хлеў ёсць. Добры хлеў. З блокаў. Але навошта ён нам? Хопіць пенсіянерам за цыцкі шморгаць. Нашморгаліся. Паберажы пальцы.
Насця, нібы не пачула ягоных слоў, ціха мовіла:
– А Зорку куды паставіш? Пад зоркі?
– Маць тваю, га!-- не стрымаўся ўсё ж Ягорка, прытупнуў нагой. – Там жа можна купіць любую трасцу. І кефір, і малако. На якога д’ябла нам дзяржава пенсіі дала? Купім, купім, Настуля, усё, што трэба.
Хату ў Слабадзе Ягорка, вядома ж, не прадаў: каму яна ў глушы патрэбна, калі іх вунь колькі, людзьмі і Богам забытых, побач стаіць? Заходзь у любую, добры чалавек, і жыві. Макар ці Свірыд, якія непадалёку на могілках, супраць не будуць. Не выганяць і дзеці, бо хто ведае, дзе яны, сыны і дочкі? Ды, можа, тыя яшчэ і рады будуць : няхай хоць так, бясплатна, чужыя людзі жывуць, і тое добра. А пачнеш патрабаваць грошы – толькі згоніш людзей з месца. А іх ужо аднаго разу прагналі... Адтуль, дзе белае сонца аказалася для славян чорным. Нацярпеліся. Хапіла. Ды і вокны ў хаце павінны свяціцца. На тое і хата.
Загрузіўшы рэчы ў кузавок «газончыка», Ягорка, як ні стрымліваўся, усё ж пусціў слязу. Жонка скарыстала гэты момант, папракнула:
– Сам жа хацеў, дык не плач, бабёр.
– Ага, сам,– пакорліва паківаў галавой Ягорка, а потым узяў падрыхтаваныя загадзя дошкі, закалаціў імі крыж-накрыж вокны. – Не крыўдуй, хата. Думаеш, мне не шкада цябе пакідаць, але ж і ў цывілізацыі хочацца пажыць. Колькі там засталося, га?..
– Сядай ужо ў машыну, румза,– шкуматнула за рукаў жонка. – Ён з хатай прашчаецца. Бачылі? Ды ты не з хатай – ты з жыццём прашчаешся... з нармальным... з прывычным. Божухны, і куды ж мяне ты, дурную бабу, цягнеш? – і Насця затрэслася, нібы яе пранізала электрычным токам, з вачэй пырснулі слёзы. – Ой, не магу, людцы мае мілыя! Ёлупа паслухалася свайго. Каб жа папытаць – навошта?
Цяпер ужо яе прыспешваў Ягорка:
– Хопіць, хопіць, пара. Шахвёр моршчыцца: у яго, думаеш, акрамя нас, іншых спраў няма?
Неўзабаве ў бок Ягоркавай хаты тоўстай вяроўчынай шугануў дым з выхлапной трубы, і старонняму чалавеку магло б падацца, што яна, хата, засланілася ад гару дошкамі, што былі на вокнах, нібы чалавек рукамі...
Жыў у Слабадзе Ягорка ашчадна. На свае не піў. І смешна было б – на свае: брыгадзір жа. Ды асабліва і не налягаў на яе, халеру. А зарабляў капейчыну неблагую, таму Насці было што трамбаваць у панчоху. Хату ў Доўску купілі без натугі. І добрую хату, як казаў Ягорка, каля аўтастанцыі. Вось яна, насупраць. Сядзі на лаўцы, назірай, як падрульваюць і ад’язджаюць аўтобусы самай рознай масці, як выходзяць-заходзяць людзі. А хочаш, ідзі ў краму. Каўбаска, вэнджаная рыба, булкі-шмулкі. А піва? Вінца нальюць, калі закажаш. Гарэлачкі таксама. Прыгажосць! Ягорка не раз успамінаў суседа па Слабадзе Пятра і шкадаваў яго: «Не жыве, а чмыхае. Глянуў бы на мяне!» Ягорка прапаноўваў Пятру таксама падацца ўслед за ім, але той адно ўсміхнуўся і паказаў сумнымі вачыма на могілкі:
– Туды мне ўжо пара пераязджаць.
– Дарэмна, дарэмна, суседзе. А я паеду, ядрона шыш! Там, глядзіш, і больш працягну. А ты гібей тут, на балоце, неслух.