Разважаючы так, Колька не адразу і заўважыў, як перад ім паўстаў Кукуруза. Валіку Ярмольчыку, былому аднакласніку – ці не ў пятым яны вучыліся разам? – такую мянушку прыляпілі за доўгі рост і белую лахматую галаву.
– Усё вучыш? – зморшчыў лоб Валік.
– Вучу.
– Не пазнаю цябе, Колька. Калі ўсе жэняцца – ты вучышся. Дзівак!
– Ды вось... рашыўся, – пацепвае плечуком Колька. – А чаму і не? Цяпер спрыяе... вучыся. Не ўсё ж мне ў мулярах хадзіць. Пахадзіў – хопіць.
– Кіраваць будзеш апасля? У начальнікі меціш? – Валік не без іроніі ў голасе падсядае да Колькі, бярэ кнігу, прагарнуў некалькі старонак. – Ого! Ды тут і формулы! Заблудзіцца можна. Няўжо разбіраешся?
Колька адмоўна круціць галавой.
– А як жа экзамен здасі? – зноў моршчыць лоб Валік.
– І сам не ведаю, – шчыра прызнаецца студэнт-завочнік, – але ж іншыя неяк здаюць.
– Глядзі, глядзі. А мо на рэчку махнём, га?
– Не магу. Ідзі адзін. Кірылавіча пільную. Абяцаў кансультацыю даць. Толькі вось не ведаю, чым і як з ім разлічыцца. Усё ж работа гэта.
– Работа! – ускінуў галаву Валік. – Колькі ў нас гэтых завочнікаў, а ён толькі такі добранькі. Ты вунь да Касцючыхі падступіся. Адразу адмахнецца. А чым аддзячыць табе? – Ён таксама задумваецца. – А ведаеш... Ты ж не школьнік. Дарослы. Бяжы ў магазін, вазьмі што трэба... грошы, кажаш сам, добрыя зарабляеш – больш нават, чым сам Кірылавіч, а пасля кансультацыі... так сказаць... Га? – Валік шчоўкнуў па горле.
Павісае маўчанне.
– А можа, ён не п’е? – насцярожана глядзіць на таварыша Колька, а па вачах відаць, што падказка яму спадабалася.
– Цяпер п’е. Гэта калі дырэктарам школы працаваў – трымаўся для аўтарытэту, а знялі як толькі, то і пачаў патрохі нюхаць. Не верыш?
Колька маўчыць.
– Ды я табе – хочаш? – на пальцах пералічу завочнікаў, якія хадзілі да Кірылавіча! – вісіць над Колькам белая лахматая галава сябрука. – Што, задарма? Так сабе? Ага, лаві ластаўку!
«Пайсці хіба і сапраўды ў магазін? Пайду...»
Бутэльку гарэлкі студэнт-завочнік Колька нёс да настаўніка ў поліэтыленавым пакеціку, на якім было напісана: «Вы нам паверце, смачны суп у канверце». А мо што іншае. Не па-нашаму напісана, і што Кольку да той пісаніны! Да халоднага ж боку бутэлькі туліліся два падручнікі.
... З гэтым пакецікам неўзабаве і выйшаў ён ад настаўніка. Не, выляцеў, бы верабей са шпакоўні, шпарка, не азіраючыся, пашыбаваў да пунькі, сігануў без лесвіцы на гарышча, зашыўся ў сена і ляжаў там, пакуль не сцямнела.
Назаўтра ранічкай, першым рэйсам, Колька паехаў у горад. Хто ведае, можа, шукаць тую газету з аб’явай, дзе, як сам вычытаў, нейкі дзядзька напрошваецца даваць кансультацыі...
А ў вёсцы ішло сваё жыццё. Сяргей Кірылавіч штодня хадзіў у лес па грыбы – урадзілі, не абмінаць жа. Бабка Антося няпутную курыцу не загубіла, хоць і клялася, а толькі шукала гняздо, выгледжвала і на гарышчы – лазіла туды звычайна ў канецы дня, а лесвіцу падтрымлівала Лідка. Аднаго разу яна спусцілася на зямлю не з яйкамі, а з бутэлькай, здзівілася: чыя?
– Вось гэта курыца ў цябе, Антося! – смяялася да слёз уваччу Лідка. – Што нясе, халера, замест яек! А ты хацела ўжо яе прыпуціць. Прадай мне!
Пасмяяліся бабулі, парадаваліся знаходцы, паразважалі, як бутэлька магла апынуцца на гарышчы, ды і годзе на тым сказалі. А гарэлку вярнула Антося ў магазін. Грошы паклала ў куфэрак: «На хлеб і цукар. Дзякуй таму чалавеку, які паклапаціўся...»
Пра Кольку яна і не падумала.
