Праехала адна машына, другая – як жа яму, Кольку, не прыгледзецца да іх: хто гэта за рулём там сядзіць, што павёз? На гэтай лаўцы, праўду кажучы, ён больш уцягвае ротам і носам пылу, чым чытае. Можна аблюбаваць хоць бы месца для вучобы на гародчыку, калі ахвота на свежым паветры сядзець, але можна іншым, толькі не Кольку: павінен вяртацца з грыбоў настаўнік Сяргей Кірылавіч і трэба ўпільнаваць, бо той паабяцаў памагчы. «Лепш пераседзець, чымся недаседзець»,– рашае Колька і тэп-гэп падэшвай сандалета па зямлі, бо так, відаць, яму лепш чытаецца.
«Дзе той Кірылавіч? Няма». Колька зноў уперыў вочы ў кнігу, перад імі мітусяцца нейкія мудрагелістыя схемы, формулы, яны для яго – што гульня ў шахматы: як і куды сунуць гэтыя фігуры гросмайстры – адным ім вядома. Спрабаваў навучыцца гуляць у шахматы і Колька, але перадумаў: дужа цяжкая навука, ну яе! Вось шашкі – іншая справа, негаворачы ўжо пра даміно. Хто ж лічыць у наш век да сотні не ўмее, а грукнуць па стале для Колькі нічога не значыць, моцы ў руках хапае.
Кольку адрывае ад навукі бабка Антося:
– Студэнт, хадзі сюды!
«Бач, студэнт...» Ён ганарыцца гэтым словам, якое хоць трывала і не прыляпілася яшчэ да яго, але нешта значыць. Гучыць. Але Колька не спяшаецца да бабулі. Спярша важна паглядзеў на старую, на дарогу, на якой павінен жа калі-небудзь паказацца настаўнік, пацягнуўся.
– Ці табе вушы заклала? – павышае голас бабка Антося.
– Я ж табе сказаў: я з горада не для таго ехаў, каб заваліць вучобу! – бурчыць унук, але навошта бурчыць – і сам не ведае, недзе ў душы і радуецца ж, што можна адкласці кнігу ў бок, заняцца тым, што лёгка і для ягоных рук, і для ягонай галавы. – То касі, то дроў унясі, то за вадой схадзі. Паеду ў інтэрнат!
– Табе ўжо вучыцца не трэба, кідай навуку, – не надта каб вельмі, але ўсё ж злуе Антося. – Гультаю можна і так пражыць, без цехнікума.
– Ну што там у цябе? – нарэшце Колька адкладвае кнігу, ставіць на яе малюсенькі радыёпрыёмнічак, каб не загарнуў вецер старонкі і не забыцца, дзе чытаў і пра што. – Куды гэта ты лесвіцу валачэш?
– Патрымай-ка, унук, яе, а то можна слізгануць – касцей не збярэш, – бабка Антося тым часам прыладкавала лесвіцу да сцяны пунькі, паставіла босую нагу на першую прыступку. – Палезу на неба, там, кажуць, печ з масла зроблена.
– Ну, лезь, – абыякава кажа Колька, а сам трымае лесвіцу. – Яна ж і так добьра стаіць – не пасунецца. Быццам прыбіта цвікамі...
– Падстрахуй на ўсялякі выпадак, – палохаецца старая, прытуліўшы да лесвіцы шчаку, глядзіць на ўнука: ці трымае, блазан. – Во, во, так і трымай, Колька. Памерці не страшна – жыць хочацца. А я лезу, лезу... Трымаеш?
Колька трымае, не цяжка, а сам думае: «Дзівачка! Я лезу на гарышча, бацька лезе – ніхто не трымае. А яна, бачце, баіцца, хоць і пражыла свае гады. Старым, відаць, вельмі жыць сёння хочацца. Сёння і заўтра. Хто ж з нас, маладых, пра свой канец думае? Жывём – і ўсё... рана яшчэ думаць. А яны думаюць. У іх – блізка... Вось у дарогу збіраешся – і не спіцца, і думаецца. А горад вазьмі. Смешна глядзець, як бабкі гэтыя вуліцу перабягаюць, хоць і гарыць зялёнае святло. Так чэшуць, што не грузавік іх, а яны яго хутчэй знесці могуць». І Колька ўпершыню, колькі і жыў, падумаў: «А, можа, таму, што жыццё цяпер наладзілася, на рэйкі стала, дык прага ў старых да белага свету? Хоць вось ягоная бабка Антося. Што яна бачыла на сваім вяку? Вайну... Пахавальныя... Голад... Нястачу... А цяпер – жыццё! Уцякае, праўда, яно ад старых, так і меціць назусім ушмыгнуць, але ж і яны разумеюць гэта, таму і трымаюцца за яго дзвюма рукамі...»
Бабкі Антосі ўжо няма на лесвіцы, недзе на гарышчы лазіць, толькі чуваць, як шапаціць сена, а Колька ўсё роўна трымае лесвіцу. Яму здаецца, што бабка ўсё яшчэ лезе, і ўнуку вельмі захацелася, каб яна жыла і жыла. Вечна. Вось скончыць ён тэхнікум, стане, можа, нават і вялікім начальнікам, а там, глядзіш, па тэлевізары пакажуць. Няхай парадуецца бабка Антося. А калі не будзе яе, хто заўважыць і Колькаў дыплом, і той непабудаваны яшчэ цуд-дом? Няхай жыве бабка. Доўга. Вельмі доўга.
