А потым за кассё ўзяўся п’яны мужчына. Ён, на здзіўленне ўсіх, адразу заўважыў, што рука пацягнулася да касся, затрымаў на Ягорку доўгі позірк, спытаў дазволу:
– Зямляк, дазволь узяцца? Дазваляеш?
– Бярыся,– засмяяўся Ягорка і паглядзеў па баках.
– За дрэва, панімаеш, прыемней трымацца, чымся за тую слізкую жалезку. А кассё, я табе скажу, добрае. Сам рабіў?
– Ну а хто ж?
– Малаток! – пахваліў п’яны. – Сам, кажа, рабіў. Адразу відаць, што дзелавы ты, баця, чалавек. У дзярэўні кантуешся?
– А дзе ж.
– А я, панімаеш, у горадзі. На «Сельмашы» стаю на піле. Выпіць хочаш? Мужык ты, бачу, добры. Мне падабаешся. У мяне ёсць.
– Пі сам,– коратка і зразумела адказаў Ягорка.
– Не, пачакай, пачакай. Ты што сказаў? Каб я піў сам? Так? А калі я ад душы, ад сэрца? Што, і за гэта мне ў морду можна плюнуць?
– Ніхто ў цябе пляваць не збіраецца,– пачаў апраўдвацца Ягорка, бо адчуў, што незнаёмы п’яны чалавек так проста ўжо не адчэпіцца, сустракаў ён такіх у сваім жыцці. – У цябе з кішэні, бачу, магазінная пляшка тырчыць. А я п’ю сваю, самаробную гарэлку.
– Самагон?
– Ну.
– Дома – пі. А калі ёсць з сабой, то пачастуй і мяне. Ёсць?
– Няма,– ціха мовіў Ягорка.
– Ладна, паехалі далей. Вось што я табе скажу, мужык: мяне, панімаеш, не бойся,– і раптам павярнуўся да суседа, ляпнуў таго па плячы. – Ён, бачыш, не паважае магазінную. Га? Запанелі там усе ў дзярэўні, гляджу! Паны-ы! Канешне, панімаеш! .. Я калі зарплату палучаў? А ў іх бульбец заўсёды ёсць.
– Дык з’ездзі да маткі, вазьмі,– параіў Ягорка.
– А ты маю маць не трож, панімаеш!.. Я, можа, гарадскі! З Балбесаўкі!
– Ды бачу, які ты гарадскі...– усміхнуўся Ягорка. – Калі ведаеш,што гэта кассё, то не гарадскі.
– Ну даеш! Ну мочыш! Адкуль ты такі разумны,а, дзядзька ? Не, заеўся, заеўся аканчацельна!.. Прыйдзецца, панімаеш, цябе прасвяціць, лекцуху выдаць, цемната. Ды мяне кожны на Балбесаўцы ведае. Кожны! Лёньку Бурбалку спытай! Я! Я гэта!.. Во, і кассё прывёз у горад. Прадаваць. А як жа! Развялося гэтых спікулянтаў – плюнуць няма куды. Безабраззе! Панімаеш!..
– Брату вязу кассё,– чамусьці сказаў Ягорка, і адчуў, што трэба было лепш маўчаць.
– Залівай, залівай! Ведаю! А тады яшчэ венікі перад лазняй прадаваць будзеш.
Нехта з пасажыраў зрабіў заўвагу п’янаму:
– Мужык! Ты чаго прычапіўся да дзядзькі? Едзеш – едзь! А то вылеціш!..
П’яны Лёнька затрымаў на імгненне галаву на адным месцы, а потым крыху ўцягнуў яе ў плечы, так і не павярнуўшыся на голас, а толькі сцяўся, бы яму за каўнер упала халодная кропля, сказаў бяскрыўдна:
– Ды ад душы я! Ад сэрца!.. Мне дзядзька спадабаўся, панімаеш! І кассё вунь! Га? Сам, кажа,рабіў. Малаток! Малаток!..
Ягорка нават крыху і пашкадаваў, што вёз гэтае кассё. Адны прыгоды з ім. «І навошта яно брату? Дзе ён тут, у горадзе, касіць будзе?»
Аўтобус чамусьці задужа доўга поўз да чарговага прыпынку. Нарэшце віскнуў, спыніўся. Ягорка падхапіў сумкі, а кассё сунуў некаму ў руку: «Падай, дзетка». І выслізнуў на свежае паветра, хоць ехаць яму было яшчэ два прыпынкі.
«Ну яго, п’яніцу таго! Лепш прайдуся...» Ён павесіў на кассё дзве торбы, ускінуў усё гэта на плячо і панёс. Цяжкавата, але цяпер ніхто не хапаецца за кассё, не ліпне з рознымі роспытамі, не дыхае ў твар гарэлкай... Людзі, праўда, дзівіліся з Ягоркі: і навошта ён такую доўгую палку ўзяў, каб несці на ёй сумкі? Хапіла б і карацейшай.
І добра, што нікому не трэба было тлумачыць, што гэта не палка, а – кассё!
ХЛАПЧЫНКА
Дзесьці ў канцы мая, як толькі гарадскія кветнікі ўспыхнулі-загарэліся ўсімі колерамі вясёлкі, Кацьку цапнулі прама за руку на клумбе перад інтэрнатам. І хто – стары, з выгляду нягеглы, заўсёды сонны, бы леташняя муха, дзед Міхалыч. Ён падцікаваў дзяўчынку, вытрымаў належную паўзу, пакуль тая не ўцягнулася ў недазволены занятак (а кветкі Кацька рвала не спяшаючыся, усё роўна як на лузе альбо ў сваім вясковым гародчыку) і, высунуўшыся з-за тэлефоннай будкі, агрэсіўна запатрабаваў:
– Стаяць!
