Литмир - Электронная Библиотека

Начальнік цэха барабаніў пальцамі па стале, дзед Міхалыч глядзеў некуды сабе пад ногі, прылізваючы растапыранымі пальцамі пучок валасоў на лысай галаве, той-сёй перашэптваўся...

– Хлапчынка, ты хлапчынка, – пахістаў услед галавой Кацьцы дзед Міхалыч, калі сход закончыўся і ўсе пачалі разыходзіцца. – І для каго кветак пашкадаваў, каб спытаць? Цьфу! Толькі асарамаціўся. Бач, усе на яе баку, адзін я толькі вытыркнуўся, як Мікіта з канапель. Хоць не: на клумбе кветкі растуць для горада, а не для адной хлапчынкі.

СУМКА

Па сцяжынцы, што выгінаецца ўсцяж шашы, нетаропка едзе веласіпедыст. Гэта вясковы настаўнік Юрый Трафімавіч. Сухі і доўгі, у паношаным шэрым пінжаку і расхрыстанай белай сарочцы, ён нагадвае нечым кінаартыста Філіпава.

Паволі круцяцца колы веласіпеда, мігцяць, зіхацяць на сонцы спіцы. На рулі пагойдваецца старая, зашмальцаваная сумка.

Веласіпедыста абганяюць грузавікі, легкавушкі, ажно вецер шугае ў бок Юрыя Трафімавіча, сіліцца сарваць саламянага колеру капронавы капялюш – у таго толькі згінаецца левы, што к дарозе, акраек.

Калі паназіраць за спіной веласіпедыста, якая ўсё аддаляецца і аддаляецца ад цябе, то не цяжка зазначыць: гэты чалавек ніколі і нікуды не спяшаецца, не з хапатлівых ён людзей – усё робіць разважліва, спакойна, роздумна.

Колы веласіпеда ўжо коцяцца па заасфальтаванай вуліцы раённага гарадка, на рулі супакойваецца сумка. Настрой у Юрыя Трафімавіча добры: твар яго раз-пораз кранае лёгкая ўсмешка, вочы свецяцца непасрэднасцю і шчырасцю.

Нарэшце Юрый Трафімавіч супыняецца, выцягвае з кішэні насоўку: хоць і ледзьве круціў педалі, в лысіна ўсё ж узмакрэла. Ды ўжо ж не семнаццаць гадкоў. Настаўнік вядзе веласіпед па тратуары, губляецца сярод людзей, якія ходка шнуруюць туды-сюды.

Юрый Трафімавіч , здаецца, і сам таго не заўважыў, як апынуўся перад аднапавярховым, жоўтага колеру будынкам, на якім кідаецца ў вочы шыльдачка з надпісам: «Банк». Ён ставіць веласіпед да нізенькага акуратнага парканчыка, здымае з руля сумку, вітаецца з нейкім чалавекам і па стаптаных прыступках накіроўваецца ў будынак.

Сіратліва стаіць веласіпед, толькі скок-паскок на сядзенні верабей. Нарэшце птах падціскае пад сябе лапкі, заплюшчвае вочкі – спіць. Ён бы і сам спаў, але выходзіць з будынка Юрый Трафімавіч, перабівае спачын вераб’ю. Той пырхнуў, заціліўкаў і даў лёту над нізкімі кустамі бэзу.

Настаўнік, правёўшы кароткім позіркам шэрую драбязу, чапляе на рог кручкаватага руля сумку, зноўку круціць педалі. Стаіць у самай сваёй моцы летні дзень, спякотны і ціхі. Прыпарвае. Неба, аднак, па-ранейшаму чыстае і светлае, без хмурынкі, поўніцца россыпам птушыных галасоў.

Нарэшце Юрый Трафімавіч выруліў на ціхую, бязлюдную вуліцу. Пярэдняе кола веласіпеда наматвае на сябе дарогу: бяжыць узбоч яго, а то і трапіць пад самы след цень настаўніка. Наперадзе мільгануў, загойдаўся перад яго вачамі фасад малаказавода. За шырокія дзверы на яго тэрыторыю зарульваюць адзін за другім некалькі малакавозаў – вяртаюцца з прыёмных пунктаў. Вахцёр, на першы погляд дзядзька трохі мешкаваты, што трымае руку на кнопцы, прапускае пузатыя машыны – заўважае Юрыя Тафімавіча, адбівае лёгкі паклон яму, а крыху пазней, калі дзверы зноўку самкнуліся, падыходзіць да настаўніка, падае руку. Вітаюцца. Цёпла. Як старыя знаёмыя.

– Міхася праведаць?– пытаецца вахцёр.

– Калі ўжо ў горадзе, то дай, думаю, і заеду.

– Трэба, трэба. Сваё, душа баліць. А як жа...

Юрый Трафімавіч нясмела пытаецца:

– Як ён тут?

Вахцёр – трохі здзіўлена:

– Хто – Міхась-та? У-у.. Хлапец – зух! Вунь, глядзі, на дошцы – «маланка» прыгажуніцца,-- паказвае рукой. – То ён не прападзе. Хоць і навічок на заводзе, а яго халадзільнік, брат, марозіць – ого-го! Ажно іней курэе. Так што, бацька, радуйся за сына.

Загарэлы твар Юрыя Трафімавіча прасвятлеў у прыемнай, праўда, крыху нязграбнай, няўдалай усмешцы. Вахцёр тым часам заглянуў у сваю будку, адкуль быў чуцён яго голас: «Кавалёва, ну таго, што па накіраванні. З тэхнікума, ага... Як зразумеў? Прыём. Падсылай на прахадную».