Колька расчуліўся, павільгатнелі вочы, але рук не адрывае ад лесвіцы – пальцы ляжаць на ёй уроссып, моцна ляжаць, бы прымёрзлі, і ён думае-разважае пра жыццё. Ну, спытайце, чаму ён хоць бы ў тую навуку палез? Усе ж ведаюць у вёсцы, як вучыўся ў школе. Праз тройку – двойка. Калі чацвёрку меў – аднакласнікі ляпалі па плячы, паціскалі руку: малайчына! Але такое надаралася рэдка. Не, лепш не ўспамінаць. Збянтэжанасць узнікае. Няёмкасць. І за сябе, і за настаўнікаў. Хоць апошнім ён «таблетку» і падкінуў – здаў экзамены ў тэхнікум. Як здаваў – прыгадаць цяжка, бы заснуў на лаўцы пад сваім жасмінам, а яго штурханулі пад рабрыну: уставай, прыехалі. Прыехалі, дык прыехалі. Тыр-р-р!
Працуе Колька на будоўлі мулярам, і добра працуе, нават прэміі там розныя не зыбываюць вымяркоўваць яму, падзяку аб’явіць. «Ты заслужыў, Мікалай Сцяпанавіч. Пабольш бы нам такіх працавітых людзей». Але ўсе вучацца. Шкрабанула гэта і Кольку. Яму таксама захацелася. «Не горшы за іншых». Пра адно толькі забыўся Колька: калі аднакласнікі добра вучыліся – тады яму не хацелася. А цяпер сядзі на лаўцы. Падпільноўвай настаўніка.
– Ну дзе ты, баба? – задзірае галаву ўгору Колька. – Наелася масла?
– Ды лезу, лезу, – вылятае Антосін голас, а потым паказваецца і яна. – Дзе ж яна, хітрая, нясецца? Усе закутні перапальчыла, а хоць бы адно яйка. Дык што ж гэта выходзіць, людцы мае добрыя? Я карміць яе павінна да восені, а яна ні яйка мне?! Трасцы! Не-е, Антосю ты не абхітрыш! Пер’е з цябе паляціць! Сёння ж! – Антося высунулася з веснічак, намацала нагой лесвіцу, паставіла на яе парэпаную пятку. – Трымаеш, унук?
– Трымаю.
– Трымай жа! Лезу... лезу на зямлю.
– Навошта ты яе спускаеш, Колька? – неўпрыкмет падышла суседка Лідка, амаль што равесніца Антосі. – Хай там і зімуе. Бохан хлеба ёй падайце – нічога, пераседзіць.
– Ты, маладзіца, унука майго не ведаеш: ён бабу сваю шануе, – ніколькі не крыўдуе на суседчын жарт Антося, хутчэй наадварот: самы момант, думае старая, раз зачапіла ты, Лідка, языком Кольку, пра яго добрае слова ўставіць. І яна ўстаўляе, як толькі нага намацала зямлю: – Усё, злезла. Унук мой – ты чуеш, Лідка? – разумны. Абы-каго ў цехнікум не возьмуць...
– Дапусцілі Кольку ў цехнікум? – дзівіцца Лідка.
– Узялі, узялі, дзеўка, – пасвятлеў Антосін твар.
– Што робіцца, людзі! – успляснула рукамі Лідка. – А ў нас жа, ледзь не сход які бацькоўскі, усё, помню, дзяўблі яго. Ён і такі, і гэтакі. Невук. Зусім не прызнавалі чалавека, а ён – на табе! – у цехнікум... На другі год усё, помню, пакідалі...
Іншая б бабка на месцы Антосі пачала дакараць настаўнікаў, што тыя не змаглі даць ведаў Кольку, а вось яна прамовіла суседцы наўздзіў памяркоўна:
– Узяўся за розум, маладзіца. Горад навучыў жыць.
Старыя гамоняць каля пунькі, а Колька зноў сядае на лаўку, бярэ ў рукі кнігу, зрэдку косіць вокам у той бок, адкуль павінен паказацца настаўнік. Калі ён яшчэ быў так трэба яму? Не відаць Сяргея Кірылавіча. Можа, грыбоў сабраў столькі, што не данесці? «Эх, – думае Колька, – праміргаў! Трэба было б з ім у лес пайсці. А чаго? Гэта ход. А так чым яму аддзячыць за тую кансультацыю? Грыбочкі – самы раз. Ад іх Сяргей Кірылавіч не адмовіўся б. Калі было, як на тую экскурсію хадзілі яны ўсім класам, а помніцца. Столькі баравікоў, абабкаў і падасінавікаў назбіралі настаўніку, што той вяртаўся з лесу ў вёску ў адной майцы – поўная кашуля, як завязаць, была напоўнена ляснымі дарункамі. Вось і цяпер бы забегчы наперад Сяргею Кірылавічу, зрэзаць грыбы ды ў кошык, у кошык, а потым – калі ласка, паважаны настаўнік! Трымай! Не дапетрыў, прамахнуўся. Глядзіш, і кансультацыя прайшла б на самым высокім узроўні. А так чым аддзячыш? Чым? Хіба ж Сяргею Кірылавічу ахвота проста так ламаць галаву, ды яшчэ ўлетку, калі яна ў яго на адпачынку».
Колька глядзеў у кнігу, а сам думаў: «Чым жа?.. А можа, і зусім ён не возьмецца бясплатна кансультаваць? Цяпер, кажуць, не той час, каб усё задарма. У горадзе вунь аб’ява ў газеце змешчана: даю кансультацыі... Не за прыгожыя ж вочы дае. Плаці, значыць». І другое хвалявала студэнта-завочніка: « А што, калі мараль чытаць пачне? Не захацеў, скажа, вучыцца, калі ўсе вучыліся, яшчэ і нерваў колькі мне папсаваў, а цяпер – прыпёрся, ратуй, Сяргей Кірылавіч. Ці ж ёмка? Га?»