Кацька і спынілася. Іншая б дала лататы, а яна – не , яна ўсміхнулася Міхалычу, паказала букет:
– Прыгожы, а?
– Стаяць! – паўтарыў стары і малайцавата апынуўся каля дзяўчыны, узяў за руку. – Ага, папалася! А я думаю, хто кветкі нішчыць. Ты, значыць, каралева. Так-так. Ну, пайшлі, значыць?
Міхалыч пацягнуў Кацьку за сабой у інтэрнат, не перастаючы сыпаць слоўцамі:
– Гэта ж трэба – гарадскую прыгажосць псаваць!.. Людзі, значыць, торкаюць насенне, паліваюць, даглядаюць...
Кацька моўчкі плялася за старым, не выпускала з рук прыгожы букет, а дзед працягваў ушчуваць яе:
– Калі кожны па кветцы... па адной кветцы нават сарве – што ж будзе, га? Дзе ж набярэшся гэтых самых кветак? Бязладдзе! Параспускаліся-я!
Перад уваходом у інтэрнат Кацька ўсё ж заўпарцілася:
– Міхалыч, адпусці. Міхалыч, мне ж кветкі трэба, а купіць няма за што. Чуеш, Міхалыч?
– Ведаць не ведаю!
– Ты ж добры чалавек, Міхалыч. Ты ж ваяваў.
– Для таго і ваяваў, каб кветкі раслі!
– Я разумею. Гэта патрыятычна, гэта мяне кранула. Будзь сябрам. Міхалыч. Хочаш, я цябе пацалую? Хочаш?
– Ведаць не ведаю!
Кацька цмокнула ўсё ж старога ў шчаку, але і гэта не дапамагло – на другі дзень яе ўчынак разбіралі на сходзе ў цэху. Сход сабралі не спецыяльна, каб наладзіць кранаўшчыцы Кацьцы прачуханку, не, так супала, што ён быў запланаваны, назбіралася шмат вытворчых пытанняў, якія трэба было неадкладна вырашаць, а ў канцы і пра яе ўспомнілі.
– Давай, Міхалыч, што там у цябе? – паглядзеў на старога начальнік цэха Лісаў.
– А што дакладваць? – крыху сумеўся стары, патаптаўся на месцы, глянуў на Кацьку, твар у якой запунсавеў – кветкі на клумбе пачалі прадаваць. – Зацікавіўся я, значыць, хто б мог пакасціць. Хлапчукі, думаю. Шпана. А тут, бачу, Кацька рве. Кацька-а. Вось яна самая... – Міхалыч паказаў на дзяўчыну вачамі. – Я за тэлефонную будку – нырк, назіраю...
У зале пачуўся смех: многія, відаць, уявілі, як нырнуў за тую будку кручкаваты дзядок.
А Міхалыч працягваў:
– Не дзеўка, а хлапчынка нейкі гэтая Кацька. Яно ж і праўда, людзі: на кран той хіба дзеўка ўскараскаецца? У мяне б у самога шапка звалілася.
Зноў пачуўся смех.
– Міхалыч, па сутнасці, па сутнасці гавары, – больш строга напомніў старому начальнік цэха
– Дык па сутнасці і кажу, – трохі пакрыўдзіўся стары. – Дык я і кажу... Тым разам, на жончыным якраз дзяжурстве, шыбу выбіла... Бутэлькай...
Нехта прысвіснуў: во дае Кацька!
Стары сеў.
– Кацярына, ты дзе? – быцам не бачыў, дзе стаяла кранаўшчыца, пашукаў яе вачыма Лісаў. – Раскажы ўсё сама. І пра кветкі, і пра выбітую шыбіну. Давайце Кацярыну паслухаем.
Дзяўчына паднялася – маленькая, шчупленькая, падзьмула на пасмачку валасоў, што звесілася на лоб, ціха мовіла:
– А што мне вам сказаць? – Вытрымаўшы паўзачку, паспрабавала ўсміхнуцца. – Рвала кветкі... Міхалыч бачыў, не дасць схлусіць. І шкло разбіла... бутэлькай...
– Яна хоць поўная была ці не? – хіхікнуў нехта.
– Поўная, – з твару дзяўчыны амаль зусім знікла чырвань, ён пасур’ёзнеў, падабрэў. – Як наліць. І дарагая – камерцыйная. Я, праўда, бутэльку разбіць хацела – не шкло. Так атрымалася. Але ж я сама шкло паставіла. Так, Міхалыч?
Стары схамянуўся, крэкнуў:
– Гэта праўда. Сама.
– Дык, а што ж ты хочаш, дзед? З кім не бывае? – заступіўся за Кацьку вусаты хлопец, што сядзеў недалёка ад яе. – Думаеш, калі дзяўчына малая, то яе і пакрыўдзіць можна? Кацька, дай дзеду здачы!
– Міхалыч не вінаваты, – спакойна сказала Кацька. – Ён пры выкананні. Яму, можна, і дзякуй трэба сказаць, што пільна на вахце стаіць. І я, відаць, таксама не вінавата. З бутэлькай да мяне жаніх прыходзіў... Ну, адзін раз можна... але ж не кожны! Не трэба мне жаніх з бутэлькай. А кветкі? – Яна крышачку разгубілася, сарамліва паглядзела ў прэзідыум, па баках. – Я кахаю Толіка... Хацела яго схадзіць, папрасіць прабачэння... З кветкамі. Я люблю кветкі... А яны, ведаеце самі, цяпер дарагія... а грошы нам не плацяць за работу ўжо другі месяц. Прабачце... Я больш, таварышы дарагія, не буду... Даруйце...