БУБЕН
У Аркашкі не было свайго бубна, ды і наўрад ён мог быць у гэтага хворага чалавека, калі Ганна, яго матка, сыну ў мясцовай краме купляла толькі зрэдку цукеркі, печыва, а з горада прывозіла такую-сякую просценькую апранашку: бедна жылі, на дзве сціплыя пенсіі – Ганніну і сынаву. Аркашка, відаць, ніколі і не прасіў Ганну: купі бубен. Не ж, канешне. Ён увогуле моўчкі прымаў ад яе ўсё, што яна яму давала. Еў, піў, насіў... І тым быў ашчасліўлены. Не, не павінна быць, каб ён хоць раз заікнуўся пра бубен. Ды яна б, Ганна, і паабяцаць не паабяцала, і купіць не купіла б, хоць і папрасіў бы сын – кожная капейчына на ўліку, на хлеб ды селядзец: не раскашуешся. Ды і дзе яны, тыя бубны, прадаюцца? Ды і ці прадаюцца? Іх жа, мусіць, майстравыя мужыкі робяць – у вёсках, гарадах. Для сябе. Як рэшата, дугу, плужок. Але калі якая гулянка ў Беражках – вяселле, хрэсьбіны, уваходзіны – мясцовы музыка разам з гармонікам абавязкова прыхопліваў і бубен. Бубен – для Аркашкі. Ён жа заўсёды прыходзіў на такія мерапрыемствы без запрашэнняў, яго ўжо быццам бы і чакалі, мясцілі куды-небудзь на ўскрайчык лаўкі, налівалі келіх-другі, ён выпіваў і закусваў, не выпусціўшы на свет ніводнага слова. Толькі соп, калі еў. І сачыў за гарманістам. Той выбіраўся з-за стала – за ім ішоў і Аркашка, сядаў ад яго з правай рукі, вывуджваў з халявы чобатаў – Ганна чамусьці аддавала перавагу зімой і ўлетку гэтаму абутку, а мо і сам ён – палачку, выструганую самаручна, таму крыху нязграбную, каравую, і ў яго атлусцелай левай руцэ пачынаў уверцюру бубен – спярша трымцеў-звінеў мініяцюрнымі бразготкамі над Аркашкавым вухам, а потым, бытта жаўранак, адспяваўшы ў высі, камячком кідаўся на зямлю, – так і бубен: у правай руцэ падпільноўвала яго палачка, неўзабаве яна краналася нацятага – як звон! – скуранога палатна, і тады Аркашка, прафесійна схіліўшы галаву на бок, выстукваў на бубне самыя розныя мелодыі, і ніхто не помніць, каб калі-небудзь гарманіст папракнуў яго за фальш. У гэтай справе Аркашка быў маэстра, таму рэдка хто цягнуўся за бубнам, калі той быў у ягоных руках. Мо толькі п’яны які. Але што з яго, асалавелага, возьмеш? Цікава ж – Аркашка даваў бубен моўчкі і пакорліва, а сам перасядаў ад гарманіста або стаяў крыху паводдаль, каб бубен і гармонік былі блізка, поруч, і абыякава, здавалася, назіраў за людзьмі, што калываліся ў танцы. Але без справы заставаўся звычайна ён зусім мала: знаходзіўся нехта, хто абавязкова крыкне:
– Аддай бубен Аркашку!
Іншы дабавіць да гэтых слоў: «Партач!»
Тады Аркашка моўчкі падыходзіў да свайго законнага месца, лавіў у паветры руку з палачкай, вылузваў яе, забіраў і бубен. «Людзі сказалі: аддай...» І зноў схіляў галаву на бок, шавяліў ў роце языком – у такт музыцы, прытупваў чобатам, і да кропелек на расчырванелым твары выбіваў-выстукваў з гэтага немудрагелістага бубна нешта жывое, вясёлае, трапяткое – вельмі патрэбнае людзям пасля чаркі.
Біць у бубен бярозовай палачкай і прыстукваць вязанкай пальцаў, сашчапіўшы іх у кулак ці проста далоняй, чарадуючы адно з другім, – адзінае, што ўмеў Аркашка добра рабіць на гэтым свеце. Яшчэ вады наносіць, дроў, а каб самому распаліць печ або грубку – тут не, не яго занятак: і скласці тыя дровы ў печы не атрымлівалася, і запалкай чыркнуць не собіла яму. Бог чамусьці не даў Аркашку ўсяго таго, што даў іншым. За што пакараў, спытаць бы? Бацька з вайны не вярнуўся – загінуў.
Ганна з евангеллем клалася спаць і з ім уставала, усе пахаванні-адпяванні ў Беражках былі на ёй: нікому не адмаўляла, хворая не хворая, а ідзе з Божым словам у апошнюю дарогу правесці загавелага вяскоўца. Аркашка ж, калі быў зусім немаўлём, то застудзіўся, да яго прыліп мінінгіт, той жорстка абышоўся з ім – на ўсё жыццё пакінуў Аркашку хворым, няшчасным. У школу пахадзіў усяго мо з месяц, а тады настаўнік перадаў Ганне сваё заключэнне-дыягназ: нічога не будзе з хлапца, не адужаць яму граматы, няхай лепш сядзіць пры хаце. Ганна і сама ведала, на што варты яе сын: бачыла, не без вачэй, ды і дактары яшчэ раней сказалі ёй – далікатна і тактоўна – тое ж самае. Але як было сказаць яму, каб не рупіўся перад вераснем, не збіраўся ў школу? Суседскія ж вунь збіраюцца дзеці, і ён каля іх трэцца, хваліцца, што і яму матка купіла буквар, сшыткі, ручку. Дзеці потым нешта пісаць пачалі ў тых сшытках, а ён, Аркашка, толькі выводзіў нейкія хвалепадобныя ланцужкі – як усё роўна мора маляваў. На тых ланцужках і скончылася вучоба. Пазней, калі наспеў час, хлопцаў, ягоных аднагодкаў, на ўлік паставілі ў сельсавеце – як дапрызыўнікаў, адзін раз, самы першы, выклікалі і Аркашку, зрабілі адпаведныя запісы і больш не турбавалі. Аднак ён панадзіўся хадзіць услед за хлопцамі ў сельсавет на розныя камісіі. Прачуе, што тыя збіраюцца, падцікуе – і не вярнуць яго: дужа хацеў у армію. Каб не крыўдзіць хлапца, дактары загадвалі і яму распранацца, ён рабіў гэта доўга, а потым замяралі рост, ставілі на вагі, слухалі даханне – і паказвалі выгляд, што і ён такі, яу усе, толькі ніякіх запісаў нідзе, вядома ж, не пакідалі.