Вахцёр вяртаецца да настаўніка, на хаду пачухвае патыліцу, мурлыча: «Салдат вярнёцца...»

Зноў пад’язджаюць і піпікаюць малакавозы.

– Добра, слаўна малако ідзе, – радасна кажа настаўніку вахцёр і зноў спяшаецца да кнопкі, націскае яе кароткім тоўстым пальцам.

А тым часам да Юрыя Трафімавіча падыходзіць Міхась з нейкім незнаёмым хлопцам, але вельмі падобным на сына настаўніка. Такі ж рослы, прыгожы, акуратны. Аднак больш падобняць іх, мусіць, беласнежныя халаты.

– Ты ўсё на ім? – зірнуў Міхась на веласіпед.

– А то яшчэ на чым жа?

– Надзейна, выгодна, зручна. Лятайце веласіпедамі! – пажартаваў той незнаёмы хлопец.

– Сямён, – нарэшце кіўнуў бацьку на таварыша Міхась. – Разам вучыліся і цяпер вось...

Юрый Трафімавіч яшчэ раз глянуў на Сямёна, толькі ўважлівей. І зноў загаварыў:

– Сапраўды, самы надзейны конь. – Ляпнуў па рулі адразу дзвюма далонямі.—Аўтобус то прыйдзе,то не. Сам ведаеш, як ходзіць. А гэта надзе-й-ны конь. Мы па-старэчы, не спяшаючыся. Круць-верць, верць-круць – глядзіш –і прыехалі...

– І колькі ж ты сюды дабіраўся? – пытаецца Міхась.

– Ды нядоўга. Па справах надзённых прыехаў, от. Трэба шчэ недзе бляшанку сурыку прыдбаць. Рамонт у школе, лічыць можна, закончылі. У маім класе толькі недаробкі : бляшанку сурыку – і тады смела, з чыстым сумленнем адпачываць можна.

– Сурыку? Усяго бляшанку? – не проста так, ад няма чаго рабіць, перапытвае Міхасёў таварыш. – Нават і дзве магу. Слова – закон. А чаму і не, калі ёсць. У мяне дома стаіць фарба, высыхае – псуецца адно: харомы свае рамантавалі з бацькам, засталася. Магу адскочыць,га? Я тут недалёка... – Сямён кранаецца рукой веласіпеда.

Юрый Трафімавіч уступае яму свой надзейны транспарт.

– Ну, калі не шкада,– ніякавата паціскае плячамі настаўнік.

– Ды я ўмомант! Я тут недалёка... на вуліцы Смалячкова жыву. Для школы, для дзяцей – хіба ж можна фарбы пашкадаваць! Было б чаго... Чакайце, я зараз. Адна нага тут, другая – там.

І Міхасёў таварыш спрытна скокнуў на сядзенне. Веласіпед, нібы скінуўшы цяжар суму па хуткім бегу, памчаў вуліцай, што неаб’езджаны стаеннік. Відаць было, што прагаладаўся па гэтым транспарце і Сямён,– так апантана працаваў ён нагамі. А сумка, тая старая зашмальцаваная сумка, не знаходзіла, здаецца, сабе месца на рулі – гайдалася і трэслася, бы адбівала польку- «весялуху».

Вось веласіпедыст выруліў ужо на цэнтральную вуліцу, фарсіста імчыць па ёй, ажно прыўзняўся на сядле. Эх, і тэхніка! Расступіцеся, грузавікі і розныя там легкавікі—веласіпеду зялёнае святло! Але святлафор лыпнуў зялёным вокам раз, другі і ўспыхнуў чырвоным: стоп! І веласіпедыст ці то разгубіўся, ці то ўсё ж мераўся прашмыгнуць, але перад ім ужо зашугалі шчыльным ланцужком машыны, і яму нічога не заставалася, як «даць па тармазах». Даў, але не зусім удала: грымнуўся. Веласіпед у адзін бок, сам – у другі, а з сумкі высыпаліся проста на асфальт... грошы. Некалькі пачкаў. Сямён адрабіўся лёгкім перапалохам, а ўбачыўшы грошы, разгубіўся, бадай, яшчэ больш, чым хвілінай раней. Перад вачамі пракруціліся тыя пачкі з грашамі, бы на нейкім круглым дыску. Ён матлянуў галавой, нясмела зноўку паглядзеў на пачкі. Не, сапраўды – грошы...

Сямён, вядома, не бачыў, што за якія тры-чатыры крокі ад яго стаяў сяржант міліцыі. Стаяў, дакладней, матацыкл «Урал», а вартаўнік парадку масціўся на сядзенні ды барабаніў пальцамі па бензабаку. Як шлёпнуўся перад ім веласіпедыст, сяржант насцярожыўся. Калі ж з сумкі пасыпаліся грошы, ён ажно ўзняўся з сядзення, ажно працёр пальцамі вочы. Яны, відаць, абодва – Сямён і міліцыянер – глядзелі на грошы і не маглі паверыць: яны ці не яны? Сяржант, ну, канечне ж, адразу з прафесійнага пункту гледжання ацаніў абставіны: «Ага, ляціць на скрут галавы... Так-так-так... Куды ляцець- спяшацца можна? З такімі грашамі і на таксі не грэх праехаць. Уцякае, значыць. Бач, яму крадзеныя грошы нат за ўласнае жыццё даражэй – ледзьве пад колы не трапіў. Што робім? Затрымліваем. Дастаўляем. Дзейнічаем! Ні хвіліны замінкі!»

60
{"b":"549415","o":1}